Васіль Быкаў
Васіль Быкаў | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 19 чэрвеня 1924[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 чэрвеня 2003[4][5] (79 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, сцэнарыст, журналіст, палітык, навэліст |
Гады творчасці | 1947 — 2003 |
Жанр | аповесць[d], апавяданне, публіцыстыка, эсэ і аповесць |
Мова твораў | беларуская і руская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Васі́ль Уладзі́міравіч Бы́каў (19 чэрвеня 1924, в. Бычкі, цяпер Ушацкі раён — 22 чэрвеня 2003, в. Бараўляны, Мінскі раён, Беларусь) — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны. Народны пісьменнік Беларусі (1980).
Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Другой сусветнай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Род Васіля Быкава вядомы ад Лук’яна Быка, селяніна 2-й паловы XVIII ст., імавернага першапасяленца вёскі Бычкі, назва якой фактычна перадае неафіцыйнае прозвішча яго нашчадкаў. Сем’і сыноў Лук’яна — Аўласа і Фадзея былі прыгоннымі маёнтка Слабодка памешчыка Штромберга. Унук Аўласа — Янка Мацееў Бык згадваецца ў інвентары 1845 года як лёкай (слуга пры панскім доме)[7]. Янка Мацееў Бык, напэўна, і быў бацькам Фёдара Быка, дзеда пісьменніка, якога ён згадвае ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому»: «Другі дзед быў селянін-адыходнік, сезонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода»[8]. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. прозвішча сям’і пад уплывам русіфікацыі набыло цяперашнюю форму — Быкаў.
Дзяцінства і маладыя гады
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Уладзіміра Фёдаравіча Быкава, удзельніка Першай сусветнай вайны, і Ганны Рыгораўны (па параджэнні Скрабатун), дачкі рыбака. Бацька быў ураджэнцам Бычкоў, маці суседняга Завулка, які паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года апынуўся ў складзе Польшчы[9]. З дзяцінства захапляўся маляваннем. У 1939 годзе скончыў 8 класаў Кубліцкай сярэдняй школы, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак увосень 1940 года ў сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпендый вымушаны быў пакінуць вучобу[10]. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941 года. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас.
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]Напад Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны заспеў яго ва Украіне, дзе ён удзельнічаў у фартыфікацыйных работах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны, пасля быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён[11].
Быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб’екты ад Гомеля да Варонежа. Зімой 1941—1942 гадоў жыў на станцыі Салтыкоўка і ў Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча, з 80 чалавек яго выпуску ацалела толькі чацвёра. Увосень 1943 года прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знам’янку.
Падчас Кіраваградскай аперацыі паранены ў нагу і жывот, памылкова запісаны загінулым; падзеі пасля ранення сталі асновай аповесці «Мёртвым не баліць». Бацькі Васіля Быкава атрымалі паведамленне, што сын гераічна загінуў у баях з нямецкімі захопнікамі каля Кіраваграда, імя было напісана на агульным абеліску.
У пачатку 1944 года тры месяцы знаходзіўся ў шпіталі.
Пазней удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, вызваленні Румыніі. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю — старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў ва Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. Пра вайну ў кнізе «Доўгая дарога дадому» (2003) успамінаў так:
Прадчуваю сакраментальнае пытанне пра страх: баяўся ці што? Вядома, баяўся, а, можа, часам і збаяўся. Але страхаў на вайне шмат, і яны ўсе розныя. Страх перад немцамі — што маглі ўзяць у палон, застрэліць; страх з-за агню, асабліва артылерыйскага або бамбёжак. Калі выбух побач, так, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатова разарвацца на кавалкі ад дзікіх пакут. Але быў жа і страх, які ішоў з-за спіны — ад начальства, усіх тых карных органаў, якіх у вайну было не менш, чым у мірны час. Нават больш.[11] |
Гродзенскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Пасля дэмабілізацыі з 1947 года Васіль Быкаў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда» (1947—1949). У 1949—1955 гадах зноў служыў у Савецкай Арміі на Курылах. Пасля дэмабілізацыі (маёр запасу), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда» (1956—1972). Агулам Васіль Быкаў пражыў у Гродне 25 гадоў — 1947—1949 і 1955—1978 гады. Менавіта у Гродне напісаў «Мёртвым не баліць», «Жураўліны крык», «Альпійскую баладу», «Сотнікава (Ліквідацыю)», «Пайсці і не вярнуцца»[12].
