Перайсці да зместу

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), скарочана БСДП
Выява лагатыпа
Лідар Ігар Барысаў (з 2018)
Дата заснавання 2 сакавіка 1991, зменена назва 29 чэрвеня 1996, зноўку зарэгістравана 25 чэрвеня 2005
Дата роспуску 2023
Штаб-кватэра Мінск, вул. Кульман, 9-607.
Краіна
Ідэалогія сацыял-дэмакратыя
Інтэрнацыянал
Саюзнікі і блокі Права выбару
Маладзёжная арганізацыя Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада
Колькасць членаў 1127 (2019)
Дэвіз Думаем пра кожнага — працуем разам!
Месцаў у Палаце прадстаўнікоў
0 / 110
Месцаў у Савеце Рэспублікі
0 / 64
Сайт bsdp.org
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), скарочана БСДП — беларуская палітычная партыя, якая была ўтворана 2 сакавіка 1991 года. БСДП працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай Грамады (1902—1918) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918—1924).

Лідарам партыі з 2018 года з’яўляўся Ігар Барысаў. Партыя знаходзілася ў апазіцыі да рэжыму Лукашэнкі.

20 верасня 2023 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада)[2].

2 сакавіка 1991 года была створаная Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Старшынёй партыі быў абраны Міхась Ткачоў. У кіраўніцтва БСДГ увайшлі Алег Трусаў (пасля смерці М. Ткачова ён узначаліў партыю), Анатоль Гурыновіч, Мікалай Статкевіч, Віталь Малашка.

У 1995 годзе пры ўдзеле Партыі Народнай Згоды быў створаны Сацыял-дэмакратычны Саюз (СДС). Да аб’яднальнага працэсу падлучылася гурт беспартыйных дзеячаў, у прыватнасці Старшыня Вярхоўнай Рады Беларусі XII склікання Мечыслаў Грыб.

29 чэрвеня 1996 года адбыліся пазачарговыя з’езды БСДГ і ПНЗ, якія прынялі рашэнне аб зліцці ў адну Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). У той жа дзень мінуў Устаноўчы з’езд БСДП.

У БСДП не ўвайшлі праўладна настроеныя члены ПНЗ, а таксама прыхільнікі лібералізму, у тым ліку А. Трусаў, Г. Карпенка, У. Ганчар. У самой жа БСДП (НГ) не спыняліся спрэчкі і ўнутрыпартыйная барацьба. У 2001 годзе па гэтых прычынах, а таксама з-за стылю кіравання Н. Статкевіча, партыю пакінула амаль палова яе членаў, у тым ліку М. Грыб, А. Кароль, Л. Лойка, А. Сідарэвіч, М. Чарняўскі.

Улетку 2004 года пачаўся другі крызіс у партыі, які завяршыўся ў снежні. У студзені 2005 года мінуў IX з’езд БСДП. Яе старшынёй быў абраны Анатоль Ляўковіч. Пачаўся працэс вяртання ў партыю яе ранейшых членаў. 24 чэрвеня 2005 года БСДП перарэгістравана як Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). 24 ліпеня 2005 года на X пазачарговым з’ездзе яе новым лідарам абраны Аляксандр Казулін, былы рэктар БДУ і міністр; намеснікам старшыні — А. Ляўковіч. Таксама абраны Цэнтральны Камітэт БСДП (Грамада) у складзе 62 чалавек.

3 жніўня 2008 года Анатоль Ляўковіч зноў становіцца старшынёй партыі.

10 кастрычніка 2010 года старшынёй партыі абраны Анатоль Сідарэвіч, але з’езд не прызнала Міністэрства юстыцыі і некаторыя члены партыі. Гэтыя падзеі вынясуць унутрыпартыйны канфлікт на публіку [3].

