Уладзімір Полацкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Уладзімір
Нараджэнне 1140-я
Смерць 1216
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Валадар Глебавіч

Уладзімір (каля 1140-х — 1216, Полацк) — князь полацкі[1] (1186—1216).

Праблемы атаяснення[правіць | правіць зыходнік]

Полацкі князь Уладзімір (Woldemaro de Ploceke) вядомы толькі з «Хронікі Лівоніі» Генрыха Латвійскага, старажытнарускія крыніцы яго не згадваюць, але гістарычнасць асобы пэўная. У 1850 годзе нарвежскі гісторык П. А. Мунк параўнаў звесткі «Генеалогіі дацкіх каралёў» (канец XII ст.) пра «братоў каралевы Сафіі», якія «са славай трымаюць стырно ўлады каралеўства і да сёння» са звесткамі «Хронікі Лівоніі» і выказаў думку, што Уладзімір — адзін з братоў дацкай каралевы. У XX ст. такую думку выказаў А. В. Назаранка[2]. Да думкі пра паходжанне Уладзіміра з менскіх Глебавічаў схіляўся і Л. Аляксееў.

Ёсць і іншыя спробы атаяснення, у свой час В. Я. Данілевіч лічыў Уладзіміра сынам полацкага князя Усяслава Васількавіча[3], такой думкі трымаюцца А. М. Рапаў[4], В. Л. Насевіч[5], Э. М. Загарульскі[6] і іншыя. Таксама прапанавана атаясненне з Уладзімірам Рурыкавічам[ru], які толькі нарадзіўся ў 1187 годзе, калі полацкі князь Уладзімір ужо дзейнічаў. Некаторыя атаясненні грунтуюцца на думцы пра памылку Генрыха Латвійскага, які мог назваць Вальдэмарам князя з іншым імем. Напрыклад, М. Ермаловіч думаў, што гэта Валодша, якога ён лічыў сынам Рагвалода-Васіля. Таксама прапанавана тоеснасць з Валадаром Васількавічам, асобай невядомай з крыніц. Атаясненні з думкай пра памылку Генрыха няпэўныя, бо даследчыкамі адзначаецца яго пільнасць да транскрыпцыі імёнаў, а Вальдэмарам ён называе полацкага князя неаднакроць.

Асобнае месца займаюць атаясненні на аснове ўнікальных звестак В. Тацішчава, які называў сваёй крыніцай не захаваны да XX ст. Полацкі летапіс. Паводле аднай такой весткі, Уладзіміра атаяснюць з Уладзіміркам Валадаравічам (Владимирко Володаревич), які ў 1182 годзе ваяваў Падляшша, зямлю дарагічынскага князя Васількі Яраполчыча, а той паклікаў на дапамогу палякаў і на Бугу адбылася жорсткае сутыкненне — разбіты Уладзімірка адступіў у свой Менск. Васілька ўзяў Бярэсце, пакінуў там польскую залогу і вярнуўся ў свой Дарагічын. Уладзімірка ж звярнуўся па дапамогу палачан, адваяваў Бярэсце і пайшоў супраць Васількі, які з польскім войскам стаяў на Нуры за Дарагічынам. У баі Уладзімірка перамог, палякі не вытрымалі націску полацка-менскага войска, адступалі да лесу і амаль усе загінулі. Васілька ўцёк да свайго цесця Лешкі і з яго падтрымкай ўрэшце прагнаў Уладзімірку з Падляшша. Пра далейшыя падзеі В. Тацішчаў не паведамляе. Аднак, гэтую вестку многія даследчыкі лічаць адной з «рэканструкцый» Тацішчава. То бок, згадка ў ёй асобы меркаванай Мункам і Назаранкам — толькі супадзенне.

Паводле другой унікальнай весткі В. Тацішчава, г. зв. «Аповесці пра Святохну», робяць яшчэ адно атаясненне — з Уладзімірам-Войцехам, паводле «Аповесці…», малодшым сынам полацкага князя Барыса Давыдавіча. Такое атаясненне ўнутрана супярэчыць самой «Аповесцю…». У пэўнасці гэтай весткі таксама сумняюцца, яе лічаць магчымым памфлетам на апанаванне іншаземцамі расійскага імператарскага двара часоў В. Тацішчава.

