Перайсці да зместу

Кобрын

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Горад Кобрын)
Горад
Кобрын
Плошча Свабоды
Плошча Свабоды
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Плошча
  • 30,5 км²
Вышыня цэнтра
147 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 52 635 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1642
Паштовыя індэксы
225301–225306 і 225860
Аўтамабільны код
1
СААТА
1243501000
Афіцыйны сайт
Кобрын на карце Беларусі ±
Кобрын (Беларусь)
Кобрын
Кобрын (Брэсцкая вобласць)
Кобрын

Ко́брын[2] (трансліт.: Kobryn) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Кобрынскага раёна, на сутоках Кобрынкі і Мухаўца. За 52 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Гомель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту.

У 1287 годзе ўпамінаецца з формай назвы Кобрынь, такая ж форма запісана і ў 1589 годзе[3].

Назва паселішча ўтвораная ад назвы ракі Кобрынкі (< Кобрына), на ўтоку якой у Мухавец паўстала паселішча. Гідронім балцкага (магчыма, яцвяжскага) паходжання. Найбліжэйшы аналаг — назва ракі Кобрына (варыянт: Кобрын), правага прытока Дняпра адразу на поўдні ад Кіева (пасля вусця ракі Стугны). Недалёка ад Кобрыны (цераз Дняпро) — рэчка з балцкай назвай Недра[4]. Гэта адзін з самых паўднёвых балцкіх гідронімаў. Назва *Kobr-in- ад літоўскага kobrinti, kūbrinti «ісці сагнуўшыся, пахіліўшыся». Корань Kobr- таксама ў прускім тапоніме Kobrun (назва лесу ў прускай Натангіі, засведчаная пад 1354 годзе)[5]. Гэтую мясцовую назву звязваюць з прускім kāubri, літоўскім kauburys, kūbrys «пагорак, узвышша» (супольная з kobrinti, kūbrinti семантыка звязаная з адхіленнем ад роўнага руху ці роўнай паверхні). Назва кобрынскай ракі тлумачыцца звілістасцю яе рэчышча. На беларускім Палессі распаўсюджаны балцкія тапонімыПінск, Лунінец, Жыткавічы, яны ўтвораныя ад адпаведных водных назваў.

Географ Вадзім Жучкевіч таксама згадвае ў якасці магчымай крыніцы таго ж паходжання літоўскае kobrinti «цяжка, стомлена ісці, цягнуцца». Але яго асноўная версія — што назва паходзіць ад вядомай з «Аповесці мінулых часоў» назвы племя обраў, а пачатковае К- называе ўстаўным гукам[6]. Обры — відазмененая назва авараў, з якімі з VI стагоддзя н.э. змагалася славянскае племя дулебаў, што былі сярод продкаў сучасных чэхаў[7]. Існуюць таксама кельцкая (Юзаф Сташэўскі) і славянская (Алег Трубачоў) версіі паходжання назвы, якія згадвае Вадзім Жучкевіч[8].

Першы пісьмовы ўспамін пра Кобрын як уладанне князёў уладзіміра-валынскіх змяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287 годам:

" Се аз, князь Володимер, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есмь княгине своей, по своем животе город свой Кобрынь и с людьми, и с данью, како при мне даяли, тако и по мне ать дають княгине моей…
Іпацьеўскі летапіс
"

У пачатку XIV стагоддзя паселішча далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 года Кобрын знаходзіўся ва ўладанні вялікага князя Альгерда. На працягу XIV ст. на месцы старажытнага дзядзінца і пасада збудавалі драўляныя замкі (існавалі да канца XVIII стагоддзя)[9]. У 1404 годзе горад стаў сталіцай княства, што знаходзілася ва ўладанні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 годам упершыню згадваецца Спаскі манастыр. У першай палове XVI стагоддзя ў горадзе збудавалі касцёл[9].

