Італьянскі фронт Першай сусветнай вайны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Італьянскі фронт Першай сусветнай вайны
Асноўны канфлікт: Першая сусветная вайна
Italian front (World War I).jpg
Дата

23 мая 1915 — 4 лістапада 1918
(3 гады, 5 месяцаў і 2 тыдні)

Месца

Паўночны ўсход Італіі

Вынік перамога Італіі і Антанты
Перамір'е ў Віла-Джусці
распад Аўстра-Венгрыі

Рэспубліка Фіуме
Свабодны горад Фіуме
Сен-Жэрменскі мірны дагавор
Трыянонскі дагавор
Праціўнікі
Сцяг Каралеўства Італія Каралеўства Італія
1915 – да 58 дывізій

Сцяг Вялікабрытаніі Брытанская імперыя
1917 – 3 дывізіі
Сцяг Францыі Францыя
1918 – 2 дывізіі
Flag of Bohemia.svg Чэхаславацкія легіёны
1918 – 5 палкоў
Сцяг ЗША (48 зорак) Злучаныя Штаты Амерыкі
1918 – 1 полк

Сцяг Аўстра-Венгрыі Аўстра-Венгрыя
1915 – да 61 двізіі

Сцяг Германіі (1871-1918, 1933-1935) Германская імперыя
1917 – 5 дывізій

Камандуючыя
Сцяг Каралеўства Італія Віктар Эмануіл III
Сцяг Каралеўства Італія Луіджы Кадорна
Сцяг Каралеўства Італія Арманда Дыаз
Сцяг Каралеўства Італія Луіджы Амедэа
Сцяг Францыі Жан Сезар Грацыані
Сцяг Вялікабрытаніі Лорд Кейвэн
Сцяг Аўстра-Венгрыі Франц Конрад фон Гётцэндорф
Сцяг Аўстра-Венгрыі Артур Арц фон Штраўсенбург
Сцяг Аўстра-Венгрыі Светазар Бароевіч
Сцяг Германіі (1871-1918, 1933-1935) Ота фон Белаў
Сілы бакоў
1 406 871 салдат[1]
7108 гармат
19 696 кулямётаў
738 самалётаў
33 000 аўтамабіляў[2] (жнівень 1918)
1 320 000 салдат
7202 гармат
6920 кулямётаў
450 самалётаў
17 000 аўтамабіляў
(жнівень 1918)
Страты
651,000 забіты
953,886 паранены[3]
404,000 забіты
1,207,000 паранены[4]
Commons-logo.svg Italian Front theatre of World War I на Вікісховішчы
 
Тэатры ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны
Еўропа

Балканы✰ ІталіяЗаходняя ЕўропаУсходняя Еўропа
Блізкі Усход
АравіяПаўднёвая АравіяКаўказСінай і ПалестынаМесапатаміяПерсіяДарданэлы
Афрыка
Паўднёва-Заходняя АфрыкаТагалендКамерунУсходняя АфрыкаПаўночная Афрыка
Азія і Ціхі Акіян
Вайна на моры
АтлантыкаМіжземнае мораЦіхі і Індыйскі акіяны

 
✰ Італьянскі фронт
Ізонца (1)Ізонца (2)Ізонца (3)Ізонца (4)Ізонца (5)АсьягаІзонца (6) (Даберда) — Ізонца (7)Ізонца (8)Ізонца (9)Ізонца (10)АрцігараІзонца (11)КапарэтаРака П'явэСан-МатэаВіторыа-Венэта
Сцяг Італіі Гісторыя Італіі
Flag of Italy
Старажытны свет

Дагістарычная Італія

Этрускі (XII—VI стст. да н.э.)

Вялікая Грэцыя (VIII—VII стст. да н.э.)

Старажытны Рым (VIII ст. да н.э. — V ст. н.э.)

Італія пад уладай остготаў (V—VI стст.)

Сярэдневякоўе

Сярэдневяковая Італія

Італія пад уладай Візантыі (VI—VIII стст.)

Лангабардскае каралеўства (VI—VIII стст.)

Сярэдневяковае каралеўства Італія

Іслам і нарманы ў паўднёвай Італіі

Марскія рэспублікі і Італьянскія гарады-дзяржавы

Новы час

Італьянскі Рэнесанс (XIV—XVI стст.)