Да 1186 года[правіць | правіць зыходнік]

Прынамсі з 1150-х гадоў менскія Глебавічы з пераменным поспехам змагаліся за полацкі сталец, іх асноўных супернікаў, віцебскіх Васількавічаў, падтрымлівалі смаленскія Расціславічы. У 1180 годзе Васількавічы змянілі палітычную арыентацыю на чарнігаўскіх Ольгавічаў, удзельнічалі ў паходзе антысмаленскай кааліцыі на Друцк і адпаведна страцілі падтрымку Расціславічаў. Невядома, што адбывалася ў Полацку пасля гэтага. У 1186 годзе смаленскія князі (названы Давыд з сынам Мсціславам[ru]) з саюзнікамі — менскімі Глебавічамі (названы Васілька Валадаравіч, брат Уладзіміра) і друцкімі Барысавічамі (названы Усяслаў), пайшлі на Полацк. Палачане сустрэлі іх на мяжы з вялікімі дарамі, напэўна, прынялі і нейкія ў умовы, бо князі згадзіліся на мір. На думку Пятнова, магчыма, па гэтых умовах Уладзімір і заняў полацкі сталец. Уладзімір, аднак, быў полацкім князем ўжо ў 1184 годзе.

Некаторыя даследчыкі бачаць у 1180-х гадах месца падзеям «Аповесці пра Святохну», сам В. Тацішчаў дае іх пад 1217 годам, але выкладзеныя акалічнасці адпавядаюць ранейшаму часу. Пасля пахода на Друцк у 1180 годзе, магчыма, Усяслава Васількавіча на полацкім стальцы змяніў Барыс Давыдавіч, паводле «Аповесці…», ён быў стары і для ваенных спраў палачане запрашалі менскіх і друцкіх князёў. Напэўна, да 1184 года князь Барыс памёр і тады сталец заняў Уладзімір. Аднак сапраўднасць «Аповесці…» ставіцца пад сумнеў, як і ўсе ўнікальныя звесткі В. Тацішчава, няма пэўнасці ці заснавана яна і ў якой меры на крыніцах або цалкам «сканструявана» гістарыёграфам.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

З 1184 года[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Уладзімір згадваецца ў 1184 годзе, калі дазволіў немцу Мейнарду — каталіцкаму манаху, прапаведаваць хрысціянства сярод полацкіх даннікаў ліваў у вусці Дзвіны.

У 1191 годзе неназваныя полацкія князі, напэўна, Уладзімір і яго брат Васілька, сустракаліся ў Вялікіх Луках з ноўгарадскім князем Яраславам Уладзіміравічам[ru] і дамовіліся пра сумесным паходзе на літоўцаў або на чудзь у наступным годзе. Магчыма, яны дамовіліся пра два сумесныя паходы — на літву і на чудзь, але гэты план не ажыццявіўся — у 1192 годзе Уладзімір адзін хадзіў на літву, а наўгародцы і пскавічы на чудзь. Невядомыя прычыны ўладзімірава паходу на літоўцаў, звычайных саюзнікаў менскіх князёў, магчыма, Уладзімір браў удзел у літоўскай міжусобіцы. Пазней Уладзімір выкарыстоўваў атрады літоўцаў.

Узімку 1198—1199 гадоў літоўцы з палачанамі напалі на наўгародскі прыгарад Вялікія Лукі, спалілі яго і парабавалі ваколіцы. У адказ вялікае войска наўгародцаў, пскавічоў, ладжанаў, наваторжцаў пайшло на Полацк. Паслы палачан сустрэлі войска каля возера Касплі[ru] і дарамі задобрылі наўгародскага князя.

У 1201 годзе, калі літоўцы пайшлі супраць земгалаў, Уладзімір уварваўся ў Літву і вымусіў літоўцаў вярнуцца ў свае межы.

Паход 1203 года[правіць | правіць зыходнік]

У 1203 годзе пачаўся адкрыты канфлікт[1] з немцамі ў Лівоніі, імаверна, з-за адмовы біскупа Альбертам плаціць даніну, якую, напэўна, плацілі яго папярэднікі. Сам паход 1203 года нагадваў хутчэй збор даніны, чым ваенную кампанію. Войска Уладзіміра напэўна складалася з уласнай дружыны і дружын герцыкскага князя Усевалада і кукенойскага князя Вячкі. Спачатку ім спрыяла, пасля аблогі замка Ікскюль[ru], лівы, якія нядаўна прызналі ўладу біскупа, выплацілі патрабаваную даніну[1]. Але пад Гольмам немцы з самастрэлаў паранілі шмат коней у палачан і Уладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма, але герцыкскі князь Усевалад з літоўцамі напаў на Рыгу і парабаваў яе ваколіцы. Напэўна, Уладзімір хацеў толькі напалохаць немцаў і гэта часткова атрымалася — біскуп Альберт прызнаў Уладзіміра ўладаром ліваў і выплаціў за іх даніну, але адмовіўся сплаціць даніну за сябе, т. б. не прызнаў сябе полацкім падданым.

