Перайсці да зместу

Сюлі-Прудом

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сюлі-Прудом
фр.: Sully Prudhomme
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні фр.: René Francois Armand Prudhomme
Псеўданімы Sully Prudhomme[1][2]
Дата нараджэння 16 сакавіка 1839(1839-03-16)[3][4][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 верасня 1907(1907-09-07)[7][8] (68 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, пісьменнік, эсэіст, аўтар дзённіка, філосаф
Гады творчасці з 1865
Мова твораў французская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды
вялікі афіцэр ордэна Ганаровага легіёна камандор ордэна Ганаровага Легіёна афіцэр Ордэна Ганаровага легіёна кавалер ордэна Ганаровага Легіёна
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Сюлі-Прудом, сапр.: Рэнэ Франсуа Арман Прудом (фр.: Sully-Prudhomme; 16 сакавіка 1839, Парыж — 7 верасня 1907, Шатне-Малабры пад Парыжам) — французскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1901).

Пасля смерці бацькі (1841) сям'я засталася без сродкаў, 2-гадовы Рэнэ з маці Клатыльдай (Кейё) Прудом і старэйшай сястрой пераязджае да дзядзькі. У 8-гадовым узросце Рэнэ паступае ў ліцэй Банапарта, дзе захапляецца матэматыкай, класічнымі мовамі і французскім вершаскладаннем. Скончыўшы ліцэй, Рэнэ, адзін з лепшых вучняў у класе па матэматыцы, планаваў вучыцца ў політэхнічнай школе, каб стаць інжынерам, але з-за сур'ёзнай хваробы вачэй адмовіўся ад сваіх планаў. Працуе канторшчыкам на фабрыцы, з 1860 — клеркам натарыяльнай канторы. Па вечарах вывучае філасофію і піша вершы.

Першы паэтычны зборнік «Стансы і вершы» (Stances et Poèmes, 1865) выйшаў пад псеўданімам Сюлі-Прудом (поўнае імя бацькі) і атрымаў высокую ацэнку ўплывовага крытыка Шарля Агюстэна Сент-Бева. У 1866 выдавец Альфонс Лемер уключыў вершы Сюлі-Прудома ў зборнік «Сучасны Парнас» (Le Parnasse contemporain), які быў маніфестам «парнасцаў» — маладых паэтаў, якія выступілі супраць лірычнай экзальтаванасці рамантычнай школы. А. Лемер таксама перавыдаў «Стансы і вершы» і зборнік санетаў Сюлі-Прудома «Выпрабаванні» (Les Epreuves). На працягу наступных трох гадоў выходзяць напісаныя па матывах антычнага міфа «Аўгіевы стайні» (Les Ecuries d'Augias, 1866), зборнік «Італьянскія замалёўкі» (Croquis italiens, 1866/1868) і «Адзінота» (Les Solitudes, 1869). У гэтых творах гучаць тэмы неўзаемнага кахання, а таксама канфлікту паміж навукай і рэлігіяй. Атрымаўшы адмову ад кузіны, на якой хацеў жаніцца, Сюлі-Прудом застаецца на ўсё жыццё, халасцяком.

У пач. 1870 на працягу некалькіх дзён паміраюць яго маці, дзядзька і цётка, што моцна паўплывала на паэта. У ліпні 1870 пачалася франка-пруская вайна, Сюлі-Прудом уступае добраахвотнікам у апалчэнне. Цяжкасці, выпрабваныя ў час працяглай аблогі Парыжа прускімі войскамі, яшчэ больш аслабілі яго здароўе і, яшчэ зняцця аблогі з французскай сталіцы, у Сюлі-Прудома адняліся ногі. Падчас лячэння ён піша патрыятычныя вершы, якія былі выдадзеныя асобнай кнігай пад назвай «Ваенныя ўражанні» (Impressions de la guerre, 1870).

Наступны значны паэтычны твор Сюлі-Прудома — «Марная пяшчота» (Les Vaines tendresses, 1875) — прасякнуты шчымлівай журбой, як і «Адзінота», у ім вершы цяпер найчасцей ўключаныя ў анталогіі паэта. У паэме філасофскага характару «Справядлівасць» (La Justice, 1878), напісанай у форме дыялогу пад уплывам паэзіі Лукрэцыя, гучыць думка пра тое, што справядлівасць варта шукаць не ў навакольным свеце, а ў душы чалавека. У «Шчасце» (Le Bonheur, 1888), эпічнай паэме з 4 тыс. радкоў, сцвярджаецца, што шчасця чалавек дасягне дзякуючы дапытлівасці, навуцы, дабрадзейнасці і ахвярнасці. Кажучы пра ўплыў гуманістычных ідэалаў Сюлі-Прудома на французскую літаратуру, амерыканскі даследнік французскага паходжання Жан Альбер Бедэ пісаў, што «ён выводзіць паэзію з цемры, у якую яна была надоўга ўведзеная песімізмам пазітывістаў, а таксама вучыць таму, што дарога да шчасця ляжыць праз пакуты, самаахвяраванне і брацкае каханне».