У 1519 годзе Кобрын стаў цэнтрам староства, а ў 1520 годзе — сталіцай павета Падляшскага ваяводства. З 1532 года горад знаходзіўся ва ўладанні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорца, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і пачаліся меліярацыйныя работы (канал каралевы Боны)[9]. Станам на 1563 год, паводле рэвізіі, у Кобрыне было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Брэсцкая, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая[10]; дзейнічалі касцёл, 3 праваслаўныя царквы, Спаскі манастыр[11]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад страціў павятовы статус і ўвайшоў у склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства.

У 1586 годзе Кобрын перайшоў да каралевы-ўдавы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрознівалася актыўнасцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 снежня 1589 года яна надала гораду магдэбургскае права, каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю і павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява святых Ганны і Марыі з немаўлём Ісусам на руках»[12]. У 1589 годзе Ганна Ягелонка асабіста прыбыла ў горад і ўрачыста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587—1632). Кобрын меў магдэбургскае права да 1766 года. У 1596 годзе Спаскі манастыр прыняў унію[11].

У пачатку XVII ст. у Кобрыне было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў[10]. Станам на 1597 год горад складаўся з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесця, налічваў 550 сядзібных участкаў. У цэнтры была рыначная плошча з ратушай і 32 участкамі забудовы[11]. У 1626 годзе адбыўся Кобрынскі сабор[10], пры Спаскім манастыры адкрылася школа[11].

У 2-й палове XVII — пачатку XVIII стагоддзя Кобрын значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. У верасні 1648 года казацкія атрады акружылі Кобрын і разбілі харугву стольніка Вінцэнта Корвін Гасеўскага, практычна ўвесь горад быў спалены. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 1700 жыхароў, 478 дамоў.

З-за страты эканамічнага значэння ў 1766 годзе яго перавялі ў разрад мястэчак[13]. У 1784 годзе тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыццё Каралеўскага канала. Станам на 1790 год у Кобрыне было 2160 жыхароў і 360 дамоў[11]. У 1791 годзе Кобрын зноў стаў сталіцай павета. 14 верасня 1794 года расійскія войскі Аялксандра Суворава разбілі пад Дзівінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і занялі горад.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кобрын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета[13]. Імператрыца расійская Кацярына II падаравала колішні магдэбургскі горад Сувораву.

Помнік Кобрынскай бітве (1812)

У вайну 1812 года 27 ліпеня пад Кобрынам расійскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. Станам на 1817 год тут было 326 будынкаў, з іх 4 камяніцы. У 1845 годзе гораду даравалі новы, расійскі герб. У 1882 годзе пачаўся рух на лініі Палескай чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыне з’явілася чыгуначная станцыя. У 1895 годзе пажар знішчыў трэць горада. У пачатку XX стагоддзя ў Кобрыне было 25 камяніц і 1202 драўляныя будынкі, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, касцёл, сінагога і некалькі яўрэйскіх малітоўных школ, павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча з жаночай зменай, прыватнае жаночае 1-класнае вучылішча, яўрэйскае жаночае вучылішча і некалькі хедараў.

У 1915 годзе Кобрын быў акупаваны нямецкімі войскамі, а ў 1919 годзе заняты польскай арміяй. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Кобрын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павета Палескага ваяводства.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Кобрын увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёна. З 23 чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Падчас вайны немцы ўчынілі генацыд яўрэйскага насельніцтва горада, якое складала тады 70 % жыхароў. У паваенны перыяд горад бурна развіваецца, хутка расце насельніцтва. У 1959 годзе ў горадзе было 13,7 тысяч жыхароў, у 1970 годзе — 24,9 тысяч жыхароў.

У ліпені 2024 года вуліца Каліноўскага была перайменавана мясцовым Саветам дэпутатаў у вуліцу Пятра Машэрава, для гэтага існуючую вуліцу Пятра Машэрава перайменавалі ў вуліцу Яловую[14]. Перайменаванне адбылося ў межах чарговай хвалі русіфікацыі, пачатай рэжымам Лукашэнкі пасля палітычнага крызісу 2020 года[15].

