Перайсці да зместу

Анкара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Горад Анкара)
Горад
Анкара
турэцк.: Ankara
Краіна
Каардынаты
Кіраўнік
Плошча
  • 25 632 км²[2]
Вышыня цэнтра
938 ± 1 м
Водныя аб’екты
Чубук[d] і Хаціп[d]
Насельніцтва
  • 5 803 482 чал. (2023)[3]
Часавы пояс
Тэлефонны код
312
Паштовыя індэксы
06000–06999
Аўтамабільны код
06
Афіцыйны сайт
ankara.bel.tr (тур.)
Анкара на карце Турцыі
Анкара (Турцыя)
Анкара
Анкара (Турцыя)
Анкара

Анкара́ (турэцк.: Ankara) — сталіца Турэцкай Рэспублікі, другі па велічыні горад краіны пасля Стамбула. Размешчана ў Цэнтральна-Анаталійскім рэгіёне, у правінцыі (іле) Анкара.

Заснавана верагодна хетамі (альбо папярэднімі хетам хатамі), першая згадка каля 1200 да н.э. пад хецкай назвай Анкуваш. Галаты і старажытныя рымляне выкарыстоўвалі назву Анкіра (Ancyra), у класічны, эліністычны і візантыйскі перыяд горад вядомы як Ἄγκυρα / Ánkyra. З адыходам да сельджукаў у 1073 і да 1930 года горад насіў назву Ангора.

Узвышэнне горада пачалося ў 7 стагоддзі да н.э. пры фрыгійскім цары Мідасе. У старажытнасці і сярэднявеччы — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. У 14 стагоддзі заваявана туркамі-асманамі. У ліпені 1402 года каля Анкары адбылася бітва паміж Цімурам і Баязідам (Анкарская бітва 1402). З 1864 года — цэнтр вілаета Анадалу. З канца 1919 года — цэнтр нацыянальна-вызваленчага руху Турцыі (Кемалісцкая рэвалюцыя), рэзідэнцыя Прадстаўнічага камітэта, а з 23 красавіка 1920 — Вялікага нацыянальнага схода Турцыі і створанага ім урада (у супрацьстаянні султанска-халіфскаму Стамбулу). З 13 кастрычніка 1923 — сталіца Турцыі, з 29 кастрычніка 1923 года — Турэцкай Рэспублікі.

Сучасная Анкара — палітычны, культурны, эканамічны і прамысловы цэнтр краіны, месца знаходжання турэцкага прэзідэнта, парламента, урада, вышэйшых судовых устаноў, усіх замежных пасольстваў. Анкара — істотны транспартны вузел у цэнтры Турцыі, на скрыжаванні чыгуначных і аўтамабільных шляхоў. Міжнародны аэрапорт. У якасці гандлёвага і маркетынгавага цэнтра для сельскай гаспадаркі рэгіёна Анкара праславілася ангорскімі козамі з доўгай поўсцю (махер, турэцк.: mohair), унікальнай пародай кошак (ангорскія кошкі), белымі трусамі з выдатнай поўсцю (ангорскай), грушамі, мёдам, мускатным вінаградам.

Горад размешчаны на Анаталійскім пласкагор’і, каля сутоку ручая Чубук і Анкары (басейн ракі Сакар’я). Клімат кантынентальны, адно з самых сухіх месцаў Турцыі.

У старой частцы горада і ваколіцах знаходзяцца шматлікія помнікі архітэктуры: храм Аўгуста (лац.: Monumentum Ancyranum, 1 стагоддзе да н.э.), руіны тэрмаў (пачатак 3 стагоддзя), калона Юліяна (4 стагоддзе), скляпенні з фрэскамі (4 стагоддзе), цытадэль, мячэці (12-15 стагоддзяў): Аладына, Арслан-хана, Ахі Элван і іншыя, Вялікі крыты рынак (паміж 1464 і 1471, цяпер — Археалагічны музей), Новая (Ені, Джэнаб Ахмет) мячэць (16 стагоддзе).

