Яцвягі
Яцвягі | |
Яцвяжскі курган каля Сувалкаў. | |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | міжрэчча Нёмана і Нарава |
Мова | яцвяжская |
Рэлігія | політэізм |
Блізкія этнічныя групы | прусы |
Яцвя́гі, ятвя́гі, я́твінгі (літ.: jótvingiai) — група заходнябалцкіх плямёнаў, якія ў I — пачатку II тысячагоддзя н.э. жылі на тэрыторыі, часткі якой сёння ўваходзяць у склад Беларусі, Літвы і Польшчы. Вядомыя пад рознымі назвамі: яцвягі, судавы (суды, судзіны), дайновы, паляксяне, якія лічацца назвамі плямёнаў «яцвяжскага» пляменнага саюза[1].
Асноўныя археалагічныя помнікі — каменныя курганы, на змену якім прыйшлі каменныя магілы.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]У гістарычных крыніцах, пісаных на розных мовах, захаваліся розныя назвы, якія, як мяркуецца, адносіліся да яцвягаў. Апроч «яцвяжскай», гэта такія назвы як «Дайнова», «Судавы» («Суды», «Судзіны») і «Паляксяне».
Гэтыя назвы маглі замяняць адна адну. Актам ад 7 жніўня 1259 года Міндоўг аддаваў крыжакам «усю Дайнову, якая яшчэ называецца Ятвезь» («Denowe tota, quam etiam quidam Jetwesen vocant»). Ва Уроцлаўскім рашэнні нямецкага імператара Сігізмунда I Люксембургскага да Лівонскага ордэна ў 1325 годзе згадваецца «зямля судаў, або Ятва» («Suderlandt alias Jetuen»).
У рускіх летапісах не згадваюцца «судавы», затое фігуруюць «яцвягі», «зямля яцвяжская» — таксама як і ў польскіх крыніцах, а таксама следам за імі ў дакументах папскай Рымскай курыі («terra Jatwesouie»). Але «Судавы» і «Судавія» згадваюцца ў нямецкіх крыніцах. Згаданыя ў Клаўдзія Пталемея ў II ст. «судзіны» (разам з прускім племенем «галіндаў») — першая гістарычная згадка ў пісаных крыніцах назваў заходнябалцкіх плямёнаў. У польскіх крыніцах, пачынаючы з пачатку XIII ст., згадваюцца «паляксяне» (Pollexianni), сталіцай якіх называецца Драгічын.
Мяркуюць, што так па-рознаму называліся плямёны, што ўваходзілі ў «яцвяжскую» пляменную групу, або пляменны саюз. Іх назвы мелі паходзіць ад гідронімаў. Напрыклад, суды-судзіны-судавы сваю назву мелі атрымаць ад назвы ракі Sūduonia (яна мяркуецца роднаснай назве дзесенскай ракі Судасці). Гідранімічнага паходжання лічацца назвы дайновы і паляксянаў[2].
Назву «яцвягі» параўноўваюць з гідронімам з-пад Ліды, які фігуруе пад 1516 годам у Літоўскай Метрыцы: «противъ Шейбакова двора, на речце на Ятѳи». Пісаная форма «Ятфа» мела ўзнікнуць пад уплывам польскага вымаўлення (twój — «tfói», twoja — «tfoja»). Адпачатны балцкі выгляд гідроніма аднаўляецца як *Jātvā. Па-літоўску назва мела б выгляд *Jotva[3].
Той жа корань Jot- таксама ў літоўскіх гідронімах Jotija, Jotulė, Jot-upis. Іх звязваюць з індаеўрапейскім коранем *i̯ā- «ісці, рушыць», ад якога балцкі корань *jā-, ад яго літоўскае joti «рушыць, ехаць конна»[4]. Гэта варыянт кораня *ei-, ад якога пайшло літоўскае eiti «ісці»[5]. Гідранімічны корань *jā- таксама ў назве ракі Ясельды (яцв. «Імклівая рака»), якая лічыцца яцвяжскай назоўнай спадчынай і якая пацвярджае «яцвяжскасць» гэтага кораня.
Непасрэдна назва «яцвягі» ўтварылася, калі да гідранімічнага кораня Jātv- быў дададзены яцвяжска-прускі фармант -ing-, добра вядомы з назваў на старой яцвяжскай тэрыторыі ў Літве (Apsingė, Leipalingis, Nedzingė, Pilvingis, Suvingis). Найбліжэйшы да аўтэнтычнага яцвяжскага гучання варыянт этноніма — я́твінгі (падобным чынам ад стараскандынаўскага váringr у старарускім асяроддзі пайшла назва «варагі»).
