ЗША ў Першай сусветнай вайне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Амерыканскія салдаты ў Аргонскім лесе

Злучаныя Штаты Амерыкі ўступілі ў Першую сусветную вайну 6 красавіка 1917 года. Да гэтага яны захоўвалі нейтралітэт. Амерыканскія войскі ваявалі з кастрычніка 1917 года на Заходнім фронце і з ліпеня 1918 года на Італьянскім фронце. За час вайны ў армію было прызвана больш за 4 млн чалавек. ЗША страцілі ў Першай сусветнай вайне 117 465 чалавек.

Перыяд нейтралітэту (1914—1917)[правіць | правіць зыходнік]

Лайнер «Лузітанія»

У пачатку вайны ў ЗША дамінавала імкненне захаваць нейтралітэт. Прэзідэнт Вільсан, шакаваны разбуральным характарам канфлікту і заклапочаны яго магчымымі неспрыяльнымі наступствамі для ЗША ў выпадку зацягвання ваенных дзеянняў, спрабаваў выступіць у якасці пасярэдніка паміж супрацьлеглымі бакамі. Але яго міратворчыя намаганні не ўвянчаліся поспехам, галоўным чынам з-за таго, што абодва бакі не гублялі надзею перамагчы ў вырашальнай бітве. Тым часам ЗША ўсе глыбей увязалі ў спрэчкі аб правах нейтральных краін на моры. Вялікабрытанія кантралявала становішча на Сусветным акіяне, дазваляючы нейтральным краінам ажыццяўляць гандаль і адначасова блакуючы германскія парты. Германія спрабавала прарваць блакаду, ужываючы новую зброю — падводныя лодкі.

Прэзідэнт Вільсан перад Кангрэсам. Пасяджэнне 3 лютага 1917 года.

У 1915 годзе нямецкая падводная лодка патапіла брытанскае пасажырскае судна «Лузітанія», пры гэтым загінулі больш за 100 амерыканскіх грамадзян. Вільсан неадкладна заявіў Германіі, што несправакаваныя напады падводных лодак на судны нейтральных краін з’яўляюцца парушэннем агульнапрынятых нормаў міжнароднага права і павінны быць спыненыя. Германія ў пачатку 1917 года пагадзілася спыніць неабмежаваную падводную вайну, але толькі пасля пагрозы Вільсана прымяніць самыя рашучыя меры. Тым не менш, у лютым і сакавіку 1917 года былі патоплены яшчэ некалькіх амерыканскіх судоў, а тэлеграма Цымермана мексіканскаму ўраду з прапановай саюза супраць ЗША прымусіла Вільсана запытаць згоду Кангрэса на ўступленне краіны ў вайну. У выніку 6 красавіка 1917 года Кангрэс абвясціў вайну Германіі.

Удзел у вайне (1917—1918)[правіць | правіць зыходнік]

Амерыканская палявая артылерыя ў Шато-Цьеры

ЗША неадкладна пашырылі маштабы эканамічнай і ваенна-марской дапамогі саюзнікам і пачалі падрыхтоўку экспедыцыйнага корпуса для ўступлення ў баявыя дзеянні на Заходнім фронце. Згодна з прынятым 18 мая 1917 года законе аб абмежаванай вайсковай павіннасці, у армію прызываўся 1 млн. мужчын ва ўзросце ад 21 да 31 года.

Першыя амерыканскія войскі прыбылі ў Францыю ў чэрвені 1917 года, але толькі ў кастрычніку на лінію фронту прыбыла першая дывізія.

Амерыканскія бранетанкавыя войскі ў Аргонскім лесе

З канца сакавіка 1918 года саюзнікі стрымлівалі магутнае нямецкае наступленне. Вясной амерыканскія войскі дапамаглі французам спыніць нямецкія войскі на подступах да Парыжу. Летам амерыканская армія прыняла ўдзел у бітве на Марне. У верасні 1-я амерыканская армія правяла першую самастойную аперацыю супраць уварваўшайся Сен-Міельскай групоўкі праціўніка. У далейшым 1-я і 2-я амерыканскія арміі прынялі ўдзел у Стодзённым наступленні, у прыватнасці, у Мёз-Аргонскім наступленні. Таксама адна амерыканская дывізія прыняла ўдзел у бітве пры П’яве і бітве пры Віторыа-Венета на Італьянскім фронце.