Паход 1206 года[правіць | правіць зыходнік]

У 1206 годзе[1] да Уладзіміра прыбыло ліўскае пасольства. Паслы скардзіліся на немцаў, што тыя не трымаюць міру, нападаюць на ліваў, прымушаюць да новай веры. Уладзімір разаслаў па ўсёй Полацкай зямлі загад збіраць войска для вялікага паходу супраць немцаў. Князь хацеў на караблях і плытах спусціцца да Рыгі і захапіць яе, тым самым адным разам выкінуць немцаў са сваіх уладанняў.

Нейкім чынам пра пасольства ліваў даведаўся біскуп Альберт і паслаў да Уладзіміра пасольства на чале з Тэадорыхам, які ведаў Уладзіміра яшчэ з часоў Мейнарда. Дарогай на пасольства напалі літоўцы і адабралі дары для полацкага князя, але самі паслы дабраліся да Полацка. Прымаючы іх, Уладзімір вырашыў выкрыць хлусню немцаў, што нібыта яны не парушаюць міру і не нападаюць на ліваў. Для гэтага ён паклікаў і ліўскіх паслоў — тыя пацвердзілі свае словы. Князь загадаў немцам выйсці на двор і чакаць яго рашэння. Тэадорыху ўдалося паслаць Альберту вестку пра падрыхтоўку паходу.

Альберт, калі даведаўся пра падрыхтоўку паходу Уладзімірам, затрымаў у Лівоніі крыжакоў, што збіраліся ўжо вяртацца ў Германію. У сваю чаргу і Уладзімір даведаўся пра ўчынак Тэадорыха, і, зразумеўшы, што яго намер выкрылі, адклаў вялікі паход на будучыню. Ён адпусціў Тэадорыха, а разам з ім адправіў у Ніжняе Падзвінне полацкіх ураднікаў, каб яны, выслухаўшы абодва бакі — немцаў і ліваў, вырашылі, хто з іх кажа праўду. Прыбыўшы на месца, полацкія чыноўнікі спыніліся ў Кукенойсе, а разам з Тэадорыхам у Рыгу паслалі дзяка Стэфана, каб выклікаць Альберта на разбіральніцтва 30 мая 1206 года на раку Вогу. Альберт, назваўшы ўраднікаў пасламі, прапанаваў ім прыехаць да яго ў Рыгу, як да гаспадара гэтай зямлі — ехаць на разбіральніцтва ён адмовіўся.

Да прызначанага часу на Вогу сабралася вялікая колькасць ліваў. З Гольма на караблі прыбылі іх старэйшыны, што жылі ў гэтым замку. Па дарозе яны спрабавалі хітрасцю выманіць з Ікескуля немцаў, запрашаючы тых сесці на карабель, але немцы не згадзіліся. Тады лівы, аб’яднаўшыся з летамі з Тарэйды і Вейкалы, напалі на Гольм і захапілі яго. Адсюль яны накіраваліся на Рыгу, але крыжакі які былі ў Рызе лёгка разбілі ліваў і вярнулі сабе Гольм.

Адмова Альберта прыбыць на разбіральніцтва, т.б. выяўленне незалежніцкіх тэндэнцый, выклікала ва Уладзіміра абурэнне. Ён сабраў войска і на караблях спусціўся ўніз па Дзвіне. Пры высадцы каля Ікескуля шмат каго ў полацкім войску немцы паранілі з самастрэлаў. Уладзімір не стаў браць гэты замак, а нечакана падышоў да Гольма і аблажыў яго. Некалькі дзён паміж немцамі і палачанамі доўжыўся бой. Крыжакі адбіваліся з дапамогай самастрэлаў, палачане, дасведчаныя ў стральбе з лукаў, закідалі замак стрэламі. Спрабавалі палачане падпаліць умацаванні, расклалі вялікае вогнішча пад сценамі, але безвынікова. Не прынесла поспеху і баліста, якую зрабілі палачане на ўзор нямецкіх, бо была зроблена няўдала. Уладзімір планаваў захапіць Гольм, Ікскюль і Рыгу[1] — выкінуць немцаў з Ніжняга Падзвіння. Гэтыя план спраўдзіліся бы, бо немцаў было не шмат. Аднак, Уладзіміру прыйшлося адмовіцца ад гэтага, бо ён даведаўся аб набліжэнні флоту крыжакоў з Германіі, а таксама дацкага караля Вальдэмара з войскам, якое ён збіраў тры гады і з якім высадзіўся на Эзелі. Суадносіны сіл перамяніліся, Уладзімір адступіў.

