Аблога Цындаа
Аблога Цындаа | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Азіяцка-Ціхаакіянскі тэатр ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны | |||
Дата | 27 жніўня — 7 лістапада 1914 года | ||
Месца | Цындаа | ||
Вынік | Перамога Антанты. | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Абло́га Цында́а — аблога порта Цындаа, адміністрацыйнага цэнтра германскай калоніі Цзяа-Чжоў у Кітаі, японскімі і брытанскімі войскамі і флотам у ходзе Першай сусветнай вайны. Была найбуйнейшай аперацыяй на Ціхаакіянскім тэатры ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны, завяршылася ўзяццем горада і акупацыяй японскімі войскамі ўсёй тэрыторыі калоніі.
Становішча перад аблогай
[правіць | правіць зыходнік]Цындаа, арандаваны Германіяй у Кітая ў 1897 годзе, быў стратэгічна важнай базай ваенна-марскога флоту Германіі. Немцы зрабілі яго добра ўмацаванай крэпасцю, разлічанай на 2—3 месяцы аблогі. У жніўні 1914 года ў Германіі меркавалі, што пачаўшаяся вайна даўжэй і не працягнецца. Гарнізон крэпасці складаўся з чатырох тысяч нямецкіх, аўстра-венгерскіх і кітайскіх салдат і маракоў. Нямецкая Усходне-Азіяцкая эскадра пад камандаваннем адмірала фон Шпее, якая базіравалася на Цындаа, зышла з порта на пачатку вайны, каб дайсці да Германіі і пазбегнуць небяспекі яе блакавання ў гавані ваенна-марскімі сіламі Антанты; у порце заставаліся аўстрыйскі браняпалубны крэйсер «Кайзерын Элізабэт», германскі бязбронны крэйсер «Кармаран» і яшчэ некалькі караблёў паменш. З сушы Цындаа абараняла падвойная лінія абароны, а з мора — берагавыя батарэі. Так ці інакш, крэпасць была разлічана на адбіцце атакі брытанскага або французскага экспедыцыйнага корпуса, але не на вайну супраць блізка размешчанай Японіі.
У Японіі некаторы час разважалі, на чыім баку ўступіць у вайну: саюз з Антантай, хоць і абяцаў меншую выгаду ў выпадку перамогі, быў больш надзейны. 15 жніўня Японія прад’явіла Германіі ўльтыматум з патрабаваннем перадаць Цындаа японскім уладам. Германія паспрабавала аформіць перадачу Цындаа Кітаю, але Англія і Францыя гэтаму перашкодзілі, а Кітай абвясціў аб нейтралітэце. 23 жніўня Японія абвясціла вайну Германіі.
Падрыхтоўка
[правіць | правіць зыходнік]27 жніўня Цындаа быў блакаваны японскай эскадрай віцэ-адмірала Ката Садакічы. Для ўзяцця горада быў выдзелены экспедыцыйны корпус колькасцю звыш 30000 чалавек, трыццаць дзевяць ваенных караблёў і больш за пяцьдзесят транспартаў. Англічане для садзейнічання ім выдзелілі некалькі караблёў і атрад у 1500 чалавек.
Улічваючы вопыт аблогі ў сваёй папярэдняй вайне і, відавочна, пабойваючыся немцаў, падрыхтоўку да штурму японцы вялі старанна і метадычна. Высадка войскаў ажыццяўлялася на тэрыторыі нейтральнага Кітая і працягвалася больш за месяц, з 2 верасня па 5 кастрычніка 1914 года. 25 верасня войскі перайшлі мяжу германскай калоніі, дзе на працягу наступных чатырох дзён выбілі немцаў з пярэдняга рубяжа абароны. Пасля гэтага абложнікі пачалі рыхтаваць штурм крэпасці, актыўна выкарыстоўваючы цяжкую артылерыю і разведвальныя гідрасамалёты. Некалькі японскіх караблёў падарваліся на мінах; англійскі браняносец «Трыумф» атрымаў пашкоджанне ад агню берагавых батарэй.
У ноч з 17 на 18 кастрычніка нямецкі мінаносец S-90 пад камандаваннем капітан-лейтэнанта Брунэра паспрабаваў прарваць марскую блакаду. Яму ўдалося тарпедаваць японскі крэйсер «Такачыха», пры гэтым загінуў 271 чалавек. Вярнуцца ў Цындаа Брунэр не змог. Ён планаваў заправіцца палівам у адным з нейтральных партоў і працягнуць атакаваць японскі флот, але з-за недахопу паліва выкінуў мінаносец на бераг, пасля чаго экіпаж быў інтэрнаваны кітайскімі ўладамі.
