Ашмяны
Горад
Ашмяны
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Ашмя́ны[2] (трансліт.: Ašmiany) — горад у Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ашмянскага раёна, на рацэ Ашмянка. За 220 км на паўночны ўсход ад Гродна, за 130 км на паўночны захад ад Мінска, за 55 км на поўдзень ад Вільнюса, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Ашмяны на лініі Маладзечна — Вільнюс, на аўтамабільнай дарозе Маладзечна — Вільнюс (праз Ашмяны праходзіць 9-ы транспартны еўрапейскі калідор). Горад размешчаны ў прыгранічнай зоне Беларусі з Літвой. Насельніцтва 16 835 чалавек (2018)[3].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва Ашмянаў — гідранімічнага паходжання, ад ракі Ашмянкі — «Камяністай» ракі. Пачаткова гідронім меў выгляд Ašmena, які відаць з ранейшых формаў ужывання. Гэта гідронім балцкага паходжання, балцкімі з’яўляюцца і такія назвы яе прытокаў, як Балтупа, Вайгета, Лоша, Кернава, Лэйлупка, Панарка.
Ад пачатку назоўных даследаванняў назву звязвалі з літоўскім ašmenis «астрыё», ажно пакуль не было ўдакладнена: ašmenis разам з літ.: akmuo «камень» абодва ўзыходзяць да варыянтаў аднаго і таго ж індаеўрапейскага кораня *ak'- / *ak- «востры». Назвы каменя ад двух гэтых варыянтаў размеркаваліся па розных моўных групах — у інда-іранскую і ў балцка-славянскую адпаведна. У мове балтаў захаваліся абодва гэтыя корані: ад *ak- — akmen- «камень», ад *ak'- — ašmen- «вастрыё» ды (на перыферыі мовы) ašmen- «камень»[4].
Гэта ілюструе і наваколле ракі Ашмянкі: прадмесце Ашмянаў — Акмянеі (ад akmen- «камень»), а на поўначы ад горада цячэ рэчка Каменка, назва якой — гэта пазнейшая «калька» з балцкай «каменнай» назвы ракі Ашмяны.
Назва ракі Ашмяны (Ашмянкі) значыць «Камяністая (рака)».
У лацінамоўнай хроніцы Віганда Марбургскага ў аповедзе пра паход крыжакаў на Літву ў 1385 годзе назва Ашмянаў фігуруе як «Asschemynne» (у фразе «Steteruntque 4 septimanis invitis paganis de Asschemynne», што значыць «І заставаліся [у паходзе] чатыры тыдні, нягледзячы на супраціў язычнікаў з Ашмянаў»)[5].
Даследчык тапаніміі В. Жучкевіч назвы горада Ашмяны і рэчкі Ашмянкі называў «назвамі балтыйскага паходжання» і збліжаў з літоўскім тапонімам Akmenė[6].
На знешнім сугуччы першых гукаў грунтуецца версія пра паходжанне назвы Ашмянаў ад назвы мядзведзя «Oš» у мове комі[7].
Ашмянамі або Ашмяной ці Ашмянкай называліся доўгі час шэсць населеных пунктаў і рэчка. Пазней да іх далучылася чыгуначная станцыя.
На карце Вялікага Княства Літоўскага працы Тамаша Макоўскага (1613) значацца як Oßmiana. У сучасных беларускамоўных публікацыях часам сустракаюцца больш аўтэнтычныя варыянты назвы Ашмяна́, Ашме́на.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з легендарнай часткай «Хронікі Быхаўца», Ашмяны (Oszmena) заснаваў адзін з трох «паноў радных» жамойцкага князя Монтвіла (Montwił), калі ён паслаў свайго сына Гердзівіла (Jerdywił), дазнаўшыся, што «Цар Батый» «разагнаў рускіх князёў» і землі, якія тыя захапілі, цяпер можна апанаваць самім. Пасля таго як яны знайшлі «ў чатырох мілях ад ракі Нёмана гару красную» і заснавалі там Наваградак, а Гердзівіл сеў там княжыць, — Гердзівіл панам радным даў «астравы пушчы». Востраў «каля ракі Ашмяны» атрымаў Грумпюс (Grumpiuż), а Граўжыс (Growżys) — «востраў», які цяпер Граўжышкі, а Эйкшыс (Ejkszys) — «востраў», які цяпер Эйкшышкі (Эйшышкі). У іх у кожнага былі сыны: Гаштаўт (Gasztolt), Давойна (Dowoin), Монвід[8].
