Чэхі
Чэхі (Češi) | |
Агульная колькасць | 10213000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Чэхія — 9870 тыс. Германія — 33 тыс. |
Мова | чэшская |
Рэлігія | каталіцызм, пратэстантызм |
Блізкія этнічныя групы | славакі, лужычане, палякі |
Чэхі (чэшск.: Češi) — заходнеславянскі народ, асноўнае насельніцтва Чэшскай Рэспублікі. Жывуць таксама ў сумежных краінах, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Сербіі, Украіне і г. д. Агульная колькасць (2012 г.) — 10 213 000 чал.[1] Родная мова — чэшская.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове 1 тысячагоддзя н.э. на тэрыторыі сучаснай Чэхіі жылі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя тут з’явіліся таксама германцы. Але ў IV — V стст. н.э. большую частку насельніцтва ўжо складалі славяне. Казьма Пражскі пералічвае наступныя славянскія плямёны: чэхі, лучане, дзечане, мараване і інш. У другой палове VI ст. яны былі падпарадкаваны аварамі. У барацьбе з апошнімі сфарміравалася дзяржава Само (VII ст.).
У пач. IX ст. на тэрыторыі Чэхіі і сумежных краін склалася Вялікая Маравія. У 863 г. мараўскі князь Расціслаў запрасіў з Візантыі місіянераў-асветнікаў Кірыла і Мяфодзія для пашырэння хрысціянства. Дзякуючы іх дзейнасці ўзнікла царкоўнаславянская мова, зразумелая для ўсіх славян, а таксама пісьмо глаголіца. Аднак пазней пад уплывам нямецкіх місіянераў у Вялікай Маравіі пачаў распаўсюджвацца каталіцызм.
У пач. X ст. Вялікая Маравія распалася пад ціскам венграў, якія захапілі яе ўсходнюю частку. У заходняй частцы ў 1085 г. вакол Прагі склалася асабіста чэшская дзяржава. Паводле легенды, назва народа паходзіць ад імя Чэха, які прывёў свой народ на гару Ржып; брата Руса і Леха, якія нібы далі пачатак славянскім народам чэхам, русам і ляхам.[2]
Позняе Сярэднявечча і Рэнесанс
[правіць | правіць зыходнік]У XIII — XV ст. чэшскія землі перажывалі эканамічны росквіт дзякуючы эксплуатацыі радовішчаў серабра і іншых металаў, што садзейнічала росту гарадоў і грашовай гаспадаркі. Аднак у 1306 г. дынастыя чэшскіх каралёў Пржамысловічаў перарвалася. Новыя манархі мелі нямецкае паходжанне. Чэшскае каралеўства ўвайшло ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Актыўнае развіццё гаспадаркі і асваенне новых зямель унутры краіны суправаджаліся нямецкай каланізацыяй. Прычым, нямецкія перасяленцы мелі пэўныя палёгкі, што ў эпоху Сярэднявечча разглядаліся як прывілегіі, якія надавалі адносна высокі статус тым, хто іх атрымоўваў. Разам з каланістамі ў Чэхіі пашыраўся ўплыў нямецкай мовы і культуры. Гэта прасочваецца нават у перыяд кіравання Карла IV, хаця ён традыцыйна разглядаецца як час росквіту чэшскай сярэднявечнай культуры.
Незадаволеннасць чэхаў выявілася ў дзейнасці чэшскага рэфарматара Яна Гуса (каля 1370 — 1415 гг.) і ў руху гусітаў. Хаця гэты рух першасна меў рэлігійны характар, гусіты імкнуліся спыніць нямецкі культурны ўплыў у самой Чэхіі і сумежных славянскіх землях.
Нават пасля паражэння паўстання ў 1434 г. чэшскія рэфарматары працягвалі сваю працу, перакладалі на чэшскую мову Біблію, аднымі з першых сярод славян распачалі кнігадрукаванне. Для таго, каб дасягнуць поспеху Каталіцкая царква таксама была вымушана ўлічваць моўныя і культурныя інтарэсы чэхаў. Відавочна, чэшскі нацыянальны ўздым XV - XVI стст. аказаў моцны ўплыў на дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны.
