Перайсці да зместу

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка

Чакае праверкі
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка)
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
(БДПУ імя Максіма Танка)
Эмблема БДУ
Міжнародная назва Maxim Tank Belarusian State Pedagogical University
Дэвіз Стогадовыя традыцыі - сучасныя тэхналогіі!
Заснаваны 1914
Тып ВНУ
Рэктар Аляксандр Іванавіч Жук
Рэктар Аляксандр Іванавіч Жук
Студэнты 15 500
Краіна
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Мінск
Юрыдычны адрас 220030 Мінск, вул. Савецкая, 18
Узнагароды
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Сайт bspu.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка — установа вышэйшай адукацыі, універсітэт (з 8 верасня 1993). Знаходзіцца ў Мінску, Беларусь. Ажыццяўляе падрыхтоўку выкладчыкаў матэматыкі, хіміі, фізікі, псіхалогіі, геаграфіі і іншых. Першая мінская педагагічная навучальная ўстанова.

Універсітэт узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга[1] (1972), Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь (1997). Правадзейны член Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў[2].

Мінскі настаўніцкі інстытут (1914—1918)

[правіць | правіць зыходнік]

22 чэрвеня 1914 года імператар Мікалай II зацвердзіў даклад міністра народнай асветы Л. А. Касо пра стварэнне Мінскага настаўніцкага інстытута, і ўжо 1 ліпеня дырэктарам інстытута быў прызначаны Дз. А. Сцяпура, які праводзіў падрыхтоўчую работу па адкрыцці навучальнай установы[3]. Інстытут быў афіцыйна адкрыты 21 лістапада 1914 года[4].

Восенню 1915 года быў эвакуяваны ў Яраслаўль да 1918 года[5].

Пастановай Усерасійскага з’езду (1918) Мінскі настаўніцкі інстытут набыў статус ВНУ і перайшоў на 4-гадовы тэрмін навучання.

Мінскі беларускі педагагічны інстытут (1918—1920)

[правіць | правіць зыходнік]

Створаны 30 снежня 1918 года на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Размяшчаўся ў будынку былога Мінскага рэальнага вучылішча. Тэрмін навучання 4 гады. Складаўся з літаратурна-мастацкага, сацыяльна-гістарычнага, прыродазнаўчага, геаграфічнага, фізіка-хімічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў (цыклаў). Навучалася 150 студэнтаў. Інстытут меў фізічны і педагагічны кабінеты, хімічную лабараторыю, бібліятэку (5 тыс. тамоў). У карыстанне яму перададзены былы Мінскі гарадскі музей. За інстытутам ва ўрочышчы Антонаўка пад Мінскам быў замацаваны фальварак, дзе існавалі агранамічная, батанічная, заалагічная лабараторыі, біялагічны кабінет, птушнік, пчальнік, доследнае поле, ферма, метэаралагічная станцыя. У навучальным працэсе асноўная ўвага аддавалася педагагічным дысцыплінам, беларусазнаўству, рабіліся спробы перавесці выкладанне на беларускую мову. У сакавіку-маі 1919 года па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці арыштаваны выкладчыкі С. Балкавец і Б. Тарашкевіч, пасля арышту інтэрніраваны ў Смаленск В. Іваноўскі і А. Неканда-Трэпка, «да высвятлення палітычнага крэда» забаронена чытаць лекцыі Я. Карскаму.

Пасля заняцця Мінска польскімі войскамі 14.8.1919 года будынак інстытута забраны пад шпіталь. Польскія ўлады вылучылі інстытуту часовы крэдыт у 35 тысяч польскіх марак. Паводле пастановы Часовага Беларускга нацыянальнага камітэта ад 15.9.1919 года інстытут абвяшчаўся беларускай дзяржаўнай установай. Для правядзення беларусізацыі навучальнага працэсу і рэарганізацыі структуры інстытута створана камісія на чале з У. Ігнатоўскім і Я. Карскім. На працягу 1919/20 навучальнага года выкладанне пераводзілася на беларускую мову, 6 факультэтаў рэарганізаваны ў літаратурна-гістарычны і геаграфічна-прыродазнаўчы факультэты з фізіка-хімічным і фізіка-матэматычным аддзяленнямі. 3 правядзеннем беларусізацыі не згадзіліся і пакінулі інстытут выкладчыкі М. Маслаковец, А. Нікольскі, Я. Сняткоў. У навучальную праграму ўводзіліся таксама польская мова і літаратура, гісторыя Польшчы і польскай культуры.