Пятая па ліку меркавана «яцвяжская» назва паходзіць з зусім дагістарычных часоў. З тэрыторыяй, пазней суаднесенай з яцвягамі, звязваюць таксама і згаданае ў Герадота (V ст. да н.э.) племя неўраў. Апроч геаграфічнай узгодненасці (на крайнім паўночным захадзе ў вядомай грэкам айкумене), назва неўраў параўноўваецца з яцвяжскай назвай ракі Нараў — «Наўра» (Naura), засведчанай у «Яцвяжскім слоўнічку». Таксама размешчанае на старой прускай тэрыторыі возера Кікіты называлася «Naury» (< Naurai), а над ім вядомая «Наурская гара»[6].
Тэрыторыя
[правіць | правіць зыходнік]Летапісы часоў Кіеўскай Русі згадваюць яцвягаў з X ст. Паводле Іпацьеўскага летапісу, яцвягі жылі ў міжрэччы Нёмана і Нарава.
У польскай хроніцы[хто?] XII стагоддзя гаворыцца:
«…Край яцвягаў, дзе паветра бальзам, лясы мядовыя, рэкі багатыя рыбай, землі ўраджайныя, аратыя працавітыя, воіны бясстрашныя… Край яцвягаў, з якімі польскі кароль заўсёды ваюе, імкнучыся звярнуць іх у сапраўдную веру; але ні мячом, ні пропаведдзю, ні подкупам немагчыма было адхіліць іх ад паганскай веры, ні мячом смерці знішчыць іхні змяіны род…» [7]
На грунце звестках польскіх храністаў XV—XVI стст. і пазнейшых тапонімаў, вытворных ад этноніма «яцвягі», многія даследчыкі XIX ст. меркавалі, што да XIII ст. яцвягі засялялі шырокую прастору: Сувалкія, Падляшша, Берасцейскія землі і Верхняе Панямонне.
Некаторыя тагачасныя гісторыкі (Ю. Кулакоўскі, П. Авенарыус), аднак, скептычна ставіліся да меркавання пра шырокі арэал рассялення яцвягаў. Супраць думкі пра шырокае рассяленне яцвягаў у старажытнасці выказаліся ў 1950-х гады многія польскія навукоўцы (К. Мусяновіч, А. Камінскі, Е. Антановіч, Г. Лаўмяньскі). Паводле Мусяновіч, яцвягі жылі на поўначы ад Нарава. Камінскі, які склаў і выдаў у 1956 годзе грунтоўную бібліяграфію па археалогіі яцвягаў, абмяжоўваў тэрыторыю рассялення яцвягаў раёнам Сувалкаў і прылеглых да іх абшараў (на поўнач ад Бебжы). Ён пісаў, што ў крыніцах няма цалкам пэўных даных на карысць шырокага рассялення яцвягаў, а археалагічных помнікаў, якія можна звязаць з яцвягамі, няма ні на Падляшшы, ні на Верхнім Панямонні. Каменныя магілы, вядомыя на Падляшшы, польскія даследчыкі тым часам лічылі мазавецкімі (належнымі славянскаму племені мазаўшан)[8].
Але гэтая думка была ў навуцы адхіленая, бо знайшлося нямала простых і шмат ускосных сведчанняў пра шырокае рассялення яцвяжскіх плямёнаў у старажытнасці[8]. Навуковая дыскусія 1960-х гадоў з удзелам лінгвістаў і археолагаў (А. Таўтавічус, А. Ванагас, С. Савукінас, В. Сядоў і інш.), пацвердзіла ранейшыя думкі, што арэал рассялення яцвягаў у даўнія часы ахопліваў дастаткова шырокую тэрыторыю: паўночны ўсход цяперашняй Польшчы (у тым ліку і Падляшша), землі Панямоння (у складзе цяперашняй Беларусі) і часткі берасцейскага Пабужжа, поўдзень цяперашняй Літвы і літоўскае Занямонне[9]. Зводны агляд яцвяжскіх пахавальных помнікаў і іх шырокага арэалу зроблены ў 1964 годзе археолагам В. Сядовым, на правабярэжжы верхняга Нёмана ён таксама лакалізаваў яцвяжскае племя дайнова.
Беларускі археолаг Я. Звяруга адзначае, што яцвягі жылі на тэрыторыі паміж Нёманам на ўсходзе і ракой Нараў, Вялікімі Мазурскімі азёрамі на захадзе[10]. Ю. Кухарэнка (следам за В. Сядовым) уключае ў склад колішняй яцвяжскай тэрыторыі Падляшша, Берасцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоння. У XII—XIII стст. арэал рассялення яцвягаў паступова звужаецца: яцвягі вынішчаліся фізічна, а рэшткі яцвяжскага народу славянізаваліся.
