Валожын
Горад
Валожын
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Вало́жын[4] (афіц. транс.: Valožyn) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Валожынскага раёна, на рацэ Валожынцы. У 75 км ад Мінска, 17 км ад чыгуначнай станцыі Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, каля аўтастрады Мінск—Гродна. Насельніцтва 10 276 чал. (2017)[3].
Гісторыя
Вядомы з 14 ст. Паводле Хронікі Быхаўца, у 1440-я г. Валожын належаў невядомым з крыніц князям Валожынскім і быў канфіскаваны ў іх за ўдзел у змове супраць вялікага князя Казіміра Ягелончыка ў 1445 г. Каля 1450 г. Казімір Ягелончык даў Валожын віленскаму ваяводу Я. Манівідавічу, у 1484 г. — В. М. Вярэйскаму. У 1492 г. упершыню ўпамінаецца валожынскі касцёл. У пач. 16 ст. належаў С. В. Вярэйскай і яе мужу А. Гаштольду; у Валожыне дзейнічалі Спаская і Пятніцкая цэрквы. З 1549 г. уласнасць вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, кіраўваўся дзяржаўцамі. З 1551 г. — мястэчка. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 г. у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У 1582 г. маёнтак Валожын — уласнасць вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога. У 1614 г. вялікі гетман літоўскі К. Радзівіл прадаў Валожын з маёнткам кашталяну менскаму і жамойцкаму А. Служку. У 1681 г. маршалак надворны Ю. Б. Служка заснаваў у Валожыне касцёл і манастыр бернардзінцаў (скасаваны ў 1864), пры манастыры дзейнічала школа. У 1683 г. заснавана праваслаўнае брацтва. З канца 17 ст. цэнтр староства. У пач. 18 ст. у Валожыне 107 двароў, 5 вуліц, 2 царквы, 2 касцёлы. У 1710 г. узведзена драўляная уніяцкая царква. З 1738 г. Валожын уладанне князёў Чартарыйскіх, з канца 18 ст. — Радзівілаў, Чартарыйскіх і Тышкевічаў. У 1790 г. у мястэчку 186 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. у складзе Расійскай імперыі.
У 1806—1892 г. у Валожыне дзейнічала яўрэйская духоўная акадэмія (Валожынская ешыва).
З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета. З 1939 у БССР, з 15 студзеня 1940 г. цэнтр раёна ў складзе Баранавіцкай вобласці, з 20 верасня 1944 г. — у складзе Маладзечанскай вобласці, з 20 студзеня 1960 г. — у складзе Мінскай вобласці.
Насельніцтва
- XXI стагоддзе: 2004 — 11,4 тыс. чал.; 2006 — 11,3 тыс. чал.; 2007 — 11,2 тыс. чал.; 2016 — 10 329 чал.[5]; 2017 — 10 276 чал.[3]
Эканоміка
Аснову эканомікі складаюць прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Валожын».
Культура
Валожынскі краязнаўчы музей.
У 2000 і 2007 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[6][7].
Славутасці
- Палац Тышкевічаў
- Касцёл Святога Іосіфа
- Царква Роўнаапостальных Канстанціна і Алены
- Свята-Увазнясенская капліца
- будынак Валожынскай ешывы (1806)
- гарадская забудова (пач. 20 ст.)
Вядомыя асобы
- Стары Улас (У. П. Сівы-Сівіцкі; 1865—1939), беларускі пісьменнік
- Ізраіль Рагозін (1887—1971), амерыканскі прадпрымальнік у тэкстыльнай прамысловасці і дабрачынец, бацька рэжысёра Лаянала Рагозіна.
- Дыяна Арбеніна
- Юзаф Беркман
- Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова, беларуская актрыса
- Хаім Салавейчык, галоўны рабін Брэста, вядомы тлумачальнік Талмуда
- Алег Ігнатавіч Таўгень, беларускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук (1993, Камбінаторныя метады ў тэорыі лінейных і арыфметычных груп), прафесар (1995).
Цікавыя звесткі
-
Срэбраная памятная манета, 10 рублёў, Валожынская iешыва, 2010.
-
Срэбраная памятная манета, 10 рублёў, Валожынская іешыва, 2010.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ а б https://web.archive.org/web/20211005105835/https://kodeksy-by.com/norm_akt/source-%D0%9C%D0%B8%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B9%20%D0%BE%D0%B1%D0%BB%D1%81%D0%BE%D0%B2%D0%B5%D1%82/type-%D0%A0%D0%B5%D1%88%D0%B5%D0%BD%D0%B8%D0%B5/54-19.09.2018.htm
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ а б в Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ «Адна зямля» – заўсёды свята//«Рэгіянальная газета», 30 чэрвеня 2000 г., № 26 (271)
- ↑ «Адна зямля» – звонкагалосая песня//«Рэгіянальная газета», 6 ліпеня 2007 г., № 27 (633)
Літаратура
- Воложин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
- Города, местечки и замки Великого княжества Литовского: Энциклопедия. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 312 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-11-0432-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Валожын
- Геаграфічныя звесткі па тэме Валожын на OpenStreetMap
- Гісторыя Валожына i Валожынскага раёна