Перайсці да зместу

Руская мова ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Доля насельніцтва паводле раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання, якая заявіла, што дома звычнайна размаўляе на рускай мове. Даныя паводле перапісу 2009 года
Доля насельніцтва паводле раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання, якая назвала рускую мову роднай. Даныя паводле перапісу 2009 года

Руская мова ў Беларусі з’яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моў. Гэты статус руская мова атрымала паводле вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года, калі за наданне рускай мове статуса дзяржаўнай прагаласавалі 83,3 % грамадзян, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме.

Руская мова ў XXI стагоддзі, забяспечваючы ў цэлым патрэбнасці камунікацыі, не забяспечвае псіхалагічны камфорт жыхароў Беларусі, што становіцца фактарам моўнага супрацьстаяння і канфрантацыі. Руская мова, у адрозненне, напрыклад, ад беларускай, не дазваляе меркаваць пра нацыянальную прыналежнасць рускамоўнага[1].

Руская мова становіцца своеасаблівым тормазам для пашырэння сфер выкарыстання беларускай мовы. Любое, нават нязначнае, прасоўванне беларускай мовы ў якую-небудзь са сфер сучаснай камунікацыі, дзе яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова, чыста суб’ектыўна ўспрымаецца многімі рускамоўнымі, у тым ліку беларусамі, як замах менавіта на рускую мову[1].

Распаўсюджанасць

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле перапісу насельніцтва 1999 года руская мова лічыцца роднай для 24,1 % грамадзян Беларусі. Пры гэтым яе лічаць роднай:

Перапіс даў магчымасць раздзяліць паняцці «родная мова» і «мова, на якой чалавек размаўляе дома». Паводле яго дадзеных, на рускай мове дома размаўляюць 62,8 % насельніцтва. Пры гэтым дома на рускай мове размаўляюць:

  • 95,7 % рускіх,
  • 95,7 % яўрэяў,
  • 83,6 % украінцаў,
  • 58,6 % беларусаў,
  • 37,7 % палякаў.

У гарадах, паводле вынікаў перапісу, на рускай мове размаўляюць 79,8 % насельніцтва, у сельскай мясцовасці — 24,5 %. Некаторыя аналітыкі лічаць, што рэальная карціна распаўсюджанасці рускай мовы іншая, бо многія карыстальнікі трасянкі назвалі яе пры перапісе беларускай мовай. Таксама адзначаецца, што вялікая колькасць людзей, якія рэальна карыстаюцца рускай мовай, пры перапісе назвалі беларускую праз пачуцце нацыянальнага самалюбства[2].

Беларускі акцэнт

[правіць | правіць зыходнік]

Пад паняццем «беларускі акцэнт» аб’яднаны асноўныя інтэрферэнтныя з’явы, характэрныя для рускай гаворкі беларусаў (у меншай ступені рускага насельніцтва Беларусі). Да іх адносяцца:

  • фанетычныя: фрыкатыўнае [γ] (γара), замена гуку [г] гукам [х] у канцы слоў (пирох, смох); меншая рэдукцыя ненаціскных галосных (памагать замест пъмŒгаць, jапонец замест jипонец (яканне)); цвёрдыя [ч] [чытать], ужыванне [шч] замест [щ] (шчука); дзеканне (дзядзька); няправільны націск (четырна́дцать). У меншай ступені сустракаюцца падвойныя мяккія зычныя (варенне, голосованне); цвёрды [р] замест мяккага (рысовать); губнагубны [ў] замест [у] і [л] (быў, траўка); цвёрдыя губныя на канцы слоў (сем, степ)[3][4][5].
  • марфалагічныя: да іх паводле даследавання Г. Ф. Вешторта адносяцца няправільны выбар роду назоўнікаў (собака съел; кровавый мозоль); няправільнае ўжыванне ліку назоўнікаў (мы собирали малины; слова выделены красным чернилом); памылковыя флексіі пры скланенні (без погонов; мы с папом; по окне; на зелёным); формы без -т# або з -ть# у 3-й асобе дзеясловаў цяперашняга часу (дыхае, рисуе; береть, глядять); выкарыстанне скарочанага варыянту суфікса няздзейсненага тыпу (подкрадваться, выкрайвать)[6].
  • лексічныя: ужыванне беларускіх слоў: завея (руск. метель), бульба (руск. картофель), цыбуля (руск. лук), шильда (вывеска)[7].