На думку Валянціна Сядова, для вызначэння тэрыторыі рассялення яцвяжскіх плямён надзейнай крыніцай з’яўляецца гідраніміка і няма прычын абмяжоўваць яцвяжскую тэрыторыю да XII—XIII стст. выключна Сувалкіяй, бо даныя гідранімікі і мовазнаўства сведчаць пра шырэйшае рассяленне яцвяжскіх плямён. Значны гідранімічны пласт несумнеўна балтыйскага паходжання на шырокай тэрыторыі ніяк не мог утварыцца ў выніку перасялення палонных яцвягаў ці яцвягаў-уцекачоў.
Назоўная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Літвы яцвяжская тэрыторыя вызначаецца паводле шэрагу асаблівасцяў у сучасных назвах і засяроджваецца абапал Нёмана паміж Друскенікамі і Алітай, тулячыся да сутыку межаў Літвы, Польшчы і Беларусі:
- суфікс -ing-: Лéйпалінгіс, Апсíнге, Качынге, Сáўсвінгіс;
- карнявое дыфтонгавае -ei- (замест пазнейшага літоўскага -іе-): Лейпалінгіс, Вейсея́й;
- карнявое -z- на месцы літоўскага -ž-: Зярвíнас;
- націскны канчатак -us: Алітýс, Ніедýс.
Згодна з мовазнаўцам К. Бугам, яцвяжскія таксама назвы рэк з канцавым элементам -da: Нёўда і Сёгда (абедзве каля Наваградка), Грыўда і Ясельда (іх вытокі абапал Ружанаў), Саколда і Голда (прытокі Нарава). Тут меркаванае яцвяжскае *udā «вада; рака», што звязана з латышскім ūdens, прускім (w)undan, літоўскім vanduo «вада»[11][12].
Пераход усходнябалцкага -š-, -ž- у заходнябалцкае (пруска-яцвяжскае) -s-, -z- таксама ў водных назвах Свіцязь, Сіпа, Зэльва, *Zeita (> Zietela > Дзятлава). Гэтыя назвы адсоўваюць былую яцвяжскую мяжу больш-менш да паўднёвай і паўднёва-ўсходняй граніцаў сучаснай Гродзенскай вобласці (Зэльва на поўдні, Наваградак на ўсходзе).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Этнонім судавы (судовы) упершыню згаданы Пталемеем у II ст., жылі яны на ўсход ад Віслы. Найбольш раннія пахавальныя курганы яцвягаў належаць да III—IV ст. Яцвягі ўпершыню прыгадваюцца ў рускіх летапісах X ст. Сярод пасольства Русі ў Візантыі пад 944 годам названы «ятвяг Гунарев». Да 983 года адносіцца першае паведамленне пра ваенны паход кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча на яцвяжскія землі.
Яцвягі процістаялі паўднёварускім князям у XI і XII ст. На іх у 1038 годзе хадзіў Яраслаў Уладзіміравіч, затым валынскі князь Яраслаў Святаполчыч (1112), князь Раман Мсціславіч (1196). Яцвягі разам з літоўцамі ў 1205 годзе зрабілі набег на Валынскую зямлю, дайшлі да гарадоў Турыйска і Чэрвеня.
У XIII ст. з яцвягамі асабліва зацята змагаўся князь Галіцка-Валынскай зямлі Даніла Раманавіч[13], летапіс згадвае яцвягаў як грознага ворага Галіцка-Валынскіх зямель, напрыклад:
«…Год 1248. Скомондъ бо бѣ волъхвъ и кобникъ нарочитъ, борзъ же бѣ, яко и звѣрь, пѣшь бо ходя повоева землю Пиньскую, иныи страны»[14].
У выніку паўднёвыя землі яцвягаў былі захопленыя і далучаныя да Галіцка-Валынскага княства і Мазовіі.
У другой палове XIII ст. на яцвягаў пачаў мацней ціснуць Тэўтонскі ордэн. Пад удар трапілі тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судоваў. Іх князь Скомант здзяйсняў супраць крыжакоў няспынныя контрудары, даходзіў да муроў Караляўца і берагоў Віслы. Аднак у 1282 годзе яцвягі зведалі цяжкую паразу ў Польшчы.
Пасля працяглай зацятай барацьбы яцвягі і суседнія роднасныя ім прусы страцілі самастойнасць, былі падбітыя крыжакамі. Да 1283 года частка іх князёў і знаці перайшла на бок Ордэна, іншыя пакінулі свае ўладанні і перабраліся ў Літву.
Летапіс называе шэраг імёнаў яцвяжскіх князёў, крыніцы ведаюць князёў Скоманта і Боруця, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII ст., пазней — другога Скоманта (напэўна, князя Судавы), які здабыў ваярскую славу ў змаганні з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінцеля, Шурпа, Мудзейка і Пясціла. У 1282 князь Канцігірд з дружынай пераходзіць служыць Тэўтонскаму ордэну.