Амерыканскія войскі падчас Сен-Міельскай аперацыі

Для эфектыўнай арганізацыі тылу Вільсан пайшоў на беспрэцэдэнтныя меры дзяржаўнага кантролю над эканомікай. Закон аб федэральным кантролю, прыняты 21 сакавіка 1918 года, перавёў усе чыгункі краіны пад кіраўніцтва Уільяма Макады, а спецыяльна створанае ваеннае кіраванне чыгунак павінна было пакончыць з канкурэнцыяй і забяспечыць строгую каардынацыю іх дзейнасці. Ваенна-прамысловае кіраванне было надзелена пашыранымі паўнамоцтвамі кантролю над прадпрыемствамі з мэтай стымулявання вытворчасці і прадухілення залішняга дублявання. Кіруючыся законам аб кантролю над прадуктамі харчавання і палівам (жнівень 1917 г.), Герберт Гувер, кіраўнік федэральнага ведамства па кантролю за прадуктамі харчавання, зафіксаваў цэны на пшаніцу на высокім узроўні і з мэтай павелічэння паставак прадуктаў харчавання ў войска ўвеў т. зв. «безмясныя» і «безпшанічныя» дні. Гары Гарфілд, кіраўнік ведамства па кантролю за палівам, таксама прыняў жорсткія меры ў дачыненні да вытворчасці і размеркавання паліўных рэсурсаў. Акрамя рашэння ваенных задач, гэтыя меры прынеслі немалыя выгады маламаёмасным сацыяльным слаям, у прыватнасці фермерам і прамысловым рабочым.

Акрамя буйных выдаткаў на развіццё ўласнай ваеннай машыны, ЗША далі такія вялікія крэдыты саюзнікам, што ў перыяд паміж снежнем 1916 і чэрвенем 1919 года агульны доўг апошніх (разам з працэнтамі) вырас да 24 262 млн. даляраў. Сур’ёзнай заганай унутранай палітыкі Вільсана стала яго няздольнасць надзейна абараніць грамадзянскія свабоды: ваенная істэрыя ўнутры краіны вылілася ў пераследы амерыканцаў нямецкага паходжання, членаў антываенных груп, у асаблівасці сацыялістычных.

Амерыканскія салдаты святкуюць спыненне агню 11 лістапада 1918 года

У студзені 1918 года Вільсан прадставіў у Кангрэс свае «14 пунктаў» — агульную дэкларацыю мэтаў ЗША ў вайне. У дэкларацыі была выкладзена праграма аднаўлення міжнароднай стабільнасці і ўтрымліваўся заклік да стварэння Лігі Нацый. Гэтая праграма шмат у чым разыходзілася з ваеннымі мэтамі, раней ухваленымі краінамі Антанты і уключанымі ў шэраг сакрэтных дамоваў. У кастрычніку 1918 года цэнтральнаеўрапейскія краіны звярнуліся з прапановай аб міры непасрэдна да Вільсана, праз галовы еўрапейскіх праціўнікаў. Пасля таго як Германія пагадзілася заключыць мір на ўмовах праграмы Вільсана, прэзідэнт накіраваў у Еўропу палкоўніка Э. М. Хаўса, каб заручыцца згодай саюзнікаў. Хаўс з поспехам выканаў сваю місію і 11 лістапада 1918 года Германія падпісала пагадненне аб перамір’і. Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць аб яго ўмовах, разыходжанні ў пазіцыях Еўропы і Амерыкі паказвалі на тое, што ў ходзе пасляваенных перамоваў паўстануць сур’ёзныя супярэчнасці. Яшчэ адной праблемай стала фактычная дэзінтэграцыя старой Еўропы, што не абяцала хуткага і легкага аднаўлення эканамічнага жыцця.

Узбраенне ЗША[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя генералы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]