Жыў на Вялікай Траецкай, 28 і Свярдлова, 18, Парыжскай камуны, 9. Паводле мясцовых жыхароў, у садзе ў двары дома па Вялікай Траецкай, 28 ёсць дрэвы, якія саджаў Быкаў. У двары дома на Свярдлова, 18 расце дуб, які, паводле сведчання ўнука пісьменніка, некалі пасадзіў Быкаў[13]. На Дамініканскай, 5 размяшчалася мастацкая майстэрня, дзе ён працаваў у першыя гады гродзенскага перыяду. На левым беразе Нёмана меў гараж, дзе захоўваў тэхніку, у тым ліку маторную лодку, на якой любіў вандраваць па рацэ.[12]
Васіль Быкаў у час гутаркі з Аляксеем Гардзіцкім успамінаў, што «на пачатку літаратурнага шляху мяне вельмі падтрымаў, проста сказаў, што я павінен пісаць, Георгій Шчарбатаў. Я не ведаю, што ён заўважыў, але ён так сказаў. Прынамсі, я яму абавязаны, што стаў пісьменнікам, бо мог бы ім і не стаць.»[14].
Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1959 года (Гродзенскае аддзяленне). Выступаў як журналіст. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з’яўляцца яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (1972—1978).
Мінскі перыяд. Грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1978 годзе пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай. Уваходзіў у склад праўлення СП СССР, Рады СП БССР, рэспубліканскага Савета Фонду міру.
Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978—1989). Народны дэпутат СССР (1989). У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту. Бескампраміснасць прозы Быкава часта станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў ачарненні савецкага ладу.
Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра . У 1990 годзе абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», заставаўся на гэтай пасадзе да 1993 года[15]. У кастрычніку 1993 года падпісаў адкрыты «Ліст сарака двух ».
Перад першымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі (чэрвень 1994 года) быў даверанай асобай кандыдата Зянона Пазняка, выступаў у гэтай якасці ў час паездак па Беларусі і на тэлебачанні[16]. У лістападзе 1994 года наведаў Ізраіль і падзяліўся сваімі ўражаннямі ў нарысе для зборніка «Поклон тебе, Иерусалим» (1996)[17]. Узначаліў арганізацыйны камітэт мітынгу 24 сакавіка 1996 года, з якога пачаліся падзеі Мінскай вясны, накіраванай супраць інтэграцыйных пагадненняў Беларусі і Расіі. У папярэдні час і ў далейшым адкрыта выступаў супраць прарасійскай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі[18].
Эміграцыя. Апошнія гады
[правіць | правіць зыходнік]Нападкі на Васіля Быкава, якія зноў пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу.
У пачатку 1998 года Васіль Быкаў на запрашэнне Фінскага ПЭН-цэнтра вырашыў пажыць у Фінляндыі, куды і пераехаў разам з жонкай у чэрвені таго ж года[19]. У снежні 2002 года Васіль Быкаў пасяліўся ў Чэхіі, перад гэтым пэўны час жыў у Германіі. У 2002 годзе апублікаваў кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому». У Чэхіі перанёс аперацыю, пасля пагаршэння здароўя вярнуўся на Беларусь. Памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталя ў Бараўлянах пад Мінскам[20].
Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Падчас пахавання быў адпеты ўніяцкімі святарамі, труну пісьменніка накрылі бела-чырвона-белым сцягам[21].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У Гродне пазнаёміўся з школьнай настаўніцай Надзеяй Андрэеўнай Кулагінай, якая падпрацоўвала ў «Гродзенскай праўдзе» карэктаркай. З ёй хутка пабраліся шлюбам. У час службы на востраве Кунашыр нарадзіўся сын Сяргей[22].
У 1977 годзе Быкаў пакінуў сям’ю ў Гродне і з’ехаў у Мінск. Праз год ажаніўся з Ірынай Суворавай, супрацоўніцай «Гродзенскай праўды». Ад другога шлюбу нарадзіўся сын Васіль[22].
Пра выхаванне сыноў Васіль Быкаў успамінаў[23]:
У мяне з сынамі былі нармальныя адносіны. Дрэнна хіба, што пры пэўных абставінах жыцця я не мог стварыць ім нацыянальных умоваў выхавання, і хлопцы выраслі па сутнасці ў касмапалітычным гарадскім асяродку. Жонкі іх таксама былі небеларускамі, — у аднаго расейка, а ў другога ўкраінка. |
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Ранняя творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца ў пасляваенныя гады. Першыя апавяданні Васіля Быкава былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» («Дапякло», 1947) і газеце «Гродзенская праўда» (1949, «У той дзень», «У першым баі»)[24]. Тэматыка ранніх апавяданняў, як і многіх далейшых твораў Васіля Быкава, прысвечана падзеям вайны.
Сам Васіль Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік». Іх ён паслаў на водгук Міхасю Лынькову. Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура — яго жыццёвае прызванне. 3 героя апавядання «У першым баі» Мікалая Беражнога пачаліся быкаўскія героі — маладыя афіцэры і салдаты з трагічным франтавым лёсам[24]. У «Жураўліным крыку» (1959) пісьменнік ізноў звярнуўся да ваеннай тэмы. Паводле зместу, шэсць ваенных, кожны з якіх — жывая чалавечая індывідуальнасць, гінуць у барацьбе з нацысцкімі захопнікамі. У наступных яго аповесцях паўстае перад чытачом рэчаіснае адлюстраванне вайны.
Першы зборнік «Ход канём» (1960) раскрывае пасляваеннае жыццё савецкіх людзей[24]. Канец 1950-х — пачатак 1960-х гадоў для Быкава ёсць часам пошукаў самавызначэння ў творчасці. Ён піша сатырычныя мініяцюры, гісторыка-прыгодніцкую аповесць «Апошні баец», серыю навел на маральна-этычныя тэмы, другі цыкл ваенных апавяданняў, нарысы, рэцэнзіі[24]. Аўтар выказвае ўласны погляд на свет, творам уласціва аналітычнае даследаванне чалавечага быцця. Васіль Быкаў імкнецца раскрыць трагічнасць падзей 1941—1945 гадоў, з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей.
Шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета» (1961). Тэма чалавека на вайне адлюстравана таксама ў аповесцях «Пастка» (1962), «Альпійская балада» (1963), «Праклятая вышыня» (1968).
Гады савецкага застою. Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Аднак у перыяд застою (1964—1986) афіцыйная савецкая крытыка адмоўна ставілася да праўдзівых аповесцей Быкава пра вайну[24], у той перыяд запатрабаваны былі патрыятычна-пафасныя творы. Адзін з самых вострых і праўдзівых твораў «Мёртвым не баліць» (1965) быў надрукаваны толькі ў часопісах «Маладосць» і «Новый мир » праз пратэкцыю рэдактараў Пімена Панчанкі і Аляксандра Твардоўскага. Савецкія крытыкі абвінавачвалі Быкава ў тым, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, «ачарняе гераічных савецкіх воінаў». Паводле загаду тагачасных галоўных партыйных ідэолагаў (Міхаіла Суслава, Міхаіла Зімяніна і так званага «спецыяліста» па беларускай літаратуры ў Аддзеле прапаганды ЦК КПСС У. Сяўрука) былі арганізаваны калектыўныя пісьмы «незадаволеных» быкаўскім адлюстраваннем падзей вайны. Нягледзячы на тое, што многія савецкія творчыя саюзы, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і яго дырэктар Міхаіл Дубянецкі, шматлікія чытачы патрабавалі ўключыць «Мёртвым не баліць» у запланаваны збор твораў Васіля Быкава, Міхаіл Суслаў, а пасля Міхаіл Зімянін загадалі ніколі яе не друкаваць і ўсякія размовы пра выданне спыніць, хоць у многіх краінах гэты твор ужо тады выйшаў асобнай кнігай. Аднак праз ціск грамадскасці аповесць была ўключана ў 4-ы том збору твораў пісьменніка[24].