Мяркуецца, што з 1260-х гадоў дайноўцы, страціўшы сваіх князёў, запрасілі да сябе будучага вялікага князя літоўскага Трайдзеня (Трайдзена)[15]. В. Насевіч выказаў гіпотэзу, што Трайдзень (Трайдзен) быў яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадні абапал Нёмана[16]. У той жа час М. Ермаловіч меркаваў, што Трайдзень, да таго як стаць вялікім князем у Наваградку, быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі да гэтага часу сваіх князёў і лёгка падпалі пад яго ўладу[17].
Паводзе Хронікі літоўскай і жамойцкай (канец XVI ст.):
«Год 1258 …Потом далей тягнул Радивил и найшол над Немном старое городище, замок от Батия збуреный, збудовал замок другий и назвал его Городком, a оттоля тягнул на Подляше, где в той час ятвяги мешкали, найшол там Бересте, Хмелник, Дорогичин, Сурож, Белско, Бранско, места и замки побуроные от Батия…».
Паводле Мельнскага міру (1422) амаль уся зямля яцвягаў адышла да Вялікага Княства Літоўскага. Апошнія звесткі пра яцвягаў у рускіх летапісах датуюцца сярэдзінай XIII ст., у польскіх храністаў — у XV—XVI ст.
Яцвяжскія землі з цягам часу аказаліся заселеныя ў значнай ступені славянамоўным насельніцтвам. Паступова яцвягі славянізаваліся і літуанізаваліся[18]. Як асобная этна-культурная і палітычная адзінка яцвягі зніклі, уклаўшыся ў фарміраванне такіх народаў як літоўцы (у Сувалкіі), палякі (на Падляшшы) і беларусы (у Панямонні).
Паводле рэвізіі 1860 года, у паўднёвай частцы Гродзенскай губерні 30 929 чалавек назвалі сябе яцвягамі[19]. Аўтэнтычнасць гэтай ідэнтычнасці ставіцца, аднак, пад сумнеў, мяркуецца, што гэта вынік гістарычнай адукаванасці перапісчыкаў.
На тэрыторыі цяперашняй Беларусі багата тапонімаў тыпу Яцвезь, Дайнава. Самы ўсходні такі тапонім Ятвіж (цяпер «Красны Ятвіж») засведчаны ў Навазыбкаўскім раёне Бранскай вобласці (за Хоцімскам)[20].
«Каменныя магілы»
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічна яцвягаў нярэдка атаясняюць з «каменнымі магіламі». Частка каменных курганоў і каменных магіл XI—XIII ст. Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа магла належаць не старому яцвяжскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам яцвягаў, і самі гэтыя землі ўвайшлі ў склад Старажытнай Русі[21]. Тыя яцвягі, якія засталіся ў Панямонні, адны зліліся з літвой, другія растварыліся ў славянамоўным насельніцтве[8].
У XIII—XIV стст. у Верхнім Панямонні былі шырока распаўсюджаныя каменныя магілы. У канцы XIX ст. А. А. Спіцын інтэрпрэтаваў іх як «помнікі рускага насельніцтва Чорнай Русі»[22]. У 1960-я гады Ф. Д. Гурэвіч прыйшла да высновы, што магілы пакінула мяшанае насельніцтва Верхняга Панямоння (мазавецкія, прускія, літоўскія, яцвяжскія і латышскія бежанцы — усе яны вызнавалі «афіцыйнае язычніцтва»[23][24]).
А. В. Квяткоўская, якая да 1998 г. раскапала большасць з іх, настойвала на тым, што ўсе каменныя могільнікі былі пакінуты яцвягамі, якія з XI і аж па XIX ст. захоўвалі сваю мову, этнічную адасобленасць і язычніцкую рэлігію[25]. Аднак гэтыя высновы А. Квяткоўскай былі крытычна разгледжаны беларускімі навукоўцамі (напр. А. Мядзведзеў, Г. Семянчук)[26].
Распаўсюджанне каменных магіл на тэрыторыі Панямоння звязваюць з хрысціянізацыяй і сацыяльным спаборніцтвам на гэтай тэрыторыі балцка-славянскіх узаемных моўна-культурных уплываў: находкі бронзавых крыжыкаў канца XII—XIII стст. у каменных магілах; прысутнасць у падгалоўі магільных камянёў з выявамі крыжа; дамінаванне ў большасці пахаванняў абраду ігумацыі (нярэдка з трунамі — у позніх пахаваннях) у каменных магілах; выкарыстанне некаторых магільнікаў неперарыўна з XIII па XVI ст. — да эпохі несумненнага панавання хрысціянства[27].
Духоўная культура
[правіць | правіць зыходнік]Сучаснік яцвягаў кракаўскі біскуп В. Кадлубек апісваў яцвяжскую веру ў пераўвасабленне душаў. Згодна з яго «Польскай хронікай» (1203 г.), яцвягі былі перакананыя:
«Сынам лепш пазбыцца жыцця, чым бацькам — свабоды, а больш паважная смерць забяспечыць ім больш паважнае нараджэнне. Бо ўсе яцвягі былі неразумна перакананыя, што душы аддзяляюцца ад целаў і зноў увасабляюцца ў целы, якія нараджаюцца. А некаторыя душы нават робяцца зверападобнымі, патрапляючы ў целы звяроў»[28].