Гэтая сітуацыя прычынілася да таго, што ў 1207 годзе ўся краіна ліваў — Лівонія, апынулася ва ўладзе крыжакоў, яны падступілі да межаў Кукейноскага княства. Вячка Кукенойскі перадае палову свайго княства біскупу. Але хутка Вячка, даведаўшыся што крыжацкае войска адплыла на караблях у Германію, распраўляецца з немцамі, які былі ў той палове замка што ён перадаў біскупу. Трафеі[ru] ён адпраўляе Уладзіміру, паведамляючы, што крыжакі сышлі з Лівоніі і прапануючы аднавіць наступ. Але сустрэчны вецер затрымаў крыжакоў у вусці Дзвіны. Крыжакі даведаўшыся пра ўчынак Вячкі вярнуліся каб адпомсціць. Вячка, не чакаючы падыходу крыжакоў, спаліў свой горад і сышоў на Русь, а крыжакі апанавалі Кукенойскім княствам.

Падзеі 1209 года[правіць | правіць зыходнік]

Пасля гэтага пад націскам крыжакоў апынуўся Усевалад Герцыкскі. Восенню 1209 года разбіўшы каля Герцыке Усеваладаву дружыну крыжакі захапілі горад, герцыкскі князь выратаваўся на супрацьлеглым беразе Дзвіны і адтуль назіраў як гарыць замак і пасад, усеваладава жонка і дачка трапілі ў палон. Біскуп Альберт прапанаваў Усеваладу мір, а таксама вярнуць палонных і нарабаванае дабро, але той павінен быў перадаць яму частку княства, пазбягаць зносін з паганцамі — літоўцамі, паведамляць пра планы русінаў. Усеваладу не было іншага выйсця, як згадзіцца з гэтымі ўмовамі.

Мір з біскупам[правіць | правіць зыходнік]

Вайна паміж Рыгай і Полацкам шкодзіла полацкаму гандлю, бо немцы кантралявалі вусце Дзвіны, а Уладзімір у сваю чаргу не дазваляў рыжскім купцам гандляваць у Полацкай зямлі.

У 1210[1] годзе да Уладзіміра прыбылі паслы біскупа на чале з рыцарам Арнольдам. Ведаючы зацікаўленасць Полацка ў гандлі па Дзвіне, біскуп прапанаваў заключыць з Рыгаю мір і адкрыць рыжскім купцам доступ у свае ўладанні. Каб абмеркаваць умовы пагаднення, Уладзімір адправіў да Альберта заможнага чалавека Лудольфа са Смаленска. Гэта можа сведчыць, што за Уладзімірам стаяў і Смаленск, таксама зацікаўлены ў вольным гандлі па Дзвіне. Уладзіміра хвалявала ліўская даніна, якую Полацк страціў — біскуп Альберт згадзіўся выплачваць яе за ліваў. Гэта вяртала адносіны да стану 1203 года, але з улікам, што Полацк ужо страціў Кукенойс і пацярпелі яго інтарэсы ў Герцыке. Гэтая дамова хоць і зрабіла палёгку полацкаму гандлю, але развязала рукі біскупу, які цяпер мог ваяваць з эстамі. Зноў жа, біскуп згадзіўся плаціць даніну за ліваў, але не за сябе. На праўдзе, відаць, біскуп не плаціў даніну і за ліваў, кажучы пра нежаданнем ліваў служыць адразу двум гаспадарам.

Магчыма, для вырашэння гэтага пытання Уладзімір паклікаў Альберта на сустрэчу. Планаваныя мэты сустрэчы невядомыя. Сустрэча адбылася ў Герцыке. Спачатку ледзь не пачалася сутычка полацкай дружыны з васаламі біскупа, якую цудам прадухілілі. У выніку сустрэчы князь, прызнаўшы дэ-юрэ фактычнае валоданне біскупам зямлёй ліваў, перадаў ліваў біскупу. Пры гэтым была дамоўлена пра вольны гандаль па Дзвіне і сумесную ахову гандлёвых шляхоў, у т. л. ад літоўцаў.