Італьянскія войны (1494—1559)

Італія ў Новы час (1559—1814)

Рысарджымента (1815—1861)

Сучасная гісторыя

Каралеўства Італія (1861—1945)

✰ Італія ў Першай сусветнай вайне (1914—1918)

Фашызм і каланіяльная імперыя (1918—1945)

Італія ў Другой сусветнай вайне (1940—1945)

Найноўшая гісторыя Італіі (1945—цяперашні час)

Свінцовыя гады (1970-я — 1980-я)

Асобныя тэмы

Гістарычныя дзяржавы Італіі

Ваенная гісторыя Італіі

Эканамічная гісторыя Італіі

Генетычная гісторыя Італіі

Выбарчая гісторыя

Гісторыя моды ў Італіі

Паштовая гісторыя

Чыгуначная гісторыя

Гісторыя грошай у Італіі

Гісторыя музыкі ў Італіі


Партал «Італія»

Італья́нскі фронт Пе́ршай сусве́тнай вайны́ ― адзін з франтоў Першай сусветнай вайны.

На Італьянскім фронце ваявалі войскі Італіі і войскі саюзных ёй дзяржаў (Брытанская імперыя, Францыя, ЗША) супраць войскаў Аўстра-Венгрыі і Германіі. Баявыя дзеянні на Італьянскім фронце працягваліся з мая 1915 года да лістапада 1918 года.

Італьянскі тэатр ваенных дзеянняў размяшчаўся ўздоўж усёй аўстра-італьянскай мяжы, ад Трэнціны да Адрыятычнага мора. Нягледзячы на тое, што Італія была членам Траістага саюза, з пачатку вайны яна захоўвала нейтралітэт, а ў 1915 годзе пасля працяглых ваганняў уступіла ў сусветную вайну на баку Антанты. Галоўным фактарам уступу Італіі ў вайну на баку Антанты стала жаданне правесці значныя тэрытарыяльныя змены за кошт Аўстра-Венгрыі.

Пасля ўступлення ў вайну італьянскае камандаванне планавала правесці магутны наступ углыб тэрыторыі Аўстрыі і захапіць шэраг важных гарадоў, аднак неўзабаве баявыя дзеянні на Італьянскім тэатры ваенных дзеянняў набывалі характар пазіцыйных, аналагічных да баявых дзеянняў на Заходнім фронце.

У 1915 годзе наступальная ініцыятыва была на баку Італіі, аднак італьянскае камандаванне не змагло ажыццявіць удалы наступ. У 1916 годзе аўстра-венгерская армія нанесла паражэнне італьянскай арміі ў бітве пад Трэнцінай, аднак італьянская армія дзякуючы дапамозе саюзнікаў здолела спыніць прасоўванне праціўніка. У 1917 годзе італьянская армія ажыццявіла паспяховыя летнія аперацыі, аднак восенню пацярпела поўнае паражэнне пры Капарэце і адступіла на 70-110 км углыб Італіі. Увесь 1918 год Італія аднаўлялася пасля разгрому пры Капарэце і ўвосень 1918 змагла перайсці ў наступ, разграміўшы аўстрыйскую армію, якая напалову распалася. 3 лістапада 1918 года баявыя дзеянні на Італьянскім фронце завяршыліся.

Напярэдадні вайны[правіць | правіць зыходнік]

Перадгісторыя ўступу Італіі ў вайну[правіць | правіць зыходнік]

Да 1870 года ўся паўночная Італія ўваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі, Папа рымскі кіраваў вялікімі тэрыторыямі ў цэнтры паўвострава, а Паўднёвая Італія знаходзілася пад кантролем Францыі. Ад Турына да франка-швейцарскай мяжы размяшчалася герцагства Віктара Эмануіла II. Паступова герцаг Савойскі дамогся аб'яднання Італіі. Спачатку ён дамогся ўлады над Неапалем і Сіцыліяй, аднак у адкрытае супрацьстаянне з Аўстрыйскай імперыяй герцаг намагаўся не ўступаць[5]. Але неўзабаве ў паўночных раёнах Італіі пачалася нацыянальна-вызваленчая барацьба супраць аўстрыйскага панавання. Заручыўшыся падтрымкай Францыі, Віктар Эмануіл II уступіў у вайну супраць аўстрыйцаў. Італьянскія войскі атрымалі перамогу пад Сальферына і аўстрыйцы пагадзіліся на заключэнне міру. Пасля гэтага Віктар Эмануіл II засяродзіў усе намаганні па аб'яднанні краіны на яе цэнтральных абласцях. Аднак, пасля таго як кантроль над цэнтральнай Італіяй быў устаноўлены, а Папа рымскі зрынуты, аб'яднаная Італія апынулася незадаволенай умовамі міру з Аўстрыйскай імперыяй. Пагадненне пакідала за Аўстрыяй вялікія тэрыторыі, якія спакон веку былі італьянскімі. Італьянская грамадскасць патрабавала вяртання зямель: Венецыі, Істрыі, Далмацыі і іншых, а таксама стварэння «Вялікай Італіі». У 1866 годзе Італія выступіла саюзнікам Прусіі ў вайне супраць Аўстрыі і змагла адабраць Венецыю[5].

