Першая мінская электрастанцыя
Першая мінская электрастанцыя — комплекс збудаванняў аднаго з першых прамысловых аб’ектаў у Мінску, помнік архітэктуры XIX ст. Размяшчалася на правым беразе Свіслачы, побач з будынкам Беларускага дзяржаўнага цырка.
Комплекс збудаванняў Першай мінскай электрастанцыі знаходзіўся ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і адносіўся да 3-й катэгорыі матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дакумент, які фактычна санкцыянаваў разбурэнне, падпісалі М. Ладуцька, В. Нікіцін, В. Кураш і І. Чарняўскі[1]. У сувязі з пачаткам знішчэння будынкаў станцыі 3 сакавіка 2011 старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся з адкрытым лістом да міністра культуры П. Латушкі[2].
У сакавіку 2011 года электрастанцыю цалкам зруйнавалі дзеля пабудовы на гэтым месцы адміністрацыйнага будынка, які першапачаткова заявілі як гатэль «Кемпінскі»[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 2-й пал. XIX ст. у звязку з разбудовай Мінску вакол гарадскога парку поруч з ім размясцілі помпавую станцыю — адгэтуль, з 1870-х, пачынаецца гісторыя Мінскай электрастанцыі.
Першыя досведы электрычнага асвятлення ў Мінску праводзіліся на воднай помпе Лібава-Роменскай чыгункі (Ніжняя Ляхаўка). 21 снежня 1886 пры вялікай колькасці гараджан электрычная машына запрацавала ад паравога рухавіка помпы[4].
Пытанне пра ўвядзенне ў Мінску электрычнага асвятлення паўстала ў 1892. Неўзабаве ўлады горада набылі электрычнае абсталяванне, распачалося будаўніцтва. Новую электрычную станцыю ўвялі ў эксплуатацыю 12 студзеня 1895[5].
Электрычнасць хутка апанавала ўсе сферы жыцця горада. Станам на 1909 электрычнай энергіяй карысталіся: 11 рэлігійных устаноў, 137 крам, 84 прыватныя кватэры, 16 фабрык, 8 клубаў і спартыўных таварыстваў, 7 тэатраў і кінематографаў, 19 банкаў, 6 цырульняў, 17 рэстарацый і гатэляў, 7 навучальных устаноў, 4 бальніцы і іншыя[6].
Электрастанцыю істотна мадэрнізавалі ў 1912: усталявалі новую дынама-машыну і дызель магутнасцю 500 конскіх сіл, частку паветраных правадоў замянілі на падземныя кабелі. Да 1913 максімальная магутнасць станцыі дасягнула 1100 кВт, яна зрабілася найбуйнейшай на тэрыторыі сучаснай Беларусі (з ліку станцый, якія падпарадкоўваліся гарадскім управам)[7].
Пасля сканчэння Першай сусветнай вайны электрастанцыя абслугоўвала энергіяй усе будаўнічыя пляцоўкі аднаўлення сучаснага праспекта Незалежнасці — ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі.
Станам на 1926 электрастанцыя давала больш за 3000 кВт і забяспечвала электрычнасцю ўвесь Мінск, а таксама мноства фабрык і заводаў. Станцыя мела наступныя цэхі: водаправодны, які рамантаваў водаправодную сетку, электрычны — рамантаваў нізка- і высакавольтныя сеткі; машынны — выпрацоўваў электраэнергію; рамонтны — абслугоўваў першыя тры. Агледзець станцыю мог кожны ахвотны ў нядзелі ад 13.00 да 15.00[8].
Да электрастанцыі падыходзіла вузкакалейка, па якой бесперапынна курсіравалі ваганеткі, гружаныя торфам. Цягу гэтых ваганетак забяспечвалі невялікія неўдасканаленыя паравозы, ад іскраў якіх нярэдка загараліся драўляныя дамы, размешчаныя па шляху руху. Толькі на працягу 5 месяцаў 1935 мелі месца пяць такіх выпадкаў. Наяўнасць гэтай вузкакалейкі псавала і вонкавы выгляд упарадкаванай цэнтральнай вуліцы, адной з асноўных магістраляў горада. Таму ў 1936 гарадскія ўлады распрацавалі праект перавозкі торфу на трамвайных платформах[9].
Пасля Другой сусветнай вайны электрастанцыю прыстасавалі пад спартыўны аб’ект, якім яна з’яўлялася да 2010.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
З боку праспекта
-
Неперабудаваная частка
-
Агульны выгляд з боку парку
-
Руйнаванне комплексу (выгляд з боку парку)
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Пасля руйнавання Першай мінскай электрастанцыі ў Беларусі засталася толькі адна гістарычная электрастанцыя — у Віцебску[10].
- Каля станцыі знаходзіўся гатэль у стылі мадэрн, які працяглы час выкарыстоўваўся мінскім цыркам[11].
- Будынкі першай сталічнай электрастанцыі былі ўлюбёнымі аб’ектамі творчасці мінскіх мастакоў-графікаў — Анатоля Тычыны, Аркадзя Астаповіча, М. Друшчыца, Паўла Гуткоўскага ды іншых[12].
Зноскі
- ↑ Хто паставіў подпісы пад знішчэннем першай мінскай электрастанцыі (фота дакумента) . Блог Глеба Лабадзенкі (4 сакавіка 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ Астаповіч Латушку: Спыніце руйнаванне і пакарайце вінаватых // «Наша Ніва», 3 сакавіка 2011.
- ↑ Антон Астаповіч: З дазволу Мінкультуры руйнуюць помнікі Архівавана 26 мая 2012.
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 127.
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 128.
- ↑ Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 182.
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 130.
- ↑ Спадарожнік па Мінску. — Мінск, 1930.
- ↑ Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 187.
- ↑ Глеб Лабадзенка. Ці выжыве першая мінская электрастанцыя каля гатэлю «Кемпінскі»?…(недаступная спасылка) // «Звязда» № 118 (26726), 19 чэрвеня 2010
- ↑ Эксклюзіўны помнік — у ахвяру камерцыйнаму праекту // «Радыё Свабода», 27 лістапада 2009.
- ↑ На месцы першай мінскай электрастанцыі могуць збудаваць гатэль // «Наша Ніва», 16 верасня 2009.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Глеб Лабадзенка. Ці выжыве першая мінская электрастанцыя каля гатэлю «Кемпінскі»?..(недаступная спасылка) // «Звязда» № 118 (26726), 19 чэрвеня 2010.
- Лаўрэш Леанід. Мінская электрастанцыя // Маладосць, 2016, № 1. С. 108—113. // на pawet.net
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Электрастанцыя. Электраасвятленне (руск.)(недаступная спасылка). Мінск стары і новы (4 сакавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 31 снежня 2012. Праверана 19 верасня 2012.
- Першая мінская электрастанцыя на сайце «Архіварта»