Перайсці да зместу

Інстытут глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з НДІ глебазнаўства)
Інстытут глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі
Заснаваны 1931
Супрацоўнікаў 72 даследнікі (2018)
Размяшчэнне Беларусь Мінск
Юрыдычны адрас Мінск, Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 90
Сайт brissa.by
Будынак па вул. Казінца, д. 62

Інстытут глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі (ІГА) — навукова-даследчы інстытут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваны ў 1931 годзе ў якасці Навукова-даследчага інстытута аграглебазнаўства[1].

На канец 2018 года Інстытут уваходзіў у склад Аддзялення аграрных навук НАНБ. У аспірантуру і дактарантуру набіралі па 2 спецыяльнасцях: 1) аграглебазнаўства, 2) аграхімія. Інстытут аказваў наступныя паслугі: 1) распрацоўка ўгнаенняў, 2) распрацоўка паказнікаў гаспадарчай і энергетычнай выніковасці прымянення ўгнаенняў, 3) вывучэнне арганічных угнаенняў для станоўчага балансу перагною, 4) распрацоўка ашчаднага выкарыстання ўгнаенняў пад сельскагаспадарчыя расліны, 5) распрацоўка спосабаў узважанага выкарыстання разбураных земляў, 6) укараненне захадаў павышэння ўрадлівасці глебаў, 7) ацэнка ўласцівасцяў і складу глебаў, 8) удасканаленне спосабаў аграхімічнага абслугоўвання сельскай гаспадаркі[2]. З 2004 года Інстытут выдае па-руску часопіс «Глебазнаўства і аграхімія» (ISSN 0130-8475), які Вышэйшая атэстацыйная камісія Рэспублікі Беларусь з 2014 года ўнесла ў Пералік навуковых выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў. З 2011 года часопіс мае онлайн-выданне[3].

Падраздзяленні

[правіць | правіць зыходнік]

На канец 2018 года УП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» ўключала:

  • 8 лабараторый — 1) сістэм угнаення і харчавання раслін, 2) мікраэлементаў, 3) новых формаў угнаенняў і меліярантаў, 4) арганічнага рэчыва глебы, 5) мікрабіялогіі і біяхіміі глебаў, 6) аграфізічных уласцівасцяў і абароны глебаў ад эрозіі, 7) маніторынгу ўрадлівасці глебаў і экалогіі, 8) глебава-аграхімічных аналізаў;
  • 2 сектары — 1) аграглебазнаўства, лічбавага картаграфавання і ацэнкі глебаў, 2) укаранення навуковых распрацовак[2].

У 1931 годзе Беларуская акадэмія навук стварыла Інстытут аграглебазнаўства (ІАГ), які ўзначаліў Якаў Афанасьеў (1931—1937). Іншымі найбольш знанымі глебазнаўцамі Інстытуту былі Павел Рагавой, Андрэй Мядзведзеў, Іван Лупіновіч, Мікалай Булгакаў, Уладзімір Пілько і Васіль Чацверыкоў. У 1932—1937 гадах супрацоўнікі Інстытуту правялі аграхімічны аналіз глебы і даследаванне ўплыву вапны на ўраджай на шэрагу машынна-трактарных станцыяў (МТС) суцэльнага хімізавання. Таксама падабралі 22 дзяржаўныя ўчасткі гатункавыпрабавання збожжа. У 1933 годзе ІАГ атрымаў назву Інстытут аграглебазнаўства і ўгнаенняў (ІАГУ). У 1938 годзе ІАГУ ўвайшоў у Інстытут сацыялістычнай сельскай гаспадаркі (ІССГ). У 1949 годзе супрацоўнікі ІССГ склалі Глебавую карту Беларускай ССР на падставе маршрутных даследаванняў глебы ў абласцях. У 1952 годзе на яе аснове выдалі манаграфію «Глебы БССР» пад рэдакцыяй Лупіновіча і Рагавога, што змяшчала першы відападзел глебаў Беларусі і парады па іх выкарыстанні. 14 лютага 1956 года Савет міністраў БССР зацвердзіў Пастанову аб перадачы ІССГ у падпарадкаванне Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, дзе яго перайменавалі ў Беларускі навукова-даследчы інстытут зембляробства (БелНДІЗ). 24 студзеня 1957 года Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 36 «Аб стварэнні пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі БССР Акадэміі сельскагаспадарчых навук», куды ўвайшоў БелНДІЗ. У 1958 годзе БелНДІЗ пераўтварылі ў Беларускі НДІ глебазнаўства (БелНДІГ), які ачоліў Павал Рагавы[4].

