Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667)
Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў[1], руска-польская вайна 1654—1667 гг.[2], Патоп — вайна Расіі і Рэчы Паспалітай, пачатая 20 мая 1654 і скончаная Андрусаўскім перамір’ем 1667 года.
Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]
Палітыка збірання земляў Русі, якую вяла Маскоўская дзяржава, выклікала серыю войнаў спачатку з Вялікім Княствам Літоўскім, а потым з Рэччу Паспалітай. Яны скончыліся спусташэннем Маскоўскай дзяржавы і канчатковым прызнаннем Смаленска, які пераходзіў з рук у рукі, за Рэччу Паспалітай. Маскоўская дзяржава, нягледзячы на заключэнне Палянаўскага міру 1634 г., не збіралася адмаўляцца ад вяртання старачаных тэрыторый. Нагода надарылася пры выбуху казацкага паўстання ў 1648 г. пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Паўстанцы, якія складаліся пераважна з казакоў, а таксама з украінскіх і беларускіх сялян, атрымалі шэраг перамог над польскім войскам і склалі з Варшавай Збораўскі мірны дагавор, які надаў казакам аўтаномію. Неўзабаве, вайна аднавілася, гэтым разам няўдала для паўстанцаў, якія пацярпелі ў чэрвені 1651 г. цяжкае паражэнне пад Берасцечкам. У 1653 г. Б. Хмяльніцкі, бачачы немагчымасць перамогі паўстання, звярнуўся да маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча з просьбай прыняць украінскія тэрыторыі ў яе склад. У кастрычніку 1653 г. Земскі сабор прыняў рашэнне задаволіць просьбу Хмяльніцкага і абвясціў вайну Польшчы. У студзені 1654 г. ў Пераяславе адбылася Рада, якая аднадушна выказалася за ўваходжанне ў склад Маскоўскай дзяржавы. Хмяльніцкі перад рускім пасольствам прынёс прысягу на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу.
Падрыхтоўка да вайны[правіць | правіць зыходнік]
Падрыхтоўка да вайны вялася яшчэ з пачатку царавання Аляксея Міхайлавіча, з 1646 г., калі пачаўся набор афіцэраў і жаўнераў. З лютага 1653 г. падрыхтоўкай заняліся асабліва актыўна. Дзеля наступу былі створаны тры арміі: паўночна-заходняя (у Вялікіх Луках), цэнтральная (знаходзілася ў Маскве) і паўднёва-заходняя (у Бранску), на дапамогу якой, Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тыс. казакоў, на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасць расійскіх войскаў складала ля 80-100 тыс. чалавек.
Вялікае Княства Літоўскае у адказ магло выставіць толькі 10-12 тыс. войска на чале з Янушам Радзівілам. Вальны сойм у Берасці, скліканы Янам Казімірам 24 сакавіка 1653 г., ухваліў каштарыс на 15 тысяч салдат. Даведаўшыся ад злоўленых маскоўскіх шпегаў, што цар найперш хоча ўдарыць па Смаленску, сойм паслаў рэвізораў для агляду смаленскіх умацаванняў з тым, каб забяспечыць гэтую фартэцыю зброяй, боезапасамі, правіянтам, падправіць муры і валы. Умацоўвалі таксама замкі ў Віцебску і Полацку, павялічвалі іх залогі. Усходнія паветы Княства былі вызваленыя ад абавязку высылаць паспалітае рушэнне да галоўнага абозу, каб маглі самі абараняць сваю тэрыторыю. Шляхецкі соймік Полацкага ваяводства ў жніўні 1653 г. вызначыў нормы мабілізацыі рушэння: з трох службаў па старых разліках трэба было выстаўляць аднаго чалавека з мушкетам ці ручніцай і сякерай, а таксама з запасам пораху, волава і харчу на 4 дні. Але гэтых захадаў было недастаткова для стрымлівання велізарных па колькасці маскоўскіх армій.
Пачатак вайны[правіць | правіць зыходнік]
Непасрэднай падставай для пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісанні царскага тытулу. Усе тры царскія арміі павінны былі ўдарыць адначасова. Галоўныя сілы пачалі рухацца з Масквы 15 мая 1654 г. Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў. Добра ведаючы канфесійныя праблемы Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі ўрад рабіў стаўку на яго праваслаўных жыхароў. Царскія граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую, мусілі пераконваць людзей у лаяльнасці Масквы да іх, схіляць праваслаўных на бок царскіх ратнікаў.
