Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі
Фізіка-тэхнічны інстытут | |
---|---|
Абрэвіятура | ФТІ |
Краіна | |
Адрас | Мінск, Першамайскі раён, вул. Купрэвіча, д. 10 |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | стварэнне абсталявання для апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Віталь Залескі |
Намеснік па навуковай працы | Аляксей Белы |
Намеснік па інавацыйнай працы | Анатоль Міхнюк |
Навуковая сакратарка | Ганна Басалай |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 29 сакавіка 1931 |
Асноўныя асобы | Анатоль Іларыёнавіч Гардзіенка, Уладзімір Клубовіч, Аляксандр Пятровіч Ласкаўнёў[2] |
Матчыная арганізацыя | Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве[3] |
Папярэднік | кафедра фізікі Беларускай акадэміі навук |
phti.by |
Фізіка-тэхнічны інстытут — даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў сакавіку 1931 года.
На 2019 год ФТІ ўваходзіў у склад Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАНБ. У аспірантуру набіралі па трох спецыяльнасцях: 1) электрафізіка, 2) механічная і фізіка-тэхнічная апрацоўка, 3) матэрыялазнаўства. Інстытут выпускаў: 1) абсталяванне хуткаснага індукцыйнага нагрэву, пластычнай дэфармацыі і іонна-плазменнай апрацоўкі, 2) сродкі асабістай бронеабароны ўласнай распрацоўкі. Таксама ФТІ аказваў паслугі: 1) малатанажнай металургіі высокачыстых каляровых і высакародных металаў, 2) высокадакладнай пакоўкі медыцынскіх імплантантаў, 3) ахоўнага, біясумяшчальнага, дэкаратыўнага і ўмацавальнага пакрыцця; 4) металізавання рулонных матэрыялаў, 5) рэкуперавання прамысловых алмазаў, 6) выпрабавання алмазна-абразіўных і лязовых прылад, 7) вызначэння рэшткавага рэсурсу магістральных трубаправодаў[4].
Падраздзяленні
[правіць | правіць зыходнік]На 2019 год Фізіка-тэхнічны інстытут уключаў:
- 7 аддзелаў — 1) матэрыялазнаўства і ліцейна-дэфармацыйных тэхналогій, 2) нанаструктураваных матэрыялаў, 3) інжынерыі паверхні, 4) электронна-прамянёвых тэхналогій і фізікі плазмы, 5) індукцыйных тэхналогій і тэрмічнай апрацоўкі, 6) магнітаімпульнай апрацоўкі матэрыялаў, 7) канструктарска-тэхналагічны (з доследнай вытворчасцю);
- лабараторыю прыкладнай механікі;
- сектар металаграфічнага і рэнтгенаструктурнага аналізу;
- навукова-вытворчы цэнтр «Тэхнамаг»[4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]29 сакавіка 1931 года Прэзідыум Беларускай акадэміі навук (БАН) зацвердзіў Пастанову № 9 аб стварэнні Фізіка-тэхнічнага інстытута (ФТІ) на аснове кафедры фізікі БАН. Да закрыцця ў 1938 годзе ФТІ стварыў 5 лабараторый: электрамагнітных ваганняў, электратэхнікі, геафізікі, металафізікі і рэнтгенаструктурнага аналізу. У 1945 годзе ў Акадэміі навук БССР стварылі фізіка-тэхнічны сектар, які ў 1947 годзе пераўтварылі ў Фізіка-тэхнічны інстытут. У 1950 годзе стварылі аспірантуру па 6 спецыяльнасцях[5]. У 1953 годзе ў ФТІ стварылі сектар фізікі і матэматыкі, які 17 студзеня 1955 года вылучылі ў Інстытут фізікі і матэматыкі. Да 1969 года ў ФТІ стварылі 8 працоўняў: электрафізікі, металазнаўства, пластычнасці, фізікі паверхневых з’яў, фізікі кантактных з’яў, фізіка-хімічнай механікі, тэрмакінетыкі структурных пераўтварэнняЎ у металах і сплавах, прыкладнай механікі. 6 кастрычніка 1970 года стварылі Магілёўскае аддзяленне ФТІ. У 1974 годзе 5 даследчыкаў інстытуту — Г. П. Грышановіч, Ігар Дрывоцін, Яўмен Канавалаў, Яўген Пятосін і В. А. Сідарэнка — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за стварэнне прылад памерна-чыставой і ўмацавальнай апрацоўкі дэталяў машын шляхам паверхне-пластычнага дэфармавання. У 1976 годзе пры ФТІ стварылі Спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро з доследнай вытворчасцю. У 1978 годзе даследчык ФТІ Пётр Яшчарыцын атрымаў Дзяржпрэмію БССР за стварэнне вытворчасці гідраўлічнага абсталявання на ВА «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі. Адначасна Дзяржпрэмію БССР атрымалі Канстанцін Гораў і Пётр Пархуцік за стварэнне вытворчасці алюмінавага ліцця з выкарыстаннем другаснай сыравіны[6].
