Дом губернатара (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Губернатарскі дом (Мінск))
Славутасць
Дом губернатара
Перабудаваны будынак езуіцкай школы ў наш час
Перабудаваны будынак езуіцкай школы ў наш час
53°54′11″ пн. ш. 27°33′18″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Дата заснавання 1699
Дата пабудовы 1699 год
Асноўныя даты

1699будаўніцтва
кан. XVIII ст.рэканструцыя Ф. Крамера

1968перабудова
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000235шыфр 712Г000235
Стан значна перабудаваны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом губерна́тара, або буды́нак езуі́цкай шко́лы — будынак у Мінску на плошчы Свабоды, 7. Уваходзіў комплекс Мінскага езуіцкага калегіума. У будынку месціцца Рэспубліканскі музыкальны каледж.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Чарцёж комплексу езуіцкага калегіума у канцы XVIII ст. Дом губернатара злева
Комплекс езуіцкага калегіума ў 1914 годзе
Мітынг перад домам губернатара, 1905 (гл. Курлоўскі расстрэл)
Беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг над будынкам Народнага сакратарыята БНР, 1918

Пабудаваны ў 1699 годзе (паводле іншых звестак у 1769—1970-я гады) як езуіцкая школа ў складзе комплексу Менскага езуіцкага калегіума. У часе Паўночнай вайны (17001721) тут спыняліся расійскі імператар Пётр I, украінскі гетман Іван Мазепа, шведскі кароль Карл XII[1].

У 1770 годзе быў рэканструяваны — уваход у яго быў пазначаны квадратнай у плане вежай з купалам. З 1773 года, пасля забароны ордэна езуітаў у будынку размешчана свецкая шасцігадовая школа. Пасля перабудовы школы ў стылі класіцызм паводле праекта Фёдара Крамера ў 17991917 гадах — дом губернатара. Пры перабудове будынак страціў архітэктурны дэкор XVIII ст., у тым ліку і вежу з купалам.

У часе вайны 1812 года, у 1812 годзе тут спыняўся французскі маршал Луі Нікаля Даву. У 18211822 гадах у яго бібліятэцы працаваў расійскі дзекабрыст Мікіта Мураўёў, які напісаў у Мінску першы варыянт канстытуцыі будучай Расійскай дзяржавы («Паўночная праўда»)[1].

Уначы 28 чэрвеня 1905 года ў губернатарскі дом была кінутая бомба, пацярпелі казак і гарадавы. З 1910 года тут часова месцілася губернатарская канцылярыя і губернская ўстанова па забеспячэнні праваслаўнага духавенства. У 1914 годзе на другім паверсе адкрыўся вайсковы шпіталь, які ўзначальваў старшы лекар Сяргей Урванцоў. 22 кастрычніка таго ж года шпіталь наведаў расійскі імператар Мікалай II, ён раздаваў параненым Георгіеўскія крыжы[1].

З 20 лютага 1918 года ў будынку месціўся Народны сакратарыят БНР на чале з Язэпам Варонкам[1]. Тут была прынятая Першая Устаўная грамата БНР. 25 лютага нямецкія жаўнеры знялі з будынка беларускі сцяг і канфіскавалі грашовыя сродкі. Нямецкая адміністрацыя забрала будынак на патрэбы сваёй музычнай вайсковай каманды.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку ў студзені 1919 года размяшчаўся Часовы рабочы-сялянскі савецкі ўрад Беларусі на чале са Змітром Жылуновічам (Цішка Гартны)[1]. З лютага 1919 да 1933 года тут месціліся Прэзідыум ЦВК БССР, Саўнаркам і іншыя дзяржаўныя ўстановы БССР, пасля Другой сусветнай вайны — музычная школа. У 1968 годзе зробленая апошняя значная перабудова паводле праекта архітэктара I. Левіна: зроблена прыбудова з боку дваровага фасада і надбудова верхняга паверха, перароблены фасады.

Пачатак рэканструкцыі ў 2019

Улетку 2019 года пачалася рэканструкцыя з рэстаўрацый будынка, якая прадугледжвае аднаўленне галоўнага фасада ў выглядзе, блізкім да гістарычнага, з захаваннем савецкай надбудовы. 2 жніўня 2020 года будынак адкрыўся пасля рэстаўрацыі[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак уяўляў сабой прамавугольнае ў плане, двухпавярховае, накрытае вальмавым дахам збудаванне. Яго галоўны фасад быў вылучаны квадратнай у плане вежай, завершанай купалам.

У наш час перабудаваны да непазнавальнасці. Цяпер будынак чатырохпавярховы, галоўны фасад вырашаны плоскасна, пазбаўлены дэкору, чляніцца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на верхнім паверсе значна большымі па велічыні. Уваход аформлены строгім парталам.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 196—197. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  2. realty.tut.by(недаступная спасылка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]