Вера ў пераўвасабленне душаў не толькі ў чалавечыя целы была засведчаная для балцкамоўных народаў і пазней. У пераўвасабленне некаторых памерлых у жывёл (у ваўкоў і мядзведзяў) верылі ў пачатку XVII ст. латышы. Адзначаюць, што на «яцвяжскім» поўдні Літвы нашмат больш, чым у астатняй Літве, зафіксавана народных аповедаў пра пасмяротнае перакіданне душаў людзей у птушак, і гэта звязваюць з уплывам старой яцвяжскай духоўнай культуры[29]. Менавіта яцвяжскай верай у чаканае перасяленне душаў даследчыкі тлумачаць тое, што яцвягі ніколі не адступалі ў бітве і біліся да канца, хоць бы і ў меншасці[30]. Гэта грунтуецца на сведчанні польскага храніста XV ст. Я. Длугаша, які, апісваючы падзеі 1264 г., пісаў:
«Яцвягі былі вельмі высокія і ваяўнічыя людзі, і так хочуць славы і захавацца ў памяці, што дзесяць з іх б’ецца з сотняй ворагаў, суцяшаючы адзін аднаго надзеяй, што калі яны пагінуць ці памруць, дык іх блізкія ўшануюць песнямі іх слаўныя паходы. Гэтая ваяўнічасць для іх была вельмі пагібельнай, бо большасць лёгка можа адолець меншасць. Так памалу амаль увесь народ загінуў, прайграўшы на ваенным полі, бо ніводзін не адступіў з няроўнай бітвы і не паспрабаваў уцекці з пачатай бітвы. (…) Ні гібель іх правадыра Скоманта, ні рассеяны і парадзелы іх шыхт не змусіў засталых яцвягаў адступіць з бітвы»[31].
Мяркуюць, што блізкая матывацыя (вера ў перасяленне душаў пасля смерці) выклікала і рытуальнае самагубства абаронцаў заходнелітоўскага замку Піляны 25 студзеня 1336 г. перад пагрозай патрапіць у палон да крыжакоў[32].
Правадыры яцвягаў маглі выконваць жрэцкія функцыі. Згодна з Іпаццеўскім летапісам, яцвяжскі князь Скомант «быў чараўніком і вядомым варажбітом, хуткі ж быў як звер, бо, ідучы пешкі, паваяваў Пінскую зямлю» («Скомонд бо бе волъхв и кобник нарочит, борз же бе яко и зверь, пешь бо ходя повоева землю Пиньскоую»)[33].
Яцвягі разам з літоўцамі і прусамі ва ўстаўцы ў «Хроніку Малалы» (1261 г.) называюцца сярод тых народаў, што называлі сябе «совіца», бо супольна верылі ў пасмяротнага правадніка душаў Совія («иже Совицею наричются, мняще и душам своим суща проводника в ад Совья»)[34]. Совій быў рэлігійным рэфарматарам дагістарычных часоў, з іменем якога звязанае запачаткаванне традыцыі спальваць целы памерлых, у адрозненне ад ранейшага звычаю хаваць іх у зямлю.
У «Яцвяжскім слоўнічку», які быў знойдзены ў 1978 г. на ўсходнім ускрайку Белавежскай пушчы, пазначаныя два тэонімы — «Pjarkus» i «Laume» (Пя́ркус, Ла́ўме). Першы, з коранем Perk-, адпавядае імені бога грымотаў у літоўцаў, прусаў, латышоў (Perkūnas і пад.), другі — з іменем рэканструяванай даследчыкамі жонкі бога грымотаў, багіні зямлі «Лаўмы»[35]. «Лаўма» значыць «Тая, хто родзіць», або «Радзючая» (*Laud-ma ад індаеўрапейскага кораня *leudh- «расці»). Гэты тэонім паўстае з матэрыяла ўсіх засведчаных балцкіх моў, а ў зніжаным значэнні «ведзьма» ён засведчаны на сумежных польскіх, беларускіх тэрыторыях і нават на Смаленшчыне («лаума»)[36].
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Яцвяжскую мову адносяць да заходнябалцкіх, або перыферыйна-балцкіх, моў (разам з прускай, куршскай). Сама менш судаўская гаворка яцвяжскай мовы мела быць вельмі блізкая да старапрускай мовы, пра гэта сведчыць запіс шасці выразаў па-яцвяжску ў сярэдзіне XV ст.
