Гасціны двор (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Гасціны двор, Мінск)
Jump to navigation Jump to search
Помнік архітэктуры
Гасціны двор
Haściny dvor (Miensk).JPG
53°54′15″ пн. ш. 27°33′20″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск, пл. Свабоды, д. 2, 4, 10
Тып будынка Гасціны двор
Архітэктурны стыль Класіцызм, мадэрн
Аўтар праекта Ф. Крамер
Дата заснавання 1569
Дата пабудовы XVIII ст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000234шыфр 712Г000234

Гасціны двор (Мінск Цэнтр)
Гасціны двор
Гасціны двор

Гасціны двор — гістарычны гандлёва-складскі комплекс на пл. Свабоды ў Мінску, помнік рэспубліканскага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля моцнага пажару ў 1547 годзе ў Мінску пачынаюцца буйныя горадабудаўнічыя пераўтварэнні. Цэнтрам новай забудовы станавіцца плошча Высокі Рынак, дамінантамі якой сталі ратуша і Гасціны двор[2].

Упершыню Гасціны двор згадваецца ў пацверджанні прывілея на магдэбургскае права 1569 года, дзе быў дадзены дазвол «… мещаном Менским в месте тамошнем Менском двор гостиный на местцу слушном для тоянья купцов збудовати»[2].

Комплекс Гасцінага двара, які існуе цяпер, быў збудаваны ў XVIII стагоддзі і, магчыма, уключыў у сябе частку больш ранніх пабудоў, першапачаткова ён меў С-падобную форму і складаўся з некалькіх двух-трохпавярховых будынкаў[2][3]. Размяшчэнне гасцінага двара ў цэнтры плошчы побач з ратушай ці ў адным аб'ёме з ёй характэрна для беларускіх гарадоў XVI—XVIII і патку XIX стагоддзя. У канцы XVIII стагоддзя прынята рашэнне аб будаўніцтве паўночна-усходняй часткі комплексу. Праект гэтага будынка ў стылі класіцызм (аўтар праекта — губернскі архітэктар Ф. Крамер) змешчаны ў «Атласе Мінскай губерні 1800 года»[4]. Пасля рэканструкцыі 1909 года над паўднёва-заходняй часткай надбудаваны трэці паверх, фасады дэкараваны ў стылі мадэрн, зменена планіроўка[3].

Гасціны двор да рэканструкцыі, XIX ст.
Праект Гасцінага двара з «Атласа Мінскай губерні 1800 года»

У пачатку XX стагоддзя ў памяшканнях былога гасцінага двара былі размешчаны аддзяленне Азоўска-Данскога камерцыйнага банка(руск.) бел., магазіны, купецкі клуб, дзе ў 1914 г. выступаў У. Маякоўскі. У 1917 годзе тут праходзілі 1-я і 2-я Паўночна-Заходнія абласныя канферэнцыя РСДРП(б), размяшчаўся Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту(руск.) бел.[3].

Гасціны двор у 1932 г.

Падчас вайны паўднёва-усходняя частка гасцінага двара была зруйнавана прамым трапленнем авіябомбы. Астатнія ацалелыя будынкі на плошчы Свабоды былі заняты гітлераўцамі. У іх знаходзілася СД-абвер, контрразведка. 15 лютага 1944 года гітлераўцы прысудзілі тут да смяротнага пакарання антыфашыста Фрыца Шменкеля(руск.) бел..

Пасля вайны ўвесь комплекс на некаторы час займаў НКУС[5]. У 1946 г. тут знаходзілася зала бокса спартыўнага таварыства «Дынама».

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Комплекс будынкаў мае замкнёную кампазiцыю з двума ўнутранымі дворыкамі[1].

Будынак № 2
  • № 2. Двухпавярховы складаны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Пад дахам праходзіць шматслойны карніз. Сцены атынкаваны і афарбаваны. Вуглы будынка акцэнтаваны плоскімі лапаткамі. Прамавугольныя аконныя праёмы на другім паверсе дэкараваны абрамленнямі з прамымі сандрыкамі[1].
Будынак № 4, 1910
  • № 4. Трохпавярховы складаны Г-падобны ў плане будынак з рызалітамі ў дваровай частцы. Галоўны фасад будынка сіметрычнай кампазіцыі. Цэнтральная яго частка вылучана кілепадобным шчытом з трыма вузкімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Бакавыя часткі фасада завершаны прамымі атыкамі. Фасады рытмічна чляняцца прамавугольнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі. Пластыку фасадаў узбагачаюць ляпныя элементы, філёнгі[1]. Будынак мае калідорную планіроўку. У інтэр'еры лесвіцы з каванай агароджай, печы, абліцаваныя кафляй[3]. На будынку ўсталявана мемарыяльная дошка ў памяць пра Фрыца Шменкеля(руск.) бел..
Будынак № 4
  • № 10. Двухпавярховы, шчыльна прымыкае да дамоў № 8 і № 4. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральная частка будынка вылучана чатырохкалонным дарычным порцікам, завершаным масіўным антаблементам і трохвугольным франтонам. У тымпане франтона паўкруглая люкарна. Над галоўным уваходам навісае балкон з балюстраднай агароджай. Бакавыя часткі фасада акцэнтаваны неглыбокімі плоскімі рызалітамі. Дзвярныя праёмы ў рызалітах дэкараваны трохвугольнымі сандрыкамі. Гарызантальна фасад падзелены міжпаверхавай цягай, завершаны карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы на першым паверсе аздоблены простымі ліштвамі з замковым каменем[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 2,0 2,1 2,2 Минск в четырёх измерениях
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988].
  4. Гостиный двор в Минске (руск.) 
  5. Гостиный двор

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]