Паўночны Ледавіты акіян
Паўночны Ледавіты акіян — найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўночным паўшар’і, паміж Паўночнай Амерыкай і Еўразіяй.
Плошча з морамі 14,75 млн.км², сярэдняя глыбіня 1225 м, найбольшая глыбіня 5527 м у Грэнландскім моры. Падводнымі парогамі падасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным акіянам праходзіць па ўсходнім уваходзе ў Гудзонаў праліў, па паўднёвай мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім акіянам — па паралелі мыса Унікын (Чукоцкі паўвостраў) да перасячэння з берагам паўвострава Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўночным Палярным і Паўночным Ледавітым морам. Сучасную назву дало ў 1845 годзе Лонданскае геаграфічнае таварыства. Аб’ём вады 18,07 млн км³.
Берагавая лінія
[правіць | правіць зыходнік]Берагая лінія ўтварае шмат мораў і заліваў. Да басейна Паўночнага Ледавітага акіяна належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на ўсходзе абразіўныя з невялікімі залівамі; Карскае, Лапцевых, Усходне-Сібірскае, Чукоцкае, Бафорта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя: Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі басейн), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі.
Ледавік каля фіёрда Сэм-Форд. Бафінава Зямля |
Палярная ноч у пасёлку Рагачова (Архангельская вобласць). Новая Зямля |
Лонгйір. Шпіцберген |
Узбярэжжа вострава Нортбрук. Зямля Франца-Іосіфа |
Астравы
[правіць | правіць зыходнік]Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, зямля Франца-Іосіфа, Новая Зямля, Паўночная Зямля, востраў Урангеля, Калгуеў, Новасібірскія астравы, Вайгач і іншыя агульнай плошчай 4 млн км².
Рэльеф дна
[правіць | правіць зыходнік]Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6 % плошчы дна, шэльф — 50,3 %, кантынентальны схіл — 18,4 % і падножжа — 5,9 %.
Шырыня найбунейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыбіня да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50-100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантанентальнымі схіламі з найбольшым перападам глыбінь (да 2500 м).
Кантынентальны схіл на поўначы ад Новасібірскіх астравоў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг.
Ад Атлантычнага акіяна ў Паўночны Ледавіты акіян зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хрыбет, які разломамі падзяляецца на хрыбты Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўжыня хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі сотняў км, адносная вышыня 1-3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыбіня 2200-3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага басейна і катлавіны Амундсена і Нансена (3500-4500 м) Еўразійскага суббасейна.
Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева-Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500-3000 м) і шырокую Канадскую (3200-3800 м) і інш.
У межах акіяна вылучаюцца платформенныя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты старажытных платформ утвараюць паўночна-ўсходнюю частку Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў.
У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20-25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму басейну і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5-15 км) з базітавым фундаментам.
Найбольш старажытны ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пачатка мелу.
Донныя адклады Паўночнага Ледавітага акіяна пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат арктычны. Асноўныя яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў.
Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85-125 МДж/м².
Тэмпература паветра ў студзені ў цэнтральнай частцы да −36 °C, каля берагоў Нарвегіі −4 °C, у ліпені 1-6 °C.
Ападкаў за год адпаведна 75-200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім моры, звычайна ў выглядзе снегу.
Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсходнім сектарам Паўночнага Ледавітага акіяна, зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найбольш частыя і глыбокія ў заходняй частцы акіяна.
Палярнае ззянне зімой на Алясцы | На Паўночным полюсе (здымак з вэбкамеры) | Дрэйфуючая станцыя «Северный полюс-37» | Айсбергі каля Грэнландыі |
Гідралагічны рэжым
[правіць | правіць зыходнік]Галоўная яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90 % плошчы акіяна (акрамя поўдня Баранцава мора) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3-5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс. км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі.
На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30-35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, максімальная — 100 км/сут.
У Паўночным Ледавітым акіяне вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амерзійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім басейне. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усходне-Грэнландскае цячэнне (20-30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна.