У крыніцах другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзяў часта сустракаецца меркаванне, што Ашмяны ўжо існавалі ў 1040 годзе (год паходу Яраслава Уладзіміравіча на Літву). А. Корава ў сваёй працы сцвярджае: «У пачатку XI ст. Яраслаў Мудры зрабіў напад на Літву ў ваколіцах г. Ашмяны і, атрымаўшы даніну ад насельніцтва, вярнуўся ў сваю айчыну». Гродзенскія вучоныя таксама не выключаюць існавання Ашмян у XI стагоддзі. Яны ў свой час падкрэслівалі: «У летапісных помніках XII ст. упамінаецца Гродна, XIII ст. — Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск. Фактычна ж гэтыя гарады (як і Свіслач, Ліда, Ашмяны) існавалі значна раней — у XI ст.».
Першыя згадкі аб Ашмянах у пазнейшых крыніцах адносяцца да 1341 года: расказваючы пра смерць Гедзіміна і падзел пасадаў паміж яго сынамі, сярод гарадоў, якія разам з Вільняй дасталіся Яўнуту, «Хроніка літоўская і жамойцкая» называе Ашмяны. У 1384 і 1385 гадах пад Ашмянамі крыжакі спрабавалі перашкодзіць «шлюбнаму саюзу» паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім (Крэўская унія), але пацярпелі паражэнне. У канцы XIV стагоддзя Ашмяны, верагодна, атрымалі статус горада ад Вітаўта. У 1398 годзе ўпершыню згаданы касцёл у горадзе. Не пазней за 1407 год у Ашмянах з’явіўся кляштар францысканцаў (у літаратуры яго заснаванне часам памылкова адносяць да пачатку XVI стагоддзя). У 1402 годзе годзе крыжакі зноў напалі на Ашмяны, але сустрэлі рашучае супраціўленне і мусілі адступіць у бок Меднікаў. З 1413 года Ашмяны ўваходзілі ў склад Віленскага ваяводства. У 1432 годзе ў Ашмянах адбыўся замах на жыццё Свідрыгайлы, які даў пачатак шматгадовай феадальнай вайне; тут жа, у ваколіцах Ашмян, праз некалькі месяцаў адбылася першая значная бітва паміж дзвюма партыямі. У другой палове XIV стагоддзя Ашмяны, «будучы месцапрабываннем княжацкім», «пачалі забудоўвацца па тыпе гарадоў» (левабярэжжа Ашмянкі), а першапачатковае паселішча засталося з назвай Старыя Ашмяны (правабярэжжа). У 1519 годзе горад разбураны маскоўскім войскам. З XVI стагоддзя цэнтр Ашмянскага павета. У гады Рэфармацыі Мікалай Радзівіл «Руды» заснаваў тут кальвінскі збор, горад зрабіўся адным з найвядомейшых цэнтраў кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падчас войнаў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII стагоддзяў Ашмяны зноў былі разбураныя. У 1655, 1661 і 1677 гадах вызваляліся ад падаткаў з прычыны разбурэнняў, учыненых маскоўскімі захопнікамі. У 1667 годзе земскі пісар А. Пачобут-Адляніцкі фундаваў кляштар дамініканцаў (з ліквідаванага касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў 1873 годзе збудавалі капліцу на мясцовых каталіцкіх могілках). Да 1683 года адносіцца першы надзейна вядомы прывілей на гарадское права (ад Яна Сабескага)[9]. У 1702 годзе горад заняты шведскім войскам падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў. У 1792 годзе Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зацвердзіў герб горада. Падчас паўстання 1794 года ў горадзе размяшчаўся штаб паўстанцкага войска Якуба Ясінскага, фарміраваўся атрад Міхала Клеафаса Агінскага. 21 мая і 8 ліпеня 1794 года адбыліся баі паўстанцаў з карнікамі.
