Ліцвіны
Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — назва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, пераважна беларусаў (заходніх і ўсходніх) ды ўсходніх літоўцаў у XIV—XVIII стст. На цяперашні час выкарыстоўваецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.
Гістарычныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню назва сустракаецца ў польскіх гістарычных крыніцах XIV ст.
У XVI—XVIII стст. назва «літвіны» набыла гучанне палітоніма — дзяржаўнага палітычнага вызначэння ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усходніх беларусаў праваслаўнай веры (русіны, рускія, літвіны рускай веры) і палешукоў. Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага маскоўскія крыніцы называлі літвінамі-беларусцамі (гл. беларусцы).
Так, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету». У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі такая назва існавала да сярэдзіны XX ст.
У XIX — пачатку XX стст. арэал існавання назвы «літвіны» звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.
Сучасныя ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]
На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XIV—XIV стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на Захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).
Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк адмаўляюць тое, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літвіны» («литвины») у якасці эндаэтноніма, а выкарыстоўвалі на землях Верхняга Панямоння толькі тэрмін «рускі» («русін», «русь») у якасці агульнага эндаэтноніма для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[3].
Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што тэрмін «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага ў якасці этноніма адносіўся да літоўцаў, што не мае выразных дакументальных пацверджанняў[4][5], а адносна беларусаў выкарыстоўваўся тэрмін «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[6][5].
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года.
- ↑ БелЭн, 1999
- ↑ Марзалюк, 2009, с. 59, 65, 116, 120
- ↑ Груша, 2013, с. 39
- ↑ а б Груша, 2015, с. 173
- ↑ Груша, 2013, с. 38
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Літвіны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 314. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 6. Кішынёў — Манцэвічы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1972. — С. 411. — 624 с.: іл., карты.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
- Груша, А. И. Великое княжество Литовское: есть ли в нем место для Беларуси? / А. И. Груша // Гісторыя беларускай дзяржаўнасці: матэрыялы навукова-практычнага семінара (Мінск, 26 сакавіка 2013 г.) / рэд.кал. У. Р. Гусакоў [і інш.]. — Мінск : Белар. навука, 2013. — С. 38—53.
- Груша, А. И вновь о взаимных дарах. Добрососедство, прагматизм и благотворительность в отношениях между русинами и литвинами в Великом Княжестве Литовском в первой половине XVI в. / А.Груша // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2015. — № 2. — С. 173—189.
- Марзалюк, І. А. Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2009. — 148 с.
- Марзалюк І. Тэрміналогія этнічнай гісторыі Беларусі 14-17 ст.: набліжэнне да рэаліяў, ці стварэнне новых міфаў? Архівавана 5 кастрычніка 2014. // Гістарычны альманах. — 2003. — Т. 9. — С. 113—122.
- Насевіч В. Л. Да пытання пра саманазву беларусаў у перыяд ВКЛ // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Маладзечне 19-20 жніўня 1992 г. Мінск: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, 1993. — С. 97-100.
- Насевіч В. Літвіны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 206—208. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 287. — 751 с. — 10 000 экз.
- Левшун Л. Концепт «Литвы» в этнокультурном самосознании белорусов // Беларуская думка. — № 11. — 2009. — С. 102—109.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ліцвіны
У іншым моўным раздзеле ёсць больш поўны артыкул Ліцьвіны(бел. (тар.)) |