Перайсці да зместу

Антон Гадзімавіч Матолька

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антон Гадзімавіч Матолька
Род дзейнасці фатограф, блогер, інтэрнэт-актывіст
Дата нараджэння 4 чэрвеня 1988(1988-06-04) (36 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
Сайт motolko.com

Антон Гадзімавіч Матолька (руск.: Антон Гадимович Мотолько; нар. 4 чэрвеня 1988(1988-06-04), Мінск) — беларускі фатограф, блогер, грамадскі актывіст. Заснавальнік анлайн-праекта па дапамозе ў вырашэнні гарадскіх праблем «МотолькоПомоги» і ваеннага маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн».

Раннія гады. Журналісцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў у 2004 годзе сярэднюю школу № 51 Мінска. Навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, потым у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці. Працаваў фатографам. Здымаў рэпартажы для буйных выданняў з конкурсаў прыгажосці, канцэртаў, важных грамадскіх мерапрыемстваў. Супрацоўнічаў з інтэрнэт-парталам «TUT.BY»[1].

У 2015 годзе стаў уладальнікам прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» ў намінацыі «Журналіст года».

У 2016 годзе адбыўся суд Антона Матолькі супраць Белтэлерадыёкампаніі, якая ў сакавіку 2015 года размясціла два фотаздымкі паўночнага ззяння без дазволу аўтара. Матолька патрабаваў выплаціць яму кампенсацыю за кожны здымак. Суд вырашыў, што фотаздымкі паўночнага ззяння не з’яўляюцца аб’ектам аўтарскага права, бо гэта прыродная з’ява, а не вынік творчасці[2].

Грамадскі актывізм

[правіць | правіць зыходнік]

У 2018 годзе разам з заснавальнікам крамы нацыянальных тавараў «Symbal.by» Паўлам Белавусам і блогерам Эдуардам Пальчысам удзельнічаў у арганізацыі канцэрта стагоддзя абвяшчэння БНР на Траецкай Гары ў Мінску[3]. Для правядзення канцэрта арганізатары сабралі больш за 36 тысяч рублёў на платформе talaka.org[4].

Антон Матолька быў актыўным удзельнікам партала электронных зваротаў «Зручны горад» — petitions.by. Ініцыятар зваротаў, якія мелі шырокі грамадскі рэзананс: супраць ваенных парадаў у горадзе Мінску; патрабаванне адстаўкі міністра абароны пасля смерці салдата Коржыча; супраць усталявання кіёскаў гандлёвай сеткі «Табакерка» ў Мінску; за выкарыстанне беларускай мовы пры інфармаванні аб таварах і паслугах і іншыя.

Заснавальнік і адміністратар папулярнага тэлеграм-канала «МотолькоПомоги». Першапачаткова канал ладзіўся для асвятлення праблем добраўпарадкавання ў гарадах Беларусі. Летам 2020 года ў канале пра выбарчую кампанію пачалі пераважаць паведамленні пра палітычныя падзеі. Найбольшая колькасць публікацый (каля 1,5 тысяч у месяц) прыйшлася на перыяд са жніўня па лістапад 2020 года, калі ў Беларусі праходзілі буйныя акцыі пратэсту. Менавіта гэта і зрабіла канал папулярным: па стане на чэрвень 2020 года тут было толькі 9 тысяч падпісчыкаў, а ў лістападзе 2020 года іх было ўжо больш за 127 тысяч, колькасць штомесячных праглядаў узрасла за адпаведны перыяд больш чым у 50 разоў да 103 млн праглядаў.

Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў Антон Матолькі з’ехаў з Беларусі. Неўзабаве пасля пачатку палітычнага крызісу блогер трапіў пад пераслед рэжыму Лукашэнкі. У сакавіку 2021 года Следчы камітэт Мінска ўзбудзіў супраць Антона Матолькі крымінальную справу паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў), ч. 1 арт. 361-1 (утварэнне экстрэмісцкага фарміравання), па ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Таксама паведамляецца, што блогер мае дачыненне да злачынстваў паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) і паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Як паведамляецца, азначаныя дзеянні ён здзейсніў з ужываннем тэлеграм-канала[5].

Тэлеграм-канал Антона Матолькі быў прызнаны экстрэмісцкім паводле пастановы суда Партызанскага раёна Мінска ад 23 сакавіка 2021 года[6]. 17 сакавіка 2022 года канал Матолькі быў аб’яўлены экстрэмісцкім фарміраваннем паводле рашэння МУС Беларусі[7]. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць[8].

  1. Сайт белорусского фотографа Антона Мотолько(недаступная спасылка). web.archive.org (10 мая 2010). Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2010. Праверана 16 студзеня 2025.
  2. Блогер проиграл суд БТ, которая использовала его фотографии северного сияния (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 16 студзеня 2025.
  3. Інтэрв’ю арганізатараў канцэрта на Дзень Волі Архівавана 25 сакавіка 2021.
  4. Збор грошаў на святкаванне 100 год абвяшчэння БНР Архівавана 6 сакавіка 2022.
  5. Узбуджана крымінальная справа супраць Антона Матолька(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2021. Праверана 9 сакавіка 2022.
  6. Тэлеграм-канал блогера апынуўся ў спісе экстрэмісцскіх матэрыялаў Архівавана 29 сакавіка 2021.
  7. Тэлеграм-канал Матолькі — цяпер экстрэмісцкае фарміраванне. Новы Час (17 сакавіка 2022). Праверана 26 сакавіка 2022.
  8. БАЖ: Патрабуем спыніць практыку выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды слова(недаступная спасылка). Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2021. Праверана 22 снежня 2021.