Нацыянальнае адраджэнне
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ў XVI ст., калі з Новага Свету пачало паступаць таннае срэбра, і ў Еўропе адбывалася рэвалюцыя коштаў, эканоміка чэшскіх зямель пачала набываць больш аграрны характар а гарады як цэнтры культуры згубілі сваю значнасць. Падчас Трыццацігадовай вайны пратэстанты былі выгнаныя з Чэхіі. Сярод іх быў вядомы вучоны і педагог Ян Амос Каменскі.
Аднак у XIX ст. чэшскі нацыянальны рух зноў адрадзіўся. Гэтаму спрыялі наступныя фактары:
- Засваенне мясцовымі інтэлектуаламі ідэй рамантызму і блізкасці да свайго народа
- З’яўленне ў выніку рэформ у Аўстрыйскай імперыі моцнага бюракратычнага апарата, а разам з ім чыноўнікаў-разначынцаў, сярод якіх паступова папулярнасць набываў нацыяналізм
- Новы эканамічны ўздым, які прыцягваў у гарады выхадцаў з сельскай мясцовасці, што традыцыйна карысталіся чэшскай мовай
Значную ролю ў нацыянальным адраджэнні адыгралі Іозеф Даброўскі, Іозеф Юнгман, Антанін Леапольд Дворжак, Францішак Палацкі і інш., якія пачалі перагляд чэшскай літаратурнай мовы, набліжэнне яе да народнай, стварылі працы па гісторыі мовы, літаратуры і ўсяго чэшскага народа, заснавалі сучасную нацыянальную музычную культуру. Многія з чэшскіх нацыянальных дзеячаў арыентаваліся на панславізм, падтрымлівалі цесныя адносіны з выбітнымі асобамі са Славакіі, з Расіі, Сербіі і Харватыі. Але большасць панславістаў працягвалі арыентавацца на дынастыю Габсбургаў.
У 1804 г. была абвешчана Аўстрыйская імперыя, якая ў 1867 г. трансфарміравалася ў Аўстра-Венгрыю. Чэхі падобна венграм жадалі атрымаць для сваёй краіны асобны статус. У другой палове XIX ст. Чэхія з’яўлялася адным з найбольш паспяхова эканамічна развітых цэнтраў імперыі. Большая частка мясцовых прадпрымальнікаў падтрымлівала задуму наяўнасці аўтаноміі, а разам з ёю - чэшскі нацыяналізм. Адным з яго паслядоўных лідараў стаў прафесар Томаш Масарык.
Чэхі дамагліся адкрыцця Нацыянальнага музея, Чэшскай Акадэміі, чэшская мова была прыраўнана да нямецкай у судаводстве і ў школе. Рух за нацыянальную школу быў усеагульным. Да канца XIX ст. большасць чэхаў стала пісьменнай. Але спроба зрабіць чэшскую мову роўнай да нямецкай у адміністрацыйным справаводстве (1897 г.) выклікала рэзкую незадаволенасць з боку нямецкіх насельнікаў.
У гады I Сусветнай вайны чэшскі нацыянальны палітычны рух канчаткова парваў з арыентацыяй на Габсбургаў. У 1915 г. у Кліўлендзе (ЗША) прадстаўнікі чэшскай і славацкай эміграцыі адкрыта абвясцілі аб імкненні стварыць сваю дзяржаву.
У 1918 г. была створана незалежная дзяржава Чэхаславакія, якая ў 1992 г. падзялілася на Чэшскую рэспубліку і Славацкую рэспубліку.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Этнаграфія
[правіць | правіць зыходнік]У сучаснасці чэхі ўяўляюць сабою даволі адзіную этнічную супольнасць, хаця традыцыйна існуе падзел на жыхароў Багеміі, Маравіі (гл. Маравы) і чэшскай Сілезіі. У мінулым таксама вылучаліся наступныя этнаграфічныя групы:
- Ходы (чэшск.: Chodové), якія калісьці ахоўвалі каралеўскія землі, займаліся сельскай гаспадаркай і карысталіся значнымі прывілегіямі. У XVII ст. прывілегіі былі адменены, але ходы працягвалі захоўваць пэўную культурную замкнёнасць.