-
Касцёл Св. Міхала Арханёла. Б. Русецкі, 1846
-
Каля касцёла Св. Міхала, канец XIX ст.
-
Панарама: царква і касцёл. E. Langhau, пачатак XX ст.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) на правах павятовага горада Ашмяны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі; у 1796—1801 гадах знаходзіліся ў складзе Літоўскай, з 9 верасня 1801 года — Віленскай губерняў (да 1920 года). 5 жніўня 1800 года скасаваны герб горада. У ліпені — снежні 1812 года акупіраваны французскімі войскамі, каля Ашмян адбыліся жорсткія баі, горад часткова спалены. 15 красавіка 1831 года Ашмяны моцна пацярпелі пры падаўленні паўстання, калі паўстанцкі атрад Стэльніцкага пайшоў на злучэнне з асноўнымі сіламі Караля Пшаздзецкага ў Налібоцкую пушчу. Уварваўшыся ў горад, расійскія войскі палкоўніка Вярзіліна спалілі яго і забілі 500 мясцовых жыхароў разам з дзецьмі, жанчынамі і ксяндзом у касцёле дамініканаў. «Ашмянская разня», стала адным з важных сімвалаў у польска-літоўскай антыцарскай літаратуры. Рэвалюцыйнымі дзеяннямі кіравалі П. Важынскі і К. Пшаздзецкі. 2 лютага 1837 года горад выключаны з прыватнаўласніцкага стану (належаў генерал-маёру Канчалаву, з 1830 года — генеральшы Лукашынавай). 9 чэрвеня 1845 года гораду нададзены другі герб (праіснаваў да 1917 года). У 1840 годзе пабудавана першая вядомая праваслаўная царква ў Ашмянах (Богаяўленская, драўляная). Уласнасцю дзяржавы ў 1847 годзе стала і староства. У 1850 годзе закрыты дамініканскі касцёл. Падчас паўстаня 1863—1864 гадоў у ваколіцах Ашмян дзейнічалі паўстанцкія аддзелы З. Мінейкі, Г. Чаховіча, К. Ясевіча.
У 1835—1914 гадах дзейнічалі Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1909 годзе ў Ашмянах пачала дзейнічаць метэаралагічная станцыя[10].
-
1792-1800 гг.
-
1845-1917 гг.
З верасня 1915 г. па студзень 1919 г. Ашмяны акупіраваны германскімі войскамі. З 1.1.1919 г. у складзе БССР, пазней Літоўска-Беларускай ССР, з красавіка 1919 г. па ліпень 1920 г. пад польскай уладай. Паводле дагавору паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 г. прадугледжвалася перадача Ашмян Літве, але яна не адбылася, бо 2.10.1920 г. у горад уведзены часці т.зв. польска-беларускай дывізіі на чале з генералам Жалігоўскім. У кастрычніку 1920 г. — сакавіку 1922 г. уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 г. — у склад Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяводства. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) Ашмяны — раённы цэнтр Вілейскай (з 1940 г.), Маладзечанскай (з 1944), Гродзенскай (з 1960) абласцей. З 25.6.1941 г. да 7.7.1944 г. пад нямецка-фашысцкай акупацыяй, перад адыходам з горада 24 чэрвеня 1941 года НКУС растраляла 57 «польскіх» вязняў мясцовай турмы. Вызвалены часцямі 3-й, 19-й гв. танкавай і 2-й гв. мотастралковай брыгад 3-га гв. танкавага корпуса 5-й гв. танкавай арміі і 31-й гв. стралковай дывізіі 11-й гв. арміі.