Цёплыя воды з Атлантычнага акіяна прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў праліў паступае вады ў 3-4 разы меней.
Паўночны Ледавіты акіян моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод за 5 тыс. км³ вады. Тэмпература пверхневых вод летам −1,4 °C, зімой −1,7 °C, тэмпература лёду −10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30 ‰, макс. прыдонных 34,9 ‰. Шчыльнасць арктычных вод найбольш 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), максімальны прыліў у Мязенскай губе Белага мора — 9 м.
Флора і фауна
[правіць | правіць зыходнік]Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым моры — заасцерай.
Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі басейн і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш.
Летам на астравах «птушыныя кірмашы»: гагары, тупікі і інш.
Белы мядзведзь Зямля Франца-Іосіфа |
Люрык Шпіцберген |
Грэнландскі кіт Заліў Фокса |
Crossota norvegica Мора Бафорта |
Карысныя выкапні
[правіць | правіць зыходнік]Нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Заходне-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі басейны, Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп). Газагідраты — у моры Бафорта, россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усходне-Сібірскага і Чукоцкага. На металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Гаспадарчае выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Моры Нарвежска-Грэнландскага басейна, Баранцава-Карскага шэльфа і мора Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш.
У Белым моры — водараслевы промысел.
На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у моры Бафорта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і іншыя газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль.
Транспартныя шляхі: у Расіі на Паўночным марскім шляху (2-3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага).
Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, поўнач Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Галоўныя парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Эканоміка-геаграфічныя правінцыі
[правіць | правіць зыходнік]Навукоўцамі выдзяляюцца тры эканоміка-геаграфічныя правінцыі Паўночнага Ледавітага акіяна: Паўночнаеўрапейская, Паўночнаазіяцкая, Паўночнаамерыканская.
Паўночнаеўрапейская правінцыя
[правіць | правіць зыходнік]- Гэта акваторыя Белага, Баранцава, Нарвежскага, Грэнландскага мораў паміж 10° і 65° усходняй даўгаты
- Найбольш развітая ў эканамічным плане
- Забяспечвае непасрэдны доступ да незамярзаючых мораў Расіі і Нарвегіі
- Абслугоўвае ёмісты прамысловы і сельскагаспадарчы рынак Еўропы
- На шэльфе месцяцца буйныя запасы нафты і прыроднага газу (Нарвежскае, Баранцава моры). У прыбярэжных раёнах — буйныя запасы жалеза і каменнага вуглю (для вывазу выкарыстоўваецца порт Кандалакша), апатыты і нефеліны Хібін; нікелевыя, хромавыя, тытанавыя руды Скандынавіі. Запасы каменнага вуглю Заходняга Шпіцбергену, Зямлі Франца-Іосіфа, усходняга ўзбярэжжа Грэнландыі ацэньваюцца ў 1 мдрд т; патэнцыйныя рэсурсы вуглевадародаў у гэтых жа раёнах ацэньваюцца ў 6,5 млрд м³
