Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў
Тып арганізацыі грамадская арганізацыя
Заснаванне
Дата заснавання 2020
Матчыная арганізацыя Народнае антыкрызіснае кіраванне
ekrp.org/ekrp/

Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў (АКРЗ) — анлайн-платформа і адзіны архіў дадзеных аб злачынствах, якія былі здзейснены супрацоўнікамі беларускіх сілавых органаў. Праект распачаты ў 2020 годзе Народным антыкрызісным кіраваннем.

Мэтай праекта з’яўляецца стварэнне базы асоб, якія маюць дачыненне да парушэння правоў чалавека падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі, і збор доказаў учыненых злачынстваў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

13 лістапада 2020 года Святлана Ціханоўская абвясціла аб стварэнні «народнага трыбунала», які зоймецца зборам доказаў злачынстваў беларускіх уладаў. Ціханоўская заявіла, што актывісты працуюць над стварэннем цэнтралізаванай сістэмы фіксацыі і пацверджання сведчанняў злачынстваў і заклікала супрацоўнікаў сілавых структур прадстаўляць відэа і іншыя сведчанні выканання злачынных загадаў, бо тыя, хто гэта зробіць, па яе словах, змогуць разлічваць на амністыю альбо змякчэнне крымінальнай адказнасці[1].

1 снежня Святлана Ціханоўская абвясціла аб запуску анлайн-платформы «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў», дзе будуць збірацца сведчанні аб затрыманнях і катаваннях, учыненых супрацоўнікамі беларускіх сілавых органаў, а таксама імёны вінаватых. Праект быў рэалізаваны Народным антыкрызісным кіраваннем, каманда распрацавала платформу на працягу двух месяцаў. На прэс-канферэнцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што праект накіраваны на супрацоўнікаў сілавых органаў, якіх уцягнулі ў рэпрэсіўную машыну. Як адзначыў адзін з заснавальнікаў BYPOL Андрэй Астаповіч, змякчэнне пакарання будзе толькі ў тым выпадку, калі на момант заявы гэты чалавек не прызнаны падазраваным. Удзельнікамі праекта таксама могуць быць грамадзяне, якія сталі сведкамі або ахвярамі катаванняў і гвалту з боку сілавых органаў[2][3][4].

Па сведчанні Каардынацыйнай рады, у распрацоўцы ўдзельнічалі былыя супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, эксперты ў галіне крымінальнага права, юрысты, адвакаты, суддзі. Сайт праекта знаходзіцца на серверах за межамі Беларусі. Звесткі аб парушэннях законнасці будуць правярацца юрыстамі, якія таксама будуць рыхтаваць матэрыялы для падачы ўзбуджэння крымінальных спраў у Беларусі і на міжнародным узроўні. Сабраныя доказы будуць перадавацца ў АБСЕ, Савет Еўропы і суд універсальнай юрысдыкцыі ў Літве. Каманда Святланы Ціханоўскай будзе рыхтаваць рэкамендацыі па ўключэнні асоб, у дачыненні да якіх сабраны рэальныя доказы, у санкцыйныя спісы[5].

Частка матэрыялаў была апублікаваная 20 снежня 2020 года, у тым ліку датычныя разгрому мінскай кавярні O’Petit, прымянення катаванняў, вынясення неправасудных рашэнняў судамі і іншых злачынстваў[6].

12 студзеня 2022 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў і іншыя інтэрнэт-рэсурсы ініцыятывы BYPOL[7].

Зноскі

  1. Ціханоўская аб’явіла аб стварэнні Народнага трыбунала ў Беларусі РБК
  2. Латушко: Вслед за олигархом под санкции попадет его бизнес. Возможно, и партнеры, и банки, которые с ним сотрудничают. Архівавана 4 чэрвеня 2021. Наша Ніва (9 снежня 2020)
  3. Тихановская объявила сбор свидетельств о пытках и избиениях белорусов. Lenta.ru (1 снежня 2020)
  4. Евгения Браун. Тихановская создает Единую книгу регистрации преступлений: и предлагает силовикам сдаться. Белновости (1 снежня 2020)
  5. Андрей Рудь. В сети появились новые видео о действиях силовиков и протестующих Архівавана 17 снежня 2020. — Люди Onliner. Onliner.by (17 снежня 2020)
  6. Иллюзия безнаказанности должна исчезнуть. Латушко о единой книге регистрации преступлений Архівавана 20 студзеня 2021.. Intex-press (2 снежня 2020)
  7. Интернет-ресурсы BYPOL признаны экстремистскими материалами (руск.). Reform.by (20 студзеня 2022). Праверана 21 студзеня 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]