Перамога (кінатэатр, Мінск)
Кінатэатр | |
Кінатэатр «Перамога» | |
---|---|
| |
53°54′04,40″ пн. ш. 27°33′15,64″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | сацыялістычны класіцызм |
Архітэктар | І. Лангбард, М. Бакланаў |
Дата пабудовы | 1950 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000038 |
Стан | Працуе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кінатэа́тр «Перамо́га» — кінатэатр у горадзе Мінску, помнік архітэктуры пасляваеннага перыяду аўтарства Іосіфа Лангбарда і Міхаіла Бакланава ў стылі сацыялістычнага класіцызму. Месціцца па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 20.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да Кастрычніцкай рэвалюцыі на месцы кінатэатра месціўся кляштар бенедыкцінак XVII стагоддзя. У 1920-я гады было прынятае рашэнне аб будаўніцтве ў Менску клуба харчавікоў на месцы былога кляштара, праект распрацаваў Андрэй Бураў. У часе будаўніцтва клуба харчавікоў частка муроў і падвальныя памяшканні былога кляштара, перакрытыя скляпеннямі, былі захаваныя. Будынак клуба харчавікоў (пазней клуб імя Сталіна) быў пабудаваны ў 1929 годзе ў стылі канструктывізму і меў складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю з глыбокім курданёрам. Будынак клуба быў моцна пашкоджаны ў часе Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе[1].
У 1945—1948 гадах у інстытуце «Белдзяржпраект» быў распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі будынка клуба пад кінатэатр «Перамога». Аўтары праекта — Іосіф Лангбард і Міхаіл Бакланаў[1].
Былі захаваныя асноўныя канструктыўныя элементы былога клуба, а кампазіцыя галоўнага фасада, які выходзіў на вуліцу Інтэрнацыянальную, была вырашаная ў формах сацыялістычнага класіцызму. Заканчэнне будаўніцтва і адкрыццё кінатэатра адбылося ў 1950 годзе[1].
З 1 студзеня 2017 года будынак быў на рэканструкцыі, але фактычна работы пачаліся ў лютым 2022 года.
З пачатку ліпеня 2024 года кінатэатр быў зноў адкрыты для гледачоў. Цяпер гэта сучасны мультыплекс (5 залаў, самы вялікі на 184 месцы)[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Пры будаўніцтве выкарыстаныя рэшткі разбуранага ў Другую сусветную вайну клуба харчавікоў (архітэктар Андрэй Бураў, 1929 г.). Да прамавугольнага ў плане аб’ёму з 2 бакоў далучаныя больш нізкія аб’ёмы, якія выступаюць за агульныя контуры збудавання. Цэнтральная частка галоўнага фасада прыўзнятая, вырашаная ў выглядзе манументальнага чатырохкалоннага порціка, перад ёй высокі ганак. Бакавыя фасады расчлянёныя лапаткамі, дэкараваныя ляпнымі элементамі. Вокны прамавугольныя. Аснову кампазіцыі будынка складае глядзельная зала (першапачаткова на 600 месцаў), злучаная агульным фае з малой лекцыйна-канцэртнай залай. У малой зале 2 рады квадратных калонаў, уздоўж сценаў вестыбюля калоны карынфскага ордара з развітым антаблементам, на які апіраюцца крыжыпадобныя скляпенні. У астатніх частках будынка столь плоская. У архітэктуры будынка, аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаныя элементы класіцызму[3].
Зноскі
- ↑ а б в Будынак кінатэатра «Перамога» . spadchina.by. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2018. Праверана 21-12-2018.
- ↑ Ltd, Arcom Group. Победа | Объекты | УП “Киновидеопрокат” Мингорисполкома . kinominska.by. Праверана 23 жніўня 2024.
- ↑ Міцянін А., с. 84
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. А. Міцянін. Кінатэатр «Перамога» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Фота на сайце «Мінск стары і новы» Архівавана 13 кастрычніка 2008.
- Перамога (кінатэатр, Мінск) на сайце «Архіварта»