З 1920 года, галоўным чынам у 1950-1960-я на поўдзень ад старога горада (вядомага як Улус, турэцк.: Ulus) развіваецца новы добра азяленены горад з правільнай планіроўкай, шматпавярховымі будынкамі і катэджамі (вядомы як Енішэхір, турэцк.: Yenişehir), цэнтрам якога стала плошча Кызылай (турэцк.: Kızılay) з прылеглымі праспектамі і вуліцамі. Пабудаваны будынак парламента (1938, арх. К.Хольцмайстэр), оперны тэатр (1948), маўзалей Атацюрка (1953), самая вялікая мячэць горада — Каджатэпе (паміж 1967 і 1987), шэраг помнікаў, у тым ліку — ва ўшанаванне памяці хатаў — першай вядомай цывілізацыі Анатоліі (плошча Сыхіе, 1970-я). З 1996 года працуе метрапалітэн.

У горадзе 13 вышэйшых навучальных устаноў: 8 універсітэтаў, тэхнічны ўніверсітэт, эканоміка-тэхналагічны ўніверсітэт, ваенная, ваенна-медыцынская і паліцэйская акадэміі. 22 тэатры і канцэртныя пляцоўкі. Праводзяцца рэгулярныя тэатральныя, музычныя і кінафестывалі. Музеі: Атацюрка (Аныткабір) этнаграфічны, Анаталійскай цывілізацыі, мастацкі, вайны за незалежнасць, авіяцыйны Узброеных сіл Турцыі.

З 2007 года Анкара — горад-пабрацім Мінска.

Год Колькасць
2015 5 270 575 [4]
2018 5 503 985
2021 5 747 325
2023 5 803 482 [3]

Антычныя помнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Анкарская цытадэль

[правіць | правіць зыходнік]
Анкарскі замак і цытадэль
Анкарскія рымскія лазні. На пярэднім плане бачныя кальдарыі лазняў.
Храм Аўгуста і Ромы

Падмурак Анкарскага замка і цытадэлі быў закладзены галатамі на самай вяршыні прыкметнага абветранага магматычнага ўзгорка, а астатняе было дабудавана рымлянамі. Візантыйцы і сельджукі таксама праводзілі рэстаўрацыйныя працы і дабудоўвалі свае элементы. Анкарская цытадэль утрымоўвае мноства выдатных прыкладаў традыцыйнай архітэктуры, таксама ёсць зоны адпачынку для наведвальнікаў. Многія адрэстаўраваныя традыцыйныя турэцкія дамы ўнутры цытадэлі набылі новае жыццё як рэстараны, дзе падаюць мясцовую кухню.

Цытадэль прысутнічала на розных турэцкіх банкнотах у 1927–1952 і 1983–1989 гадах.

Калона Юліяна

[правіць | правіць зыходнік]

Калона Юліяна[tr] (Julianus Sütunu), якая знаходзіцца ў сучасным раёне Улус, была ўзведзена ў гонар візіту рымскага імператара Юліяна Адрачэнца ў Анкіру ў 362 годзе.

Рымская дарога

[правіць | правіць зыходнік]

Анкарская рымская дарога знойдзена ў 1995 годзе турэцкім археолагам Джэўдэтам Байбуртлуаглу. Даўжыня захаванага адрэзка складае 216 метраў, а шырыня — 6,7 метра. Падчас раскопак уздоўж дарогі было знойдзена мноства старажытных артэфактаў, большасць з якіх выстаўлены ў Музеі анаталійскіх цывілізацый[5][6].

Рымскія лазні

[правіць | правіць зыходнік]

Анкарскія рымскія лазні маюць усе тыповыя рысы класічнага рымскага лазневага комплексу: фрыгідарый (халодны пакой), тэпідарый (цёплы пакой) і кальдарый (гарачы пакой). Лазні былі пабудаваны падчас праўлення рымскага імператара Каракалы ў пачатку 3-га стагоддзя ў гонар Асклепія, бога медыцыны. Сёння ад іх засталіся толькі склеп і першы паверх. Знаходзяцца ў сучасным квартале Улус.