Мяркуецца, што яцвяжская мова дзе-нідзе магла захавацца да пачатку XVIII ст. Гэта была беспісьмовая мова, да нядаўняга часу пра яе можна было меркаваць паводле невялікай колькасці асобных моўных сведчанняў, сярод іх — некалькі дзясяткаў тапонімаў, гідронімаў і асабістых імёнаў.
Значным прарывам у даследаванні яцвяжскай мовы стала знаходка польска-яцвяжскага слоўнічка (знойдзены ў 1978 г., апублікаваны ў 1984 г.). Мяркуецца, што ў ім сапраўды прадстаўленая збольшага старая яцвяжская лексіка. Яцвяжскую мову, як яна прадстаўленая ў гэтым слоўнічку, характарызуюць як сярэдзінную паміж прускай і літоўскай мовамі. Параўноўваючы матэрыял «Яцвяжскага слоўнічка» з іншымі вядомымі дагэтуль фактамі пра мову яцвягаў, робяць выснову пра высокую дыялектную дыферэнцыяванасць яцвяжскай мовы[37][38].
Паводле польскага лінгвіста Я. Атрэмбскага, мова яцвягаў — заходнябалцкая з некаторымі асаблівасцямі, характэрнымі для славянскіх моў[1][38]. Паводле Ул. Тапарова, у мове «Яцвяжскага слоўнічка» адлюстраваныя пэўныя «пераходныя працэсы ад балцкай стадыі да праславянскай»[39].
Яцвяжскія імёны
[правіць | правіць зыходнік]З апісання падзей ХІІІ стагоддзя дайшло чатыры дзясяткі яцвяжскіх імёнаў[40][41]. Без малога палова з іх з Іпацьеўскага летапісу, дзе засведчаныя наступныя імёны яцвяжскай пляменнай знаці.
1227: Шутр Мандуніч і Сцегут Зебравіч. Імёны Шутр і Зебр звязаныя з літоўскім šutrus «рухавы, увішны, шпаркі» і žebras «мурзаты; пярэсты, стракаты».
1248: Скоманд, Баруць. Імя Скоманд (Скомант) двухасноўнае, другая аснова як у імені Мандун. Імя Barutis вядомае ў прускай і літоўскай антрапаніміі, корань Bar- мае семантыку «біцца».
1251: Нябяст. Аднаўляецца як *Ne-bijā-st-. Пашыраны часціцай адмаўлення Не- корань звязаны з прускім bijatvei, літоўскім bijoti «баяцца», г.зн. «Бясстрашны». Нябяста яцвягі пасылалі на перамовы да князёў братоў Данілы і Васількі Раманавічаў.
1255: Комат, Сцекінт. Абодва імёны двухасноўныя. У імені Комат першая аснова Ko- (ад імя Комат тапонім Коматава пад Горадняй). Летапіс акцэнтуе, што валынскім князем Данілам «дом Сцекінта ўвесь пагублены быў і да сёння пусты стаіць».
1256: Юндзіл. Імя Юндзіл звязанае з літоўскім jundilas «хто ўвесь час рухаецца» (judėti «рухацца»).
1273: Мінцеля, Шурпа, Мудзейка, Пясціла.
Апроч вядомых з Іпацьеўскага летапіса двухасноўных імёнаў Скоманд, Комат, Сцекінт, у іншых крыніцах засведчаныя двухасноўныя імёны Канцігірд, Кудар, Манцігін. У яцвяжскім антрапаніміконе тыя ж імяўтваральныя мадэлі, што і ў пруска-літоўскіх імёнах.
Матэрыяльная культура
[правіць | правіць зыходнік]Асновай гаспадаркі ў яцвягаў былі земляробства, паляванне, рыбалоўства. Развіваліся рамёствы.
У курганах пачатку II тыс. інвентар багаты і разнастайны, у мужчынскіх — наканечнікі коп’яў, сякеры, крэсівы, спражкі, у жаночых — вісочныя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, пацеркі; жалезныя нажы і гліняныя пасудзіны сустракаюцца і ў мужчынскіх, і ў жаночых пахаваннях.
Пахавальная абрадавасць
[правіць | правіць зыходнік]Даследчыкі пахавальных помнікаў яцвягаў адзначылі, што для заходнебалцкіх плямён доўгі час было характэрна ўжыванне каменя пры пахаваннях — спачатку каменныя курганы, а пасля каменныя магілы[9].