- Правінцыя мае самую высокую біяпрадукцыйнасць у паўночным ледавітым акіяне. Так, біяпрадукцыйнасць акваторыі Скандынавіі, Кольскага паўвострава, Ісландыі складае 500—1000 кг/км². З гэтай прычыны на правінцыю прыпадае 4/5 уловаў рыбы ва ўсім Паўночным акіяне
- У прыбярэжных раёнах правінцыі змешчана асноўная частка насельніцтва прыбярэжжа Паўночнага акіяна
- Найболььш пашыраныя галіны гаспадарчага комплексу прыбярэжжа — гарнарудная прамысловасць, лесаперапрацоўка, рыбаперапрацоўка, суднабудаванне і партовая гаспадарка
- Праз актыўную вулканічную дзейнасць Ісландыя мае значныя геатэрмальныя рэсурсы
- Буйнейшыя парты — Тромсё, Тронхейм (вываз жалезнай руды), Нарвік, Мурманск, Кандалакша, Акюрэйры (рыбапераарацоўчы)
Паўночнаазіяцкая правінцыя
[правіць | правіць зыходнік]- Ахоплівае тэрыторыі ад усходняга ўзбярэжжа Новай Зямлі да Берынгава праліву
- Гэта расійскі сектар мораў
- Характэрна аддаленасць ад асноўных эканамічных цэнтраў і нізкая заселенасць
- Тут фармуецца буйнейшы Ямала-Гыданскі газапрамысловы комплекс сусветнага значэння: больш за 50 радовічшаў з агульным запасам 24 трлн м³. Выдзяляюцца пяць буйнейшых радовішчаў комплексу:
- Урэнгойскае
- Ямбургскае
- Запалярнае
- Баваненкаўскае
- Харасавэйскае
- Велізарныя запасы каменных вуглёў Паўночнатаймырскага (7,5 млрд т), Лена — Енісейскага басейнаў (57 млрд т), у тым ліку Анабара — Хатангскага (17 млрд т) і Алянёкскага (каля 40 млрд т) раёнаў. Перспектыўныя для асваення рудныя радовішча Уральскай (жалеза, марганец, хром, нікель, медзь, свінец, цынк, малібдэн) правінцыі, дзе запасы храмітавых руд Райізскага масіва ацэньваюцца ў 40 — 50 млн т руды. У Таймырскай правінцыі перспектывы асваення звязаны з буйнымі запасамі медзі, свінцу і цынку, Верхаяна-Калымскай правінцыі — волава і золата. На ўзбярэжжы мора Лапцевых асвойваецца доследна-прамысловая распрацоўка касітэрыту (Ванькава губа), а на ўзбярэжжы Чукоцкага мора вядуць распрацоўку россыпаў золата
- Арктычныя моры правінцыі бедныя на біярэсурсы. Больш-менш буйное рыбагаспадарчае значэнне маюць Карскае мора і Обская губа
- Прамысловае асваенне носіць ачаговы характар
- Ключавыя парты — Дыксан, Дудзінка, Тыксі
Паўночнаамерыканская правінцыя
[правіць | правіць зыходнік]- Працягнулася ад Берынгава праліву да глыбакаводнага праходу паміж Грэнландыяй і архіпелагам Шпіцберген
- Арктычныя сектары ЗША, Канады і Даніі
- На астравах і шэльфе правінцыі, прылеглых арктычных тэрыторыях выяўлены буйныя запасы нафты і газу, паклады жалезнай руды і вуглю, радовішчы медзі, нікеля, свінцу, цынку, россыпы золата, касітэрыту і тытанавых мінералаў
- У межах арктычнага супербассейна выяўлены чатыры нафтагазаносныя басейны. На арктычным схіле Аляскі плошчай больш за 460 тыс. км² пад водамі мора Бафорта і Чукоцкага мора распрацоўваюцца запасы буйнога эксплуатуемага нафтагазавага радовішча Прадха-Бэй, якія ацэньваюцца ў 1,3 млрд т нафты і 740 млрд м3 газу, а радовішча Купарук — у 580—730 млн т нафты
- Засваенне радовішча Прадха-Бэй і будаўніцтва нафтаправоду да порта Валдыз актывізавалі пошукавыя работы на акваторыі арктычнага схілу Аляскі. У перспектыўным басейне Бафорта — Макензі (звыш 100 тыс. км²) выяўлены шэраг нафтакандэнсатных і газавых радовішчаў з запасамі больш за 80 млн т нафты і 210 млрд м³ газу
