Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі
Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі (ІФ НАНБ) | |
---|---|
Міжнародная назва | B. I. Stepanov Institute of Physics, NASB |
Заснаваны | 1959 |
Дырэктар | Сяргей Васільевіч Гапоненка |
Супрацоўнікаў |
|
Размяшчэнне | Мінск |
Юрыдычны адрас | г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 68-2 |
Сайт | ifan.basnet.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ІФ НАНБ) быў утвораны ў 1959 годзе. Інстытут носіць імя Барыса Сцяпанава, дырэктара інстытута з 1959 па 1985 гады.
Гісторыя інстытута
Інстытут быў створаны ў 1959 годзе ў выніку рэарганізацыі Інстытута фізікі і матэматыкі Акадэміі навук БССР. Першапачаткова інстытут насіў назву Інстытута фізікі АН БССР. Інстытут узначаліў Б. І. Сцяпанаў (у 1957-58 гг. — дырэктар Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР). У станаўленні інстытута бралі ўдзел такія вучоныя як М. А. Ельяшэвіч, гэтак жа, як і Сцяпанаў, запрошаны ў Мінск з ленінградскага Дзяржаўнага аптычнага інстытута, і беларускія фізікі М. А. Барысевіч, Ф. І. Фёдараў, А. Н. Сеўчанка.
Асноўнымі кірункамі даследаванняў у інстытуце спачатку сталі спектраскапія і люмінесцэнцыя складаных малекул, оптыка анізатропных і рассейвальных асяроддзяў, спектраскапія і дыягностыка нізкатэмпературнай плазмы і фізіка элементарных часціц. З адкрыццём у 1961 годзе лазераў галоўнымі кірункамі становяцца лазерная фізіка, нелінейная оптыка і лазерная спектраскапія.
Інстытут актыўна развіваўся. У 1960-я гады XX стагоддзя пры ім быў створаны канструктарска-тэхналагічны аддзел, пазней рэарганізаваны ў самастойную ўстанову Вопытнае канструктарскае бюро «Аксікон».
Са здабыццём у 1991 годзе Беларуссю незалежнасці інстытут змяніў сваю назву на Інстытут фізікі АН Беларусі. У гэты ж час адбываецца чарговая рэарганізацыя інстытута. У 1991 годзе на базе лабараторыі аптычных праблем інфарматыкі створаны Аддзел аптычных праблем інфарматыкі. У 1992 годзе на аснове дзесяці лабараторый Інстытута, якія спецыялізаваліся галоўным чынам у вобласці спектраскапіі і фізікі плазмы, быў створаны Інстытут малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі (ІМАФ АН Беларусі). У гэтым жа годзе магілёўскае аддзяленне інстытута было ператворана ў Інстытут прыкладной оптыкі НАН Беларусі. У 2004 годзе на правах лабараторыі ў склад Інстытута ўвайшоў Аддзел аптычных праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Пазней, у 2007 годзе, ІМАФ быў расфарміраваны, а яго лабараторыі і аддзелы ўвайшлі ў склад Інстытута. У 2008 годзе да Інстытута далучаны лабараторыі і аддзелы расфарміраванага ў тым годзе Інстытута электронікі, рэарганізавана лабараторыя аптычных праблем інфарматыкі. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.10.2011 № 494 «Аб удасканаленні арганізацыйнай структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ўвайшоў у склад новастворанага дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка». З 1 студзеня 2016 ў адпаведнасці з Пастановай Бюро Прэзідыўма НАН Беларусі "Аб перадачы структурных падраздзяленняў Інстытута фізікі НАН Беларусі ў ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка» ад 16.02.2015 № 51 у склад Аб’яднання былі ўключаны 4 навуковыя лабараторыі Інстытута фізікі НАН Беларусі — радыёфатонікі, фотаэлектронікі, мікра- і нанасэнсорыкі, рабатызаваных сістэм[1]. З 2017 уваходзіць у склад кластара «Мікра-, нана- і ЗВЧ-электроніка»[2].
Навуковыя кірункі
Асноўнымі кірункамі навуковай дзейнасці інстытута з’яўляюцца[3]:
- Лазерная фізіка, распрацоўка і стварэнне лазерных сістэм і тэхналогій іх прымянення ў медыцыне, экалогіі, прамысловасці, метралогіі і абароне інфармацыі
- Фізічная і нелінейная оптыка, раскрыццё і выкарыстанне заканамернасцяў распаўсюджвання магутнага лазернага выпраменьвання ў розных асяроддзях
- Аптычная спектраскапія, развіццё і прымяненне метадаў і прыбораў даследаванні уласцівасцяў і структуры розных матэрыялаў, уключаючы біятканкі
- Нанаоптыка і нанаматэрыялы
- Квантавая оптыка, распрацоўка праблем выкарыстання квантавых уласцівасцяў электрамагнітнага выпраменьвання ў інфарматыцы і крыптаграфіі
- Даследаванне будовы і ўласцівасцяў атамна-малекулярных структур і стварэнне на іх аснове новых аптычных матэрыялаў, сістэм, прыбораў і тэхналогій
- Фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі: даследаванне ўзаемадзеяння плазмы з палямі і рэчывам; распрацоўка і прымяненне метадаў дыягностыкі плазмы; развіццё тэхналагічных ужыванняў газаразраднай і лазернай плазмы
- Мікра- і оптаэлектроніка: святлодыёдная тэхніка, сонечныя элементы, ЗВЧ-тэхніка, мікраэлектрамеханічныя і сэнсарныя сістэмы і прылады
- Фізіка фундаментальных узаемадзеянняў і ядзерных рэакцый: даследаванне будовы мікрасвету і Сусвету
Структура
У склад інстытута ўваходзяць навуковыя цэнтры[4]:
- Дыягнастычныя сістэмы
- Нелінейная оптыка і актываваныя матэрыялы
- Аптычнае дыстанцыйнае зандаванне
- Цэнтр фундаментальных ўзаемадзеянняў і астрафізікі
- Фізіка плазмы
- Фатоніка атамных і малекулярных структур
- Лазерная тэхніка і тэхналогіі
- Фатоніка і фотахімія малекул
- Нанафатоніка
- Паўправадніковыя тэхналогіі і лазеры
- Лазерна-аптычныя тэхналогіі для медыцыны і біялогіі
- Квантавая фатоніка і квантавая інфарматыка
- Цэнтр выпрабаванняў лазернай тэхнікі
- Цэнтр аналітычных спектральных вымярэнняў
Дырэктары інстытута ў розныя гады
- Барыс Іванавіч Сцяпанаў — 1959—1985
- Павел Андрэевіч Апанасевіч — в.а. дырэктара у 1985—1987, дырэктар у 1987—1998
- Мікалай Станіслававіч Казак — 1998—2004
- Уладзімір Віктаравіч Кабаноў — 2004—2014
- Мікалай Станіслававіч Казак — в.а. дырэктара з сакавіка 2014 па 2018
- Максім Уладзіміравіч Багдановіч — 2019—2023
- Сяргей Васільевіч Гапоненка — з 2023
Зноскі
Літаратура
- Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1991 годзе. — Мн., 1992.
- Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1992 годзе. — Мн., 1993.
- Отчёт о деятельности Национальной академии наук Беларуси в 2019 году. — Минск, 2020.