Цягам 1958—1964 гадоў БелНДІГ даследаваў землі ўсіх калгасаў і саўгасаў БССР на плошчы звыш 130 000 км² (63 % земляў БССР). У выніку для кожнай гаспадаркі склалі глебавыя і геабатанічныя карты ў маштабе 1 : 10000, што суправаджаліся картаграмамі кіслотнасці, змяшчэння фосфару і калію, парадамі па выкарыстанні земляў. На падставе даследавання стварылі глебавыя карты раёнаў і вобласцяў Беларускай ССР. З 1961 года пачалі выдаваць навуковы зборнік «Глебазнаўства і аграхімія». У 1964 годзе заснавалі абласныя занальныя аграхімічныя лабараторыі (ЗАЛ), што дазволіла павялічыць лік штогадовых доследаў з угнаеннямі з 35 да 170 за кошт выкарыстання палёў калгасаў і саўгасаў. У 1965 годзе БелНДІГ перадалі ў склад Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук (УАСГНІЛ). У 1969 годзе БелНДІГ перайменавалі ў Беларускі НДІ глебазнаўства і аграхіміі (БелНДІГА). У 1970 годзе ў БелНДІГА стварылі аддзел эрозіі глебы ў сувязі з выяўленнем таго, што лёгкія паводле грануламетрычнага складу глебы складалі каля 36 % ворных зямель Беларусі. У 1974 годзе выйшла манаграфія «Глебы Беларускай ССР» пад рэдакцыяй П. Рагавога, Тамары Кулакоўскай і М. Смяяна. У 1976 годзе манаграфію ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй БССР. З 1976 годзе пачалі даследаваць глебы пад лесам. У 1977 годзе выдалі Глебавую карту Беларускай СССР у маштабе 1 : 600 000 пад рэдакцыяй Мікалая Смяяна і Івана Салаўя. Цягам 1987—1991 гадоў супрацоўнікі Інстытута — Мікалай Смяян, Э. Д. Шагалава, Іван Марцуль і Антон Шмігельскі — склалі карты гамафону і адабралі ўзоры глебаў па рэпэрных кропках для аналізу на ўтрыманне цэзію-137 і стронцыю-90. Картаграфаванне глебы на ўтрыманне радыёнуклідаў правялі ў маштабе 1 : 25000 ва ўсіх абласцях Беларусі, што дазволіла вызначыць распаўсюджанне забруджвання земляў. У 1992 годзе БелНДІГА ўвайшоў у склад Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (ААН РБ), дзе з 1996 года стаў унітарным прадпрыемствам «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» («ІГА»)[4].

У 1990—2005 гадах «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» праводзіў даследаванні паводле дзяржаўнай праграмы «Сельскагаспадарчая радыялогія» пад кіраўніцтвам акадэміка Іосіфа Багдзевіча. У 1997—1999 гадах «ІГА» правёў першую ў Беларусі ўнутрыгаспадарчую падзялянкавую кадастравую ацэнку земляў сельскіх гаспадарак прадпрыемстваў і сялян. На 1997 год асноўнымі кірункамі даследаванняў Інстытуту былі: павышэнне ўрадлівасці глебавага покрыва Беларусі; ахова глебаў ад ветравога і воднага разбурэння і забруджвання; распрацоўка прылад выкарыстання мінеральных угнаенняў[5]. У 2002 годзе «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» ўвайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пасля далучэння да яе ААНРБ у якасці Аддзялення аграрных навук НАНБ. З 2006 года «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» падпарадкавалі Навукова-практычнаму цэнтру земляробства НАНБ (Жодзіна, Мінская вобласць).

Зноскі

  1. Лён 2009, с. 54-55.
  2. а б "Арганізацыі Аддзялення аграрных навук (Інстытут глебазнаўства і аграхіміі)". Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. 13 снежня 2018. Праверана 20 снежня 2018.
  3. "Навуковы часопіс «Глебазнаўства і аграхімія»"(руск.). УП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі». 2018. Праверана 20 снежня 2018.
  4. а б "Да 80-годдзя «Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі»"(руск.). УП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі». 2018. Праверана 20 снежня 2018.
  5. Глебазнаўства і аграхіміі інстытут // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 291. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  6. Навука. — 2022. — 15 лютага. — С.5
  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 5. — Мінск, 1997.
  • Белорусская ССР : краткая энциклопедия. В 5 т. Т. 3. — Минск, 1980.
  • Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 3. — Минск, 2006.