Уплыў на беларускую мову

[правіць | правіць зыходнік]

На мяжы XX і XXI стагоддзяў характар уплыву рускай мовы на сістэму беларускай набыў рысы своеасаблівага «антыўплыву». У беларускай мове находзяць сваё адлюстраванне тэндэнцыя да нацыяналізацыі і адыходу ад рускай мовы, што праяўляецца ў вывядзенні з актыўнага ўжывання русізмаў і лексікі, якая супадае з рускай (выстава замест выстаўка (руск.: выставка), заплечнік замест рукзак (руск.: рюкзак)), гэтая тэндэнцыя стымулюе ўласныя намінатыўныя магчымасці беларускай мовы. Акрамя таго, суседства дзвюх моў спрыяе змяненню вектару моўнага ўзаемадзеяння і стымулюе збліжэнне беларускай мовы з польскай (актывізацыя ў беларускай мове паланізмаў улетка, імпрэза, мапа, валізка і інш.)[1].

Адукацыя і навука

[правіць | правіць зыходнік]

У 2006—2007 навучальным годзе ў рускамоўных школах і класах навучалася каля 80 % вучняў школ[8]. У 2006 годзе ў рускамоўных школах на рускую мову былі пераведзены прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Геаграфія Беларусі», якія раней выкладаліся ў іх на беларускай мове[9].

Выкладанне ва ўсіх ВНУ і ССНУ вядзецца таксама ў асноўным на рускай мове (за выключэннем спецыялізаваных кафедраў, прытым і выкладчыкам, і студэнтам няпрофільных кафедраў надаецца права выбару рускай мовы як мовы лекцый і адказаў). Адным з прадметаў, па якіх праводзіцца тэсціраванне для паступлення ў ВНУ на нефілалагічныя спецыяльнасці, з’яўляецца на выбар руская або беларуская мова.

Падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасці «Руская філалогія» вядзецца ў 8 ВНУ Беларусі: па дзве ВНУ ў Гомельскай і Мінскай абласцях і па адной ВНУ ў астатніх.

У беларускай навуцы пераважае руская мова. Так, у канцы 1990-ых гадоў сярод працаўнікоў навукі беларускай мовай карысталіся пры зносінах 13 %, абедзвюма мовамі — 33 %, астатнія 54 % карысталіся толькі рускай мовай[7].

З 18 тэатраў Беларусі рускамоўнымі з’яўляюцца 14. Руская мова таксама пераважае ў беларускіх СМІ (асабліва на тэлебачанні), кнігавыдаўніцтве, справаводстве, працы органаў дзяржаўнай улады, набажэнскай практыцы праваслаўнай царквы і пратэстанцкіх устаноў. Каталіцкая царква выкарыстае ў асноўным беларускую і польскую мовы.

  1. а б в Русский язык в условиях международной интеграции и глобализации. А. А. Лукашанец(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 19 жніўня 2015.
  2. Защитит ли народ белорусский язык(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 22 жніўня 2007.
  3. Мельникова Л. А. Фонетическая интерференция // Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999
  4. Мечковская Н. Б. Языковая ситуация в Беларуси: Этические коллизии двуязычия // Russian Linguistics. 1994. Vol. 18
  5. Коряков Ю. Б. Типология языковых ситуаций и языковая ситуация в Белоруссии: Диссертация на соискание учёной степени канд. филол. наук Архівавана 23 лютага 2008.
  6. Вешторт Г. Ф. Смешанные формы речи // Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси. Мн., 1999. С. 65-73
  7. а б http://linguarium.iling-ran.ru/ling_geo/belarus/LSB-3.shtml Архівавана 30 верасня 2008.
  8. Беларускія школы ў новым навучальным годзе
  9. ТБМ предлагает премьер-министру отменить перевод преподавания истории и географии Беларуси на русский язык Архівавана 13 кастрычніка 2014.