Невядома якія далейшыя планы адносна зямлі ліваў меў Уладзімір, магчыма, захоўваючы мір з біскупам ён дзейнічаў супраць яго праз Усевалада Герцыкскага і літоўцаў. У тым жа 1210 годзе літоўцы нападаюць на Рыгу, а ў 1211 годзе яны двойчы ваююць біскупскія ўладанні. У 1214 годзе біскуп перайшоў у наступ, абвінаваціў Усевалада ў тым, што той шмат гадоў не з’яўляецца да яго і заўсёды дапамагае літоўцам радай і справай. З біскупава блаславення немцы з летамі ў 1214 годзе пайшлі супраць Усевалада і хітрасцю завалодалі Герцыке. Горад быў разрабаваны, а жыхары, якія не паспелі ўцячы ў замак, узятыя ў палон.

Падзеі 1216 года[правіць | правіць зыходнік]

У 1216 годзе да Уладзіміра з звярнуліся эсты, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць Рыгу. Самі эсты абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і летаў, а таксама закрыць гавань у Дзюнамюндэ[ru]. Напэўна такога прыдатнага моманту і чакаў Уладзімір, ён пачаў збіраць войска з Полацка, Менска, Літвы, Смаленска, Віцебска і Друцка. Сабралася вялікае войска, але Уладзімір ужо ўзышоўшы на карабель раптоўна памёр[1].

Пасля смерці Уладзіміра[правіць | правіць зыходнік]

Паход на Рыгу не адбыўся. Паводле Я. Длугаша, у гэты час смаленскі кн. Мсціслаў Давыдавіч разбіў літоўцаў, якія рабавалі ваколіцы Полацка. У 1217/1218 годзе згадваецца полацкі кн. Васілька, асоба якога дыскусійная. Магчыма, гэта малодшы брат Уладзіміра — Васілька Валадаравіч. Можа, менавіта паміж яго дружынай, дзе маглі быць і літоўцы, і смаленцамі адбылася вышэйзгаданая сутычка з-за ўлады ў Полацку. Гэтыя падзеі, а таксама захоп неўзабаве Полацка смаленскімі князямі, прычыніліся да канечнай страты Полацкам Лівоніі, а таксама да прызнання Усеваладам Герцыкскім нямецкай улады ў 1225 годзе.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 БС. Т. 5, 1982, с. 117
  2. Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях. М., 2001. С. 590.
  3. Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли… С. 108—109.
  4. Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977. С. 64;
  5. Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мінск, 1993. С. 143;
  6. Загорульский Э. М. Генеалогия полоцких Изяславичей. С. 15.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Paszkiewicz B. O matce Lestka Bolesławica i początkach mennictwa mazowieckiego // Przegląd Historyczny, vol. 92 (2001), pp. 1-14. — P. 12-13;
  • Sobolewski J. P. Wasylko Jaropełkowicz i Iziasław Jarosławowicz, dwaj książęta drohiccy z 2 poł. XII w. // Inter orientem et occidentem, studia z dziejów Europy Środkowo — Wschodniej ofiarowane prof. Janowi Tyszkiewiczowi w 40-lecie pracy naukowej. — Warszawa, 2002. — s. 77-88. — S. 80-81;
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.)  / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — 737 с. — 50 000 экз.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
  • Генрих Латвийский. Хроника Ливонии / Введение, перевод и комментарии С. А. Аннинского. — 2-е изд. — М.— Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1938.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-XIII ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998, − 260 с.
  • Майоров А. В. Борьба за Берестье в 1182 г. по сведениям Полоцкой летописи В. Н. Татищева и польских средневековых хроник // Исследования по истории Средневековой Руси. К 80-летию Юрия Георгиевича Алексеева / Отв. ред. А. Ю. Дворниченко, сост. С. В. Стрельников. М., СПб., 2006.
  • Майоров А. В. «Повесть о Святохне» в трудах современных исследователей // Образ науки в университетском преподавании. Материалы XVII науч. конф. Историко-архивного института РГГУ. М., 2005.
  • Майоров А. В. «Повесть о Святохне»: история изучения и современные приёмы верификации известий В. Н. Татищева // Вестник Удмуртского государственного университета. Серия «История», 2004, № 3.
  • Пятнов А. П. Полоцкая земля в последней четверти XII в. // Rossica Antiqua. 2010. Вып. 1. — С. 135—138.
  • Сагановіч Г. Полацк і нямецкая калонія на Дзвіне (паводле хронікі Генрыха) // БГА, Т.5 Сш.1(8) Чэрвень 1998.