Януш Радзівіл (1612—1655)
Януш Радзівіл (2 снежня 1612, Папелі, Вількамірскі павет — 1655, Тыкоцін) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).
Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Папелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Літвы, Любчу ў Новагародскім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім павеце. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Мсціслаўскае і іншыя староствы[8]. Князь Свяшчэннай Рымскай Імперыі на Біржах і Дубінках.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштафа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузен Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм.
Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, у 16 гадоў выехаў дзеля навучання за мяжу. Працягваў адукацыю ў Лейпцыгскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім універсітэтах, наведаў Францыю і Англію.
У 1633 годзе, наняўшы ў Нідэрландах 1 тысячу пяхотнікаў і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне[9]. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 годзе пасаду польнага гетмана літоўскага, надзвычай паспяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 года разбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама — войска казацкага палкоўніка Нябабы і без бітвы здабыў Кіеў.
Фундаваў кальвінісцкія зборы і школы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апекваўся пратэстанцкімі супольнасцямі, фінансаваў атрыманне адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах мясцовай пратэстанцкай моладзі.
У палітычных дачыненнях быў прыхільнікам ідэі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосці ў Вільні ў прысутнасці манарха кінуў польскім сенатарам: «Пагарды, столькі разоў праяўленай, літоўскі народ няздольны вытрымаць! Прыйдзе час, і палякі да дзвярэй не патрапяць, праз вокны іх выкідваць будзем»[10]. Дзеля гэтага ўжо ў 1649 годзе спрабаваў наладзіць кантакты са Швецыяй. Ненавідзеў караля Яна Казіміра. Стаўшы ў 1653 годзе ваяводам віленскім, а ў 1654 — вялікім гетманам, засяродзіў у сваіх руках практычна ўсю ўладу ў Вялікім Княстве.
Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у бітве пад Шкловам 12 жніўня 1654 года і паражэнне ў бітве пад Шапялевічамі 24 жніўня 1654 года. Паранены, ледзь пазбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава, далей скіраваўся на Менск збіраць войска. У студзені 1655 года спрабаваў адбіць Магілёў.
Кейданская унія
[правіць | правіць зыходнік]Пасля заняцця маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 года большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складанне уніі з шведскім каралём Карлам Густавам, якая была падпісаная 17 жніўня 1655 года ў Кейданах. Паводле гэтага дагавора Вялікае Княства Літоўскае выходзіла са складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў федэратыўны саюз з Швецыяй. Аднак акт Кейданскай уніі не быў ажыцёўлены. Супраць Я. Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай верных сіл ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, абложаны войскам Паўла Сапегі, адданым каралю. Неўзабаве памёр. Паводле некаторых звестак, быў атручаны, бо на целе выступілі плямы.
Пахаваны ў Кейданскім кальвінскім зборы.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Першы раз ажаніўся ў 1638 годзе з Кацярынай Патоцкай, другі — у 1645 годзе з Марыяй, дачкой малдаўскага гаспадара Васіля Лупу. У першым шлюбе меў дачку Ганну Марыю, якая выйшла замуж за Б. Радзівіла і прынесла яму ў пасаг бацькавы ўладанні. Першы шлюб зблізіў Януша Радзівіла з каталікамі, другі — з праваслаўнымі[8].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Жывапіс
[правіць | правіць зыходнік]-
Давід Байі, 1632 г.
-
Б. Стробель, 1634 г.
-
Невядомы мастак, каля 1652 г.
-
Невядомы мастак, 1733—1737 гг.
-
Невядомы мастак, каля 1888 г.
Графіка
[правіць | правіць зыходнік]-
Невядомы мастак, 1640-я гг.
-
В. Гандзіюс, XVII ст.
-
Невядомы мастак, 1646—1653 гг.
-
Невядомы мастак, каля 1650 г.
-
C. Merian, 1653 г.
-
J. Meyssens, 1670 г.
-
М. Лянг, 1671 г.
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
К. Рачынскі, 1838 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
-
В. Герсан, 1860—1862 гг.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імя Януша Радзівіла атрымаў Радзівілаўскі летапіс.
Я. Радзівіл — адзін з персанажаў гістарычнага раману польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча «Патоп» (1884—1886).
Зноскі
- ↑ https://rkd.nl/explore/artists/459663 Праверана 22 жніўня 2017.
- ↑ Janusz Radziwiłł // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ RKDartists Праверана 26 жніўня 2017.
- ↑ Janusz Radziwiłł h. Trąby // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в г Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 11 жніўня 2023.
- ↑ а б ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Біяграфічныя звесткі // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ↑ Pamiętniki Albrychta Stanisława X. Radziwiłła, — T. 1, — Poznań, — 1839, — str. 327
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Барэвіч А. Староста барысаўскі Януш Радзівіл(недаступная спасылка) // «Гоман Барысаўшчыны» № 3 (108), 2008.
- Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 501. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 143, [2] с.: іл. — ISBN 5-343-01637-5.
- Шышыгіна-Патоцкая К. Я. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: Беларусь, 2007. — 240 с.: іл. ISBN 978-985-01-0740-4.
- Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т.34. Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654—1667). — Вильна, 1909. — С. 98—100.
- Барэвіч А. Староста барысаўскі Януш Радзівіл // «Гоман Барысаўшчыны» № 3(108), 2008;
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 143, [2] с.: іл. — ISBN 5-343-01637-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Януш Радзівіл (1612—1655)
- Жыццяпіс Януша Радзівіла
- Старосты мсціслаўскія
- Гетманы вялікія літоўскія
- Ваяводы віленскія
- Гетманы польныя літоўскія
- Старосты жамойцкія
- Падкаморыя вялікія літоўскія
- Нарадзіліся 12 снежня
- Нарадзіліся ў 1612 годзе
- Нарадзіліся ў Вількамірскім павеце (Вялікае Княства Літоўскае)
- Памерлі 31 снежня
- Памерлі ў 1655 годзе
- Памерлі ў Тыкоціне
- Пахаваныя ў Літве
- Радзівілы
- Выпускнікі Слуцкай гімназіі
- Выпускнікі Лейдэнскага ўніверсітэта
- Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта
- Асобы
- Нарадзіліся 2 снежня
- Сенатары Рэчы Паспалітай
- Старосты барысаўскія
- Старосты быстрыцкія