У 1970-я гады Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1972), «Воўчая зграя» (1974), «Яго батальён» (1975).
У сваіх творах Васіль Быкаў адлюстроўвае выпрабаванні людзей у барацьбе з нацызмам, паказвае чалавечыя маральныя якасці і каштоўнасці. Творам уласціва філасафічнасць, аналітычнасць, псіхалагізм, глыбокае раскрыццё ўнутранага свету чалавека[24].
У партызанскім цыкле аповесцей («Круглянскі мост» (1968), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982) адлюстравана праблема выбару ў цяжкіх умовах акупацыі. У аповесці «Знак бяды» Быкаў таксама востра паказаў падзеі калектывізацыі на Беларусі. Апісаў бессэнсоўнасць і жорсткасць сталінскіх метадаў абагульнення сялянскіх гаспадарак, вынішчэння яго гаспадарчых традыцый[24]. Гэту ж тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці «Аблава», дзе, асвятляючы падзеі калектывізацыі, упершыню ў беларускай літаратуры паказвае спецперасяленца, працавітага, гаспадарлівага селяніна Хведара Роўбу, які быў высланы з сям’ёй на Поўнач, а потым, пры спробе вярнуцца ў родную вёску, загінуў пакутніцкай смерцю[24].
З сярэдзіны 1980-х. Гады незалежнасці
[правіць | правіць зыходнік]У 1980-я гады ў сваёй творчасці Васіль Быкаў бярэцца з пераасэнсаванне мінулага. Быкаў удакладняе многа з таго, што раней упэўнена сцвярджаў у сваіх творах. У рамане «Кар’ер» (1985) злучаны сучаснасць і ваенны час. Складаны лёс чалавека ва ўмовах акупацыі паказаны ў аповесці «У тумане» (1988). З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана «Сцюжа» (1969, 1991).
У 1990-я гады ў творчасці Быкава пераважае апавяданне. «На Чорных лядах», «Бедныя людзі» (абодва — 1994), «Жоўты пясочак», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё» (усе — 1995).
Аповесць «Пакахай мяне, салдацік» (1996) тэматычна звязана з цыклам «ваенных» апавяданняў. Аповесць «Афганец» (1998) расказвае пра салдата-«афганца», які, расчараваўшыся ў жыцці, вырашае забіць тырана. Аповесць «Ваўчыная яма» (1999) расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаная ваенная рэчаіснасць адлюстравана ў аповесці «Балота» (2001).
У той жа час Быкаў становіцца аўтарам кароткіх апавяданняў з філасофска-алегарычным зместам: «Сцяна» (1995), «Музыка», «Народныя мсціўцы» (абодва — 1997), «Ваўчыная яма», «Мальбара», «Тры словы нямых», «Труба» (усе — 1998), «Галоўны крыгсман», «Хутаранцы», «Апалагетыка „нагана“», «Кошка і мышка» (усе — 1999). Выходзяць кнігі прозы «Сцяна» (1997), «Пахаджане» (1999). Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава «Калі рукаюцца душы» (2003). Працягвае тэму сяброўства кніга «Дажыць да зялёнай травы» (2008). Кнігу пад такой назвай Быкаў і Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух творцаў, якое пачалося ў 1960 годзе.