5 чэрвеня 2011 года новым кіраўніком партыі на паўторным XIII з’ездзе была абрана Ірына Вештард, за якую прагаласавала 77 дэлегатаў з 85[4]. 23 жніўня 2011 года Мінюст РБ адмовіўся прызнаваць легітымным чэрвеньскі з’езд БСДП(Г)[5][6]. Адзіная арганізацыя, якая выступіла ў падтрымку партыі, стаў Расійскі сацыял-дэмакратычны саюз моладзі[7]. РСДСМ заявіў аб тым, што лічыць рашэнне Мінюста «палітычна матываваным»[8].

У верасні 2011 года Анатоль Ляўковіч, які па-ранейшаму лічыў сябе кіраўніком партыі, разам з шасцю аднапартыйцамі пагадзіўся пачаць перамовы з уладамі без вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў[9]. Ірына Вештард, абраная кіраўніком большасцю членаў партыі, паведаміла, што Ляўковіч не абмяркоўваў сваю заяву ў партыі[10].

18 сакавіка 2012 года прайшоў паўторны з’езд партыі, паколькі папярэдні з’езд не быў прызнаны Міністэрствам юстыцыі, і ў партыі афіцыйна не было ні старшыні, ні кіруючага органа, ні Цэнтральнага Камітэта партыі, ні Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі.

  • Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (2 сакавіка 1991 года — 29 чэрвеня 1996 года)
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) (29 чэрвеня 1996 года — 24 чэрвеня 2005 года)
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (з 24 чэрвеня 2005 года)

БСДП і «Народная Грамада»

[правіць | правіць зыходнік]

БСДП мае неперарыўную гісторыю з моманту аднаўлення сацыял-дэмакратычнай партыі ў 1991 г. У выніку ўнутрыпартыйнай барацьбы ў 2003 г. з БСДП быў выключаны яе старшыня Мікола Статкевіч. 26 лютага 2005 года Мікола Статкевіч разам з групай сацыял-дэмакратаў правёў з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)[11], які не быў прызнаны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. З гэта часу група сацыял-дэмакратаў, якая засталася верная Міколе Статкевіча называецца «група Статкевіча», аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), а з 2023 г. — «Народная Грамада».

Партыйная ідэалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) з’яўлялася класічнай сацыял-дэмакратычнай партыяй левага цэнтра. Уваходзіць у міжнароднае аб’яднанне сацыял-дэмакратычных партый Прагрэсіўны Альянс[12].

Мэтамі БСДП з’яўляліся:[13]

  • сцвярджэнне правоў і свабод чалавека, абарона інтарэсаў і правоў людзей наёмнай працы;
  • пабудова салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права;
  • пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай Беларускай дзяржавы — раўнапраўнага суб’екта еўрапейскай і сусветнай супольнасці.

Выступае за незалежнасць Беларусі, парламенцкую рэспубліку, прававую дзяржаву, уступленне ў Еўрасаюз, шматукладную рыначную экалагічную эканоміку, ваенны нейтралітэт, абарону працоўных і сацыяльных правоў грамадзян, роўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа і мовы, экалагічнае абнаўленне і ахову здароўя народа.

Прынцыпамі БСДП з’яўляліся свабода, справядлівасць (роўнасць), салідарнасць.

Партыйнай сімволікай з’яўляецца нацыянальны бел-чырвона-белы-сцяг з выявай на ім ружы. Ружа з’яўляецца міжнародным сімвалам сацыял-дэмакратыі і выкарыстоўваецца ў розных варыяцыях сацыял-дэмакратычнымі партыямі свету.

Аўтарам праекту бел-чырвона-белага сцяга па праву лічыцца сябра БСГ архітэктар Клаўдзій Дуж-Душэўскі. З 19 верасня 1991 па 14 мая 1995 года быў дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнічыя органы

[правіць | правіць зыходнік]
З’езд БСДП 13 сакавіка 2016 года. З лева на права: Мечыслаў Грыб; Ірына Вештард; Алег Трусаў; Ігар Маслоўскі.