- Гаракі (чэшск.: Horáci) у горнай мясцовасці на захадзе Маравіі.
- Ганакі (чэшск.: Hanáci) у сярэдняй Маравіі.
- Валашы (чэшск.: Valaši), нашчадкі арамунаў.
Асноўныя заняткі
[правіць | правіць зыходнік]Сельская гаспадарка здаўна адыгрывала важную ролю ў жыцці насельнікаў чэшскіх зямель. Пераважала земляробства — вырошчванне зёлкавых культур. Бабовыя (пераважна гарох і сачавіцу) саджалі для ўнутранага спажывання. З XIII — XV стст. чэхі таксама вырошчвалі хмель і вінаград. Характэрна, што ў Чэхіі заўсёды ацэньваліся вінныя, а не сталовыя сарты вінаграду. З XVII ст. шырока распаўсюдзіліся каноплі і лён, якія давалі сыравіну для тэкстыльнай прамысловасці.
Асноўнымі земляробчымі прыладамі працы былі прамянёвая барана, серп, рала, плуг, мадэрнізаваны мясцовымі ўмельцамі ў 1827 г. паліцай, злучанай у адно цэлае з лямешам, кароткая каса і г. д. Ужо ў другой палове XIX ст. сельская гаспадарка зведала моцныя тэхнічныя змены.
Жывёлагадоўля мела істотнае значэнне ў горных раёнах. У далінах буйную свойскую жывёлу трымалі для апрацоўкі глебы. У сельскай мясцовасці і гарадах разводзілі гусакоў і свінняў. Ужо ў эпоху позняга Сярэднявечча капалі сажалкі для гадоўлі карпаў.
Чэхія — краіна, дзе шмат стагоддзяў развіваліся гарады і горная справа. Рамеснікі складалі асобны пласт насельніцтва. Чэхі здаўна добра вядомы як дасведчаныя абутнікі, півавары, вытворцы мэблі і шкляных вырабаў. Традыцыі, назапашаныя рамеснікамі і работнікамі мануфактур, перадаваліся праз пакаленні. Яшчэ ў сярэдзіне XX ст. вылучаліся прадстаўнікі старых рудняў і бровараў, якія падтрымлівалі старыя звычаі - мелі асаблівую святочную вопратку, шанавалі святых заступнікаў сваіх прафесій і святкавалі асобныя прафесійныя дні. У другой палове XIX ст. назіралася шырокая міграцыя ў гарады з сельскай мясцовасці. У выніку ў канцы стагоддзя ў прамысловасці працавала каля паловы дарослага насельніцтва.
Жытло
[правіць | правіць зыходнік]Сельскія паселішчы здаўна будаваліся кампактна або раскідана. Кампактную, добра выяўленую планоўку мелі вёскі, што з’яўляліся адміністрацыйнымі цэнтрамі. Прычым такія вёскі ўзніклі не пазней за X ст. Яны мелі пляц, які мог набываць розную форму. Вёскі з круглымі пляцамі называлі кругавымі. Хаты ўзводзіліся франтонам на пляца ці вуліцы. Двары абавязкова агароджваліся. За дваром ладзіліся гаспадарчыя пабудовы, далей цягнуліся палеткі. У далёкім мінулым вёскі мелі толькі адзін уезд з брамай, таму вёску ў пэўны момант можна было зачыніць ад чужынцаў.
Характэрнай асаблівасцю Чэхіі з’яўляецца наяўнасць шматлікіх гарадоў з насельніцтвам ад 2 тысяч да 20 тысяч чалавек. Многія з іх былі заснаваны ў эпоху Сярэднявечча і да нашай пары захоўваюць гарадскія прывілегіі. Яны былі заснаваны як гандлёвыя цэнтры, таму маюць тыповую планіроўку. Галоўная частка складаецца з плошчы, каля якой узведзены ратуша і/або касцёл. Вакол яе растуць жылыя кварталы. Некаторыя малыя гарады выцягнуты ўздоўж дарог і рэк, таму больш нагадваюць планіроўкай вялікія вёскі.