У гады перабудовы Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч і публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв’ю склалі зборнікі «На крыжах» (1992) і «Крыжовы шлях» (1998). Пра сваё жыццё і творчасць Васіль Быкаў напісаў у кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» (2002).
Адной з апошніх прац Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года «Цярновы шлях», якія пазней увайшлі ў кнігу «Грамадзянін свету» (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога Быкава.
Пасля смерці Быкава выйшла кніга «Бліндаж» (2007), у якую ўвайшлі аповесці «Бліндаж» (1987) і «Апошні баец» (1958), якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік. У 2020 годзе былі знойдзены арыгіналы чатырох апублікаваных у 1970 годзе франтавых малюнкаў Васіля Быкава, зробленыя яго рукой. Яны захоўваліся ў асабістым архіве Івана Глухава, гродзенскага журналіста і ветэрана вайны[25].
Творы
[правіць | правіць зыходнік]Аповесці
[правіць | правіць зыходнік]- Апошні баец, 1957
- Жураўліны крык, 1959
- Франтавая старонка, 1960
- Здрада, 1960
- Трэцяя ракета, 1961
- Пастка, 1962
- Альпійская балада, 1963
- Мёртвым не баліць, 1965
- Праклятая вышыня, 1968
- Круглянскі мост, 1968
- Атака з ходу, 1968
- Сцюжа, 1969
- Сотнікаў (Ліквідацыя), 1970
- Абеліск, 1971
- Дажыць да світання, 1972
- Круты бераг ракі, 1972
- Воўчая зграя, 1975
- Яго батальён, 1975
- Пайсці і не вярнуцца, 1978
- Знак бяды, 1982
- Кар’ер», 1985
- Бліндаж, 1987
- У тумане, 1987
- Аблава, 1988
- Пакахай мяне, салдацік, 1996
- Афганец, 1998
- Ваўчыная яма, 1998
- Балота, 2001
Апавяданні, сцэнарыі, артыкулы, інтэрв’ю
[правіць | правіць зыходнік]- На сцяжыне жыцця, 1958 — апавяданне
- Эстафета», 1959 — апавяданне
- Палкаводзец», 1960 — апавяданне
- Ход канём, 1960 — зборнік апавяданняў
- Свае людзі, 1966 — апавяданне
- На ўзыходзе сонца», 1975 — сцэнарый фільма
- На крыжах, 1992 — зборнік артыкулаў і інтэрв’ю
- На Чорных лядах, 1995 — апавяданне
- Сцяна, 1997 — зборнік апавяданняў
- Крыжовы шлях, 1998 — зборнік артыкулаў і інтэрв’ю
- Пахаджане, 1999 — зборнік апавяданняў
- Доўгая дарога дадому, 2002 — аўтабіяграфія.
Экранізацыі і інсцэнізацыі твораў
[правіць | правіць зыходнік]Паводле Быкава пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), «Узыходжанне» (1977, паводле «Сотнікава», рэжысёр Ларыса Шапіцька ) «Знак бяды» (1985), «На чорных лядах» (1994), «У тумане» (2012), кароткаметражны фільм «Пастка », тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976, паводле аповесці «На ўсходзе сонца»). Віктарам Дашуком створаны фільм пра Быкава «Узыходжанне» (1985). У 1981 годзе быў зняты фільм «Фруза », а ў 1989 годзе — фільм «Круглянскі мост». У 2008 годзе выйшаў фільм «Асуджаныя на вайну » паводле аповесці «Пайсці і не вярнуцца». У 2019 годзе зняты фільм паводле «неваеннага» апавядання — «Народныя мсціўцы». На беларускай мове з ўсіх экранізацый твораў Быкава зняты толькі два фільмы — «На чорных лядах» (рэж. Валерый Панамароў, 1995) і «Народныя мсціўцы» (рэж. Аляксандар Меліхавец, 2019).