Вышэйшым органам з’яўляўся З’езд, які ў адпаведнасці са Статутам партыі склікаецца не радзей чым раз у два гады. З’езд абіраў старшыню партыі, намеснікаў старшыні, сябраў Цэнтральнага камітэта і Цэнтральнай рэвізійнай камісіі. У перыяд паміж з’ездамі кіруючым органам партыі з’яўляўся Цэнтральны камітэт, які збіраецца не радзей за 4 разы ў год. Выканаўчым органам партыі з’яўляўся Прэзідыум, у які ўваходзяць старшыня партыі, генеральны сакратар, намеснікі старшыні, скарбнік, старшыні абласных арганізацый, а таксама адказныя за працу ў абласцях. Выканаўчы камітэт збіраецца не радзей чым 1 раз у месяц. Старшыня БСДП меў права абірацца на пасаду не больш за тры тэрміны, па два гады кожны.

Партыя мела афіцыйна зарэгістраваныя абласныя арганізацыі ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, а таксама ў г. Мінску. Сябры БСДП пражывалі у 89 раёнах Беларусі.

У БСДП дзейнічала рабочая група «Жанчыны БСДП», Моладзь БСДП і аргкамітэт маладзёжнай арганізацыі «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада»[14]. Пры ЦК БСДП працуюць пастаянныя камісіі.

Кіраўніцтва партыі

[правіць | правіць зыходнік]

Старшыні БСДП

[правіць | правіць зыходнік]
Выява Старшыня партыі Тэрмін
1 Міхась Ткачоў 2 сакавіка 1991 года — 31 кастрычніка 1992 года
2 Алег Трусаў 1992 год — 1995 год
3 Мікалай Статкевіч 1995 год — 19 лютага 2005 года
4 Анатоль Ляўковіч 19 лютага 2005 года — 25 чэрвеня 2006 года
5 Аляксандр Казулін 25 чэрвеня 2006 года — 3 жніўня 2008 года
6 Анатоль Ляўковіч 3 жніўня 2008 года — 10 кастрычніка 2010 года
7 Анатоль Сідарэвіч 10 кастрычніка 2010 — 5 чэрвеня 2011
8 Ірына Вештард 5 чэрвеня 2011 года — 11 сакавіка 2018 года
9 Ігар Барысаў з 11 сакавіка 2018 года
Мітынг на Дзень Волі 25 сакавіка 2017 года ў Брэсце

БСДП з’яўляецца актыўнай удзельніцай палітычных кампаній па выбарах у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, Палаты прадстаўнікоў і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. БСДП разам з іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі актыўна ўдзельнічае ў кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару».

У пачатку 2016 года актывісты Грамады сабралі 10 000 подпісаў за адмену Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», якія перадалі ў адміністрацыю прэзідэнта[15]. Вясной 2017 года актывісты БСДП прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мітынгаў пратэстаў недармаедаў з мэтай адмены прэзідэнцкага Дэкрэта № 3. За ўзел і арганізацыю мітынгаў было затрымана, пакарана штрафамі і асуджана на суткі адміністрацыйнага арышту каля 20 рэгіянальных лідараў і актывістаў партыі.

Партыя з рэгулярнай перыядычнасцю выступае з палітычнымі заявамі, якія датычацца беларускамоўнага школьніцтва, дзяржаўнага фінансавання палітычных партый, дэмаркацыі беларуска-расійскай мяжы, выніках выбараў[16], увядзенні падатку на беспрацоўных, вяртанні працоўнага стажу за службу ў войску, знаходжанні ў адпачынку па догляду за дзіцяці ва ўзросце да трох год, догляду за інвалідамі і г.д.

Мітынг на Дзень Волі 25 сакавіка 2018 года ў Мінску

Летам 2015 года кіраўніцтва партыі па просьбе партнёрскай арганізацыі POLISARIO[en] звярнулася з лістом у МЗС з просьбай прызнаць незалежнасць Заходняй Сахары[17].

Пасля зваротаў сябраў БСДП у Магілёўскі гарвыканкам у абласным цэнтры з’явіліся вуліцы ў гонар Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча), Аркадзя Смоліча і братоў Гарэцкіх, а ў Мінску — вуліца Аркадзя Смоліча. У канцы 2016 года тапанімічная камісія пры Магілёўскім гарвыканкаме дала дазвол на ўсталяванне помніка Цішку Гартнаму.

