Перайсці да зместу

Нарачана-Вілейская нізіна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нарачана-Вілейская нізіна
Каардынаты: 54°54′ пн. ш. 26°42′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь
Вышыня над узроўнем мора да 232 м
Працягласць з поўначы на поўдзень 35—75 км
Працягласць з захаду на ўсход 115—145 км
Плошча 8700 км²
Нарачана-Вілейская нізіна

Нарача́на-Віле́йская нізі́на[1] — фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на паўночным захадзе Беларусі.

Нарачана-Вілейская нізіна займае часткова Вілейскі, Лагойскі, Маладзечанскі раёны Мінскай вобласці, Астравецкі і Смаргонскі раёны Гродзенскай вобласці. Мяжуе на поўначы са Свянцянскімі градамі, на ўсходзе з Верхнебярэзінскай нізінай, на паўднёвым усходзе з Мінскім узвышшам, на паўднёвым захадзе з Ашмянскім узвышшам, на паўночным захадзе з Нярыска-Жэймянскай нізінай (у Літве). Працягнулася з захаду на ўсход ад 115 да 145 км, з поўначы на поўдзень ад 35 да 75 км, нлошча 8,7 тыс. км².

Тэрыторыя прымеркавана да паўднёва-заходняй часткі Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышталічны фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

Карысныя выкапні: гліны, жвір, пяскі, торф, сапрапель, мінеральныя воды (Нарачанская крыніца).

Пераважаюць вышыні 155—190 м, на Канстанцінаўскай градзе, што знаходзіцца на нізіне — найвышэйшы пункт 232 м над узроўнем мора. Будова нізіны складаная. Сучасная яе паверхня ўтворана пераважна сожскім і паазерскім ледавікамі і іх расталымі водамі. Яна спадзістахвалістая і плоская, месцамі хвалістая і градава-хвалістая. У паўночнай частцы нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення — Свірская, Канстанцінаўская, Паўночна-Нарачанская і Паўднёва-Нарачанская, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўжынёй 0,5—З км, з адноснымі вышынямі 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўночна-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На ўсходзе нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі.

Большасць жа тэрыторыі займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі ледавіковымі азёрамі, пясчанымі ўзгоркамі-дзюнамі.

Сярэднія тэмпературы студзеня −7,5 °C, ліпеня 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год.

Над возерам Нарач

Рэкачная сетка належыць да басейна Нёмана. Найбольшыя рэкі Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча.

Шмат азёр, сярод іх самае вялікае возера Беларусі Нарач, а таксама Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Вялікія Швакшты, Малыя Швакшты, Сарачанскія азёры.

Галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы на вытоку з Вілейскага вадасховішча

У межах нізіны пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой створана Вілейскае вадасховішча. Тут часткова знаходзіцца і галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Глебы і расліннасць

[правіць | правіць зыходнік]

Разарана 30 %, пад лесам 36 % тэрыторыі. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы.

Гаспадарка, ахова прыроды

[правіць | правіць зыходнік]

Тут размешчаны Нарачанскі нацыянальны парк. Вакол возера Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Зноскі