П’еса «Апошні шанц» ставілася ў тэатрах. Былі інсцэніраваны яго аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання» (усе — Масква), «Альпійская балада» (Мінск, Масква), «Знак бяды» (Гомель, Ленінград, Мінск), «Пайсці і не вярнуцца» (Кастрама, Масква, Чарнігаў), «Сотнікаў» (Ленінград, Магілёў), «Трэцяя ракета» (Кіеў, Масква) і інш.
Балет «Альпійская балада» (1967) напісаў Яўген Глебаў, на яго ж аснове стварыў «Сюіту з балета „Альпійская балада“». Оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, паводле «Воўчай зграі») стварыў Генрых Вагнер. Да творчасці пісьменніка звярталіся мастакі Арлен Кашкурэвіч, I. Немагай.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964, за аповесць «Трэцяя ракета»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978, за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён»), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»). У 1980 годзе атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2003, пасмяротна).
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Ждановічах, Жлобіне, Жыткавічах, Лунінцы, Лельчыцах, Магілёве, Смалявічах, Фаніпалі, Закаблуках, Вялікай Севярынцы (Украіна)[26]. У 2024 годзе імя Васіля Быкава нададзена адной з вуліц у Магілёве[27].
У 2016 годзе Індурскае лясніцтва высадзіла недалёка Гродна лес імя Васіля Быкава. На раздвоеным дрэве, якое мусіць сімвалізаваць пісьменніцкае пяро, усталявалі памятны знак у гонар творцы (разьбяр Іосіф Сідаркевіч)[28].
9 верасня 2020 года ў Мінску на доме па вуліцы Максіма Танка, 10, дзе Быкаў жыў з 1978 па 2003 год, устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар Ігар Засімовіч)[29]. У горадзе Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка па вуліцы Суворава, 15, на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 (у гэтым будынку з 1923 па 1941 год знаходзілася Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе з 1939 па 1940 год вучыўся Васіль Быкаў; скульптары Валерый Магучы і Аляксандр Гвоздзікаў)[30]. У кастрычніку 2020 года ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталявана мемарыяльная дошка Васілю Быкаву[31]. 15 чэрвеня 2021 года ва Ушачах паставілі помнік Васілю Быкаву, побач — помнік Рыгору Барадуліну (скульптар Ігар Засімовіч)[32].
Музей-сядзіба Васіля Быкава
[правіць | правіць зыходнік]Адкрыты ў 2004 годзе ў адноўленай хаце, дзе пісьменнік жыў да 1940 года. Месціцца ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Дзейнічае як філіял Ушацкага музея народнай славы.
Музей-дача Васіля Быкава
[правіць | правіць зыходнік]Адкрыты ў чэрвені 2014 года на базе дачы пісьменніка, размешчанай у пасёлку Ждановічы-6 Мінскага раёна. Дзейнічае як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Музейная экспазіцыя ў Гродне
[правіць | правіць зыходнік]У Гродне на вуліцы Савецкай, 31, у офісе ветэранскай арганізацыі, з 2003 па 2018 гады размяшчаўся музейны пакой, прысвечаны Васілю Быкаву. У экспазіцыі была вялікая калекцыя кніг Быкава, асабістыя рэчы, рэдкія здымкі пісьменніка. У 2019 годзе калекцыя музейнага пакою пераехала у Дом-музей Максіма Багдановіча[33].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Быков Василь Владимирович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Wassili Wladimirowitsch Bykow // Brockhaus Enzyklopädie
- ↑ выгрузка даных Freebase — Google.
- ↑ БЫКОВ Василий Владимирович // Русская литература XX века. Прозаики, поэты, драматурги / под ред. Н. Н. Скатов — 2005. — С. 319–322. — ISBN 5-94848-245-6
- ↑ Быков Василь Владимирович // ПроДетЛит — 2019.
