Адам Якубавіч з Котры
Адам Якубавіч з Котры | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне | не пазней за 1464 | ||||||
Смерць | не раней за 24 снежня 1516 і не пазней за 25 мая 1517 | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Адукацыя |
|
Адам Якубавіч з Котры (да 1464 — паміж 24 снежня 1516 і 25 мая 1517) — пісар гаспадарскі (1492—1511), канонік сандамірскі (1505—1516) і віленскі (1508—1516).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]З роду не баярскага паходжання (honorabilis). Часта ў літаратуры Адама называюць сынам пісара гаспадарскага Якуба, але, напрыклад, Алег Ліцкевіч, лічыць гэта малаімаверным з прычыны рознага веравызнання гэтых асоб.
Пачатковую адукацыю атрымаў у віленскай кафедральнай школе. У 1478—1489 гадах вучыўся ў Кракаўскім універсітэце на сродкі князя Андрэя Свірскага. У дакументах універсітэта запісаны літвінам. У 1482 годзе стаў бакалаўрам, у 1488 — магістрам. Зімой 1488/1489 навучальнага года вывучаў Гарацыя.
Пасля вяртання ў Княства, з 1492 года быў пісарам Канцылярыі вялікага князя Аляксандра. У 1494 годзе двойчы ездзіў у пасольствах у Маскву па пытанні захавання праваслаўнай веры вялікай княжной маскоўскай Аленай Іванаўнай, пасля яе планаванага шлюбу з вялікім князем Аляксандрам. У 1496 годзе ездзіў у пасольстве ў Кракаў у справе маёмаснага забеспячэння каралевіча Жыгімонта. У Пётркаве падрыхтаваў лацінскі варыянт акта уніі 1499 года, пра што на ім захаваўся старабеларускі надпіс «Пісаў Адам Якубавіч з Котры».
На кнізе з уласнай бібліятэкі «Majus, De priscorum verborum proprietate» (Tarvisiae, 1477) пакінуў два надпісы «Certe sum Ade Lithuani» і «Книга Адамова Якубовича с Котры, с Литвы з волости Городенское, Зброшкова брата, ему ж накладался на науку до Кракова болей десяти лет, из детинства ест при школе виленской ласкаве ховался, небошчик князь Ендрий, негды каноник и кустош костела виленского святого Станислава».
Маёнтак Котру ў Гарадзенскім павеце атрымаў у пажыццёвае ўладанне ад вялікага князя за службу. Кіраваннем маёнтка займаўся брат Зброшка Якубавіч.
З 1503 года служыў у касцёле ў Красным. У 1505 годзе вялікі князь Аляксандр прызначыў Адама канонікам сандамірскім, аднак ён заставаўся ў Княстве, працягваў служыць як пісар гаспадарскі, у 1505 годзе браў удзел у камісіі па ўрэгуляванні літоўска-лівонскай мяжы. З 1506 года стаў пробашчам касцёла ў Сумілішках. У 1508 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары прызначыў Адама канонікам віленскім. У 1510 годзе згаданы як «venerabilis Adam Jakubowicz de Kotra, Vilnensis et Sandomir eccl. canonikus». З 1514 года — афіцыял віленскі. У Віленскім капітуле апошні раз з’яўляўся 24 снежня 1516 года, а ўжо 25 мая 1517 кароль Жыгімонт прызначыў «па Адаме з Котры» канонікам сандамірскім іншую асобу.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Семянчук А. Адам Якубавіч з Котры // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 14. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Wisłocki W. Incunabula typographicae Bibliothece Universitatis Jagiellonicae. — Kraków,1900. — S. 368.
- Poppee F. Adam z Kotry // Polski słownik biograficzny. T.1. — Kraków, 1935.
- Ochmański J. Dawna Litwa. Studia historyczne. — Olsztyn, 1986.
- Adomas Katrietis // Visuotinė lietuvių enciklopedija. T. V (Dis-Fatva). — Vilnius, 2004.