Плошча Перамен

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Плошча Перамен, таксама вядомая як двор перамен і плошча ды-джэяў перамен — неафіцыйная назва двара ў Мінску на скрыжаванні вуліц Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракта. Утварылася ў жніўні 2020 года, падчас пратэстаў пасля шостых прэзідэнцкіх выбараў. Асноўнай часткай двара з’яўляецца дзіцячая пляцоўка, абсталяваная на сродкі жыхароў суседніх дамоў.

У сярэдзіне жніўня 2020 года на сцяне вентыляцыйнай будкі ў цэнтры двара невядомыя стварылі партрэты гукааператараў з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага, якія незапланавана ўключылі запіс песні Віктара Цоя «Перемен!» на афіцыйным мерапрыемстве 6 жніўня 2020 года ў Кіеўскім скверы. Мурал з выявай гукааператараў, пачынаючы з сярэдзіны жніўня 2020 года, шмат разоў замалёўвалі супрацоўнікі камунальных службаў, а жыхары навакольных дамоў адмывалі або стваралі наноў[1]. Пэўны час у верасні 2020 года над будкай вісела шыльда з надпісам «Площадь Перемен»[2].

З канца жніўня да пачатку лістапада 2020 года жыхары суседніх дамоў запрашалі музыкаў на вечаровыя канцэрты, самаадукоўваліся на лекцыях і ўпрыгожвалі прастору нацыянальнай сімволікай[3].

Забойства Бандарэнкі[правіць | правіць зыходнік]

11 лістапада невядомыя прыехалі зразаць з плота бела-чырвона-белыя стужкі. Падчас спрэчак з невядомымі 31-гадовы мінчук Раман Бандарэнка зрабіў нейкую заўвагу. Па сведчаннях відавочнікаў, адзін з невядомых агрэсіўна спытаў у яго «Ты чаго дзёрзкі такі?» і моцна штурхануў Рамана. Той ударыўся галавой аб дзіцячую горку і ўпаў[4]. Збіццё працягвалі двое іншых невядомых, а пасля панеслі Бандарэнку за рукі і ногі ў мікрааўтобус, які адразу з’ехаў[3]. Праз некаторы час у Цэнтральнае РУУС  (бел. (тар.)) была выклікана хуткая дапамога, якая забрала Бандарэнку непрытомным[5]. Уначы зноў быў апаганены мурал, постаці дыджэяў замаляваныя зялёнай фарбай з выявамі чырвоных зорак[3].

Раман Бандарэнка паступіў у рэанімацыйнае аддзяленне мінскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі 12 лістапада ў 00.05, дзе яму дыягнаставалі цяжкую закрытую чэрапна-мазгавую траўму, вострыя субдуральныя гематомы на галаве, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак[4]. Знаходзіўся ў стане комы, была праведзена аперацыя[6], але праз цяжкі стан выратаваць мужчыну не ўдалося, ён памёр увечары 12 лістапада[3].

Адразу пасля весткі пра смерць Бандарэнкі людзі пачалі стыхійна сцякацца да плошчы Перамен, каб ускласці кветкі і запаліць лампадкі. На плошчы сабраліся некалькі тысяч чалавек, які скандавалі «Не забудземся, не даруем», «Мы спынім гэты фашызм»[7][8].

Знішчэнне мемарыяла[правіць | правіць зыходнік]

У нядзелю 15 лістапада дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на марш памяці замучанага Рамана Бандарэнкі, запланавы маршрут пралягаў ад станцыі метро «Пушкінская» да «плошчы Перамен». Сілавікі не далі сфармавацца калонам, але людзі масава падыходзілі да народнага мемарыяла. Для разгону пратэстоўцаў у раёне «плошчы Перамен» была сцягнута вялікая колькасць сілавікоў, ужыты святлошумавыя гранаты, вадамёты. Рэшту людзей вакол мемарыяла ўзялі ў атачэнне, частку з іх затрымалі. Сотні чалавек схаваліся ў кватэрах і падвалах дамоў вакол плошчы Перамен, унікаючы арышту. Сілавікі зладзілі аблавы, затрымлівалі тых, хто не быў прапісаны там, правяралі аўто, што выязджалі з падземнага гаража. Ачапленне двара трымалася прыблізна 16 гадзін. Мемарыял быў цалкам вынішчаны, кветкі вывезены на могілкі за горад[9]. Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія вялі стрым з месца падзеі, былі арыштаваныя, а ў лютым 2021 года прыгавораныя да 2 гадоў зняволення[10][11].

Каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі асудзіў разбурэнне мемарыяла і арышты[12]:

" Мы ўсе добра ведаем і бачым, што адбываецца ў нашай каханай Беларусі. Насілле, гвалт, катаванні, зневажанне чалавечай годнасці, агрэсія з боку дзяржаўных сілавых структур у адносінах да мірных грамадзян нашай краіны. Сённяшнія паводзіны сілавікоў паказваюць павялічэнне страху і боязі дзяржаўнай улады ў дачыненні да беларускага народа. Разбурэнне народнага мемарыяла, які паўстаў на месцы брутальнага захопу Рамана Бандарэнкі, быў чарговай спробай знішчыць усё тое высакароднае, чыстае, светлае, што ёсць у нашых людзей. "

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сяргей Лепін выказаўся яшчэ больш рэзка, назваўшы барацьбу з мемарыялам «сатанінскім патаптаннем знічоў і абразкоў»[13].

На нарадзе 17 лістапада 2020 г. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «могілкі і мемарыялы — гэта псіхалагічнае ўздзеянне на насельніцтва»[14], ён таксама зачытаў выказванні Касабуцкага і Лепіна і запатрабаваў, каб праваахоўныя органы далі ім ацэнку. Ужо 18 лістапада Генеральная пракуратура Беларусі абвясціла абодвум іерархам афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння закона, заявіўшы, што іх выказванні «распальваюць нянавісць да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, у тым ліку праваахоўных органаў»[15].

У ноч на 8 мая 2021 г. невядомыя аднавілі мурал «Дыджэяў перамен»[16], аднак на ранку таго ж дня ён быў зафарбаваны[17]. У чэрвені 2021 г. стала вядома, што 14 мая быў затрыманы Васіль Логвінаў, якога разам з іншымі грамадзянамі следчыя органы абвінавацілі ў стварэнні малюнка «Дыджэяў перамен» 7 мая. Паводле следства, ён здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса РБ (хуліганства). Праваабарончыя арганізацыі лічаць В. Логвінава палітычным зняволеным і ў заяве ад 11 чэрвеня 2021 г. запатрабавалі яго вызвалення[18].

Вобраз у мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

На аснове падзей на «Плошчы Перамен» створана аднайменная фотакніга. Збор сродкаў на яе выпуск здзяйснялі на пляцоўцы Kickstarter.[19] Прэзентацыя адбылася 18 жніўня 2022 года ў Варшаве.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. найти в Минске «Площадь перемен». На Яндекс.картах появилось легендарное место(недаступная спасылка) // Telegraf.by
  2. https://belisrael.info/?p=25398
  3. а б в г Загінуў збіты Раман Бандарэнка з плошчы Перамен
  4. а б «В операционную привезли уже в коме». Неизвестные во дворе снимали ленты, избили парня, он в реанимации Архівавана 18 лістапада 2020.
  5. Збітага Рамана Бандарэнку з «плошчы Перамен» хуткая забрала з міліцыі непрытомным
  6. «Ён між жыццём і смерцю»: медык расшыфраваў скарот «ШКГ 4б» з выпіскі збітага Бандарэнкі
  7. «Все в шоке, понимаете?» Как тысячи минчан несли цветы во «двор перемен» в память об умершем соседе Архівавана 19 лістапада 2020.
  8. Людзі нясуць і вязуць кветкі да мурала на плошчы Перамен
  9. Асноўнае на гэты момант: людзі на вуліцах ва ўсёй Беларусі, больш за 1000 затрыманых. Сілавікі разграмілі мемарыял на плошчы Перамен
  10. Польскі прэзыдэнт заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак «Белсату» — Радыё Свабода, 18 лютага 2021 г.
  11. Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭА — Радыё Свабода, 18 лютага 2021 г.
  12. Біскуп Касабуцкі: Паводзіны сілавікоў паказваюць павелічэньне страху перад народам Архівавана 18 лістапада 2020.
  13. Прэс-сакратар БПЦ назваў барацьбу з мемарыяламі Бандарэнкі «сатанінскім»
  14. Лукашэнка — пра мемарыял Бандарэнкі: спартовую пляцоўку ператварылі ў могілкі
  15. Пасьля абурэньня Лукашэнкі генпракуратура вынесла папярэджаньне протаіерэю Лепіну і біскупу Касабуцкаму Архівавана 18 лістапада 2020.
  16. Ксения Фрилетова.В Минске восстановили изображение диджеев во дворе на Червякова // Newsbel.by
  17. https://belisrael.info/?p=28036
  18. http://spring96.org/be/news/103814
  19. https://www.kickstarter.com/projects/thesquareofchanges/the-square-of-changes-book?ref=ksr_email_backer_pledge_collection_successful