- ↑ LIBRIS — Каралеўская бібліятэка Швецыі, 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
- ↑ Вадзім Урублеўскі. Кубліцкі праваслаўны прыход Лепельскага павета Віцебскай губерні ў метрычных кнігах сярэдзіны ХІХ ст. (да гісторыі малой радзімы і генеалогіі роду Васіля Быкава) // Герольд Litherland. № 22. — С. 63-69
- ↑ Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. — Менск, 2004. — С. 12.
- ↑ Васіль Быкаў. Доўгая дарога дамоў. — Мінск, 2004. — С. 11-13
- ↑ Пётр Тузков.. «Василь Быков - писатель с мировым именем, мог стать великим скульптором» (руск.)(недаступная спасылка) (23 кастрычніка 2008). Архівавана з першакрыніцы 27 жніўня 2011. Праверана 11 жніўня 2011.
- ↑ а б Василь Быков. Долгая дорога домой. Отрывки из книги. С белорусского. Перевод и вступительная заметка Натальи Игруновой // Дружба народов . — 2003. — № 8. (руск.)
- ↑ а б Да 99-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцінаў пісьменніка . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
- ↑ Дуб Быкава. Якія нестандартныя месцы паказваюць гродзенскія экскурсаводы? . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
- ↑ Поўны збор твораў у 14 тамах. Том 10. Кніга 1. — Мн., 2005. — С. 86.
- ↑ https://gazetaby.com/cont/art.php?&sn_nid=93192
- ↑ Сяргей Навумчык. Дык хто быў стваральнікам БНФ?(недаступная спасылка). krytyka.by (18 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2017. Праверана 5 лютага 2022.
- ↑ ashustin. Василь Быков. При виде Иерусалима (18 чэрвеня 2017). Праверана 21 чэрвеня 2024.
- ↑ Васіль Быкаў - "сімвал змагання за дэмакратычную будучыню" – DW – 20.06.2024 . dw.com. Праверана 24 чэрвеня 2024.
- ↑ Васіль Быкаў з’язджае з Беларусі — 90's | Мультымедыйны гістарычны праект, прысвечаны беларускім 90-м(недаступная спасылка). web.archive.org (2 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2017. Праверана 21 чэрвеня 2024.
- ↑ Газета «Витебский проспект», № 25(314) от 19.06.08(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Государство ушло с похорон Быкова (27.06.2003) (руск.)
- ↑ а б «Справы асабістыя». Сямейнае жыццё Васіля Быкава ў фотаздымках і ўспамінах . gazetaby.com (18 чэрвеня 2024).
- ↑ Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому . knihi.com. Праверана 24 чэрвеня 2024.
- ↑ а б в г д е ё ж з Беларускія пісьменнікі 1992, с. 427.
- ↑ «Гэта здаецца неверагодным». У Гродне знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава . Hrodna.life - навіны Гродна (28 лютага 2024). Праверана 28 лютага 2024.
- ↑ Аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі Васілю Быкаву ў вёсцы Вялікая Севярынка - Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне . ukraine.mfa.gov.by. Праверана 21 чэрвеня 2024.
- ↑ Решение Могилевского городского Совета депутатов от 30 октября 2024 года № 7-3 "О присвоении наименований элементам улично-дорожной сети города Могилева" . pravo.by.
- ↑ Лес імя Васіля Быкава і памятны знак у гонар пісьменніка з’явіліся ў Індурскім лясніцтве – Твой стыль (25 красавіка 2016). Праверана 28 лютага 2024.
- ↑ Памятная дошка на доме ў Мінску, дзе жыў Васіль Быкаў (фота)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2020. Праверана 9 верасня 2020.
- ↑ Мемарыяльная дошка Васілю Быкаву ў Віцебску (фота)
- ↑ Мемарыяльная дошка Васілю Быкаву адкрыта ва ўкраінскім сяле Вялікая Севярынка . zviazda.by (13 кастрычніка 2020). Праверана 21 чэрвеня 2024.