У зборніку артыкулаў «Паэтычны тастамент» (Le Testament poétique, 1900) Сюлі-Прудом выступіў у абарону класічнага французскага вершаскладання, супраць «свабоднага» верша, а таксама раскрытыкаваў сімвалістаў і дэкадэнтаў.

У 1901 Сюлі-Прудом стаў першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры за «выдатныя літаратурныя вартасці, асабліва за высокі ідэалізм, мастацкую дасканаласць, а таксама за незвычайнае спалучэнне душэўнасці і таленту, пра што сведчаць яго кнігі». Уручэнне Нобелеўскай прэміі Сюлі-Прудому стала нечаканасцю для ўсіх тых, хто лічыў найболей верагодным прэтэндэнтам Льва Талстога.

У сваёй вітальнай прамове С. Д. Вірсен, член Шведскай акадэміі, асоба адзначыў, што Сюлі-Прудом «вылучаецца дапытлівым і назіральным розумам, які… прасякнуўся маральнай веліччу чалавека… і з гэтага пункту гледжання ён лепей большасці пісьменнікаў увасабляе тое, што Альфрэд Нобель зваў „ідэалістычнымі тэндэнцыямі ў літаратуры“». З-за хваробы Сюлі-Прудом у цырымоніі ўзнагароджання не ўдзельнічаў, дыплом лаўрэата быў уручаны паслу Францыі ў Швецыі.

Ужо цяжка хворы, паэт звяртаецца да хрысціянскай апалагетыкі Блеза Паскаля і піша трактат «Сапраўдная рэлігія Паскаля» (La Vraie Religion selon Pascal, 1905). У сваім апошнім творы «Псіхалогія свабоднага выбару» (Psychologie du libre arbitre, 1906) Сюлі-Прудом прыходзіць да высновы, што свабода выбару закладзеная ў прыродзе і, такім чынам, апраўданная.

Памёр 7.9.1907 на сваёй віле ў Шатне-Малабры пад Парыжам.

Пісьменнік, у свой час вельмі паважаны як у літаратурных, так і акадэмічных кругах, Сюлі-Прудом цяпер малавядомы, нават у Францыі. Асобныя вершы паэта перакладаюцца, уключаюцца ў анталогіі, аднак цяпер літаратуразнаўцы не надаюць яго творчасці вялікай увагі. Сюлі-Прудом вядомы як заснавальнік літаратурнай прэміі, якую ён заснаваў для маладых французскіх паэтаў на сродкі ад Нобелеўскай прэміі.

Максім Багдановіч выкарыстаў радкі з верша Сюлі-Прудома ў якасці эпіграфа да свайго верша «Зорка Венера». Верш «Разьбітая ваза» перакладзены на беларускую Сцяпанам Ліхадзіеўскім.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. https://www.nobelprize.org/prizes/facts/facts-on-the-nobel-prize-in-literature/ Праверана 14 кастрычніка 2021.
  3. René François Armand Prudhomme // Léonore databaseministère de la Culture. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Sully Prudhomme // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. а б Сюлли-Прюдом // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  6. а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
  7. Sully Prudhomme // http://data.nobelprize.org/page/laureate/569 Праверана 13 кастрычніка 2018.
  8. Sully Prudhomme // (unspecified title) Праверана 13 кастрычніка 2018.
  9. https://gallica.bnf.fr/ark:/12148/bpt6k6423517n/f329 Праверана 14 кастрычніка 2021.
  10. а б Французская акадэмія — 1635. Праверана 8 чэрвеня 2022.
  • Сюлли-Прюдом (Sully-Prudhomme) Рене // Лауреаты Нобелевской премии: Энциклопедия: Пер. с англ. — М.: Прогресс, 1992.
  • Лявонава Е. А. Сюлі́-Прудо́м, сапр. Прудом Рэнэ Франсуа Арман // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 331. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Шишов В. Сюлли-Прюдом // Литературная энциклопедия: В 11 т. — [М.], 1929—1939. — Т. 11. / Ред. коллегия: Лебедев-Полянский П. И., Нусинов И. М.; Гл. ред. Луначарский А. В.; ученый секретарь Михайлова Е. Н. — М.: Худож. лит., 1939. — Стб. 153—155. — 824 стб.: ил. (руск.)