Расонскі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расонскі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Віцебская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Расоны
Кіраўнік Уладзімір Уладзіміравіч Быкаў[d]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 69,77 %, руская 29,49 %
Размаўляюць дома: беларуская 42,44 %, руская 54,16 %[1]
Насельніцтва (2009)
11 514 чал.[1] (21-е месца)
Шчыльнасць 5,97 чал./км² (21-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 89,41 %,
рускія — 8,97 %,
іншыя — 1,62 %[1]
Плошча 1 926,87[2]
(9-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
 • Найвышэйшы пункт


 224,1 м
Расонскі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Расонскі раён — адміністрацыйная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці.

Раён размешчаны на поўначы Віцебскай вобласці. Мяжуе з Верхнядзвінскім і Полацкім раёнамі Віцебскай вобласці, Невельскім і Себежскім раёнамі Пскоўскай вобласці Расіі. Утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Полацкай акругі. 20 лютага 1938 года ўвайшоў у Віцебскую, 20 верасня 1944 — Полацкую вобласць, 8 студзеня 1954 года зноў у складзе Віцебскай вобласці. 25 снежня 1962 года раён быў скасаваны, 6 студзеня 1965 года адноўлены.

У раён уваходзяць 139 сельскіх населеных пунктаў. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Сакалішчанскі, Янкавіцкі. Цэнтр — г.п.Расоны.

Прырода

Паверхня Расонскага раёна пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град. Большая частка раёна знаходзіцца ў межах Полацкай нізіны, на ўсходзе — Нешчардаўскага ўзвышша. Нахіл паверхні з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Найвышэйшы пункт — гара Гваздзіха, 224 м (знаходзіцца на захад ад в. Забор’е)[3], найбольш нізкая адзнака (112 м) — урэз р. Дрыса пры сутоку з Нішчай. Глыбіня расчлянення рэльефу на ўсходзе да 30 м/км², на Полацкай нізіне да 2,5 м/км².

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Латвійскай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў магутнасцю ад 25 да 70 м; ніжэй дэвонскія да 350—400 м, на 3 кембрыйскія да 100 м і ардовікскія да 30 м, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд) да 250—300 м адклады. Пароды крышт. фундамента на глыбіні 600—700 м ніжэй узроўню мора. Вядомы радовішчы торфу, глін і суглінкаў, пясчана-жвіровага матэрыялу.

Глебы сельгасугоддзяў (у %): дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (0,1), дзярнова-падзолістыя глебы (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (2,2), тарфяна-балотныя глебы 10,9; паводле механічнага складу глебы пераважна сугліністыя (50,7) і супясчаныя (30,6).

Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені −7,5, ліпені +17,4 °C. Выпадае 583 мм ападкаў за год. Вегетатыўны перыяд складае 182 сутак.

Найбольшая рака Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Іншыя рэкі: рака Звёрынка. На тэрыторыі раёна шмат азёр. Найбольшымі з’яўляюцца Нешчарда, Усвечча, Валоба, Белае, Сіньша, Шэвіна, Расона, Дрысы, Межава, Межна. Іншыя азёры: возера Вядзета, возера Межна, возера Глыбочына

Насельніцтва

1999 — 15,1 тыс.
2006 — 12,1 тыс.
2009 — 11,5 тыс.

Пераважаюць сельскія жыхары.

Гаспадарка

Буйнейшыя прадпрыемствы:

  • «Каапнарыхтпрам», ЧУП
  • Обальскі керамічны завод, расонскі філіял, КПУП
  • Расонскі камбінат прамысловых тавараў, КУВП
  • Расонскі лясгас, ДЛГУ

Транспарт

Па тэрыторыі Расонскага раёна праходзяць аўтамабільныя дарогі Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш.

У паданнях

«Гара Рагнеды» знаходзіцца на п-ве Перавоз паміж вусцем ракі Ушчы пры яе ўпадзенні ў возера Дрысы і вытокам ракі Дрысы. Паводле народнага падання, тут быў забіты князь Рагвалод ударам каменнага молата, а потым тут жа пахавана княгіня Рагнеда. Паводле звестак А. Кіркора і А. Семянтоўскага, і на самой гары, і ў воз. Дрысы ў XIX ст. часта знаходзілі каменныя молаты і паліцы, што таксама можа сведчыць пра існаванне тут старажытнага скандынаўскага пасялення і кульце Тора.

Расонскі раён вядомы з нарысу ў творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Менавіта тут, у пушчах Паазер’я, адбываюцца падзеі апавяданняў.

Старшыні Расонскага райвыканкама

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. Горные вершины равнинной Беларуси / В. Э. Пасанен, Е. А. Дикусар, В. Е. Подлисских. — Минск: ГУ «Республиканский учебно-методический центр физического воспитания населения», 2014. — С. 150

Літаратура

  • Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / гал. рэд. Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн., 1994. — 558 с.
  • Расонскі раён // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1985. — Т. 4. — С. 366—367.

Спасылкі