У Брэсце актывісты з рэгулярнай перыядычнасцю праводзяць лакальныя інфармацыйныя кампаніі накіраваныя на вырашэнне мясцовых праблем. Найбольш прыкметныя з іх былі «Вернем Мухавец народу!», «Вернем возера Спораў народу» і «За даступнасць адукацыі па месцы жыхарства». У 2013 годзе Брэсцкі гарвыканкам дазволіў мітынг і шэсце на 1 мая, арганізатарам якога выступілі мясцовыя сацыял-дэмакраты. У 2018 годзе стартавала інфармацыйная кампанія «За здароўе!»

БСДП надае вялікую ўвагу адукацыі сябраў партыі. З гэтай мэтай у 2016 годзе была створана Сацыял-дэмакратычная акадэмія і Школа лідарства БСДП. З рэгулярнасцю ў сталіцы і рэгіёнах праходзяць разнастайныя семінары, круглыя сталы, гурткі, сустрэчы і летнікі. Штогод актывісты БСДП прымаюць удзел у адукацыйных візітах у Швецыі.

З 2011 года выходзіць часопіс рабочай групы «Жанчыны БСДП» «Адлюстраванне».

У 2017 годзе ЦК БСДП прыняў новую «Праграму дзеянняў БСДП», якая складаецца са 120 пунктаў.

З 2018 года выходзіць аналітычны часопіс БСДП «Пазіцыя».

У 2018 і 2019 гадах стартавала акцыя БСДП «Пагоня поштай», у якой прыняла ўдзел каля 1000 чалавек. Заяўнікі атрымалі ад БСДП бясплатна налепку з гістарычным гербам «Пагоня».

У 2018 годзе сябры БСДП пад кіраўніцтвам прафесара Міхаіла Пастухова распрацавалі канцэпцыю судова-прававой рэформы праект канстытуцыйнага закона «Аб судаўладкаванні ў Рэспубліцы Беларусь».

У 2018 і 2019 гадах БСДП была адным з заяўнікаў і арганізатараў «Дня Волі» 25 сакавіка ў Мінску. У 2018 годзе актывістамі партыі было сабрана больш за 900 подпісаў за наданне 25 сакавіка (Дню Волі) статуса дзяржаўнага свята.

У 2019 годзе БСДП выступіла з ініцыятывай зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях». Старшыня БСДП Ігар Барысаў быў уключаны ў склад рабочай групы пры Міністэрстве юстыцыі па распрацоўцы новай рэдакцыі закона.

25 жніўня 2019 года ЦК БСДП зацвердзіў тэкст праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на базе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года ў якасці партыйнай пазіцыі.

16 лютага 2020 года на XX з’ездзе старшынёй партыі быў пераабраны Ігар Барысаў, які набраў 51 голас з 63 дэлегатаў. Старшынёй ЦРК партыі быў абраны Анатоль Сідарэвіч[18]. Алег Трусаў на з’ездзе прапанаваў ліквідаваць Саюзную дзяржаву і аднавіць мяжу з Расіяй[19].

6 лютага 2022 г. адбыўся ХХІ з’езд БСДП, які ў трэці раз абраў старшынёй партыі Ігара Барысава. Першым намеснікам старшыні быў абраны Аляксей Сігаеў, намеснікамі старшыні — Ірына Вештард, Алег Волчак, Ганна Канюс і Мікалай Мяцельскі.

У 2020—2023 гадах партыя распрацавала 9 праектаў канцэпцый законаў у межах «Рэанімацыйнага пакета рэформаў для Беларусі»[20].

Міжнародная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Да 2013 года БСДП рэгулярна прымала ўдзел у працы камітэта Сацыялістычнага інтэрнацыяналу краін СНД, Каўказа і Чарнаморскага рэгіёну. Пасля анэксіі Расіяй Крыма ў 2014 годзе кантакты з БСДП былі перарваныя. Прычынай гэтаму стала крытыка БСДП наяўнасці ў складзе Сацінтэрна партыі краіны-агрэсара «Справядлівая Расія», якая не асудзіла анэксію Крыма.

