Талачынскі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Талачынскі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Віцебская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Талачын
Дата ўтварэння 17 ліпеня 1924
Кіраўнік Алег Міхайлавіч Лындзін[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 77,01 %, руская 20,21 %
Размаўляюць дома: беларуская 43,11 %, руская 48,38 %[2]
Насельніцтва (2009)
28 565 чал.[2] (8-е месца)
Шчыльнасць 19,06 чал./км² (4-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 92,05 %,
рускія — 5,46 %,
іншыя — 2,49 %[2]
Плошча 1 498,56[3]
(15-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
234 м[4]
Талачынскі раён на карце
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Талачынскі раён — раён у складзе Віцебскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 года. Размешчаны на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці. Мяжуе на ўсходзе з Аршанскім, на поўначы з Сенненскім, на поўдні з Шклоўскім і Круглянскім раёнамі Магілёўскай вобласці. Падзяляецца на 10 сельскіх саветаў.

Прырода

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня спадзістахвалістая і градава-ўзгорыстая, 70 % яе на вышыні 200—240 м, ніжэй за 200 м. Каля 20 % глыбіня расчлянення рэльефу да 25-30 м/км². Найвышэйшы пункт 255 м (каля аг. Серкавіцы).

У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да заходняга крыла Аршанскай упадзіны. Сучасная паверхня складзена комплексам краявых і водналедавіковых утварэнняў сожскага ўзросту, ніжэй адклады дняпроўскага, бярэзінскага і беларускага зледзяненняў. Магутнасць антрапагенных адкладаў 80-100 м, у ледавіковых лагчынах да 176 м.

Пераважаюць наступныя карысныя выкапні: торф, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна, суглінкі.

Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў: дзярнова-карбанатныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, поймавыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Сустракаюцца сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя, тарфяныя глебы.

Па тэрыторыі раёна праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут бяруць пачатак рэкі Друць з прытокам Бярозаўка, Хвашчоўка з Малінаўкай і Прудчанкай; Крывая і Іржэўка, Бобр, Усвейка, Абалянка; на мяжы з Аршанскім раёнам працякае рака Адроў з прытокамі Дзярноўка і Сакалянка.

Вадасховішчы знаходзяцца на рэках Друць (Талачынскае вадасховішча[5]), Рагачоўка, Сакалянка, Пліса.

Пад лясамі знаходзіцца 30,2 % тэрыторыі раёна. Найбольшыя масівы ў заходняй і паўднёва-заходняй частцы. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, ліпавыя, дубровы.

На тэрыторыі раёна ёсць верхавыя, мохавыя і нізінныя балоты, якія займаюць 2,1 % плошчы. На іх растуць асака, багульнік, мох. Найбольшыя балотныя масівы: Усвіж-Бук, Слаўнае.

Жывёльны свет: зайцы, лісы, вавёркі, барсукі, дзікі, ласі, казулі, ваўкі, куніцы, чаплі, буслы, кнігаўкі, цецерукі, камышніцы. Помнікамі прыроды мясцовага значэння на Талачыншчыне з’яўляюцца паркі «Рацава» і «Юзафполле». Створаны комплексны ландшафтна-гідралагічны заказнік «Скрыпуцёва» плошчай 27 га. У межах раёна знаходзіцца батанічны мікразаказнік Лаўрэнавічы (цыбуля мядзведжая).

Насельніцтва

У раёне 273 населеныя пункты, з іх буйныя: Абольцы, Варанцэвічы, Высокі Гарадзец, Коханава, Серкавіцы, Славені, Слаўнае, Усвіж-Бук.

Насельніцтва 36,4 тыс. чал. (2000)

Гаспадарка

Агульная зямельная плошча раёна складае 150 тыс. га., у тым ліку 82 тыс. га сельгасугоддзяў. Раён спецыялізуецца на вырошчванні буйнай рагатай жывёлы і свінагадоўлі. Вырошчваюцца: зерневыя (грачыха, пшаніца, жыта, авёс, ячмень, гарох, лубін); кармавыя (бульба, буракі, кукуруза, люцэрна) і тэхнічныя культуры (сурэпіца, рапс, лён).

На Талачыншчыне 10 прамысловых прадпрыемстваў, 4 з іх займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Наладжана вытворчасць жалезабетонных, сталярных вырабаў, экскаватараў, баваўняных тканін, тарфяных брыкетаў, ільновалакна, пладова-ягаднага віна, цэльнамалочнай прадукцыі, хлебабулачных і каўбасных вырабаў, безалкагольных напояў, крухмалу і інш. прадукцыі.

Буйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляюцца: Талачынскі і Коханаўскі льнозаводы, тэкстыльная фабрыка, масларобча-сыраробчы, кансервавы, торфабрыкетны заводы, Коханаўскі экскаватарны завод. Адно са старэйшых прадпрыемстваў горада Талачына — тэкстыльная фабрыка, яе вырабы: коўдры, дываны, рушнікі, сурвэткі. Талачынскі масларобча-сыраробчы завод спецыялізуецца на вырабе масла, сыру, смятаны, тварагу і іншай прадукцыі. Торфабрыкетны завод выпускае торфабрыкет на паліва і нарыхтоўвае яго на ўгнаенне. Кансервавы завод — адно з буйнейшых прадпрыемстваў Талачыншчыны. У 2002 да яго далучаюць крухмальны завод, а ў 2005 — Гарадоцкі харчовы камбінат. СП «Кірана» (г. п. Коханава) спецыялізуецца на распрацоўцы і вырабе труб для газа- і водазабеспячэння, каналізацыі, пракладкі кабелю, меліярацыі.

Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамагістраль M1 Мінск — Масква, газаправоды Ямал — Еўропа, Таржок — Мінск — Івацэвічы, а таксама прадуктаправод Унеча — Полацк.

Старшыні райвыканкама

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. http://www.tolochin.vitebsk-region.gov.by/ru/Ruk/
  2. а б в Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Самончык Н. Ф. Талачынскае вадасховішча // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 5. — С. 74. — 583 с. — 10 000 экз.
  6. Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні
  7. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0279-2.

Літаратура

  • Талачынскі раён // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны: энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 160—161.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 654 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-007-6.

Спасылкі