-
Касцёл францысканцаў
-
Вуліца Жупранская
-
На цэнтральнай вуліцы
-
Вялікая сінагога
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Колькасць жыхароў горада паводле перапісаў, рэвізкіх казак і іншых крыніц:
- XVIII ст.: 1728 год — 1 791 чал.; 1791 год — каля 1 тыс. чал.
- XIX ст.: 1804 год — 746 чал.; 1811 год — 1 850 чал.; 1825 год — 1 022 чал. (730 мужчын, 292 жанчыны); 1833 год — 797 чал. (387 мужчын, 410 жанчыны); 1840 год — 1 692 чал.; 1841 год — 1 725 чал.; 1848 год — 4 115 чал. (2 198 мужчын, 1 917 жанчын; яўрэяў 2 018); 1859 год — 3 066 чал.; 1861 год — 3 733 чал.; 1863 год — 3 317 чал.; 1865 год — 3 988 чал. (2 045 мужчын); 1871 год — 4 546 чал.; 1880 год — 5 050 чал. (з іх 2 175 каталікоў, 352 праваслаўных, 3 евангелісты, 2 501 яўрэяў, 18 магаметанаў); 1888 год — 4 988 чал. (2 422 мужчыны, 2 566 жанчын); 1895 год — 5 156 чал.; 1896 год — 6 218 чал. (3 099 мужчын, 3 119 жанчын); 1897 год — 7 214 чал.; 1900 год — 7 506 чал.
- XX ст.: 1904 год — 7 675 чал.; 1909 год — 7 953 чал.; 1914 год — 8,2 тыс. чал.; 1921 год — 3 442 чал.; 1927 год — 6,0 тыс. чал.; 1931 год — 7 414 чал.; 1939 год — 8 668 чал.; 1945 год — 3 460 чал.; 1948 год — 5 581 чал.; 1959 год — 6,9 тыс. чал.; 1970 год — 9,6 тыс. чал.; 1975 год — 10,0 тыс. чал.; 1980 год — 12,8 тыс. чал.; 1985 год — 14,1 тыс. чал.; 1990 год — 15,2 тыс. чал.; 1995 год — 16,0 тыс. чал.; 1999 год — 16,1 тыс. чал.; 2000 год — 15 068 чал.
- XXI ст.: 2002 год — 15,1 тыс. чал.; 2004 год — 14,9 тыс. чал.; 2005 год — 14 785 чал.; 2006 год — 14 588 чал.; 2007 год — 14 467 чал.; 2008 год — 14 350 чал.; 2009 год — 14 559 чал.; 2010 год — 14 804 чал.; 2011 год — 15 046 чал.; 2016 год — 16 388 чал.[11]; 2017 год — 16 684 чал.[3];2018 — 16 835 чал.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У 1861 г. у Ашмянах было толькі 5 прадпрыемстваў — 4 гарбарныя заводы і вадзяны млын. На заводах працавала 11 чалавек.
У 1884 г. заводамі валодалі: вінакурна-дражджавымі (было 2) — купцы 2-й гільдыі Лейба Стругач і Абрам Богад; гарбарнымі — Овель Піктушанскі, Лейзер Біох, Іцка Саладуха, Янкель Саладуха, Маркел Чашын (у доме Гірша Дорскага), Мордух Закс, Шлёма Гершатар, сыны І. Г. Саладухі — Мордух і Янкель, піваварным — Іосіф Есельсон; тытунёвай фабрыкай — Борух Рындзінскі і Шлёма Гершатар, заводам мінеральных вод — Берка Данішэўскі; друкарняй — Зыська Мекель, заводам ізюмнага віна — Юлья Шміт; вапнавым заводам — Абрам Левін, бляшавым заводам — Соня Блехер і г.д. Толькі млын належаў гораду, аднак яго арандаваў купец 2-й гільдыі Хаім Гурвіч. Колькасць рабочых найбольшая была ў 1884 г. на тытунёвай фабрыцы (22 разам з уладальнікамі) і вінакурна-дражджавым заводзе (11 разам са Стругачам).
