Інстытут фізікі і матэматыкі Акадэміі навук БССР

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Інстытут фізікі і матэматыкі АН БССР быў утвораны 17 студзеня 1955 года на базе сектара фізікі і матэматыкі, створанага ў 1953 годзе ў складзе Фізіка-тэхнічнага інстытута. Дырэктарам новаўтворанага інстытута быў прызначаны акадэмік Антон Нічыпаравіч Сеўчанка. У 1957 г. дырэктарам стаў акадэмік Барыс Іванавіч Сцяпанаў.

Інстытут уваходзіў у склад Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук АН БССР. Месціўся па адрасе: Мінск, праспект Сталіна, 108.

Асноўныя вынікі дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

1955 г.[правіць | правіць зыходнік]

Па праблеме «Вывучэнне працэсу ўнутрымалекулярнага пераносу энергіі ўзбуджэння ў складаных малекулах» скончана тэма «Высвятленне ролі вагальнай энергіі ў працэсах паглынання і люмінесцэнцыі складаных арганічных малекул». Распрацаваны метады разліку выхаду люмінесцэнцыі, прадказана існаванне новых з’яў — адмоўнай люмінесцэнцыі, адмоўнага фотаэфекту. Важныя вынікі атрыманы пры высвятленні ўнутрымалекулярнага механізму антыстоксавай флуарэсцэнцыі. Яны маюць вялікую тэарэтычную значнасць. Распрацаваныя метады разліку колькасці святла розных кратнасцей рассейвання (адлюстраванага святла і святла, якое праходзіць), а таксама метады вызначэння аптычных аб’ектаў, што пастаянна падвяргаюцца дысперсіі.

Па праблеме «Аптычныя ўласцівасці анізатропных асяроддзяў» скончана тэма «Распрацоўка новых аптычных метадаў даследавання анізатрапіі крышталёў». Былі прапанаваныя метады даследавання оптыкі анізатропных асяроддзяў. Метады аказаліся вельмі эфектыўнымі для мэт рашэння задач гэтага раздзелу навукі. Упершыню пабудавана агульная тэорыя магнітных і паглынаючых крышталёў і дадзена іх поўная класіфікацыя. Названая тэорыя дазволіла выяўляць уласцівасці паглынаючых крышталёў па святле, якое было імі адбіта. Атрыманыя дадзеныя былі пазней выкарыстаны для даследавання рудных матэрыялаў аптычнымі метадамі і былі шырока прыменены для даследавання непразрыстых крышталёў.

Па праблеме «Асноўныя геадэзічныя работы і буйнамаштабныя здымкі на тэрыторыі БССР» скончана праца «Спрошчаныя дакладныя і набліжаныя метады ўраўнаважання і ацэнкі дакладнасці складаных нівелірных сетак». У выніку даследавання атрыманы простыя спосабы рашэння складаных геадэзічных задач на ўраўнаважанні нівелірных сетак. Атрыманыя спосабы пазней былі шырока ўжыты ў геадэзічнай практыцы.

1956 г.[правіць | правіць зыходнік]

Па праблеме «Уласцівасці спінавых часціц» завершана праца па даследаванні інварыянтных уласцівасцей хвалевых функцый часціц з рознымі спінамі. Былі знойдзены выразы для хвалевых функцый, якія апісваюць разнастайныя станы элементарных часціц у форме, якая не залежыць ад выбару базісу прадстаўлення, што значна скараціла тэарэтычныя разлікі ў гэтай вобласці. Шляхам інварыянтаў атрымана гамільтанава форма ўраўненняў для часціц з сімваламі 0 і 1 (уключна з выпадкам нулявой масы спакою (ураўненні Максвела)).

Па праблеме «Тэорыя аптычных уласцівасцей анізатропных асяроддзяў» скончана праца па вывучэнні аптычных уласцівасцей аптычна актыўных крышталёў ніжэйшых сінгоній. У выніку атрыманы інварыянтныя выразы для тэнзараў аптычна актыўных крышталёў усіх класаў сіметрыі. Атрымана агульнае ўраўненне нармалей з улікам магнітных уласцівасцей крышталёў. Асноўным вынікам працы з’явілася пабудова агульнай і строгай тэорыі ўласцівасцей аптычна актыўных крышталёў усіх класаў сіметрыі, якая па шэрагу пунктаў разыходзіцца са старой набліжанай тэорыяй.

Па праблеме «Спектральны аналіз малекул і атамаў» завершана праца па оптыцы афарбаваных аб’ектаў, у тым ліку даследаванне інфрачырвоных спектраў хларафілу.

Па праблеме «Вывучэнне працэсу ўнутры- і міжмалекулярнага пераносу энергіі ўзбуджэння ў складаных малекулах» скончана вывучэнне ўнутры- і міжмалекулярнага пераносу энергіі ўзбуджэння ў арганічных комплексах рэдкіх зямель[ru] і фталімідах. Упершыню даказана, што працэсы паглынання і выпраменьвання светлавой энергіі фталіміду і яго вытворных абумоўлены элементарным электрычным дыполем. Атрыманыя формулы дазволілі больш дакладна і адназначна ў параўнанні з ранейшымі метадамі (С. І. Вавілаў і інш.) выявіць адрозненні паміж элементарнымі выпрамяняльнікамі.

