Перайсці да зместу

Гвінея

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рэспубліка Гвінея)
Гвінейская Рэспубліка
ісп.: République de Guinée
Дэвіз: «Travail, Justice, Solidarité»
Гімн: «Liberté»
Дата незалежнасці 2 кастрычніка 1958 (ад Францыі)
Афіцыйная мова французская
Сталіца Канакры
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт пераходнага перыяду Мамадзі Думбуя
Валюта Гвінейскі франк
Інтэрнэт-дамен .gn
Код ISO GN
Код МАК GUI
Тэлефонны код +224
Часавыя паясы UTC+0 і Africa/Conakry[d][1]
Аўтамабільны рух справа[d][2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гвіне́я (фр.: Guinée), Гвіне́йская Рэспу́бліка (фр.: République de Guinée) — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Мяжуе на поўначы з Сенегалам, на поўначы і паўночным усходзе з Малі, на ўсходзе з Рэспублікай Кот-д’Івуар, на поўдні з Ліберыяй, на паўднёвым захадзе з Сьера-Леоне і Гвінеяй-Бісау. З захаду абмываецца Атлантычным акіянам.

Плошча 246 тыс. км². Насельніцтва 10,1 млн чал. (2009). Сталіца — Конакры.

Асновай слабаразвітай эканомікі з’яўляецца сельская гаспадарка. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры: кава, проса, сорга, бананы. У Гвінеі знаходзяцца 30 % сусветных запасаў баксітаў, і краіна з’яўляецца другім у свеце экспарцёрам гэтай сыравіны.

Больш за палову тэрыторыі краіны займаюць невысокія горы і плато. Атлантычнае ўзбярэжжа моцна парэзана эстуарыямі рэк і занята алювіяльна-марской нізінай шырынёй 30-50 км. Далей уступамі падымаецца плато Фута-Джалон, раздзеленае на асобныя масівы вышынёй да 1538 м (гара Тамге). За ім, на ўсходзе краіны, размешчана ўзвышаная пластовая раўніна, на поўдзень ад якой падымаецца Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, якое пераходзіць у цокальныя плато (≈ 800 м) і глыбавыя нагор’і (гара Німба — найвышэйшы пункт краіны вышынёй 1752 м).

Паводле звестак археолагаў, тэрыторыя Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У 1770-я гады тут утварылася тэакратычная ісламская дзяржава Фута-Джалон.

Пранікненне еўрапейцаў на тэрыторыю Гвінеі пачалося ў сярэдзіне XV ст. Першымі на яе ўзбярэжжа высадзіліся партугальцы, затым з’явіліся французы і англічане. Да пачатку XIX ст. еўрапейскія фарты былі цэнтрамі інтэнсіўнай гандлю рабамі, пазней – гандлю арахісам, пальмавым алеем, каучукам.

Суперніцтва каланіяльных дзяржаў за гэтую тэрыторыю выйграла Францыя. Французскія ўладанні Паўднёвай ракі (так да канца XIX ст. называлася прыбярэжная частка Гвінеі) падпарадкоўваліся губернатару Сенегала, а ў 1893 годзе сталі асобнай калоніяй Французская Гвінея, якая ў 1895 годзе ўвайшла ў склад Французскай Заходняй Афрыкі.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нацыянальна-вызвольны рух. У 1947 годзе, на базе гвінейскай секцыі Афрыканскага дэмакратычнага аб’яднання, ўтворана Дэмакратычная партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 годзе перамагла на выбарах у Тэрытарыяльную асамблею.

2 кастрычніка 1958 года абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў Ахмед Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нацыянальную грашовую сістэму.

У выніку зліцця дзяржаўных органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн гвінейцаў).

Пасля смерці Секу Турэ (сакавік 1984 года), у выніку ваеннага перавароту 3 красавіка 1984 года, улада перайшла да Ваеннага камітэта нацыянальнага адраджэння на чале з Л. Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.

У снежні 1990 на рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нацыянальнага адраджэння. З красавіка 1992 года дазволена дзейнасць палітычных партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 1993 года перамог Л. Кантэ, які захоўваў уладу па выніках выбараў 1998 і 2003 гадоў, падаўляючы пратэсты апазіцыі.

22 снежня 2008 года Л. Кантэ памёр. 23 снежня група вайскоўцаў здзейсніла пераварот. 24 снежня прэзідэнта перададзены капітану Мусе Дадзі Камара. 28 верасня 2009 года на разгон мітынга пратэсту ў Канакры, былі кінуты армейскія часці, загінула звыш 150 дэманстрантаў.

3 снежня 2009 года Камара быў паранены падчас няўдалага замаху і адпраўлены на лячэнне за мяжу, выканаўцам абавязкаў прэзідэнта стаў генерал Секубе Канатэ. У маі 2010 года была прынята новая Канстытуцыя. Першыя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары прайшлі ў два туры ў чэрвені і лістападзе 2010 года, прэзідэнтам краіны абраны лідэр партыі «Аб’яднанне гвінейскага народа» Альфа Кандэ.

У лютым 2014 года ў краіне пачалася эпідэмія ліхаманкі Эбола, да канца года памерлі больш за 1000 чалавек. У сакавіку 2015 года прэзідэнт А. Кондэ з-за эпідэміі Эбола абвясціў у краіне надзвычайнае становішча.

На прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку 2015 года А. Кондэ захаваў сваю пасаду. У сакавіку 2020 года ў Гвінеі былі праведзены канстытуцыйны рэферэндум і парламенцкія выбары. На канстытуцыйным рэферэндуме 89,76% выбаршчыкаў прагаласавалі за ўнясенне паправак у Канстытуцыю, якія дазваляюць дзейнаму прэзідэнту Кондэ пераабрацца на трэці тэрмін.

5 верасня 2021 года, ў выніку ваеннага перавароту на чале з палкоўнікам Мамадзі Думбуя, прэзідэнт А. Кондэ быў пазбаўлены ўлады. 1 кастрычніка 2021 года Думбуя быў прыведзены да прысягі, як часовы прэзідэнт. Прэзідэнцкія выбары прайшлі ў Гвінеі 28 снежня 2025 года, М. Думбуя набраў 86,72% галасоў.