Гарадок
Горад
Гарадок
| ||||||||||||||||||||||||||||
Гарадо́к[3] (трансліт.: Haradok) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гарадоцкага раёна, на рацэ Гаражанка. За 30 км на поўнач ад Віцебска каля возера Лугавое, на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Невель. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Невель. Насельніцтва 12 193 чалавек (2017)[4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Узнік на месцы старажытнага ўмацаванага паселішча, якое, відаць, знаходзілася ў пойме Гаражанкі. Магчыма, у позніх летапісах XVI ст. згадваецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з міфічнымі падзеямі сярэдзіны XIII ст., калі каля Гарадка нібыта адбылася бітва паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале з міфічным князем Мінгайлам. У канцы XVI ст. існаваў Гарадоцкі замак з магутнымі абарончымі валамі і пяццю вежамі. На карце Станіслава Пахалавецкага (1579), паказаныя Вялікі і Малы Гарадок. На карце Тамаша Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Быў дзяржаўнай маёмасцю. Пад 1650 г. у Гарадку ўпамінаецца Ільінская царква, пераўтвораная ва уніяцкую, у гэтым жа годзе яна была вернута праваслаўным. Паводле некаторых звестак, у XVI ст. Гарадок меў свой герб: выява ільва на залатым полі.
У складзе Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Гарадок увайшоў у склад Расійскай імперыі. 3 1777 года зрабіўся цэнтрам Гарадоцкага павета Полацкай губерні.
У 1778 годзе быў распрацаваны першы генеральны план Гарадка з рысамі класіцызму. 3 1796 года Гарадоцкі павет у Беларускай, а з 1802 года — Віцебскай губернях.
У 1781 годзе Гарадок атрымаў статус горада і новы герб з выявай Пагоні. У канцы XVIII стагоддзя ў ім 169 дамоў, у 1860 годзе — 377 дамоў, 4075 жыхароў. У горадзе працавалі фабрыка паташу, 19 дробных саматужных прадпрыемстваў, 75 крам. Былі царква, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў. У 1887 годзе ў горадзе дзейнічалі 23 прадпрыемствы, працавалі бальніца, рамесная школа, царкоўнапрыходскае вучылішча.
На працягу 2-й паловы 19 ст. паводле праекта планіроўкі 1846 горад рос уздоўж шашы Віцебск — Пецярбург. Пасля 1904 года, калі была пракладзена чыгунка, Гарадок развіваўся паміж вакзалам і рынкам. Паводле перапісу 1897 года, у Гарадку значыліся 5023 жыхары. У 1905 годзе — 21 мураваны і 834 драўляныя дамы, 6480 жыхароў. Працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын. Дзейнічалі 2 мужчынскія, 3 жаночыя вучылішчы, бальніца, 3 аптэкарскія магазіны, бібліятэка, 2 царквы, 10 сінагог.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]17 ліпеня 1924 года стаў цэнтрам Гарадоцкага раёна.
У час Вялікай Айчыннай вайны 10 ліпеня 1941 года Гарадок акупіраваны. За час акупацыі горад амаль поўнасцю разбураны, у горадзе і раёне загублена больш за 8 тыс. мірных жыхароў. Захопнікі стварылі ў Гарадку лагер смерці, дзе загінула 2,5 тыс. чалавек. 24 снежня 1943 у выніку Гарадоцкай аперацыі Гарадок вызвалілі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Пасля вайны горад паступова адбудаваўся. У 1966 годзе быў распрацаваны праект планіроўкі. У 1977 годзе прыняты генеральны план горада. Узведзены новыя мікрараёны з шматпавярховымі дамамі.
У 1997 годзе Гарадок адзначыў 220-годдзе з дня прысваення яму статуса горада.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1801 год — 1 713 чал.; 1860 год — 4 075 чал.; 1897 год — 5 023 чал. (перапіс)
- XX стагоддзе: 1905 год — 6 480 чал.; 1939 год — 7,3 тыс. чал.; 1959 год — 7,6 тыс. чал.; 1969 год — 9 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2003 год — 14,1 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2008 год — 13,6 тыс. чал.; 2009 год — 13,4 тыс. чал.; 2016 год — 12 186 чал.[5]; 2017 год — 12 193 чал.[4]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасці. Ільнозавод. Гарадок вядомы як цэнтр ганчарнага промыслу (так званая гарадоцкая кераміка). Гасцініца «Раўбічы».
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дом культуры, 2 бібліятэкі, Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей, Дом рамёстваў і фальклору. Гарадоцкая Троіцкая царква (1999).
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, Гарадоцкі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, 2 сярэднія, 8-гадовая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў
СМІ
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе выдаецца раённая газета «Гарадоцкі веснік».
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Гарадоцкі цэнтр спорту і турызму Раўбічы».
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Селішча і могільнік часоў Русі — помнікі археалогіі
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Свята-Троіцкая царква
- Паштовая станцыя (сярэдзіна XIX ст.)
- Жылыя дамы (канец XIX — пачатак XX стст.)
- Вадзяны млын
- Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў
- Помнік воінам-танкістам, якія аднымі з першых увайшлі ў горад у дзень вызвалення
- Мемарыяльны комплекс на воінскіх могілках.