У Чэхіі таксама сустракаюцца паселішчы іншых тыпаў. Як правіла, яны належалі нямецкім перасяленцам.
Жытлы трохкамерныя, тыповыя для славян. Яны ўмяшчалі непасрэдна хату, сенцы і камору, якая выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэб. Характэрны жылыя пабудовы з падвойным апалам. Хату абагравалі толькі ўзімку. Для гэтага карысталіся печчу. У цёплую пару гатавалі сняданак на адкрытым агмені, што знаходзіўся ў сенцах або прызбе.
У старажытнасці найбольш папулярным матэрыялам для пабадоў была драўніна. Але ў наш час яна сустракаецца вельмі рэдка. З XVIII ст. пераважалі пабудовы з каменю і гліны. Пад уплывам немцаў шырока выкарыстоўвалася каркасная фахверкавая тэхніка. Дахі крылі саломай, трыснягом, галінкамі, мохам, драўлянай дранкай. Грэбень даха ўмацоўвалі дзірваном. Усярэдзіне жытло тынкавалі глінай і бялілі. Франтон і перадпакой усяляк упрыгожвалі.
Вопратка
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ў эпоху Адраджэння на тэрыторыі большай часткі чэшскіх зямель шырока распаўсюдзіліся гарадская вопратка, таму чэшскія нацыянальныя строі зведалі моцны ўплыў агульнаеўрапейскай моды.
Для заходніх раёнаў былі характэрныя доўгія жаночыя кашулі з сабранымі рукавамі і каўняром, гарсет і прыталены станік, што шнураваліся спераду, некалькі ніжніх спадніц, шырокі фартух, хустка, накрухмалены каптур для дарослых жанчын і тонкія палоскі тканіны для дзяўчын. Жанчыны таксама апраналі белыя або чырвоныя панчохі, драўляныя чаравікі, узімку - кажушкі з авечай скуры.
Мужчынская адзежа складалася з кароткіх штаноў, кашулі з вялікімі абшэўкамі, шыйнай хусткі, камізэлькі, сініх або белых панчох, часам - фартуха, доўгага пінжака і доўгіх ботаў.
У горнай Сілезіі і Усходняй Маравіі народныя строі доўгі час захоўвалі большую арыгінальнасць. Там жанчыны апраналі простыя споднія кашулі без рукавоў з палатна, наверх - дадатковая кароткая кашуля, пярэдні і задні фартухі. Мужчыны насілі скураныя або палатняныя штаны, абабітыя па баках, шырокія кашулі без абшэвак, грубыя ваўняныя панчохі, футравыя шапкі або лямцавыя капялюшы. У святочныя дні капелюшы ўпрыгожваліся кветкамі або белым курыным пер'ем.
Да канца XIX ст. традыцыйная вопратка практычна выйшла з ужытку.
Кулінарыя
[правіць | правіць зыходнік]Нават у нашы дні чэшская кухня не адрозніваецца вялікай разнастайнасцю. З даўніх часоў асновай ежы былі стравы з мукі і бабовых. Цікава, што зараз грэчку вырошчваюць амаль выключна як кармавую культуру. Але яшчэ два - тры стагоддзі таму грачаныя праснакі і хлеб былі шырока вядомы ў горных раёнах. Яны хутка чарсцвелі, але лепш захоўваліся. Адданасць да такога "пастуховага хлеба" і грачанай кашы захавалася толькі ў некалькіх месцах Маравіі.
Да XIX ст. ніякай гародніны, акрамя капусты, чэхі амаль не ўжывалі. Значную ролю ў змене кулінарных традыцый адыграла бульба. Зацірка з бульбы і капусты стала вельмі распаўсюджанай, хаця і лічылася ежай беднякоў. Вядомасцю карыстаюцца чэшскія кнедлікі з мукі і бульбы, а таксама бульбяныя клёцкі шкубанкі. Гатуюць брамборак, бульбяныя бліны з алеем, макам і тварагом.
Вельмі папулярны малочныя стравы, асабліва тварог. Прычым, яго робяць не толькі з каровінага, але і авечага малака. Мяса ядуць рознае, найбольш свініну і птушку.