У адрозненне ад пруска-галіндскіх плямён, яцвягі захоўвалі курганны абрад пахавання на працягу ўсяго I тыс. н.э., а ў асобных раёнах старажытнага арэала рассялення яцвягаў абрад пахавання ў каменных курганах захаваўся аж да канца XIII ст.[9]
Пачаткова пахавальнымі насыпамі яцвягаў былі каменныя курганы, якія цалкам складаліся з каменя ці былі каменна-земляныя, у якіх камень быў істотным кампанентам. Гэта звычайна невысокія насыпы, круглыя ў плане, дыяметрам 8-15 м[42]. Пазней на змену каменным курганам прыйшлі т.зв. каменныя магілы, найбольш раннія з якіх датуюцца канцом XI—XII стст., але найбольшую колькасць каменных магіл адносіцца ўжо да XIV—XVI стст. Ужыванне каменя для абазначэння чалавечых пахаванняў у асобных мясцовасцях, дзе раней жыло яцвяжскае насельніцтва, захавалася да XVII ст.[9]
У той жа час, многія каменныя курганы і каменныя магілы XI—XVI стст. на тэрыторыі сучаснага беларускага Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа, якія адносяцца да эпохі Старажытнай Русі, не з’яўляюцца ўласна яцвяжскімі помнікамі[9]. Яны знаходзяцца на ўсходнеславянскай тэрыторыі, дзе ў цэлым пануюць старажытнарускія курганы, а ў пахаваннях пад каменнымі насыпамі знаходзяцца рэчы, характэрныя для ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму многія каменныя курганы і магілы XI—XVI стст. на тэрыторыі сучаснага беларускага Верхняга Панямоння і Брэсцкага Пабужжа навукоўцы часцей адносяць не да помнікаў яцвяжскага насельніцтва, а кваліфікуюць як помнікі па паходжанні яцвяжскія, што маглі належаць як яцвяжскаму насельніцтву (астраўкамі паселенаму сярод старажытнарускага насельніцтва), так і славянізаваным нашчадкам яцвягаў, альбо нават славянскаму насельніцтву, якое пераняла яцвяжскі абрад пахавання ў выніку цеснага кантакту з рэшткамі карэннага балцкага насельніцтва[9].
У сучаснай мастацкай культуры
[правіць | правіць зыходнік]У 1977 г. яцвягам прысвяціў верш «Яцвягі» публіцыст М. Ермаловіч[43]:
- Вёска Яцвезь… У век даўні
- Тут яцвягі жылі.
- Ваяўнічым і слаўным
- Яны племем былі.
- Не хацелі скарыцца,
- Чужой ўлады цярпець
- І выходзілі біцца
- За свабоду на смерць. (…)
- …З страху сэрца нямее,
- Душа стыне да дна,
- Калі ў роздуме спее
- Ў мяне думка адна:
- «Няўжо згінула тое,
- Што змаганне вяло?
- Няўжо выжыла тое,
- Што пакорным было?»
У зборніку «Пан Лес» (1989) паэта А. Сыса надрукаваны прысвечаны яцвягам верш «Памяць пра яцвягаў»[44]:
- Выстудзілі хату…
- Памяць адубела…
- бы яцвяг кудлаты —
- шэрая кудзеля. (…)
- Азірнуся тройчы: вочы…
- літасць просяць.
- Белы ветах ноччу
- зоркі ў небе косіць.
- Азірнуся: вочы!
- Гэта ж вочы брата!
- …Мала зорак ноччу
- над маёю хатай. (…)
У 2018 г. народны артыст Беларусі В. Дудкевіч, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца, прадставіў танцавальны нумар пад назвай «Яцвягі», з цыклу гістарычных рэтраспектыў, у які таксама ўваходзілі нумары «Крывічы», «Дайнова». Каментуючы гэты танцавальны цыкл, у тым ліку і нумар «Яцвягі», В. Дудкевіч казаў:
«Калі браць за аснову нашы старадаўнія танцавальныя рухі, яны шмат у чым падобныя да балцкіх. Вядома, што крывічы — гэта балцкае племя, былі яцвягі, дайнова… Шмат якія асаблівасці ў народным мастацтве вызначае сама прырода. У нас няма такіх яскравых фарбаў, як ва Украіне, няма нейкіх усходніх асаблівасцяў, як у Расіі» (газета «Літаратура і мастацтва»)[45]. «Генетыка велікаросаў у большасці фінская. А ў нас — балцкая лінія, хаця і славянізаваная. Гэта пацвердзіла мае ўласныя назіранні, што ўзнікалі падчас знаёмства з танцавальнай культурай іншых краін. Зірніце на танальнасць прыроды, геаграфічнага асяроддзя. Пераязджаеш мяжу з Польшчай ці Літвой — усё тое ж самае: тыя ж лясы, палі, рэкі, азёры. Тыя ж, што вельмі важна, прыродныя фарбы, якія фарміруюць колераўспрыняцце, уздзейнічаюць на нацыянальныя строі. Прырода ўплывае і на менталітэт, нацыянальны характар — павольны, памяркоўны. Параўнайце з той жа Украінай, якой уласцівая куды большая яркасць, пярэстасць колераў. Тыя ж чырвоныя шаравары і гапак — гэта ж сармацкая культура! А ў нас усё быццам намалявана пастэллю» (газета «Культура»)[46].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
- ↑ J. Nalepa. Jaćwięgowie: nazwa i lokalizacja. Białystok, 1964. С. 46-49.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. Vilnius, 1961. C. 126—156.