У 1899 г. у горадзе было 15 прадпрыемстваў: 7 гарбарных заводаў, 1 вінакурны, 1 цагельны, 1 лесапільны, 1 завод мінеральных вод, 1 ваўнамыйка, 1 бойня, 1 саладоўня, 1 вадзяны млын; працавала 276 рабочых.
Усе прадпрыемствы і млын знаходзіліся ў прыватных руках. Уладальнікамі ашмянскіх прадпрыемстваў, як відаць з пераліку, з’яўляліся ў большасці яўрэі. У іх руках знаходзіўся і гандаль. Аднак калектывы прадпрыемстваў былі шматнацыянальнымі.
У польскі час флагманам прамысловасці не толькі павета, але і Віленскага ваяводства лічыўся дражджавы завод (адзінае прадпрыемства другой катэгорыі ваяводства). Можна дапоўніць, што завод пачаў адбудоўвацца ў 1921 г., а ў наступным годзе Абрам і Давід Стругачы атрымалі дазвол на пуск прадпрыемства. У 1924 г. на ім працавала 9 чалавек, у 1934—1937 гг. — 33 работнікі, завод уваходзіў у картэль «Таварыства вытворцаў дражджэй», разам з аналагічным заводам у Нова-Вільні ў 1929 г. ашмянскія дражджавікі выпусцілі 10 % ад прадукцыі ўсёй дражджавой прамысловасці Польшчы.
У Ашмянах у 1927 г. меліся, акрамя дражджавога завода, гарэлачная фабрыка, гарбарныя заводы Дынерштэйна, Б.Бунімовіча і Качмера, Каца, Порта, бойня К.Руткоўкскага, фабрыкі цукерак Б.Эпштейна і А.Рубінсона, М.Мельніка, Святога, фарбавальная майстэрня М.Лапідуса, тытунёвая фабрыка, тартак Л.Стругача і іншыя нязначныя прадпрыемствы. Існавала тэлефонная станцыя.
Працавала гарадская электрастанцыя. Яе перавезлі ў Ашмяны з Лошы, дзе ў свой час пабудавалі немцы для патрэб фронту. У 1926 г. уведзена новая, якая рэканструявана ў 1931 г., затым узнікла яшчэ адна — прыватная.
У 2013 годзе аўстрыйскі інвестар заявіў аб планах па будаўніцтве у Ашмянах завода па вытворчасці дражджавога экстракту [12].
Сучасныя прадпрыемствы: прадпрыемствы харчовай (Ашмянскі мясакамбінат, сыраробны, дражжавы заводы, хлебакамбінат, ААТ «Белкофе»), радыётэхнічнай (ААТ «Радыётэхніка»), будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Ільнозавод. Тыпаграфія. Шэсць будаўнічых і дарожна-будаўнічых арганізацый. 45 магазінаў. Тры аддзяленні банкаў, 4 страхавыя кампаніі. Гасцініца «Ашмяны».
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. К. Багушэвіча. Дзейнічаюць дом культуры і кінатэатр.
У 2001 і 2010 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[13][14].
СМІ
[правіць | правіць зыходнік]- Раённая газета «Ашмянскі веснік».
- Штотыднёвік «Рэгіянальная газета».
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Васкрасенская царква
- Касцёл Міхала Арханёла
- Руіны касцёла францысканцаў
- Будынак былой сінагогі
- Кляштар дамініканцаў
- Богаяўленская царква (1840 — пач. XX ст.)
- Дом Саветаў (1978)
- Капліца могілкавая (пасля 1872 года)
- Сядзіба Стругача (канец ХІХ ст.)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Фульгенцавіч Акушка (1862—1919) — заснавальнік малдаўскай школы мастакоў.
- Аляксандр Астрамовіч (1878—1921) — каталіцкі святар, паэт.
- Андрэй Станіслававіч Барбашынскі (нар. 1970) — алімпійскі чэмпіён 1992 (гандбол).