Пасля выхаду з Сацінтэрна значнай колькасці сацыял-дэмакратычных партый і ўтварэнні новай міжнароднай канфедэрацыі партый і рухаў пад назвай «Прагрэсіўны Альянс» БСДП далучылася да новай прагрэсіўнай плыні, дзе мае статус паўнапраўнага сябра.

Кіраўніцтва БСДП рэгулярна прымае ўдзел у міжнародных сустрэчах, як з кіраўніцтвам братэрскіх сацыял-дэмакратычных партый, так і з чыноўнікамі, дэпутатамі і еўрадэпутатамі, адказнымі за працу і стасункі з Беларуссю.

10 снежня 2023 года на кангрэсе PES у іспанскай Малазе БСДП прынята ў Партыю Еўрапейскіх Сацыялістаў[21] у статусе назіральніка.

Удзел у выбарах

[правіць | правіць зыходнік]
Агітацыйны пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты, сябра ЦК БСДП Алега Трусава, 2016 г.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў

[правіць | правіць зыходнік]

У 2018 годзе ад БСДП у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў прымала ўдзел 39 чалавек, якія былі вылучаны ў 54 Саветы дэпутатаў розных узроўняў. Найлепшы вынік мела Ірына Вештард, якая афіцыйна здолела перамагчы на чатырох выбарчых участках.

Выбары Колькасць галасоў % Мандаты +/- Position
2018
0 / 18111

Парламенцкія выбары

[правіць | правіць зыходнік]

БСДП з моманту свайго заснавання ўдзельнічала ва ўсіх парламенцкіх выбарчых кампаніях. У 1995 годзе ў Вярхоўным Савеце XIII склікання дзейнічала сацыял-дэмакратычная фракцыя, у якую ўваходзілі 18 дэпутатаў.

У 2000 годзе ў якасці кандыдатаў у дэпутата ад БСДП (НГ) у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымалі ўдзел 9 сябраў партыі.

У 2004 годзе БСДП прымала ўдзел у выбарах у складзе перадвыбарчага блока «Пяцёрка плюс», які меў адзіны ўзгоднены спіс кандыдатаў у дэпутаты. Ад БСДП было зарэгістравана 11 кандыдатаў у дэпутаты.

У 2008 годзе Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 12 з 13 ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты ад БСДП. У 2008 годзе БСДП прымала ўдзел у парламенцкіх выбарах у складзе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія мелі ўзгоднены спіс прэтэндэнтаў у дэпутаты.

У 2012 годзе Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 9 ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты ад БСДП.

У 2016 годзе ў склад акруговых выбарчых камісій вылучыла 14 чалавек, у склад тэрытарыяльных — 3. БСДП партыйным з’ездам вылучыла 34 кандыдаты ў дэпутаты. 29 з іх падалі дакументы на рэгістрацыю ў акруговыя выбарчыя камісіі, з якіх былі зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты 27 чалавек. Партыя прымала самастойны ўдзел у выбарах не ўваходзячы ні ў якія перадвыбарчыя блокі і кааліцыі. Афіцыйна за БСДП прагаласавала больш за 66 тысяч чалавек.

У 2019 годзе БСДП у склад акруговых выбарчых камісій вылучыла 35 чалавек, у склад тэрытарыяльных — 3. Патрапіла ў акруговыя камісіі 4 чалавекі (па аднаму ў Дуброўна, Мастах, Пінску і Салігорску). Судовыя абскарджанні аб неўключэнні сябраў БСДП у акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі ў Брэсце, Мінску і Мінскай вобласці не далі станоўчых вынікаў. Платформа БСДП была надрукавана ў газеце «Народная Воля». Ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў Брэсце і Мінску было вылучана 54 чалавекі. Ніхто з вылучэнцаў не патрапіў у склад участковых выбарчых камісій. БСДП партыйным з’ездам вылучыла 50 кандыдатаў у дэпутаты. 41 з іх падаў дакументы на рэгістрацыю ў акруговыя выбарчыя камісіі, з якіх было зарэгістравана кандыдатамі ў дэпутаты 30 чалавек.

