Тэатр Беларусі
Беларускі тэатр — сукупнасць усіх праяў тэатральнага мастацтва на тэрыторыі сучаснай і гістарычнай Беларусі, а таксама з выкарыстаннем беларускай мовы падчас прадстаўлення.
Гісторыя тэатра ў Беларусі налічвае шмат стагоддзяў. Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва — у старажытных народных святах, абрадах, рытуальных дзеяннях, карагодах, гульнях. Першымі прафесійнымі беларускімі акцёрамі былі скамарохі, якія выступалі ва ўсіх відах фальклорнага тэатра. У 16 стагоддзі узнік лялечны тэатр — батлейка. 3 XVII стагодддзя вядома народная драма, якая сінтэзавала ўсе формы народнага тэатра і атрымала пашырэнне ў наступныя стагоддзі. Унікальнай з’явай быў т.зв. «прыгонны тэатр», які складаўся з асабіста залежных ад феадалаў сялян.
Паступова складаецца Тэатр Вялікага Княства Літоўскага. У першай палове 18 стагоддзя пачалі дзейнасць прыватныя гарадскія і маёнткавыя тэатры, некаторыя з якіх (Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, тэатры ў Слуцку, Слоніме, Магілёве і інш.) дасягнулі прафесійнага ўзроўню. У сярэдзіне 19 стагоддзя рабіліся спробы стварыць беларускую прафесійную драматургію і нацыянальны тэатр (пастаноўка спектакля «Сялянка», 1852, у якім было сінтэзавана драматычнае, вакальнае і танцавальнае мастацтва). У пачатку 20 ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі ўзнікненню першага прафесійнага тэатра ў Беларусі — Першай беларускай трупы І. Буйніцкага. Значны ўклад у развіццё тэатра ўнеслі створаныя ў 1917 годзе Першае беларускае таварыства драмы і камедыі і ў 1920 г. — Беларускі дзяржаўны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Самабытнасцю вызначаўся вандроўны творчы калектыў, які ў 1920 быў створаны У. Галубком.
У 1926 годзе ў Мінску ў будынку былой Мінскай харальнай сінагогі быў адкрыты Беларускі дзяржаўны яўрэйскі тэатр. Яго першымі артыстамі сталі выпускнікі яўрэйскага сектара Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Дзяржаўны яўрэйскі тэатр быў закрыты ў 1949 годзе паводле загада Саўміна БССР, быдынак цяпер належыць Рускаму драматычнаму тэатру.
У 1920-я гады беларускі тэатр развіваўся ў рэчышчы палітыкі беларусізацыі. У 1933 годзе быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі.
У 1930-я гады многія тэатральныя дзеячы падпалі пад рэпрэсіі, праследаванні, у 1937 годзе расфарміраваны Трэці беларускі тэатр. У той жа час узнікалі новыя калектывы ў абласных цэнтрах, а таксама калгасна-саўгасныя тэатры. У даваенны перыяд сярод найбольш удалых пастановак былі п’есы пра гістарычнае мінулае («Бацькаўшчына» К. Чорнага, «У пушчах Палесся» Я. Коласа і інш.) на тэмы фальклору («Несцерка» В. Вольскага), пастаноўкі класічнай драматургіі («Паўлінка» Я.Купалы, «Беспасажніца» А. Астроўскага, «Скупы» Мальера і інш.). Сапраўднай падзеяй стала пастаноўка сатырычнай камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім».
Пасля вайны пашырыліся стылявыя пошукі, аднаўлялася і ўзбагачалася вобразная палітра спектакляў. Дабратворны ўплыў на тэатральнае мастацтва аказала ў 1960—1990-я г. драматургія А. Макаёнка, У. Караткевіча, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча, А. Дударава і інш. Плённа працавалі майстры старэйшага пакалення (Г. Макарава, С. Станюта, З. Стома і інш.), прыйшло новае пакаленне таленавітых акцёраў (Г. Аўсяннікаў, Г. Гарбук, М. Захарэвіч, Л. Давідовіч і інш.) і рэжысёраў (І. Раеўскі, Б. Луцэнка, В. Мазынскі, М. Пінігін). У канцы 20 ст. атрымалі пашырэнне мастацкія пошукі, творчыя эксперыменты, узмацніліся авангардысцкія, постмадэрнісцкія тэндэнцыі ў тэатральным мастацтве.
Вывучэнне беларускага тэатра
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1924 года беларускі драматург Францішак Аляхновіч выпусціў манаграфію «Беларускі тэатр», апублікаваную ў віленскім выдавецтве Беларускага грамадзянскага сабрання.
У манаграфіі аўтар паслядоўна аналізуе фальклорныя вытокі беларускага тэатральнага мастацтва, асэнсоўвае здабыткі школьнай драмы з яе інтэрмедыямі і батлейкі. Вялікае месца адводзіцца аналізу творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Г. Марцінкевіча, Ігната Буйніцкага, Янкі Купалы[1].
Заснавальнікам беларускай тэатразнаўчай школы з’яўляецца У. І. Няфёд, загадчык аддзелам тэатра Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. У. І. Няфёд імкнуўся да ўсебаковага і грунтоўнага даследавання праблем гісторыі, тэорыі і практыкі беларускага тэатральнага мастацтва. Супрацоўнікі аддзела тэатра вялі свае планавыя працы ў самых шырокіх напрамках. Паўз іх увагі не праходзілі тэмы сучаснай драматургіі, рэжысуры, тэатральна-дэкарацыйнага і акцёрскага майстэрства.
Асобнае месца сярод навуковых прац У. І. Няфёда і аддзела тэатра займае трохтомная «Гісторыя беларускага тэатра», выдадзеная ў 1980-я гады, падобнага фундаментальнага выдання не мае ні адна з краін колішняга СССР, апроч Расіі.
Зноскі
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 998. — С. 555. — 560 с. — 7 000 экз. — ISBN 985-06-0304-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- История белорусского балета (руск.)