Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Флігель
Будынак былога мужчынскага духоўнага вучылішча
Vulica Revaliucyjnaja, 2.JPG
53°54′14″ пн. ш. 27°33′13″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы XVIII стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000236шыфр 712Г000236

Буды́нак было́га мужчы́нскага духо́ўнага вучы́лішча — частка комплексу Сядзібы Пшаздзецкіх у Мінску. Увесь комплекс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, як помнік рэспубліканскага значэння[1].

Будынак духоўнага вучылішча змешчаны на вуліцы Рэвалюцыйнай, 2/пл. Свабоды[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба Пшаздзецкіх на плане горада 1793 года
Флігель сядзібы Пшаздзецкіх на малюнку Напалеона Орды, 1864-1876
План сядзібы Пшаздзецкіх
Духоўнае вучылішча ў паўднёвым флігелі. Паштоўка пачатку XX ст.

Будынак пабудаваны ў XVIII стагоддзі, як афіцына мінскай гарадской рэзідэнцыі Пшаздзецкіх. Упершыню ён быў пазначаны на плане Мінска 1793 года як Г-падобны ў плане мураваны будынак на рагу Койданаўскай вуліцы і Высокага Рынку. У 1799 годзе гэты будынак набыў мінскі дваранін Андрэй Станкевіч, які абсталяваў у ім мінскую гарадскую аптэку. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў былая афіцына была рэканструявана. Над уваходам у аптэку, што знаходзіўся на рагу Койданаўскай вуліцы і Высокага Рынку, на другім паверсе быў пабудаваны вялікі балкон, які ў інвентарах пазначаны як ганак на чатырох драўляных слупах. У гэты час будынак афіцыны быў накрыты дахоўкай. Памяшканні гарадской аптэкі былі перакрыты скляпеннямі і ўпрыгожаны роспісамі (жывапісам)[3].

Пасля смерці Андрэя Станкевіча комплекс былой гарадской рэзідэнцыі Пшаздзецкіх набыў сакратар мінскага дэпутацкага сходу Юрый Кабылінскі. Ён значна пашырыў гэты будынак у бок Койданаўскай вуліцы. У гэты час акрамя аптэкі на першым паверсе знаходзіліся розныя крамы, а на другім — жылыя пакоі[3].

У 1851 годзе ўладальнікам былой афіцыны Пшаздзецкіх стаў мінскі гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ. Ён абсталяваў тут самую вядомую ў той час у Мінску краму адзення «парыжскай моды». У гэты час большую частку памяшканняў будынка займала Мінская губернская паштовая кантора[3].

У 1872 годзе ўвесь комплекс былой сядзібы Пшаздзецкіх быў набыты Мінскім духоўным вучылішчам за 40 тысяч рублёў. Да 1881 года значную частку памяшканняў працягвала займаць паштовая кантора, а астатнія пакоі былі пераабсталяваны для патрэб вучылішча[3].

Будынкі Мінскага мужчынскага духоўнага вучылішча моцна пацярпелі падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля яго былая афіцына Пшаздзецкіх была адноўлена і значна пашырана. Будынак атрымаў П-падобны план. Тарцовыя часткі будынка былі павялічаны яшчэ на адзін паверх і завершаны з боку Койданаўскай вуліцы трохвугольнымі франтонамі. У гэты ж час паміж былым палацам Пшаздзецкіх і афіцынай была зроблена мураваная галерэя, каб забяспечыць пераход з аднаго будынка ў другі[3].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў былой афіцыны Пшаздзецкіх выкарыстоўвалася непасрэдна духоўным вучылішчам. На першым і цокальным паверхах з боку Койданаўскай вуліцы знаходзіліся розныя крамы і майстэрні, у тым ліку вялікая крама царкоўнага начыння. Сярод вядомых вучняў Мінскага мужчынскага духоўнага вучылішча ў XIX — пачатку XX стагоддзяў быў будучы акадэмік Яўхім Карскі[3].

Парад нямецкіх войскаў 21 лютага 1918 г.

У 1918 годзе ўсе памяшканні вучылішча былі заняты пад патрэбы германскіх акупацыйных улад[3].

У 1920 годзе ў будынку размясціўся Наркамат асветы БССР. Тут з 1922 па 1925 год знаходзілася першая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова ў рэспубліцы — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт)[1], які ў 1929 годзе быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук БССР[3], тут жа было Беларускае курортнае бюро, а з 1930 года — Наркамат аховы здароўя[4].

Акрамя таго тут у 1930-я гады знаходзілася рэдакцыя газеты на яўрэйскай мове «Окцябр» (орган ЦК ВКП(б)Б)[3].

Здымак комплекса будынкаў былой сядзібы Пшаздзецкіх на нямецкім аэрафотаздымку. 1941

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак не пацярпеў. Пасля вызвалення Мінска ў доме № 2/13 былі змешчаны розны ўстановы Мінскага аблвыканкама і Мінскага райвыканкама[3].

Былая актавая зала вучылішча ў 1944 годзе была прыстасавана пад кінатэатр (першапачатковая назва «Радзіма», потым «Навіны дня», «Кінатэатр паўторнага фільма»)[3], які быў разлічаны на 200 месцаў[5].

Пазней тут быў размешчаны мінскі раённы аддзел кінафікацыі і мінскі абласны аддзел кніжнага гандлю[6]. Цяпер выкарыстоўваецца як адміністратыўны будынак[3].

На будынку месціцца помнік Максіму Гарэцкаму.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Дваровы фасад з перахадной галерэяй да сядзібнага дома

Будынак складаны, падоўжны ў плане, з выступамі і скошаным вуглом з боку пл. Свабоды. Першапачаткова ён быў Г-падобны ў плане, двухпавярховы з цокальным паверхам. У канцы XIX стагоддзя стаў П-падобны ў плане, у тарцовых частках надбудаваны трэці паверх. Фасады маюць плоскаснае вырашэнне. Сцены рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, на другім паверсе — аздоблены сандрыкамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. Першы паверх аддзелены ад цокальнага тонкім паяском. Трохпавярховыя тарцовыя часткі завершаны невялікімі мансардамі пад двухсхільнымі дахамі. Сістэма планіроўкі зменена, спалучае анфіладнае размяшчэнне памяшканняў і кароткія калідоры[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Т. І. Чарняўская. 280в. Дом № 15 // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.- Мн.: БелСЭ, 1988.-333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8. С.189.
  3. 3,00 3,01 3,02 3,03 3,04 3,05 3,06 3,07 3,08 3,09 3,10 3,11 ГІСТАРЫЧНАЯ ЗАБУДОВА XVIII СТ. АФІЦЫНА ПШАЗДЗЕЦКІХ (БУДЫНАК МІНСКАГА МУЖЧЫНСКАГА ДУХОЎНАГА ВУЧЫЛІШЧА)
  4. Минск. Справочник-путеводитель, 1956 (руск.) . minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014.
  5. Минск. Справочник-путеводитель, 1956 (руск.) . minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014.
  6. пл. Свабоды — дом № 13

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]