29 ліпеня царскія войскі захапілі Полацк. 25 чэрвеня царскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск і пасля моцнага супраціўлення занялі горад 29 верасня. 24 жніўня з-за здрады Канстанціна Паклонскага здаўся Магілёў, 29 жніўня капітулявала Друя, а Дзісна ўзята штурмам і спалена. 12 кастрычніка здалася Дуброўна, пасля чаго з горада выгналі ўсіх людзей, шляхту выправілі да цара пад Смаленск, а сам горад спалілі. 22 лістапада В. П. Шарамецеў з баямі ўзяў Віцебск, пасля чаго зноў разаслаў усіх, хто аказаў супраціў, у розныя гарады Маскоўшчыны. Працягваў аказваць супраціўленне толькі Стары Быхаў, моцная крэпасць.
Толькі тады, 18 чэрвеня, атрымаўшы ад караля на Варшаўскім сойме булаву вялікага гетмана, Януш Радзівіл кінуўся дзейнічаць. Проста з сойму ён рушыў на тэрыторыю ваенных дзеянняў і стаў збіраць пад Оршай абоз. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11 261 чалавека. Але на справе шмат з іх было хворымі і параненымі. 12 жніўня пад Шкловам той прыняў бой з арміяй Якава Чаркаскага. Пры вялізнай дыспрапорцыі сіл (у Чаркаскага было не менш за 20 тысяч) ён здолеў нанесці непрыяцелю надзвычай цяжкія страты — ад 3 да 7 тысяч — і нават захапіць 610 палонных, а ў яго загінула ўсяго каля 700 чалавек. Але ўжо 24 жніўня пад мястэчкам Шапялевічы Радзівіл пацярпеў паражэнне ад войска А. М. Трубяцкога. Загінула пад тысячу чалавек — вялікія страты для 6—8-тысячнага корпуса. Сам гетман быў паранены. Разбітае войска рассеялася па лесе. Арміі Вялікага Княства Літоўскага больш не існавала.
Ужо ў верасні 1654 г. Януш Радзівіл абвясціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеянняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысяч жаўнерскіх ставак. Сам вялікі гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласці толькі 6 тысяч, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацавання гарадоў. Баявыя дзеянні 1654 года скончыліся толькі глыбокай восенню.
Кампанія 1655 года[правіць | правіць зыходнік]
Кампанія 1655 года пачалася ў студзені наступам войскаў Радзівіла на расійскія войскі пад Старым Быхавам. 5 лютага Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і дазволіў увайсці ў Магілёў войскам Януша Радзівіла і Вінцэнта Гасеўскага. Але княжацкія войскі змаглі заняць толькі Ніжні замак. Радзівіл не змог вызваліць Верхні замак і ў маі зняў аблогу.
На пачатак года галоўныя царскія сілы былі накіраваны на Беларусь. Мэтай кампаніі стаў захоп астатняй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: Вільні, Старога Быхава, Слуцка, Брэста. Паход пачаўся ў сакавіку. У гэтым месяцы казацкае войска гетмана Івана Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага цара, здолела ўзяць Бабруйск, Казімір (Каралеўскую Слабаду) і Глуск. У маі з Бранска на Магілёў рушыла армія Трубяцкога. Казакі ж разам з Шарамецевым спрабавалі здабыць старабыхаўскую крэпасць. У той жа час войска княства было фізічна стомленае і дэмаралізаванае. Гаспадарка краіны была ўжо падарваная вайной, а ледзь не палова тэрыторыі наогул акупаваная. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Летам 1655 г. замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысяч, з-за чаго было немагчыма наняць добрае наёмнае войска. Паспалітае рушэнне, і раней мала на што здатнае, цяпер канчаткова страчвала сваё значэнне. На Менск рухаўся перадавы, вялікі і старажавыя палкі цэнтральнай арміі і 3 ліпеня, царскія войскі захапілі Менск. Шлях на Вільню быў адкрыты. Абараніць сталіцу было немагчыма, а на дапамогу Польшчы надзей не было, бо ўжо ў сакавіку на Рэч Паспалітую пачала агрэсію Швецыя. У 20-х днях ліпеня на галоўны віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардныя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэнне І. Залатарэнкі. 8 жніўня войскі Чаркаскага і Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні і захапілі яе, зрабіўшы ў горадзе бойню, у якой загінула каля 8 тыс. жыхароў — гэта каля паловы горада.
Пасля захопу горада, Януш Радзівіл, падпісаў з Швецыяй Кейданскую унію, па якой Вялікае Княства Літоўскае пераходзіла пад пратэктарат Швецыі. Але праект уніі не падтрымала большая частка шляхты.