Па-антыпольску настроеная частка студэнтаў і выкладчыкаў, члены радыкальнай плыні «Маладой Беларусі», у студзені 1920 года па ініцыятыве Ігнатоўскага стварылі Беларускую камуністычную арганізацыю. У знак пратэсту супраць «польскага ўціску» і ў сувязі з нязгодай з прапольскай арыентацыяй Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта прэзідыум інстытута на чале з Ігнатоўскім падаў у адстаўку. Паводле пастановы Беларускай школьнай рады Міншчыны ад 1.3.1920 года інстытут узначалілі В. Іваноўскі (рэктар) і А. Неканда-Трэпка (намеснік), якія намагаліся пераўтварыць інстытут у беларускі нацыянальны ўніверсітэт. Інстытут пераведзены ў будынак былой Мінскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, выкладчыкамі запрошаны М. Гарэцкі, В. Дружчыц, Х. Імшэнік, С. Любіч-Маеўскі, Л. Більдзюкевіч, А. Данілевіч, І. Канчэўскі і іншыя. Пры інстытуце створана аспірантура, спецыяльная камісія па выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Членамі камісіі падрыхтавана «Арыхметычная тэрміналогія» (выдадзена ў Вільні ў 1921). Інстытуту была падпарадкавана Мінская балотная доследная станцыя.

Мінскі інстытут народнай адукацыі (1920—1921)

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў жніўні 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута быў створаны Мінскі інстытут народнай адукацыі. Фактычна дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е для падрыхтоўкі педагогаў у дашкольныя ўстановы (тэрмін навучання 2 гады); 2-е для настаўнікаў пачатковых школ (3 гады); 3-е для настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады). Ад 1 верасня 1921 у склад Мінскага белпедтэхнікума былі перададзены 1-е і 2-е аддзяленні, 3-я аддзяленне на працягу 1921—1922 было ўключана ў склад факультэта грамадскіх навук БДУ.

Мінскі педагагічны інстытут (1922—1993)

[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны ў 1922 годзе як педагагічны факультэт БДУ. З 28 ліпеня 1931 года на аснове педагагічнага факультэта БДУ была створана самастойная навучальная ўстанова — Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут (у 1936—1993 — Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага).

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (з 1993)

[правіць | правіць зыходнік]

8 верасня 1993 Мінскі дзяржаўны інстытут імя Максіма Горкага атрымаў статус універсітэта.[6] У 1995 годзе ўніверсітэту нададзена імя беларускага народнага паэта Максіма Танка.

У лютым 2006 года Геральдычная камісія зацвердзіла сімволіку БДПУ. У 2014 годзе зацверджаны гімн універсітэта, аўтар слоў — выкладчык універсітэта і беларускі паэт Мікола Шабовіч.

Ва ўніверсітэце налічваецца 13 факультэтаў і інстытутаў:

Вывучэнне польскай мовы

[правіць | правіць зыходнік]

У другой палове 1990-х гадоў у Інстытуце замежных моў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта праводзіліся заняткі польскай мовы. Ініцыятыва іх стварэння з’явілася ў 1995 годзе. У тым самым годзе ўніверсітэт даў дазвол на сфарміраванне працоўнай групы, якая б займалася навучаннем польскай і беларускай моў. Установа пачала супрацоўніцтва з Сілезскім універсітэтам у Польшчы. У 2000 годзе 26 студэнтаў ВНУ ўпершыню атрымалі дыпломы, якія дазвалялі ім выкладаць польскую мову. У пачатковы перыяд работы заняткаў малая колькасць падручнікаў, абмежаваныя магчымасці стажыровак і практыкі ў Польшчы з’яўляліся перашкодамі ў іх правядзенні. Адсутнасць адпаведных навуковых кадраў, перад усім спецыялістаў з галіны польскай філалогіі, а таксама адсутнасць уступных іспытаў даводзілі да таго, што ўзровень навучання быў у той час нізкі для акадэмічных стандартаў, параўнальны з моўнымі курсамі. У 2001 годзе ўстанова атрымала падтрымку з боку дзеячаў Таварыства «Вспульнота польска» і Фонду «Дапамога палякам на ўсходзе», дзякуючы якім атрымалася адрэмантаваць паланістычную майстэрню, а таксама перадаць багаты метадычны кнігазбор і фільмы. Рамонт скончыўся 18 снежня 2001 года і значна палепшыў умовы працы выкладчыкаў і студэнтаў. У пазнейшыя часы на настаўніцкую спецыялізацыю па польскай мове ў Інстытуце замежных моў прымалі 25 асоб, калі кандыдатаў было ў 6 разоў болей[7].

Вядомыя выпускнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя выкладчыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. За поспехі ў падрыхтоўцы выкладчыцкіх кадраў і навуковай дзейнасці.
  2. Пастановай Х з’езда Асацыяцыі (красавік 2007).
  3. Андарала, А., Жытко, А., Забаўскі, М. Ля вытокаў заснавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта / Аляксандр Андарала, Анатоль Жытко, Мікалай Забаўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2014. — № 11 (184). — С. 4 — 8. — С. 4. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 478. — Воп. 1. — Спр. 132. — Арк. 7.
  4. Указ Міністра народнай адукацыі Расійскай імперыі быў падпісаны 22 чэрвена 1914 года.
  5. «Минский учительский институт, г. Минск, Минского уезда Минской губернии» (фонд 478, опись 1) (руск.). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (1914–1918). Праверана 15 лістапада 2025.
  6. Пастанова № 611 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 1993 г. «Аб пераўтварэнні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2025. Праверана 5 чэрвеня 2025.
  7. Język polski na uczelniach białoruskich // Oświata…. — С. 340.