Дом Грынгаўза
Славутасць | |
Дом Грынгаўза | |
---|---|
| |
53°54′04″ пн. ш. 27°33′11″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Будаўніцтва | 1885—1886 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Грынгаўза — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 14. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая належала мінскім мяшчанам Радштэйнам. У 1877 годзе яны прадалі свой пляц з будынкамі мешчаніну Гілелю Вечарэвіну. Гэтыя будынкі былі значна пашкоджаны падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля пажару Вечарэвін ўзгадніў у Мінскай гарадской управе праект на ўзнаўленне свайго мураванага двухпавярховага дома з надбудовай трэцяга паверха[1].
У 1885 годзе новы ўладальнік пляца купец Невах Грынгаўз з боку Турэмнай вуліцы пачаў будаўніцтва новага вялікага мураванага дома, якое было цалкам скончана ў 1886 годзе[1].
Гэта было прамавугольнае ў плане двухпавярховае збудаванне, накрытае двухсхільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад, які фланкіравалі лапаткі з рустам і філёнгамі, быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. У цэнтры будынка знаходзілася шырокая праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Абапал аркі былі выкананы такія ж самыя лапаткі, як на вуглах будынка. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха прамавугольныя, на другім паверсе — лучковыя з сандрыкамі. На другім паверсе знаходзіліся два балконы з металічнымі кратамі. Адначасова на тэрыторыі пляца быў пабудаваны вялікі двухпавярховы флігель, а таксама комплекс гаспадарчых пабудоў[1].
У 1894 годзе гэтыя будынкі набыў мінскі банкір Леапольд Лур’е. Паводле інвентарызацыі 1910 года ўсе памяшканні ў доме Лур’е выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры (у будынку было 6 кватэр)[1].
Пасля 1920 года будынак быў нацыяналізаваны і выкарыстоўваўся пад камунальныя кватэры. У 1920—1930-я гады ў былым доме Грынгаўза дабудаваны трэці паверх, які да 1941 года не быў атынкаваны[1].
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вайны быў атынкаваны трэці паверх будынка і часткова зменена яго планіроўка, а таксама закладзены дзвярныя праёмы з боку вуліцы. Да канца XX стагоддзя былы дом Грынгаўза выкарыстоўваўся пад жылыя кватэры[1].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Вырашаны аналагічна дому № 12 і з’яўляецца яго працягам. Трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фасада. Галоўны фасад расчлянёны карнізнымі паясамі. Аконныя праёмы 1-га паверха — прамавугольныя, на 2-м паверсе лучковыя без ліштваў з прамымі сандрыкамі, на 3-м наверсе — паўцыркульныя. У цэнтры высокі лучковы арачны праезд, фланкіраваны руставанымі лапаткамі. Сіметрычна па фасадзе размешчаны невялікія балконы. Выкарыстоўваецца як жылы.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Грынгаўза
- БУДЫНАК № 14 ДОМ НЕВАХА ГРЫНГАЎЗА