- Аляксандр Іосіфавіч Батурын (1904—1983) — оперны спявак.
- Янка Вярсоцкі (1888—1937) — каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.
- Язэп Станіслававіч Германовіч (1890—1978) — каталіцкі святар, пісьменнік.
- Валяр’ян Голяк (1881—1948) — каталіцкі святар.
- Люцыян Жалігоўскі (1865—1947) — генерал, дзяржаўны і ваенны дзеяч Сярэдняй Літвы і Польшчы.
- Юльян Восіпавіч Карчэўскі (1806—1833) — беларускі мастак.
- Аляксандр Уладзіміравіч Каршакевіч (нар. 1959) — алімпійскі чэмпіён 1988 (гандбол).
- Франц Адамавіч Клінцэвіч (нар. 1957) — депутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі.
- Юрый Георгіевіч Лопух (нар. 1964) — матагоншчык.
- Віктар Валер’евіч Марціновіч (нар. 1977) — беларускі журналіст, мастацтвазнаўца, пісьменнік.
- Іван Іванавіч Пляхімовіч (нар. 1978) — беларускі юрыст.
- Міхал Сапоцька (1888—1975) — каталіцкі святар.
- Адам Станкевіч (1892—1949) — каталіцкі святар, грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец.
- Лейба Давідавіч Стругач (1842—1906) — заснавальнік дражжавога завода ў Ашмянах.
- Войцех Табар (~1453-1507) — ашмянскі пробашч, затым біскуп віленскі.
- Ігар Мікалаевіч Шкуратаў (нар. 1945) — беларускі мастак.
- Андрэй Цікота (1891—1952) — каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч.
- Чэслаў Янкоўскі (1857—1929) — паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнавец.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Топоров В. Н. Две заметки из области балтийской топонимии (этимологический аспект) [1959] // В. Н. Топоров. Исследования по этимологии и семантике. Т.4. Кн. 2. М., 2010. С. 74-77.
- ↑ Chronicon seu annales Wigandi Marburgensis: equitis et fratris ordinis teutonici / Kronika Wiganda z Marburga: rycerza i brata Zakonu niemieckiego. Posnaniae, 1842. Стар. 298—299.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. Стар. 279.
- ↑ Николаев Ю. К. Историко-культурное наследие Пермского края. Официальная символика. Пермь, 2008. Стар. 129.
- ↑ Списокъ Быховца // Полное собранiе русскихъ лѣтописей. — С.-Петербургъ, 1907. — Т. 17. — С. 478.
- ↑ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, tom I: Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek, Warszawa, 2004, s.314
- ↑ Таўціева З. Х. Ашмянская метэаралагічная станцыя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 196. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ У Ашмянах пабудуюць завод па вытворчасці дражджавога экстракту//«Рэгіянальная газета»
- ↑ На «Адной зямлі» гаспадарылі ашмянцы//«Рэгіянальная газета», 29 чэрвеня 2001 г., № 26 (323)
- ↑ Ашмяны прынялі «Адну зямлю»//«Рэгіянальная газета»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Jankowski Cz. Powiat Oszmiański. Cz. I. — Petersburg, 1897. (польск.)
- Збор помнікаў гісторыі і культуры: Гродзенская вобласць / АН БССР; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Беларуская савецкая энцыклапедыя; Рэдкалегія: С. В. Марцэлеў (галоўны рэдактар), М. М. Бірукова, М. В. Бірыла і іншыя. — Мн.: БелСЭ, 1986.
- Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой / А. К. Краўцэвіч; Навуковы рэдактар М. А. Ткачоў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 171 с.
- Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён : зб. навук. арт. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад. : А. А. Скеп’ян, А. Б. Доўнар; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.] — Мінск: Беларус. Навука, 2015. — 497 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ашмяны
- Геаграфічныя звесткі па тэме Ашмяны на OpenStreetMap
- Навіны Ашмян на сайце Westki.info Архівавана 2 мая 2009.
- Ашмяны на Radzima.org