У верасні з Кіева на лодках выйшаў у паход атрад маскоўскіх войск на чале з князем Дзмітрыем Валконскім . 15 верасня быў захоплены Тураў, 20 верасня спалены Столін, затым Пінск.
Кампанія 1655—1657 гадоў[правіць | правіць зыходнік]
Два гады вайны прывялі дзяржаву да краі бездані. У Кароне Польскай пасля цяжкіх паражэнняў ад шведаў — 29 верасня пад Гарадком , 30 верасня пад Новым Дваром і 3 кастрычніка каля Войніча — пасля капітуляцыі Варшавы і Кракава і ўцёкаў караля Яна Казіміра ў Сілезію дзяржава і войска былі канчаткова разваленыя.
Віцебскі ваявода Павел Сапега з восені 1655 г. стаў пераймаць ролю галоўнага начальніка над рэшткамі арміі Вялікага Княства Літоўскага. Ягоную ўладу добраахвотна прызналі канфедэраты, якія кінулі Януша Радзівіла. Да яго пачалі сыходзіцца дробныя ваенныя аддзелы, якія агулам склалі каля 6 тысяч. Уся гэтая сіла фактычна бяздзейнічала, бо Павел Сапега вёў перамовы адначасова і з кароннымі гетманамі, і з маскоўскімі ваяводамі, і са шведамі, якія дамагаліся яго пераходу на бок Швецыі. Пры канцы 1655 г. Сапега паспеў-такі напісаць каралю Карлу Х Густаву, што і ён згаджаецца на шведскую пратэкцыю, аднак фактычна пасля гэтага захоўваў адданасць каралю.
Тым часам Януш Радзівіл запёрся ў Тыкоціне, на Падляшшы. Тыкоцінскі замак аблажылі войскі Сапегі, які лічыў Радзівіла сваім асабістым сапернікам. Тут, у аблозе, 31 снежня 1655 г., абвешчаны ворагам Айчыны, памёр Януш Радзівіл. Пакуль групоўка Паўла Сапегі стаяла на Падляшшы і Берасцейшчыне, Ян Казімір пасылаў яму загады з патрабаваннем ісці да Сандаміра і ваяваць супраць шведаў разам з ваяводам Стэфанам Чарнецкім. Аднак Сапега накіраваў туды толькі 2 тысячы на чале з Палубінскім. Дзесьці ў сярэдзіне лютага 1656 г. Сапега быў афіцыйна прызначаны вялікім гетманам і атрымаў Віленскае ваяводства, а ўвесну ён ужо павёў асноўныя сілы ў Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі. Пасля гэтага войска Вялікага Княства Літоўскага вяло баявыя дзеянні ў асноўным супраць шведаў. Умяшанне маладога Карла Густава ў вайну выклікала абвастрэнне супярэчнасцей паміж Маскоўскай дзяржавай і Швецыяй, і расійскі цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў вайну Швецыі.
Яшчэ на пачатку 1656 г. кіруючыя колы Рэчы Паспалітай распрацавалі праграму выратавання дзяржавы. Планавалася паслабіць пазіцыі шведаў, схіліць на свой бок брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма I , пасварыць з Расіяй казакаў, дамагчыся дапамогі ад крымскага хана Мехмеда IV Гірэя, нейтралізаваць трансільванскага князя Дзьёрдзя II Ракацы і, што было асабліва важна, падпісаць мір з Аляксеем Міхайлавічам. У справе апошняга кароль Ян Казімір заручыўся пасярэдніцтвам імператара Фердынанда III. Аўстрыйскія паслы браліся дапамагчы памірыць дзве адвеку варагуючыя краіны. Тады была падпісаны т. зв. Віленскі дагавор[3], які спыняў баявыя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй.
Кампанія 1658—1660 гадоў[правіць | правіць зыходнік]
16 верасня 1658 г. быў падпісаны Гадзяцкі дагавор, якое вызначаў ўзаемаадносіны Украіны і Польскай Кароны. 14 лютага 1659 г. расійскія войскі штурмам узялі Стары Быхаў , дзе знаходзіліся казацкія войскі, што перайшлі на бок Рэчы Паспалітай, і жорстка расправіліся з імі. 1659 год — аблога расійскімі войскамі горада Чачэрска.