Штурм
[правіць | правіць зыходнік]31 кастрычніка японцы пачалі інтэнсіўны артылерыйскі абстрэл горада (за тыдзень было выкарыстана 100 гармат, выпушчана 43 500 снарадаў) і пабудову аблогавых збудаванняў, такіх жа, якія яны выкарыстоўвалі дзесяць гадоў таму пры ўзяцці Порт-Артура. У ноч на 7 лістапада пачаўся штурм, надыходзячыя прабіліся праз умацаванні ў цэнтры нямецкай абароны. Хоць на іншых участках штурм быў адбіты, працягваць абарону немцы не маглі з прычыны поўнага спусташэння боепрыпасаў. Раніцай 7 лістапада камендант Цындаа Майер-Вальдэк прыняў рашэнне аб здачы крэпасці. Перад здачай крэпасці немцы планамерна і метадычна знішчылі практычна ўсе ваенна-гаспадарчыя пабудовы, збудаванні порта і караблі. Здача немцаў у палон была азмрочана гібеллю некалькіх ужо спыніўшых супраціў германскіх салдат і афіцэраў, забітых японцамі, якія яшчэ не даведаліся аб спыненні агню.
Наступствы
[правіць | правіць зыходнік]Да канца вайны тэрыторыя былой нямецкай калоніі заставалася пад японскай акупацыяй. Тым не менш, кітайцы спадзяваліся, што з прычыны ўдзелу Кітая ў вайне на баку Антанты заходнія дзяржавы прымуць рашэнне аб вяртанні Цындаа Кітаю. Парыжская мірная канферэнцыя ў 1919 годзе захавала Цындаа за Японіяй. У адказ у Кітаі разгарнулася магутная ўсенародная барацьба, якая ўвайшла ў гісторыю як «Рух 4 мая», пад уплывам якога кітайская дэлегацыя адмовілася падпісваць у Парыжы мірны дагавор. Пасля падпісання ў 1921 годзе Кітаем сепаратнага мірнага дагавора з Германіяй пасрэдніцтва ва ўрэгуляванні пытання ўзялі на сябе Злучаныя Штаты Амерыкі. У ходзе Вашынгтонскай канферэнцыі Японія была вымушана 4 лютага 1922 года падпісаць пагадненне аб вяртанні Кітаю ўсіх акупаваных ёю тэрыторый.
Фатаграфіі
[правіць | правіць зыходнік]-
Германскія войскі ў Цындаа
-
Suwo — флагман японскай эскадры ў Цындаа
-
Японскі транспарт Wakamiya, які служыў базай для гідрасамалётаў, якія ўдзельнічалі ў аблозе Цындаа
-
Нямецкая 28-см гаўбіца батарэі «Паўднёвы Бісмарк»
-
105-мм гармата аўстра-венгерскай вытворчасці батарэі «Верхні Ільціс»
-
На гарадской вуліцы
-
Нямецкая батарэя ў Цындаа
-
Высадка японскага дэсанту
-
Прыбыццё брытанскага корпуса ў Цындаа
-
Захоплены ў Цындаа нямецкі карабель, вернуты Германіі ў 1920 г.
У мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Мастацкі фільм «Аблога форта Бісмарк» (1963) японскага рэжысёра Кэнга Фурусавы апавядае пра станаўленне японскай палубнай авіяцыі ў ходзе аблогі Цындаа.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Исаков И. С. Операция японцев против Циндао в 1914 г. — 3-е. — М.-Л.: Военмориздат, 1941. — 584 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аблога Цындаа
- Японія ў Першай сусветнай вайне
- Аўстра-Венгрыя ў Першай сусветнай вайне
- Вялікабрытанія ў Першай сусветнай вайне
- Германія ў Першай сусветнай вайне
- Японія ў Першай сусветнай вайне
- Бітвы Вялікабрытаніі
- Бітвы Германіі
- Бітвы Аўстра-Венгрыі
- Бітвы Першай сусветнай вайны
- Бітвы Японіі
- Бітвы ў Кітаі
- Жнівень 1914 года
- Верасень 1914 года
- Кастрычнік 1914 года
- Лістапад 1914 года