Выбары Колькасць галасоў % Мандаты +/- Position
1995
18 / 260
2000
0 / 110
0
2004
0 / 110
0 0
2008
0 / 110
0 0
2012
0 / 110
0 0
2016 66 000
0 / 110
0 0
2019 84 790
0 / 110
0 0

Прэзідэнцкія выбары

[правіць | правіць зыходнік]
Агітацыйны пікет у падтрымку Таццяны Караткевіч у Наваполацку

БСДП двойчы ў гісторыі падтрымлівала партыйным з’ездам кандыдатаў у прэзідэнты.

У 1994 годзе партыйным з’ездам быў падтрыманы Станіслаў Шушкевіч, які па выніках першага тура галасавання набраў 10 % галасоў.

У 2001 годзе сябры БСДП прымалі актыўны ўдзел у працы выбарчых штабоў Сямёна Домаша, Міхаіла Чыгіра і Уладзіміра Ганчарыка.

У 2006 годзе партыйным з’ездам быў падтрымала старшыня БСДП Аляксандр Казуліна, які па афіцыйных выніках галасавання набраў 2,3 % галасоў.

У 2010 годзе сябры БСДП працавалі ў выбарчых штабах Міколы Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і Яраслава Раманчука.

У 2015 годзе частка рэгіянальных актывістаў БСДП прымала ўдзел у выбарчай кампаніі актывісткі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч. Агулам сацыял-дэмакраты заявілі пра 19 500 сабраных подпісаў у яе падтрымку.

У 2020 годзе БСДП удзельнічала ў праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл (АГП, БСДП, ПБНФ, Рух «За Свабоду», аргкамітэт па стварэнні партыі БХД), аднак свайго прадстаўніка для ўдзелу не вылучала. Праз пандэмію каранавіруса праймерыз не атрымалася скончыць у адпаведнасці з планамі, у выніку адзіны прэтэндэнт ад дэмакратычных сіл не быў абраны. У тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі БСДП вылучыла 16 сваіх прадстаўнікоў. У склад камісій патрапіў толькі адзін прадстаўнік. У склад участковых выбарчых камісій было накіравана 224 сябры партыі — патрапілі ўсяго 3 чалавекі. 22 ліпеня 2020 года ЦК БСДП рэкамендаваў сябрам і прыхільнікам партыі галасаваць у асноўны дзень галасавання за кандыдата пратэсту Святлану Ціханоўскую.

Ушанаваныя сябры Грамады

[правіць | правіць зыходнік]
Шыльда ў гонар Міхася Ткачова ў Мсціславе

У Мсціславе і Гродне на будынках, дзе працаваў першы старшыня БСДГ Міхась Ткачоў у яго гонар вісяць мемарыяльныя шыльды.

У Магілёве ў гонар сябра БСДП (НГ), заслужанага работніка культуры БССР, акцёра і рэжысёра Валянціна Ермаловіча на д.46 па вуліцы Першамайскай вісіць мемарыяльная шыльда.

