Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага НАН Беларусі
Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага НАН Беларусі | |
---|---|
руск.: Институт механики металлополимерных систем | |
![]() | |
Адміністрацыйны цэнтр | Гомель, Цэнтральны раён, вул. Кірава, д. 32а |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Андрэй Грыгор'еў |
Намеснік па навуковай працы | Міхаіл Цалуеў |
Намеснік па інавацыйнай дзейнасці | Васіль Савіцкі |
Навуковы сакратар | Валерый Кончыц |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 5 чэрвеня 1969 |
Колькасць супрацоўнікаў | 174 (2018 г.) |
Матчыная арганізацыя | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі[3][4] |
mpri.org.by |
Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага — даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў чэрвені 1969 года на аснове Аддзела механікі палімераў.
На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАНБ. Набор у аспірантуру і дактарантуру ажыццяўляўся па 3 спецыяльнасцях: 1) фізіка кандэнсаванага стану, 2) матэрыялазнаўства (машынабудаванне), 3) трэнне і знос у машынах. ІММС распрацоўваў палімерныя кампазіты канструкцыйнага і трыбатэхнічнага прызначэння, праводзіў механічныя і трыбатэхнічныя выпрабаванні матэрыялаў паводле стандартаў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі (Жэнева, Швейцарыя), ажыццяўляў аналіз складу і фізіка-хімічнай будовы палімерных матэрыялаў[5]. Сярод 174 супрацоўнікаў быў 1 акадэмік, 1 член-карэспандэнт, 8 дактароў і 26 кандыдатаў навук. Кожныя 2 гады Інстытут ладзіў міжнародную канферэнцыю па палімерным матэрыялазнаўстве і трыбалогіі. Выдаваліся 2 часопісы: «Трэнне і знос» (ISSN: 0202-4977) на англійскай і расійскай і «Палімерныя матэрыялы і тэхналогіі» па-руску (ISSN: 2415-7260)[6].
Структура[правіць | правіць зыходнік]
На 2018 год Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя Уладзіміра Белага ўключаў:
- 4 аддзелы — 1) кампазіцыйных матэрыялаў і рэцыклінгу палімераў, 2) фізікі і механікі кампазіцыйных сістэм, 3) фракцыйнага матэрыялазнаўства, 4) трэння, змазкі і ўстойлівасці матэрыялаў, 5) тэхналогіі палімерных кампазітаў;
- УП "Спецыяльнае канструктарска-тэхнічнае бюро «Металапалімер» (Гомель, вул. Фядзюнінскага, д. 4);
- 2 цэнтры калектыўнага карыстання — 1) Беларускі рэспубліканскі цэнтр зондавай мікраскапіі, 2) Цэнтр трыбалагічных выпрабаванняў і сертыфікацыі кампазіцыйных матэрыялаў і змазачных рэчываў[5].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
5 чэрвеня 1969 года Савет Міністраў БССР зацвердзіў Пастанову № 201 аб стварэнні Інстытута механікі металапалімерных сістэм (ІММС) на аснове Аддзела механікі палімераў, які існаваў з 1963 года. У Інстытуце стварылі палімерныя матэрыялы, што павялічылі рэсурс і надзейнасць машын, зменшылі адмоўнае ўздзеянне вытворчасці на навакольнае асяроддзе. Таксама распрацавалі спосабы кіравання ўласцівасцямі палімераў пры дапамозе ўздзеяння электрычнага і магнітнага палёў, іанізуючага выпраменьвання і фізіка-хімічнага мадыфікавання; вырабілі арыгінальнае абсталяванне для атрымання такіх матэрыялаў. У Інстытуце працавалі акадэмікі Уладзімір Белы і А. І. Свірыдзёнак[7]. У 1970 годзе Уладзімір Белы атрымаў Ганаровы медаль Жакара за навуковыя вынікі ў галіне трыбалогіі ад Французскага таварыства інжынераў-механікаў. У 1972 годзе Дзяржаўную ўзнагароду БССР у галіне навукі і тэхнікі атрымалі 8 навукоўцаў ІММС — У. Белы, Э. Я. Канавалаў, В. Г. Карэцкі, Барыс Купчынаў, Валянцін Саўкін, Анатоль Свірыдзёнак, Сяргей Шчарбакоў і Віктар Старжынскі. У 1973 годзе ўзвялі 9-павярховы лабараторны корпус ІММС. У 1976 годзе У. Белы, А. Свірыдзёнак, Марк Петракавец і В.Саўкін выдалі па-руску манаграфію «Трэнне і знос матэрыялаў на аснове палімераў», якую перавыдалі ў 1982 годзе па-англійску ў Лондане. У 1978 годзе Дзяржаўную прэмію БССР у галіне тэхнікі атрымаў Павел Сысоеў[8].
У 1980 годзе ІММС пачаў выдаваць па-англійску і па-руску часопіс «Трэнне і знос». У 1986 годзе ў Інстытуце стварылі Савет па абароне кандыдацкіх дысертацыяў, у 1992 годзе — доктарскіх. У 1994 годзе ІММС атрымаў імя Уладзіміра Белага. З 1996 года сталі выдаваць па-руску часопіс «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», які з 2015 года называецца «Палімерныя матэрыялы і тэхналогіі». На 1998 год у Інстытуце было 11 аддзелаў, аспірантура і дактарантура, савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыяў. Асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: кіраванне трываласнымі, адгезійнымі, супрацьфрыкцыйнымі і супраць каразійнымі ўласцівасцямі кампазітаў на аснове арганічных і неарганічных палімераў з мэтай стварэння матэрыялаў для дэталяў і вузлоў машын, абсталявання і прылад; спосабы разліку дэталяў з палімерных кампазітаў. На 1998 год у Інстытуце працавалі члены-карэспандэнты Б. І. Купчынаў і Ю. М. Плескачэўскі[7].
Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]
- Уладзімір Аляксеевіч Белы (1969—1979)
- Анатоль Свірыдзёнак (1979—1991)
- Юрый Плескачэўскі (1991—2002)
- Мікалай Мышкін (2002—2017)
- Андрэй Грыгор'еў (з 2017 года)
Вядомыя супрацоўнікі[правіць | правіць зыходнік]
- Марк Іосіфавіч Петракавец (1963—2006)
- Павел Васілевіч Сысоеў
Зноскі
- ↑ GRID Release 2017-05-22 — 2017-05-22 — 2017. — doi:10.6084/M9.FIGSHARE.5032286
- ↑ GRID Release 2017-07-12 — 2017-07-12 — 2017. — doi:10.6084/M9.FIGSHARE.5203408.V1
- ↑ http://nasb.gov.by/bel/organizations/institutes/inoteh.php#off7243
- ↑ http://nasb.gov.by/eng/organizations/institutes/inoteh.php#off7243
- ↑ 5,0 5,1 Арганізацыі Аддзялення фізіка-тэхнічных навук (Інстытут механікі металапалімерных сістэм). Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (21 жніўня 2018). Праверана 27 верасня 2018.
- ↑ Інстытут сёння (руск.) . Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя Уладзіміра Белага (8 студзеня 2018). Праверана 27 верасня 2018.
- ↑ 7,0 7,1 Юрый Плескачэўскі. Інстытут механікі металапалімерных сістэм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8.
- ↑ Гісторыя (руск.) . Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя Уладзіміра Белага (8 студзеня 2018). Праверана 27 верасня 2018.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Распрацоўкі (руск.) . Інстытут механікі металапалімерных сістэм імя Уладзіміра Белага (8 студзеня 2018). Праверана 27 верасня 2018.
- Выданні(руск.)