  • XIX стагоддзе: 1817 год — 1 427 чал., з іх 899 іўдаісты[16]; 1848 год — 1 673 чал.[11]; 1878 год — 7 789 чал. (4 405 муж. і 3 384 жан.), у тым ліку 2 876 праваслаўных, 473 каталікі, 4 431 іўдзей, 9 магаметан[16]; 1897 год — 10 355 чал.[11]
  • XX стагоддзе: пачатак ХХ стагоддзя — 8 998 чал., з іх паводле саслоўя: мяшчан 6 131, цэхавых 1 389, шляхты 211, купцоў 204, духоўнікаў 88, ваенных 238, сялян 537, іншых станаў 200; паводле веры: праваслаўных 2 100, каталікоў 585, пратэстантаў 232, іўдзеяў 6 036, іншых веравызнанняў 46[13]; 1907 год — 8 754 чал.[17]; 1921 год — 8 208 чал.[11]; 1931 год — 10 101 чал.[11]; 1956 год — 11 тыс. чал.[18]; 1959 год — 13,7 тыс. чал.; 1970 год — 24,9 тыс. чал.; 1972 год — 26,3 тыс. чал.[19]; 1991 год — 49,4 тыс. чал.[20]; 1996 год — 51,6 тыс. чал.[21]
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 50,8 тыс. чал.; 2006 год — 50,5 тыс. чал.; 2008 год — 51,1 тыс. чал.; 2009 год — 51,3 тыс. чал.; 2009 год — 51 166 чал. (перапіс)[22]; 2016 год — 52 655 чал.[23]; 2017 год — 52 964 чал.[24]

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Гасцініцы «Беларусь», «Сувораў». Кобрын — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.

Дом-музей Суворава

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, кінатэатр, дом культуры, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.

У Кобрыне працуюць Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, 8 сярэдніх, гімназія, музычная і спартыўная школы, пачатковая школа — дзіцячы садок, школа-інтэрнат, установы дадатковай адукацыі. Працуюць 14 дзіцячых садоў.

Медыцынскія паслугі аказвае гарадская бальніца, паліклініка, дзіцячыя бальніца і паліклініка.

Дамы на вуліцы Леніна (Бабруйскай)

Планаванне і забудова Кобрына маюць шматвекавую гісторыю. Ля месца ўпадзення рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасці заклалі першае ўмацаванне, на якім пазней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII — XIX стагоддзях цэнтр Кобрына забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крам і майстэрань.

Аляксандра-Неўскі сабор
Гарадскі парк

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
Будынак былой сінагогі ў Кобрыне.
Мастак А. Наліваеў.

Гарады-пабрацімы

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Ганаровыя грамадзяне Кобрына

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  3. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 163.
  4. П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 52—53.
  5. G. Gerullis. Die altpreußischen Ortsnamen. Berlin / Leipzig, 1922. C. 67.
  6. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 163—164.
  7. А. С. Кибинь. Дулебы и обры (авары) Повести временных лет // Петербургский исторический журнал. № 3. 2017. С. 152.
  8. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 164.
  9. а б в ЭнцВКЛ 2005, с. 116.
  10. а б в ЭнцВКЛ 2005, с. 117.
  11. а б в г д е ё ж з Князева В. М. Кобрын // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. — Мн., 2005. — 303 с. — ISBN 985-01-0549-6.
  12. Кобрын // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  13. а б в Кобрин // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  14. Информация о документе «О переименовании элементов улично-дорожной сети города Кобрина» – Pravo.by (руск.). pravo.by. Праверана 13 ліпеня 2024.
  15. У Кобрыне перайменавалі вуліцу Каліноўскага. Дзеля гэтага давялося мяняць назву яшчэ адной вуліцы . Радыё Свабода (13 ліпеня 2024). Праверана 13 ліпеня 2024.
  16. а б Kobryń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. S. 205
  17. Kobryń // Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  18. Кобринь // Енциклопедія українознавства  (укр.). У 10-х томах. / Головний редактор Володимир Кубійович  (руск.). — Париж, Нью-Йорк: «Молоде життя  (укр.)»-«НТШ  (руск.)»; 1954—1989, 1993—2000.
  19. Кобрин // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  20. Кобрин // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
  21. ЭГБ 1997.
  22. Перепись населения — 2009. Брестская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  24. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.