Мінскае ўзвышша
Мінскае ўзвышша займае найбольш высокую частку Беларускай грады і ўсёй Беларусі. На ўзвышшы размешчана сталіца Беларусі г. Мінск, большыя або меншыя часткі Барысаўскага, Валожынскга, Вілейскага, Дзяржынскага, Крупскага, Лагойскага, Маладзечанскага, Мінскага, Смалявіцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Узвышша працягнулася з паўднёвага захаду на паўночны ўсход больш чым на 150 км, з захаду на ўсход, у самым шырокім месцы, амаль на 120 км; плошча 7,3 тыс. км². Узвышша мяжуе на поўдні са Стаўбцоўскай раўнінай, на ўсходзе — з Верхнебярэзінскай нізінай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай, на поўначы — са Свянцянскімі градамі, на захадзе — з Ашмянскім узвышшам і Нарачана-Вілейскай нізінай. Вылучаюцца тры найвышэйшыя пункты Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узроўнем мора), Лысая гара (342 м) і Маяк (335 м). Над суседнімі нізінамі і раўнінамі ўзвышша прыўзнята на 150 м і больш. Рэльеф буйна-ўзгорысты, градава-ўзгорысты і ўзгорысты, перасечаны рачнымі далінамі, лагчынамі, месцамі шматлікімі ярамі. Трапляюцца озавыя грады і камавыя масівы.
На Мінскім узвышшы вылучаюць асобныя часткі, якія маюць сваю геалагічную гісторыю і сваё аблічча:
- Аляхновіцкае ўзвышша,
- Докшыцкае ўзвышша,
- Івянецкае ўзвышша,
- Лагойскае ўзвышша,
- Плешчаніцкае ўзвышша,
- Радашковіцкае ўзвышша.
Паводле новых даследаванняў, да Мінскага ўзвышша трэба адносіць і Валожынскае ўзвышша, якое па традыцыі разглядаюць як усходняе крыло Ашмянскага ўзвышша.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]Мінскае ўзвышша складзена з уласна ледавіковых (марэна) і водна-ледачіковых (пяскі і жвір) адкладаў, якія намножыліся за час не менш як трох зледзяненняў. Паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія схілы ўзвышша месцамі ўкрыты лёсападобнымі пародамі, што намножыліся ў час апошняга паазерскага зледзянення, калі ледавік падступаў да Мінскага ўзвышша.
На ўзвышшы выяўлены радовішчы пяску, жвіру, керамічнай сыравіны, падземных, у тым ліку мінеральных вод.
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Мінскае ўзвышша з’яўляецца часткай водападзелу паміж басейнамі рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. На яго схілах бяруць пачатак рэкі: басейна Нёмана — Вілія і яе левыя прытокі Сэрвач, Дзвінаса, Ілія; Заходняя Бярэзіна з Іслаччу, Сула і Уса. Тут пачынаюцца таксама рэкі басейна Дняпра — дняпроўская Бярэзіна і яе прытокі Поня, Гайна, Пліса, Свіслач, Пціч. Для водазабеспячэння і адпачынку насельніцтва створаны вадасховішчы на Свіслачы (Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды), на р. Вяча (вадасховішча Вяча), на р. Пціч (Воўкавіцкае вадасховішча). Па тэрыторыі ўзвышша праходзіць канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
Расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]Найбольшая разаранасць (каля 50 %) назіраецца на поўдні ўзвышша. Лясістасць на поўначы складае да 40-50 % (хваёвыя бары), на поўдні паніжаецца да 10-20 %. Балоты нешматлікія, пераважна асушаныя. Пашыраны яры.
Выдатныя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]Мінскае ўзвышша вылучаецца маляўнічасцю краявідаў. Тут знаходзяцца Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», спартыўны комплекс «Раўбічы», курорты, зоны адпачынку.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 62-63.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мапа найвышэйшых геаграфічных кропак Мінскай вобл.(недаступная спасылка) (руск.)