З эпохі Сярэднявечча ў Чэхіі варылі хмельнае піва. У нашы дні яно лічыцца нацыянальным напоем. На поўдні Маравіі вырошчваюць вінаград, з якога гатуюць самаробнае хатняе светлае віно. Кава стала вядома ў XVII ст., але разглядалася як напой багатых. У XIX ст. каву пілі ўжо ўсе пласты насельніцтва, але звычаную паўседзённую каву варылі са смажанага аўса. Натуральную ўжывалі па святах.
Фальклор
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская фальклорная спадчына багатая на такія жанры як казкі, гістарычныя паданні, песні, балады і г. д. Ва Усходняй Маравіі папулярны так званыя вакальныя спевы. У астатніх частках Чэхіі — інструментальныя, звычайна аднагалосыя спевы.
Відавочна, адным з найбольш старажытных тыпаў танца былі карагоды і кругавыя танцы. З апошніх у Чэхіі распаўсюджаны тачывы, якія суправаджаюцца скокавымі песнямі. З Чэхіі паходзяць таксама танцы полька і абкрочак.
Песні і танцы суправаджаліся акампаніментам дуды, флейты, скрыпкі, цымбал. Вылучаліся прафесійныя музыкі кантары[3].
З іншых відаў народнага мастацтва распаўсюджаны калядныя і вялікодныя відовішчы. Першыя суправаджаюцца паэтычнымі і жартоўнымі выступамі, часам музычнымі ўстаўкамі. Вялікодныя відовішчы маюць значна больш рэлігійны характар. З XVIII ст. існуе лялечны тэатр, падобны на беларускую батлейку.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Чэшская мова — заходнеславянская. Мае дзяржаўны статус у Чэхіі. Шырока выкарыстоўваецца ў грамадскім ужытку, сродках масавай інфармацыі і г. д.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Больш за палову насельніцтва Чэхіі адкрыта не адносіць сябе да веруючых. Большая частка вернікаў — каталікі, ёсць пратэстанты.
Чэхі на Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь жыло 121 чал., які вызнаваў сваю тоеснасць як чэх[4]. З іх 15 чал. назвалі сваёй роднай мовай чэшскую, 26 - беларускую.
Выбітныя прадстаўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Гістарычныя дзеячы
[правіць | правіць зыходнік]Значнымі асобамі чэшскага паходжання, якія адыгралі вялікую ролю ў гісторыі ўсёй Еўропы былі Ян Гус, дзеяч Рэфармацыі, і педагог-гуманіст Ян Амос Каменскі.
Дзеячы мастацтва
[правіць | правіць зыходнік]Сярод чэхаў нямала значных фігур сусветнага мастацтва. Паэт Яраслаў Сейферт быў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Яраслаў Гашэк, Карэл Чапек дапаўняюць плеяду чэшскіх пісьменнікаў з сусветным імем. Чэшскаму народу належаць таксама кампазітары Бедржых Сметана і Антанін Дворжак; мастак Альфонс Муха; кінарэжысёр Мілаш Форман; фатограф Ян Саўдэк.
Спартсмены
[правіць | правіць зыходнік]Чэхія — традыцыйна моцная хакейная дзяржава. У ліку знакамітых чэшскіх хакеістаў — Дамінік Гашэк і Ярамір Ягр. Таксама да знакамітых спартсменаў-чэхаў адносяцца тэнісісты Іван Лендл і Марціна Наўрацілава; лёгкаатлеты Эміль Затапек і Ян Жалезны; футбалісты Ёзэф Масапуст і Павел Недвед.
Зноскі
- ↑ Czech
- ↑ Костомаров Н. И. Исторические произведения. Автобиография. К: Изд-во Киевского государственного университета «Лыбедь», 1990
- ↑ Покорны П. Музыкальная жизнь в Чехии в XVIII - нач. XIX вв. // Французская рэвалюцыя і лёсы свету. / Пад рэд. У. С. Кошалева, У. Н. Сідарцова. / Пер. з анг. В. М. Шутавай, фр. К. І. Казака, чэш. Дз. Самахвалава. - Мн.: БДУ, 1999. С. 190 - 191
- ↑ belstat.gov.by