Дом Ліўшыца

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Дом Ліўшыца
Дом № 16 у забудове вуліцы
Дом № 16 у забудове вуліцы
53°54′04″ пн. ш. 27°33′12″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль мадэрн
Дата заснавання 1890
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001

Дом Ліўшыца (Мінск Гістарычны цэнтр)
Дом Ліўшыца
Дом Ліўшыца

Дом Ліўшыца — будынак у Мінску па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 16, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада. Пабудаваны ў 1890 годзе як даходны дом, а ў 1913 годзе значна перабудаваны. Помнік архітэктуры стылю мадэрн.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Праект рэстаўрацыі будынка

У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Зборавай (з 1866 года Турэмнай, з 1882 па 1920 Праабражэнскай) стаяла драўляная забудова, якая была знішчаная ў часе вялікага пажару 1881 года[1].

У 1890 годзе купец Гілель Рубінштэйн пабудаваў на месцы знішчанай забудовы двухпавярховы жылы дом з шырокай праязной аркай у цэнтры першага паверха. Апроч гэтага, у канцы XIX — пач. XX стст. на тэрыторыі зямельнага пляца быў узведзены комплекс гаспадарчых пабудоў і мураваны двухпавярховы флігель[1].

У 1907 годзе гэтыя будынкі з збудаванні набыў мінскі купец Саламон Ліўшыц. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў двухпавярховым доме выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. У афіцыне, акрамя жылых пакояў, месцілася слясарная майстэрня[1].

У 1913 годзе быў распрацаваны і зацверджаны гарадской управай праект грунтоўнай рэканструкцыі двухпавярховага жылога дома купца Ліўшыца. Праект прадугледжваў надбудову трэцяга паверха, а таксама поўную змену архітэктурнага выгляду галоўнага фасада. Праект быў цалкам рэалізаваны, работы скончаныя ў 1913 годзе, пра што сведчыць дата на адным з франтонаў[1].

За савецкім часам будынак нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся як адміністрацыйны. У гады Другой сусветнай вайны будынак не пацярпеў і амаль цалкам захаваў архітэктурнае рашэнне 1913 года, толькі была замураваная шырокая праязная арка[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Фасад будынка

Трохпавярховы прамавугольны ў плане, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычнае кампазіцыйнае вырашэнне. Асноўнымі акцэнтамі кампазіцыі з'яўляюцца 3 неглыбокія рызаліты, завершаныя атыкавымі франтонамі трохвугольнай формы з прарэзанымі ў іх паўкруглымі і авальнымі праёмамі. Вокны 1-га і 2-га паверхаў лучковыя, 3-га — прамавугольныя. Сіметрычна па фасадзе размешчаны разнастайнай формы 3 балконы з ажурнай агароджай (чыгуннае ліццё). Выразнасць фасаду надае спалучэнне руставаных, шурпатых і гладкіх паверхняў, украпаванне керамічных і шкляных плітак. У будынку размешчаны адміністрацыйныя ўстановы.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Гістарычная забудова XIX—XX стагоддзяў. Дом Ліўшыца. Мінская Спадчына. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 1018. Праверана 16 лістапада 1018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]