Антычны рымскі тэатр у Анкары[tr] датуецца прыблізна 2 стагоддзем да н. э. Руіны яго сцэны і закулісся можна ўбачыць за мурамі Анкарскага замка. Знойдзеныя тут рымскія статуі экспануюцца ў Музеі анаталійскіх цывілізацый. Старажытная пляцоўка для гледачоў усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі раскопак.

Храм Аўгуста і Ромы

[правіць | правіць зыходнік]

Храм Аўгуста і Ромы, таксама вядомы як Анкірскі манумент, быў пабудаваны прыблізна ў 25–20 гг. да н. э. пасля заваёвы Цэнтральнай Анатолі Рымскай імперыяй. Затым Анкіра стала сталіцай новай рымскай правінцыі Галатыя. Пасля смерці Актавіяна Аўгуста ў 14 года н. э. копія тэксту «Дзеянні боскага Аўгуста» на латыні была высечана на ўнутраным баку пронааса храма, а яе грэчаскі пераклад — на вонкавай сцяне цэлы. Храм на старажытным акропалі Анкіры быў пашыраны ва II стагоддзі і пераўтвораны ў царкву ў V стагоддзі.

Назва Турэцкая назва Выява Каардынаты Час пабудовы Апісанне
Мячэць Каджатэпе Kocatepe Camii 39°55′00″ пн. ш. 32°51′39″ з. д.HGЯO 1967–1987 Самая вялікая мячэць у горадзе. Размешчаная ў аднайменным квартале, яна была пабудавана ў класічным асманскім стылі з чатырма мінарэтамі. Яе памер і выбітнае месцазнаходжанне зрабілі яе адной з найважнейшых славутасцяў горада.
Мячэць Ахі Эльван Ahi Elvan Camii 39°56′10″ пн. ш. 32°51′49″ з. д.HGЯO канец XIV–пачатак XV стагоддзяў Мячэць узведзена брацтвам Ахі[en] побач з Анкарскай цытадэллю. Адмысловая цікавасць уяўляе тонка выразаны мінбар (кафедра) з арэхавага дрэва[7].
Мячэць Ахмета Хамдзі Аксекі[en] Ahmet Hamdi Akseki Camii 39°54′23″ пн. ш. 32°45′47″ з. д.HGЯO 2008–2013 Размешчана недалёка ад Упраўлення па справах рэлігій па вуліцы Эскішэхір. Пабудаваная ў турэцкім неакласічным стылі, яна з’яўляецца адной з найбуйнейшых мячэцяў найноўшага часу ў горадзе. Можа ўмяшчаць 6 тысяч чалавек падчас супольных малітваў і да 30 тысяч чалавек падчас памінальных малітваў. Мячэць упрыгожана ўзорамі ў стылі анаталійскіх сельджукаў[en][8].
Мячэць Джэнабі Ахмет-пашы[tr] Cenabi Ahmet Paşa Camii 39°56′12″ пн. ш. 32°52′14″ з. д.HGЯO 1565 Пабудавана ў гонар Джэнабі Ахмет-пашы, аднаго з візіраў султана Сулеймана І Пышнага. Спраектавана і ўзведзена вядомым архітэктарам Сінанам. Мімбер (кафедра) і міхрап (малітоўная ніша) мячэці зробленыя з белага мармуру, а сама мячэць — з анкарскага каменя, прыклад вельмі тонкай працы.
Мячэць Султана Алаэдзіна[tr] Sultan Alaeddin Camii 39°56′21″ пн. ш. 32°51′52″ з. д.HGЯO 1178 або 1197 Найстарэйшая мячэць Анкары. У ёй знаходзіцца разны арэхавы мімбер (кафедра), надпіс на якім абвяшчае, што мячэць была завершана ў пачатку 574 года хіджры (што адпавядае лету 1178 г. н. э.) і ўзведзена сельджукскім прынцам Мухідзінам Месудам-шахам (памёр у 1204-м), беем Анкары, сынам анаталійскага сельджукскага султана Кылыч-Арслана II (кіраваў у 1156–1192 гг.).
Мячэць Хаджы Байрама[tr] Hacı Bayram Camii 39°56′40″ пн. ш. 32°51′28″ з. д.HGЯO 1427/28 год Стаіць у квартале Улус побач з антычным храмам Аўгуста і Ромы, пабудавана ў пачатку XV стагоддзя ў сельджукскім стылі невядомым архітэктарам. У XVI стагоддзі яе аднаўляў архітэктар Мімар Сінан, а ў XVIII стагоддзі была ўпрыгожана кафлямі з Кютах’і. Мячэць была пабудавана ў гонар паэта і суфійскага святога Хаджы Байрама Велі, чыя магіла знаходзіцца побач з мячэццю, за два гады да яго смерці[9].