Пачынаючы з 1659 года амаль уся Беларусь была ахоплена паўстаннямі «шышоў» (узброеныя атрады сялян і мяшчан) супраць царскіх войскаў. Гэтыя выступленні выкарысталі кіруючыя колы Рэчы Паспалітай для вяртання сваёй улады. Такім чынам 18 чэрвеня 1660 года пад Ляхавічамі быў разбіты шматлікі корпус на чале з ваяводам І. А. Хаванскім. 28 чэрвеня таго ж года аб’яднанае беларуска-літоўскае і польскае войска П. Я. Сапегі і С. Чарнецкага разбіла каля мястэчка Палонка расійскую армію І. А. Хаванскага. Пазней, 3 ліпеня, гэтае ж аб’яднанне вызваліла Менск і тэрыторыю Беларусі да р. Беразіна. 8 кастрычніка 1660 беларуска-літоўскія і польскія войскі адбілі каля Чавусаў наступленне расійскай арміі і вымусілі адступіць да Смаленска.
Кампанія 1661—1667 гг[правіць | правіць зыходнік]
1 лютага 1661 года адбылося паўстанне ў Магілёве. У выніку гараджане знішчылі 3-тысячны гарнізон расійскіх стральцоў, узялі ў палон салдат гарнізона і трох ваявод. Пазней, у красавіку таго ж года, антырасійскія паўстанні ўспыхнулі ў Дзісне, Себежы і Гомелі. 3 лістапада 1661 года пацярпела паражэнне група расійскіх войск на чале з Хаванскім і Ардын-Нашчокіным пад Вільняй каля вёскі Кушлікі. На тры дні пазней войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з С. Чарнецкім разбілі каля Глыбокага расійскае войска (больш за 18 тыс. чалавек) на чале з І. А. Хаванскім. 2 снежня войскі ВКЛ вызвалілі Вільню. Пасля гэтага варожыя бакі не мелі ні сіл, ні сродкаў для актыўнага працягу вайны. Але ўжо ў 1664 казацкія і расійскія войскі аблажылі гарады Пінск і Магілёў, у Магілёве быў спалены замак.
Андрусаўскае перамір’е[правіць | правіць зыходнік]
Пасля даўгіх перамоў 30 студзеня 1667 года было заключана Андрусаўскае перамір’е. Згодна з ім Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі заставаліся ў складзе Расійскай дзяржавы, а беларускае Падзвінне вярталася Вялікаму княству Літоўскаму. Украіна была падзелена па Дняпры: левабярэжжа адыходзіла да Расіі, правабярэжжа замацоўвалася за Рэччу Паспалітай. Вывезены падчас вайны шматтысячны палон вяртанню не падлягаў.
Акупацыйная палітыка маскоўскіх улад[правіць | правіць зыходнік]
Палітыка маскоўскіх улад адзначалася значнай жорсткасцю да насельніцтва. Уладу ў вызваленых правінцыях бралі ў свае рукі царскія ваяводы. Імкнучыся знайсці падтрымку мясцовых жыхароў, Аляксей Міхайлавіч пакідаў Магдэбургскае права гарадам, прывілеі і г. д.
Асабліва падтрымлівалася праваслаўная царква, ёй раздавалі землі тых, хто аказваў супраціў. Лозунгам маскоўскай палітыкі быў прынцып: «уніі не быць, лацінству не быць, жыдам не быць», што прывяло да закрыцця ўсіх каталіцкіх касцёлаў і навучальных устаноў, уніятаў гвалтоўна пераводзілі ў праваслаўе. Дэ-факта, аднак, і праваслаўныя беларусы, і іхныя суайчыннікі каталіцкага і ўніяцкага веравызнанняў моцна пакутавалі ад дзеянняў царскіх войскаў. Асабліва цяжка было яўрэйскаму насельніцтву. Умацоўваючы праваслаўную царкву ў Беларусі, царскі ўрад імкнуўся цалкам узалежніць яе ад Масквы. У 1655 г. Магілеўскае епіскапства было падпарадкавана непасрэдна патрыярху Нікану. Цяпер епіскапа зацвярджала Масква, даходы ішлі ў Маскву, яна ж трымала пад пільным наглядам мясцовае духавенства. На ўзроўні мясцовай царскай адміністрацыі стаўленне новых уладаў да аднавернага насельніцтва Беларусі выглядала ўжо не так прывабна, як урадавая палітыка. Войска ж наогул не зважала на праваслаўнасць мясцовых жыхароў. Храмы абдзіраліся як пад час ваенных дзеянняў, гэтак і ў гады замірэння.