Па праблеме «Асноўныя геадэзічныя работы і буйнамаштабныя здымкі на тэрыторыі БССР» скончана праца па насценнай палігонаметрыі[ru] ў гарадах БССР, распрацаваныя новыя тыпы насценных знакаў, што дазволіла ў будучым знізіць сабекошт работ. Была распрацавана методыка пракладкі асноўных палігонаметрычных хадоў і рацыянальныя формулы для разлікаў пры здымках мясцовасці. Указаныя працы знайшлі прымяненне ў геадэзічных здымках у Мінску, Гомелі і інш.

1957 г.[правіць | правіць зыходнік]

Па праблеме «Спектральны аналіз малекул і атамаў» праведзена вывучэнне спектральных уласцівасцей пігментаў у штучных і прыродных комплексах. Пацверджана, што хларафіл утвараецца з протахларафілу праз хларафілід.

Сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам імя У. І. Леніна атрыманы ўніверсальныя суадносіны паміж магутнасцю люмінесцэнцыі і каэфіцыентам паглынання, што дазваляе па контуру паласы паглынання пабудаваць контур паласы люмінесцэнцыі і наадварот. Таксама вылучаны навуковыя азначэнні паняццяў рассейвання і люмінесцэнцыі, што мела ў далейшым велізарнае значэнне пры эксперыментальных даследаваннях гэтых з’яў.

Працы па спектральным аналізе серы ў сталях дазволілі ствараць новыя метады спектральнага вызначэння серы па інтэнсіўнасці ліній жалеза.

Па праблеме «Даследаванне ўзаемадзеяння светлавой энергіі са складанымі арганічнымі і металаарганічнымі малекуламі» скончана спектральна-люмінесцэнтнае вывучэнне прадуктаў акіслення цэлюлозы. У выніку быў распрацаваны люмінесцэнтны метад даследавання кінетыкі фотахімічных рэакцый, якія суправаджаюцца зменай інтэнсіўнасці люмінесцэнцыі.

Па праблеме «Тэорыя звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў» завершаны даследаванні па знаходжанні інтэгралаў сістэм звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, якія не залежаць ад незалежнай пераменнай. У выніку распрацаваны метад пабудовы інтэгралаў, якія не залежаць ад незалежнай пераменнай, для сістэм звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў, правыя часткі якіх змяшчаюць незалежную пераменную. Праца ў далейшым мела важнае значэнне для агульнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі ўстойлівасці і праблемы Рымана.

Завершана праца «Лінейныя нільпатэнтныя групы», даказана пяць тэарэм. Асноўныя вынікі пра камплексныя нільпатэнтныя групы распаўсюджаны на важны клас рэчаісных лінейных нільпатэнтных груп.

Па праблеме «Лінейная трыянгуляцыя» завершаны даследаванні па лінейнай мікратрыангуляцыі і метадах яе ўраўнаважання. На аснове тэарэтычных даследаванняў былі прапанаваны разнастайныя формы пабудовы сетак лінейнай трыангуляцыі па плоскасці. Дадзены формулы для падліку колькасці ўмоўных раўнанняў у гэтых сетках.

1958 г.[правіць | правіць зыходнік]

Распрацаваны метад праектыўных аператараў у квантавай электрадынаміцы, які дазваляе па мінімальных паліномах асноўных і спінавых матрыц судзіць пра ўласцівасці хвалевых функцый для часціц з адвольным спінам і наборам мас спакою.

Упершыню распрацавана строгая фенаменалагічная тэорыя распаўсюджання электрамагнітных хваль у асяроддзях, якім уласцівая адвольная анізатрапія дыэлектрычных, магнітных і паглынальных уласцівасцей; атрыманы агульныя выразы, што вызначаюць палярызацыю і комплексныя паказчыкі пераламлення аднародных электрамагнітных хваль у такіх асяроддзях.

Распрацаваны асновы спектраскапіі адмоўных плыней прамянёвай энергіі, распрацавана тэорыя распаўсюджання святла ў аб’ёмах канечных памераў з улікам другасных працэсаў паглынання і выпускання рэзананснага выпраменьвання. Вынікі названых даследаванняў мелі важнае значэнне для вырашэння шэрага пытанняў люмінесцэнцыі, спектраскапіі, атмасфернай оптыкі[ru] і пад.

Выяўлена залежнасць інтэнсіўнасці спектральных ліній ад колькасці рэчыва і ўмоў яго ўзбуджэння ў прызме электрычнага зараду. Распрацаваны новы метад вызначэння колькасці рэчыва, якое паступае ў воблака разраду. Гэта ў далейшым мела вялікае значэнне пры спектральным аналізе.

Вынайдзены спосаб пабудовы агульнага рашэння ўраўнення Рыкарці агульнага выгляду з каэфіцыентамі ў выглядзе цэлых функцый камплекснага пераменнага. Для першага ўраўнення Пенлеве распрацавана пабудова рашэння ва ўсёй вобласці яго існавання пры любых пачатковых умовах. Для другога ўраўнення Пенлеве быў дадзены метад пабудовы рашэння, які залежыць ад адной вытворнай пастаяннай.

Рэарганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1959 на базе Інстытута былі створаны Інстытут фізікі (дырэктар — акадэмік Барыс Іванавіч Сцяпанаў) і Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (дырэктар акадэмік Мікалай Паўлавіч Яругін).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1955 г. — Мн., 1956.
  • Минск. Справочник-путеводитель. — Мн., 1956.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1956 г. — Мн., 1957.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1957 г. — Мн., 1958.
  • Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1958 г. — Мн., 1959.