- У заходняй частцы Канадскага Арктычнага архіпелага размешчаны нафтагазаносны раён Свердруп, дзе распрацоўваюцца два кантынентальна-марскіх радовішчы прыроднага газу — Дрэйк-Пойнт і Хеку, запасы кожнага перавышаюць 100 млрд м³ (агульныя запасы басейна звыш за 600 млрд м³)
- Бафіна-Лабрадорскі басейн вывучаны ў меншай ступені, нафтагазаноснасць устаноўлена ў паўднёвай частцы (на поўдзень ад 70 º паўночнай шыраты), якая адносяцца да басейна Атлантычнага акіяна
- Буйныя запасы каменных вуглёў выяўлены на Алясцы (на поўнач ад хрыбта Брукс), патэнцыйныя рэсурсы ацэньваюцца ў 122 млрд т і на астравах Канадскага Арктычнага архіпелага (Понд-Ігленд на поўначы Бафінавай Зямлі)
- На востраве Карнўоліс вядзецца распрацоўка свінцова-цынкавых руд, а на поўначы Бафінава Зямлі — свінцова-цынкавых руд з утрыманнем серабра. Запасы жалезных руд тут ацэньваюцца ў 140 млн т пры сярэднім утрыманні жалеза ў рудзе 68 % (раён Мэры- Рывер). На паўночным узбярэжжы Канады выяўлены меднарудны раён (запасы медзі звыш 3 млн т)
- Акрамя нафтагазавай прамысловасці, распрацоўкі асобных радовішчаў мінеральнай сыравіны і традыцыйных заняткаў карэннага насельніцтва (рыбалоўства, промысел марскога і пушнога звера) іншыя галіны гаспадаркі тут не атрымалі развіцця. У Канадскай Арктыцы, у заходніх раёнах Гудзонава заліва разведаны буйныя радовішчы медзі, нікеля, цынку і іншых каляровых і высакародных металаў. У паўночных раёнах правінцыі Манітобы вядзецца здабыча нікеля (Томпсан), а таксама медзі, свінцу і цынку (раёны Флін-Флона, Лін-Лейка і інш
- У зоне прыцягнення Гудзонава заліва і дэльце ракі Макензі размешчаны найбуйнейшыя гарады (Томсан, Інувік і інш.)
- Марскія зносіны ўздоўж арктычных берагоў ажыццяўляюцца на працягу 1,5 — 2 месяцаў. Забеспячэнне паўночных раёнаў Аляскі вядзецца па дзеючай круглы год аўтадарозе Фербанкс — Прадха-Бэй. Канадскі Арктычны архіпелаг абслугоўваецца марскімі судамі з партоў атлантычнага ўзбярэжжа Канады. Высокашыротныя перавозкі ажыццяўляюцца па рацэ Макензі, у Тактаяктуке ажыццяўляецца перавалка грузаў з рачных на марскія судны
- Асваенне Паўночна-Заходняга марскога шляху дазволіць у перспектыве ажыццяўляць скразныя плаванні паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі
Акіян у міфалогіі народаў Еўразіі
[правіць | правіць зыходнік]Паўночны акіян фігуруе як ніжні свет цемры, апраметная, царства мёртвых у міфалагічнай карціне свету народаў Паўночнай Еўразіі (фіна-ўграў, самадыйцаў, тунгуса-маньчжураў). Такі погляд сфарміраваўся ў глыбокай старажытнасці і рэканструюецца ў якасці абмалёўкі старажытнага паўночна-еўразійскага касмаганічнага міфа аб ныранні за зямлёй. Народы Сібіры дзялілі сусвет не па вертыкалі, а па гарызанталі — адносна Сусветнай ракі. Лічылася, што у горных вытоках ракі знаходзіўся верхні свет святла, адкуль вясной пералётныя птушкі прыносілі душы нованароджаных у свет людзей. Душы памерлых сыходзілі ўніз па рацэ, у ніжняе царства мёртвых. Падобная карціна свету была выклікана геаграфічнымі рэаліямі, а менавіта — буйнымі рэкамі Сібіры, якія бягуць з поўдня на поўнач і ўпадаюць у акіян. Сам міф пра ныранні птушак за зямлёй і стварэнне з яе свету паўстаў у постледавіковы перыяд, калі воды сібірскіх рэк назапашваліся на поўначы перад адступаючым ледавіком і ўтваралі велізарны вадаём[1].