- ↑ V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. С. 286—289.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 296.
- ↑ В. Н. Топоров. Еще раз о неврах и селах в общебалтийском этноязыковом контексте (народ, земля, язык, имя). Из истории и.-евр. *neur- : *nour- и *sel- (неумирающая память об одном балтийском племени) // Исследования по этимологии и семантике. Т. 4. Балтийские и славянские языки. Кн. 2. Москва, 2010. С. 453—462.
- ↑ Ятвяги – дайновы. Ятвяжское Дайновскос княжество . bibliotekar.ru. Праверана 13 чэрвеня 2024.
- ↑ а б в Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ а б в г д е Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 414. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 312. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- ↑ Kazimieras Būga. Rinktiniai raštai. — T. III. — Vilnius, 1961. — P. 601—602;
- ↑ Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962. — С. 169—170.
- ↑ Штыхаў Г. Насельніцтва зямель Беларусі ў IX—XIII ст. // 3 глыбі вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. Мн., 1992. С. 28.
- ↑ Галицко-волынская летопись, Библиотека литературы Древней Руси. Том 5 (руск.). azbyka.ru. Праверана 19 лютага 2024.
- ↑ ЭГБ у 6 т. Т. 3. С. 195.
- ↑ Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
- ↑ Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333—334.
- ↑ Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 419. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ Языки мира: Балтийские языки. (руск.). prussia.online (8 красавіка 2021). Праверана 18 лютага 2024.
- ↑ Топоров В. Н. Балтийские языки [2006] // В. Н. Топоров. Исследования по этимологии и семантике. Т. 4: Балтийские и славянские языки. Кн. 2. Москва, 2010. С. 23.
- ↑ Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 417. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ Спицын А. А. Предполагаемые древности Черной Руси // Записки Императорского Русского археологического общества. Новая серия. Т. XI. Вып. 1-2. СПб., 1899. С. 303—310
- ↑ Гуревич Ф. Д. Древности Белорусского Понеманья. С. 121—130, 139—141
- ↑ Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. Москва, 2014. С. 126
- ↑ Квятковская А. В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.). Вильнюс, 1998
- ↑ Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. Москва, 2014. С. 125—126
- ↑ Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. Москва, 2014. С. 127.
- ↑ Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 207—208.
- ↑ Г. Бераснявічус. Вырай: паняцце пра пасмяротнае жыццё ў старалітоўскім светапоглядзе. Пер. з літоўскай. Смаленск, 2020. С. 10, 44, 51-52.
- ↑ Г. Бераснявічус. Вырай: паняцце пра пасмяротнае жыццё ў старалітоўскім светапоглядзе. Пер. з літоўскай. Смаленск, 2020. С. 64.
- ↑ Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 568.
- ↑ Ёнас Трынкунас. Шлях старалітоўскай рэлігіі. Смаленск, 2019. С. 71-72.
- ↑ Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 260.
- ↑ Baltų religijos ir mitologijos šaltiniai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 266.
- ↑ З. Зинкявичюс. Польско-ятвяжский словарик? // Балто-славянские исследования. 1983. Москва, 1984. С. 14, 17.
- ↑ В. Н. Топоров. Прусский язык. L. Москва, 1990. С. 156—169.
- ↑ Языки мира: балтийские языки. — Москва, 2006. — С. 23-26.
- ↑ а б Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lenkų-jotvingių žodynėlis? // Baltistica XXI (1). 1985. C. 64.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. Т. 3. Vilnius, 1961. C. 136—142.
- ↑ А. П. Непокупный. Балто-северославянские языковые связи. Киев, 1976. С. 128—130.
- ↑ Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мн., 1993. С. 677.
- ↑ Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. Мн., 2007. 360 с. Размножана на правах рукапісу. С. 312—313.
- ↑ [1]
- ↑ [2]
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2023. Праверана 20 красавіка 2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Седов В. В. Курганы ятвягов // Советская археология. 1964. № 4.
- Археология СССР. Т. 17. Финно-угры и балты в эпоху средневековья / Л. А. Голубева [и др.]; Отв. ред. тома В. В. Седов; Редкол.: Б. А. Рыбаков (гл. ред.) [и др.]. — М.: Наука, 1987. — 510 с.
- Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.
- Звяруга Я. Г. Яцвягі, ятвягі // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.; іл.
- Квятковская А. В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец XI—XVII вв.). — Вильнюс, 1998. — 327 c.
- Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс : Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.
- Языки мира: Балтийские языки / РАН. Ин-т языкознания; Ред. кол.: В. Н. Топоров, М. В. Завьялова, А. А. Кибрик и др. — Москва : Academia, 2006. — 224 с.
- Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст. / Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Экаперспектыва, 2007. — 351 с.; іл.
- Кибинь, А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках / А. С. Кибинь. — Москва : Квадрига, 2014. — 274 с.