У 1980 годзе 8 даследчыкаў ФТІ — Іван Бакута, Аляксандр Жураўскі, Генадзь Здор, Вячаслаў Малышкін, Міхал Міцкевіч, Жорж Мрочак, Аляксандр Скрыпнічэнка і Віктар Чачын — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за стварэнне абсталявання электраімпульснай апрацоўкі матэрыялаў. Адначасна Віктар Бажок і Аляксей Шыпко атрымалі прэмію камсамолу Беларусі за распрацоўку хуткаснай тэрмічнай апрацоўкі тытанавых сплаваў. У 1982 годзе прэмію камсамолу атрымаў Аляксей Белы за даследаванне зніжэння зносу, энерга- і металаёмістасці машын. У 1984 годзе Леанід Гурскі і Мікалай Румак атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэнне вытворчасці нізкапарогавых вялікіх інтэгральных схем на камплементарнай структуры метал-аксід-праваднік (КМАП). Адначасна Дзяржпрэмію БССР атрымалі яшчэ 7 даследчыкаў ФТІ — Георгій Андрэеў, Эрнест Варанцоў, Валерый Клушын, Яўген Макушок, Уладзімір Садко, Н. Р. Шахавец і Валерый Шчукін — за ўкараненне аўтаматызаванай папярэчна-клінавой пракаткі. У 1986 годзе Станіслаў Астапчык атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за распрацоўку хуткаснага тэрмічнага ўмацавання сталі і сплаваў. У 1988 годзе 6 даследчыкаў ФТІ — Анатоль Гардзіенка, Міхаіл Бадзяка, А. С. Дымоўскі, В. С. Жукавец, Віктар Івашка і Г. А. Семянюк — атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэнне электратэрмічнай вытворчасці гетэрагенных матэрыялаў. Адначасна Аляксандр Аліфанаў, Аляксей Белы і Таццяна Каліноўская атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэнне вытворчасці аўтатрактарных дэталяў з выкарыстаннем халоднай аб’ёмнай штампоўкі. У 1990 годзе Генадзь Анісовіч і Яўген Маруковіч атрымалі Дзяржпрэмію БССР за павышэнне якасці адлівак у вытворчасці. Адначасна прэмію атрымалі Ігар Васілеўскі і Жорж Мрочак за распрацоўку абсталявання для нанясення плазменных ахоўных пакрыццяў на трубы цепласетак[6].
У 1992 годзе Магілёўскае аддзяленне ФТІ вылучылі ў Інстытут тэхналогіі металаў НАН Беларусі. Дагэтуль даследчыкаў ФТІ ўзнагародзілі 10 Дзяржаўнымі прэміямі Беларусі. За савецкім часам у ФТІ працавалі акадэмікі Мікалай Акулаў, Генадзь Анісовіч, Цэлясцін Бурстын, Канстанцін Гораў, Сяргей Губкін, Аляксей Кайгарадаў, Яўмен Канавалаў, Васіль Севярдэнка, Антон Сеўчанка, Мікалай Сірата, Барыс Сцяпанаў і Віктар Чачын. Таксама ў Інстытуце працавалі члены-карэспандэнты Міхаіл Бадзяка, Альберт Вейнік і Мікалай Румак. На 1998 год асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; электраразбуральныя, лазарныя і пучковыя (вакуумныя і іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадкіднае абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютарная мультыплікацыя. У Інстытуце распрацавалі: спосабы фотапластычнасці і муаравых палосаў; цеплавую тэорыю ліцця, тэрмадынамікі не- і абарачальных працэсаў; будову і відападзел формаўтварэння; тэорыю апрацоўкі металаў і сінтэзу дыэлектрыкаў. Усталявалі заканамернасці пластычнага формаўтварэння. Даследавалі фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-механічныя ўласцівасці сталі і сплаваў. Распрацавалі аўтаматызаваную папярочна-клінавую пракатку і лазарнае абсталяванне для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі. Стварылі: абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення іржаўстойлівых, гарачатрывалых і аздабленчых пакрыццяў; браню для асабістай засцярогі і аховы тэхнікі, бязнікелевы чыгун, літыя і валакністыя алюміній-графітавыя матэрыялы. На 1998 год у ФТІ працавалі акадэмікі Станіслаў Астапчык, Аляксандр Сцепаненка і Пётр Яшчарыцын, а таксама члены-карэспандэнты Анатоль Гардзіенка і Леанід Гурскі[5].
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Цэлясцін Бурстын (1931—1937)
- Канстанцін Гораў (1947—1948)
- Сяргей Іванавіч Губкін (1948—1955)
- Васіль Севярдэнка (1957—1958)
- Мікалай Акулаў (1959—1964)
- Віктар Чачын (1970—1983)
- Станіслаў Астапчык (1983—2002)
- Анатоль Іларыёнавіч Гардзіенка (2002—2016)
- Віталь Генадзевіч Залескі (з 2016)[7]
Зноскі
- ↑ а б GRID Release 2017-05-22 — 2017-05-22 — 2017. — doi:10.6084/M9.FIGSHARE.5032286
- ↑ "Навуковы савет"(руск.). Фізіка-тэхнічны інстытут. 2019. Праверана 21 студзеня 2019.
- ↑ https://nasb.gov.by/bel/about/otdeleniya-nauk/ft_nauk.php Праверана 28 студзеня 2024.
- ↑ а б Арганізацыі Аддзялення фізіка-тэхнічных навук (Фізіка-тэхнічны інстытут) . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (8 лістапада 2018). Праверана 21 студзеня 2019.
- ↑ а б Канстанцін Грышановіч. Інстытут фізіка-тэхнічны // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 273. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
- ↑ а б Гістарычная даведка (руск.)(недаступная спасылка). Фізіка-тэхнічны інстытут (30 лістапада 2019). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2019. Праверана 21 студзеня 2019.
- ↑ Физико-технический институт национальной академии наук Беларуси
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Зваротная сувязь (руск.)(недаступная спасылка). Фізіка-тэхнічны інстытут (30 лістапада 2019). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2019. Праверана 21 студзеня 2019.
- Навуковыя зборнікі Архівавана 13 студзеня 2019. (руск.)