У індаіранскай міфалагічнай традыцыі захаваліся некаторыя адгалоскі кантактаў з паўночнымі суседзямі арыйскай прарадзімы. У прыватнасці, некаторымі навукоўцамі Сусветная гара арыйскай міфалогіі (Меру індаарыяў, Высокая Хара іранцаў) суадносіцца з Уральскімі гарамі. У падножжа гэтай гары знаходзіцца Сусветны Акіян (Ворукаша іранцаў), які супастаўляюць з Паўночным Ледавітым, а на ім — Востраў благаслаўлёнага (Шветадвіпа індаарыяў). У «Махабхараце» адмыслова адзначаецца, што на паўночным схіле сусветнай горы Меру размяшчаецца ўзбярэжжа Малочнага мора[2]. На думку шэрагу даследчыкаў, асобныя элементы гэтай карціны праз скіфскае пасярэдніцтва былі запазычаны ў старажытнагрэчаскую традыцыю і паўплывалі, у прыватнасці, на складванне вобразаў Рыфейскіх гор і Гіпербарэі[3][4].
Антычнай і сярэдневяковай кніжнай традыцыяй Паўночны Ледавіты акіян уяўляўся вельмі цьмяна і таму актыўна міфалагізаваўся. У прыватнасці, яго берагі лічыліся краем Заселенага свету, таму іх павінны былі засяляць розныя монстры (арымаспы і т. п.), нашчадкі першабытнага хаосу[5]. У старажытнарускай і пазнейшай рускай традыцыі гэтыя міфы паступова выцясняліся аб’ектыўнымі дадзенымі, дзякуючы асваенню рэгіёна і актыўным кантактам з мясцовым насельніцтвам. У той жа час у еўрапейскай геаграфічнай традыцыі ў Новы час склалася меркаванне аб нейкім арктычным кантыненце, якое па меры развіцця геалогіі перарасло ў тэорыю аб Арктыдзе. Уяўленні аб таямнічых арктычных астравах былі папулярныя і пазней, увасобіўшыся ў легенду аб Зямлі Саннікава, а ў папулярнай і калянавуковых літаратуры падобныя міфы захоўваюцца дагэтуль.
Некаторыя звесткі аб акіяне захавала і арабская геаграфічная традыцыя. Арабскі падарожнік Абу Хамід ал-Гарнаці, які наведаў Волжскую Булгарыю у сярэдзіне XII стагоддзя, распавядаў пра яе паўночным суседзе — краіне Йура (Югра), якая размяшчалася за вобласцю Вісу, на моры Цямрэчы, гэта значыць на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна. Не пазбаўленыя арабскія звесткі і фантастычных падрабязнасцей — напрыклад, паведамляецца, што з прыходам паўночных купцоў у Булгарыі наступаў страшны холад[6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Напольских В. В. Древнейшие этапы происхождения народов уральской языковой семьи: данные мифологической реконструкции (прауральский космогонический миф) / Материалы к серии «Народы СССР». Выпуск 5. Народы ўральской языковой семьи. — М.: 1991.
- ↑ Молочный океан // Бонгард-Левин Г. М., Грантовский Э. А. От Скифии до Индии. М.: Мысль, 1983.
- ↑ Бонгард-Левин Г. М., Грантовский Э. А. От Скифии до Индии. М.: Мысль, 1983.
- ↑ Круглов Е. А. Аристеева Гиперборея: «Профанная» география или сакральный идеал? Архівавана 27 кастрычніка 2014. // Исседон: Альманах по древней истории и культуре. Т. II. Екатеринбург: УрГУ, 2003.
- ↑ Белова О. В., Петрухин В. Я. «Человек незнаемый в восточной стране»: Ориген за полярным кругом в древнерусской традиции // Фольклор и книжность. — М.: Наука, 2008. — С. 57—66.
- ↑ Белова О. В., Петрухин В. Я. «Человек незнаемый в восточной стране»: Ориген за полярным кругом в древнерусской традиции // Фольклор и книжность. — М.: Наука, 2008. — С. 64.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Паўночны Ледавіты акіян
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 12).
- Пирожник И. И. Экономическая география Мирового океана. Мн., 2004.