У Мінску на факультэце міжнародных адносін БДУ ў гонар прафесара і аднаго з тэарэтыкаў БСДП (НГ) Леаніда Лойкі названа аўдыторыя.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • На адкрыцці кожнага партыйнага з’езду дэлегаты БСДП спяваюць «Інтэрнацыянал» у перакладзе на словы Янкі Купалы.
  • У БСДП прынята звяртацца да партыйцаў выкарыстоўваючы слова «таварыш».
  • Лідары і актывісты БСДП традыцыйна наведваюць вайсковыя могілкі ў Мінску 8 мая, дзе ўскладаюць кветкі ў памяць аб загінулых у Другую сусветную вайну.
  • Пад Канстытуцыяй 1994 года стаіць подпіс тагачаснага старшыня Вярхоўнага Савета і Генеральнага сакратара БСДП Мечыслава Грыба.
  • БСДП з’яўляецца адзінай апазіцыйнай афіцыйна зарэгістраванай сацыял-дэмакратычнай партыяй у Беларусі з левацэнтрысцкай ідэалогіяй. БСДГ, якая таксама мае дзяржаўную рэгістрацыю і знаходзіцца ў апазіцыі, нягледзячы на назву з’яўляецца правацэнтрысцкай партыяй.
  • У 2000 годзе старшыня БСДП Ірына Вештард у першым туры выбараў у Палату прадстаўнікоў па Смаргонскай выбарчай акрузе № 61 атрымала 49,8 % галасоў.
  • У 2004 годзе на Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 52, дзе балатаваўся сябра БСДП Валянцін Аскірка, ніхто з двух кандыдатаў у дэпутаты не здолеў набраць больш за 50 % галасоў. Валянцін Аскірка афіцыйна набраў 33,2 %, праўладная кандыдатка Людміла Сяўко — 46,9 %. У выніку была прынятая пастанова ЦВК аб правядзенні паўторных выбараў, у якіх перамогу атрымаў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Маскевіч. Гэта была адзіная акруга, дзе выбары не адбыліся з першага тура.
  • У 2010 годзе пасля паразы на XIII з’ездзе БСДП Анатоль Ляўковіч адмовіўся перадаць пячатку спачатку Анатолю Сідарэвічу, а затым Ірыне Вештард. Старая пячатка БСДП дагэтуль знаходзіцца ў яго.

Зноскі

  1. http://progressive-alliance.info/2810-2/ Праверана 15 сакавіка 2019.
  2. В Белоруссии сообщили о ликвидации партии социал-демократов
  3. Палітычны дуэль: Ляўковіч vs Маслоўскі(недаступная спасылка)
  4. Ирина Вештард избрана новым руководителем БСДП (Грамада), Белорусские новости (05.06.2011)
  5. О ситуации в Белорусской социал-демократической партии (Грамада) Архівавана 20 снежня 2011.
  6. Белорусский Минюст отказывается признавать результаты июньского съезда БСДП(Г)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2011. Праверана 24 сакавіка 2013.
  7. Странная любовь Минюста и Левковича
  8. РСДСМ: проблемы ў белорусских эсдеков — это новый вызов для социал-демократии, сравнимый с терактом в Норвегии
  9. Семеро социал-демократов готовы на диалог с Лукашенко
  10. Ирина Вештард: члены БСДП (Грамада) не обсуждали заявление о переговорах с властями
  11. Свабода, Радыё. Прыхільнікі М.Статкевіча правялі 26 лютага ў Менску зьезд БСДП (Народная грамада) . Радыё Свабода (11 снежня 2007). Праверана 19 лістапада 2023.
  12. Спіс палітычных арганізацый, якія ўваходзяць у Прагрэсіўны Альянс
  13. Праграма Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2017. Праверана 18 красавіка 2017.
  14. «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада» Архівавана 24 студзеня 2022.
  15. [1]
  16. Хартия-97 Заява БСДП (Грамада): «Улада завысіла агульны працэнт яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі» https://charter97.org/be/news/2008/10/2/10800/
  17. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 красавіка 2017. Праверана 18 красавіка 2017.
  18. Старшынём БСДП (Грамада) пераабраны Ігар Барысаў(недаступная спасылка). Радыё Рацыя (16 лютага 2020). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2020. Праверана 18 лютага 2020.
  19. БСДП (Грамада): Ліквідаваць Саюзную дзяржаву і аднавіць мяжу з Расеяй(недаступная спасылка). Радыё Рацыя (17 лютага 2020). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2020. Праверана 18 лютага 2020.
  20. Рэанімацыйны пакет рэформаў для Беларусі . Праверана 15 лістапада 2023.
  21. Hramada – PES Member (англ.). The Party of European Socialists. Праверана 11 лістапада 2023.