Сярод усіх магчымых ваенных трафеяў палон лічыўся самай каштоўнай здабычай царскіх воінаў. Да катэгорыі ваеннапалонных маскоўскі ўрад адносіў і мірнае насельніцтва, захопленае на непрыяцельскай тэрыторыі. З першага года вайны царскі ўрад ажыццяўляў праграму вываду насельніцтва з Беларусі на тэрыторыю Маскоўскае дзяржавы. Загад Аляксея Міхайлавіча ад 30 ліпеня 1654 г. паклаў пачатак цэламу заканадаўству, на падставе якога палонных сталі ператвараць у прыгонных. У 1655 г. патрыярх Нікан адкрыта пісаў пра намер Аляксея Міхайлавіча пасяліць на сваіх абязлюдзелых землях 300 000 палонных беларусаў. Узаконенае паляванне на людзей з мэтай пераводу іх у прыгонніцтва ці дзеля продажу набыло на занятых абшарах сама нялюдскія формы. Канфесійная прыналежнасць жыхароў тут не мела аніякага значэння — бралі ўсіх. Асобнай справай быў пошук і вывад беларускіх рамеснікаў. Пры захопе гарадоў іх забіралі, бадай, першымі. Ужо ў 1654 г. з першымі партыямі нявольнікаў на Валдаі апынуліся кафляры з Дуброўні, Амсціслава, Шклова, а ў Маскве — кавалі ды збройнікі з іншых гарадоў. Адным з вядомых майстроў, вывезеных у Маскву, ёсць Самойла Багданаў, разьбяр па косці.
Частымі былі выпадкі зверстваў расійскіх войскаў. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, загад цара Аляксея Міхайлавіча: «вверх по Неману реке по обе стороны и те горада воевать, села и деревни и хлеб и сена и всякие конские кормы жечь, а людей побивать и в полон имать и со всем без остатку разорять»[4].
Вынікі вайны[правіць | правіць зыходнік]
Мірныя перагаворы пачаліся ў вёсцы Андросава на мяжы Мсціслаўскага і Смаленскага ваяводстваў. Яны цягнуліся амаль 4 гады. Дэлегацыю Расіі прадстаўляў пасол А. Ардзін-Нашчокін , Рэчы Паспалітай — жамойцкі староста Ю. Глябовіч. Адбылося 39 сустрэч-пасяджэнняў паміж бакамі.
У выніку 30 студзеня 1667 г. было падпісана Андросаўскае перамір’е тэрмінам на 13.5 года. Расія атрымала Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Левабярэжную Украіну і Кіеў. Землі Беларускага Падзвіння, а гэта Віцебшчына, Полаччына, вярталіся назад у склад Вялікага Княства Літоўскага. Тэрыторыя Княства паменшылася з 370 да 312 тыс.кв.км.
Войны мелі драматычныя вынікі для Вялікага Княства Літоўскага. Беларускія землі знаходзіліся ў стане эканамічнай разрухі, колькасць насельніцтва скарацілася ў 2 разы, аслабла каралеўская ўлада, значна пашырыліся правы магнатаў. У Рэчы Паспалітай узмацніліся ганенні супраць пратэстантаў, арыян, праваслаўных, што прывяло да скасавання рэлігійнай талерантнасці. Дзяржава ўступіла ў паласу працяглага крызісу.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ У частцы беларускай гістарыяграфіі 1990-х—2000-х гг.
- ↑ У рускай і савецкай гістарыяграфіі.
- ↑ Віленскі дагавор быў падпісаны паміж Лівонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім 31 жніўня 1559 года падчас Лівонскай вайны
- ↑ http://library.by/portalus/modules/belarus/readme.php?subaction=showfull&id=1290081186&archive=1290177995&start_from=&ucat=8&
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 143, [2] с.: іл. — ISBN 5-343-01637-5.
- Малов А. В. Русско-польская война 1654—1667 гг. М.: Цейхгауз, 2006 г. ISBN 5-94038-111-1
- Bobiatyński K. «Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654—1655».
- Заборовский Л. В. «Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655—1656 гг.): Документы, исследование».
- Kossarzecki K. «Kampania roku 1660 na Litwie».
- Gawęda Marcin «Połonka-Basia 1660».
- Romański Romuald «Cudnów 1660».
- Kubala Ludwik «Wojna Moskiewska. 1654—1655». Том III.
- Wisner Henryk «Zygmunt III Waza».
- «Litwa w epoce Wazów».
- Kroll Piotr «Od ugody Hadziackiej do Cudnowa. Kozaczyzna między Rzecząpospolitą a Moskwą w latach 1658—1660».