Адукацыю ў Анкары ў асноўным падаюць дзяржаўныя і прыватныя школы. Абавязковая адукацыя доўжыцца 12 гадоў. Анкара з’яўляецца цэнтрам адукацыі ў Турцыі. Многія фонды, такія як Міністэрства нацыянальнай адукацыі, Савет вышэйшай адукацыі і Саюз работнікаў адукацыі і навукі, базуюцца ў горадзе.

Вышэйшая адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

У Анкары 14 універсітэтаў, 7 з іх прыватныя і 7 грамадскія, што робіць яе горадам з найбольшай колькасцю ўніверсітэтаў у Турцыі пасля Стамбула. Універсітэты Анкары ўключаюць Універсітэт Газі, які з’яўляецца першым універсітэтам у гісторыі Турэцкай Рэспублікі, Блізкаўсходні тэхнічны ўніверсітэт — першы ўніверсітэт у Турцыі па выкладанні замежных моў, Бількенцкі ўніверсітэт — першы прыватны ўніверсітэт Турцыі, і Універсітэт Хаджэтэпе — самы перадавы ўніверсітэт у Турцыі ў галіне медыцыны.

Студэнцкія інтэрнаты

[правіць | правіць зыходнік]

У Анкары знаходзяцца 32 дзяржаўныя і 306 прыватныя студэнцкія інтэрнаты. У 2018 годзе ў дзяржаўных інтэрнатах пражывала 27 225 студэнтаў, а ў прыватных — 12 251 студэнт. Восемдзесят дзве школы па ўсім горадзе маюць уласныя пансіёны, а колькасць студэнтаў, якія пражывалі ў гэтых пансіёнах, на 2018 год складаў 12 343 асобы[10].

  1. а б https://www.ankara.bel.tr/baskan?web=1
  2. а б https://www.harita.gov.tr/images/urun/il_ilce_alanlari.pdf
  3. а б https://www.nufusu.com/il/ankara-nufusu
  4. https://web.archive.org/web/20120705184404/http://ankara.yerelnet.org.tr/
  5. Roma Yolu. arkitera.com (14 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 12 траўня 2015. Праверана 10 чэрвеня 2013.
  6. Sargın, Haluk (2012). Antik Ankara(тур.). Ankara: Arkadaş Yayınevi. pp. 126, 127, 128. ISBN 978-975-509-719-0.
  7. Museums – Ankara.com: City guide of Turkey's Capital. Архівавана з першакрыніцы 31 January 2019. Праверана 8 July 2016.
  8. Мячэць Ахмета Хамдзі Аксекі адкрыта для малітваў (тур.). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2015.
  9. SonTech Yazılım. Hacı Bayram-ı Veli :. hacıbayramveli, hacı bayramveli, haci bayrami veli, hacıbayram, nasihatleri, hacı bayram cami, hayatı, hacıbayram-ı veli. Hacibayramiveli.com. Архівавана з першакрыніцы 25 May 2009. Праверана 5 May 2009.
  10. National Education Statistics 2017/'18.