- Вайсковыя могілкі (1944), пл. Леніна — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000314
- Помнік Вызвалення
- Бюст Івану Хрыстафоравічу Баграмяну
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Бэр Аршанскі (1883—1945) — савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, літаратар.
- Ангел Іванавіч Багдановіч — расійскі публіцыст.
- Сяргей Анатольевіч Багніч — беларускі вучоны ў галіне спектраскапіі арганічных злучэнняў, доктар фізіка-матэматычных навук.
- Аляксандр Георгіевіч Вышалескі (1892—1950) — беларускі архітэктар.
- Цодзік Львовіч Даўгапольскі — яўрэйскі пісьменнік.
- Настасся Віктараўна Дубарэзава — беларуская біятланістка.
- Аляксандр Арсенцьевіч Дудкін — беларускі вучоны.
- Леў Абрамавіч Дымшыц (1896—1968) — савецкі вучоны-афтальмолаг. Доктар медыцынскіх навук, прафесар[6].
- Анатоль Іванавіч Ерашоў (нар. 1936) — вучоны ў галіне ветэрынарнай вірусалогіі, мікрабіялогіі і радыяцыйнай біялогіі.
- Ігар Паўлавіч Каўрыга — кандыдат тэхнічных навук, прафесар.
- Яўхім Яўсеевіч Кліёнскі (1892—1961) — савецкі фтызіятр. Доктар медыцынскіх навук, прафесар[7].
- Іван Андрэевіч Крумін — Герой Савецкага Саюза.
- Фрына Львоўна Лейтман (1921—1995) — беларускі мастацтвазнаўца[8].
- Людміла Пятроўна Луцэвіч (нар. 1948) — беларускі архітэктар.
- Юзаф Маралёўскі — паэт, педагог.
- Зіновій Міронавіч Масарскі (1928—2014) — савецкі хормайстар. Заслужаны артыст Літоўскай ССР. Прафесар[9].
- Барыс Аляксандравіч Нікалаеў — беларускі вучоны, кандыдат хімічных навук, дацэнт.
- Аляксандр Пятровіч Сабалеўскі — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза.
- Уладзімір Канстанцінавіч Слабін — беларускі вучоны.
- Аляксандр Сяргеевіч Паварэха — беларускі вучоны, кандыдат тэхнічных навук.
- Міхаіл Валянцінавіч Пузыроў — беларускі вучоны, кандыдат фізіка-матэматычных навук.
- Леанід Сяргеевіч Пузырэўскі — беларускі вучоны, доктар эканамічных навук, прафесар.
- Уладзімір Сцяпанавіч Сідараў — беларускі вучоны, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.
- Уладзімір Якаўлевіч Хазанскі — беларускі журналіст, пісьменнік.
- Аркадзь Сямёнавіч Шофман (1913—1993) — гісторык, доктар гістарычных навук, заслужаны дзеяч навукі Татарстана.
- Данііл Сямёнавіч Шофман (1917—1976) — савецкі мастак[10].
- Леанід Ісакавіч Шофман — беларускі вучоны.
Фотагалерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
У цэнтры - Краязнаўчы музей. 2009 год.
-
Помнік танкістам, удзельнікам вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
-
Валун з мемарыяльнай дошкай, прысвечаны паэме «Тарас на Парнасе» каля краязнаўчага музея.
-
Від на возера Лугавое і ўрочышча Вераб’ёвыя горы.
-
Плошча Леніна (2012)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ http://aprilpublish.ru/oftalmologi-19-20-veka/dymshic-lev-abramovich-1896-1968.html
- ↑ https://www.rujen.ru/index.php/КЛИОНСКИЙ_Ефим_Евсеевич
- ↑ https://socrealizm.com.ua/gallery/artist/leitman-fl-1921
- ↑ https://www.conservatory.ru/esweb/massarskiy-zinoviy-mironovich-1929-2014
- ↑ http://www.shr-khv.ru/content/section_1354409838/
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадок // Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі / рэд. Л. К. Калошына. — Мн., 1981. — С. 61—62.
- Гарадок // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт. — склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С.122—124.
- Шагалеева Т. А. Гарадок і яго жыхары ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. / Т. А. Шагалеева // Памяць: Гарадоцкі р-н: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. І. Садоўская; рэдкал. Н. А. Бурунова і інш. — Мн., 2004. — С. 130—147.
- Городок // Города Беларуси. Витебщина. — Мн., 2006. — С. 78—79.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў. / Маст. А. П. Бажэнаў. — Мн.: Полымя, 1998. — С. 145. — 287 с. — 5000 экз. — ISBN 985-07-0131-5
- Гарадок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 477. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гарадок
- Геаграфічныя звесткі па тэме Гарадок на OpenStreetMap
- Прыдзвінскі край — Горад Гарадок
- Легенда пра Гарадок
- Horodek // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. — S. 133.
- Надвор’е ў горадзе Гарадок
- Анна Наумова В праздновании 80-летия освобождения Городка и Городокского района принял участие внук маршала Баграмяна // СБ. Беларусь сегодня