Януш Радзівіл (1612—1655)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Януш Крыштафавіч Радзівіл)
Януш Радзівіл
польск.: Janusz Radziwiłł
Партрэт працы Барталамея Стробеля. 1633-34
Партрэт працы Барталамея Стробеля. 1633-34
Трубы
Трубы
13-ы староста мсціслаўскі[d]
25 чэрвеня 1643 — 29 сакавіка 1645
Папярэднік Юзаф Корсак
Пераемнік Станіслаў Рыгор Пятроўскі[d]
15-ы гетман вялікі літоўскі
7 чэрвеня 1654 — 31 снежня 1655
Папярэднік Януш Кішка
Пераемнік Павел Ян Сапега
2-і войт мсціслаўскі[d]
25 чэрвеня 1643 — 29 сакавіка 1645
Папярэднік Юзаф Корсак
Пераемнік Станіслаў Рыгор Пятроўскі[d]
21-ы ваявода віленскі
30 сакавіка 1653 — 31 снежня 1655
Папярэднік Крыштаф Хадкевіч
Пераемнік Павел Ян Сапега
9-ы гетман польны літоўскі
18 красавіка 1646 — 7 чэрвеня 1654
Папярэднік Януш Кішка
Пераемнік Вінцэнт Гасеўскі
генеральны староста жамойцкі
снежань 1646 — 30 сакавіка 1653
Папярэднік Ян Альфонс Ляцкі
Пераемнік Юрый Караль Глябовіч
падкаморы вялікі літоўскі
10 лютага 1633 — 18 красавіка 1646
Папярэднік Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч
Пераемнік Фелікс Ян Пац

Нараджэнне 12 снежня 1612(1612-12-12)[1][2][…]
Смерць 31 снежня 1655(1655-12-31)[3][4][…] (43 гады)
Месца пахавання
Род Радзівілы
Бацька Крыштаф Радзівіл
Маці Ганна з Кішкаў[d]
Жонка Кацярына з Патоцкіх[d][6][7] і Марыя Лупу[7]
Дзеці Ганна Марыя Радзівіл[d][7] і Крыштаф Радзівіл[d][7]
Веравызнанне кальвінізм
Адукацыя
Дзейнасць дыпламат, палітык, палкаводзец
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера знаць[5] і палітыка[5]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Януш Радзівіл (2 снежня 1612, Папелі, Вількамірскі павет — 1655, Тыкоцін)  — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).

Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Папелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Літвы, Любчу ў Новагародскім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім павеце. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Мсціслаўскае і іншыя староствы[8]. Князь Свяшчэннай Рымскай Імперыі на Біржах і Дубінках.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштафа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузен Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм.

Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, у 16 гадоў выехаў дзеля навучання за мяжу. Працягваў адукацыю ў Лейпцыгскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім універсітэтах, наведаў Францыю і Англію.

Панегірык да вяселля, 1641 г.

У 1633 годзе, наняўшы ў Нідэрландах 1 тысячу пяхотнікаў і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне[9]. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 годзе пасаду польнага гетмана літоўскага, надзвычай паспяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 года разбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама — войска казацкага палкоўніка Нябабы і без бітвы здабыў Кіеў.

Фундаваў кальвінісцкія зборы і школы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апекваўся пратэстанцкімі супольнасцямі, фінансаваў атрыманне адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах мясцовай пратэстанцкай моладзі.

У палітычных дачыненнях быў прыхільнікам ідэі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосці ў Вільні ў прысутнасці манарха кінуў польскім сенатарам: «Пагарды, столькі разоў праяўленай, літоўскі народ няздольны вытрымаць! Прыйдзе час, і палякі да дзвярэй не патрапяць, праз вокны іх выкідваць будзем»[10]. Дзеля гэтага ўжо ў 1649 годзе спрабаваў наладзіць кантакты са Швецыяй. Ненавідзеў караля Яна Казіміра. Стаўшы ў 1653 годзе ваяводам віленскім, а ў 1654 — вялікім гетманам, засяродзіў у сваіх руках практычна ўсю ўладу ў Вялікім Княстве.

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у бітве пад Шкловам 12 жніўня 1654 года і паражэнне ў бітве пад Шапялевічамі 24 жніўня 1654 года. Паранены, ледзь пазбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава, далей скіраваўся на Менск збіраць войска. У студзені 1655 года спрабаваў адбіць Магілёў.

Кейданская унія[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заняцця маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 года большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складанне уніі з шведскім каралём Карлам Густавам, якая была падпісаная 17 жніўня 1655 года ў Кейданах. Паводле гэтага дагавора Вялікае Княства Літоўскае выходзіла са складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў федэратыўны саюз з Швецыяй. Аднак акт Кейданскай уніі не быў ажыцёўлены. Супраць Я. Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай верных сіл ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, абложаны войскам Паўла Сапегі, адданым каралю. Неўзабаве памёр. Паводле некаторых звестак, быў атручаны, бо на целе выступілі плямы.

Саркафаг Януша Радзівіла ў Кейданскім кальвінскім зборы

Пахаваны ў Кейданскім кальвінскім зборы.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Першы раз ажаніўся ў 1638 годзе з Кацярынай Патоцкай, другі — у 1645 годзе з Марыяй, дачкой малдаўскага гаспадара Васіля Лупу. У першым шлюбе меў дачку Ганну Марыю, якая выйшла замуж за Б. Радзівіла і прынесла яму ў пасаг бацькавы ўладанні. Першы шлюб зблізіў Януша Радзівіла з каталікамі, другі — з праваслаўнымі[8].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Жывапіс[правіць | правіць зыходнік]

Графіка[правіць | правіць зыходнік]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Імя Януша Радзівіла атрымаў Радзівілаўскі летапіс.

Я. Радзівіл — адзін з персанажаў гістарычнага раману польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча «Патоп» (1884—1886).

Зноскі

  1. https://rkd.nl/explore/artists/459663 Праверана 22 жніўня 2017.
  2. Janusz Radziwiłł // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. RKDartists Праверана 26 жніўня 2017.
  4. Janusz Radziwiłł h. Trąby // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  5. а б в г Czech National Authority Database Праверана 11 жніўня 2023.
  6. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  7. а б в г Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  8. а б ЭнцВКЛ 2005.
  9. Біяграфічныя звесткі // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  10. Pamiętniki Albrychta Stanisława X. Radziwiłła, — T. 1, — Poznań, — 1839, — str. 327

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]