- ↑ У Вушачах паставілі помнікі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну // svaboda.org 15 чэрвеня 2021
- ↑ Кулевіч, Руслан. Музей Быкава закрыўся: экспазіцыя пераязджае ў музей Багдановіча . Hrodna.life - навіны Гродна (4 лютага 2019). Праверана 28 лютага 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- С. А. Андраюк. Быкаў Васіль Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 371. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Афанасьеў, І. Будзем садзіць сад: літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн., 1994. — 92 с.
- Бугаеў, Д. Я. Праўда і мужнасць таленту: Выбранае: Кніга пра Васіля Быкава. Артыкулы. Дыялог. — Мн., 1995. — 415 с.
- Быкаў, В. Пункціры жыцця: далітаратурная біяграфія // Дзеяслоў. — 2005. — № 2—5.
- Савік Л. Васіль Быкаў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. — Т. 1. Абуховіч — Ватацы. — С. 426—428. — 542 с.; іл.. — ISBN 5-85700-061-0.
- Васіль Быкаў // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік. — Мн., 1994. — С. 77—78.
- Залоска, Ю. І. Дыялогі з Васілем Быкавым: Інтэрв’ю, эсэ. — Мн., 1995. — 95 с.
- Корань (Сінькова) Л. Д. Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. — Мн.: Маст. літ., 1996. — С. 114—142; 180—190.
- Локун, В. І. Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры. — Мн., 2005. — 227 с.
- Лявонава, Е. «Не адзінокі востраў…» // Полымя. — 2005. — № 8. — С. 166—182.
- Наш Быкаў: Кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. — Мн., 2004. — 496 с.
- Скурко, А. Як Быкаў стаў Быкавым // Наша гісторыя. — 2018. — № 4. — С. 4—12. — ISSN 2617-2305.
- Шапран, С. Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах. У 2 ч. Частка II. — Мінск-Гародня, 2009. — 774 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Васіль Быкаў у Вікіцытатніку | |
Васіль Быкаў на Вікісховішчы |
- Асабістая аўтарская старонка ў Беларускай Інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org Архівавана 7 мая 2012.
- Архівавана 4 кастрычніка 2011.
- В. Быкаў. Аповесць «Праклятая вышыня». Аўтограф. 1967 г.
- Васіль Быкаў : Архівавана 8 сакавіка 2016. віртуальная выстаўка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі
- Васіль Быкаў. Пяць фактаў, якія ведае не кожны беларус(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2014. Праверана 19 чэрвеня 2014.
- Пра Васіля Быкава і нас // газета «Звязда»
- «Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 1 на YouTube
- «Васіль Быкаў. Апошнія дні», дак. фільм, ч. 2 на YouTube
- Нарадзіліся 19 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1924 годзе
- Нарадзіліся ў Лепельскім павеце
- Памерлі 22 чэрвеня
- Памерлі ў 2003 годзе
- Памерлі ў Мінскім раёне
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Выпускнікі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
- Члены Партыі БНФ
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Беларускага саюза дызайнераў
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
- Члены Беларускага народнага фронту «Адраджэнне»
- Лаўрэаты Ленінскай прэміі
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя медалём «За баявыя заслугі»
- Узнагароджаныя медалём «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «Трыццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «Сорак гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ва Ушацкім раёне
- Публіцысты Беларусі
- Публіцысты паводле алфавіта
- Журналісты Беларусі
- Журналісты паводле алфавіта
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі СССР
- Рускамоўныя пісьменнікі
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 10-га склікання
- Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
- Васіль Быкаў
- Народныя пісьменнікі Беларускай ССР
- Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання
- Народныя дэпутаты СССР ад творчых саюзаў
- Пісьменнікі-франтавікі
- Ганаровыя грамадзяне Ушацкага раёна