Аўстрыйская імперыя была галоўным праціўнікам Італіі, і жаданне далучыць землі, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Венгерскай імперыі, у рэшце рэшт і прымусіла Італію ўступіць у вайну[5].

Уступ Італіі ў Траісты саюз[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве знешняя палітыка Італіі змянілася. Да васьмідзясятых гадоў XIX стагоддзя Італія была ўжо аб'яднанай і цэнтралізаванай і пачала прэтэндаваць на вядучыя ролі ў Еўропе; паколькі ў Італіі не было калоній, улада энергічна спрабавала гэта выправіць. Асноўным рэгіёнам каланіяльнай экспансіі Італіі стала Паўночная Афрыка. Тут італьянскія інтарэсы ўшчыльную сутыкнуліся з каланіяльнымі інтарэсамі Францыі. Напружанасць у адносінах з Францыяй падштурхнула краіну да саюзу з Германіяй — асноўным праціўнікам Францыі. Італьянскі ўрад таксама спадзяваўся на тое, што з дапамогай дыпламатычнага ціску Германія прымусіць Аўстра-Венгрыю перадаць Італіі «спрадвечныя Італьянскія» тэрыторыі.

У 1882 годзе Італія нечакана далучылася да Траістага саюза, у які акрамя Італіі ўвайшлі Германія і Аўстра-Венгрыя. Члены Траістага саюза заключылі абарончую здзелку, гэта значыць, у выпадку нападу на адну з краін-удзельніц пакта знешніх агрэсараў, дзяржавы павінны былі ажыццяўляць сумесныя абарончыя дзеянні[6].

Уступ Італіі ў вайну[правіць | правіць зыходнік]

Кароль Італіі Віктар Эмануіл III

28 ліпеня 1914 года, пасля забойства эрцгерцага Франца Фердынанда і «ліпеньскага крызісу», Аўстра-Венгрыя абвясціла Сербіі вайну, у выніку чаго пачалася Першая сусветная вайна. Аўстра-Венгрыя і Германія адразу ж запатрабавалі ад Італіі ўступіць у вайну на баку Траістага саюза. Аднак 3 жніўня 1914 года кароль Італіі Віктар Эмануіл III паведаміў германскаму імператару Вільгельму II, што ўмовы ўзнікнення вайны не адпавядаюць умовам пагаднення траістага саюза, пры якіх Італія павінна была ўступіць у вайну: Аўстра-Венгрыя першай абвясціла вайну, гэта значыць не была ахвярай агрэсіі. У той жа дзень італьянскі ўрад апублікаваў дэкларацыю аб нейтралітэце. Аднак італьянскае кіраўніцтва разумела, што для таго, каб атрымаць жаданыя тэрыторыі краіне прыйдзецца ваяваць, а працяглы нейтралітэт у сусветнай вайне можа мець наступствы. З пачаткам вайны абедзве кааліцыі пачалі актыўную дзейнасць па прыцягненні Італіі ў вайну на сваім баку. Італьянскі ўрад гэта ўсведамляў і спрабаваў выгандляваць у кожнага боку ўдалыя ўмовы пасляваенных набыткаў[7].

З пачатку вайны Рым пачаў перамовы з прадстаўнікамі Антанты і Цэнтральных дзяржаў. У выніку італьянскі ўрад схіліўся да выступу ў вайне на баку Антанты.

26 красавіка 1915 года ў Лондане паміж італьянскай дэлегацыяй і дэлегацыяй Антанты было заключана пагадненне. Паводле ўмоў дагавора Італія абавязвалася ўступіць у вайну на баку Антанты на працягу бліжэйшага месяца. У сваю чаргу Брытанская імперыя дала Італіі крэдыт на суму 50 млн фунтаў стэрлінгаў. Італіі паабяцалі шэраг тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад Асманскай і Аўстра-Венгерскай імперый: вобласць Трэнціна-Альта-Адыджэ, Трыест, Паўднёвы Ціроль, Істрыю і Далмацыю. Заключыўшы Лонданскае пагадненне, Італія адмовілася ад сваіх абавязацельстваў, узятых пры далучэнні да Траістага саюза.

У сваю чаргу, каб папярэдзіць выступ Італіі на баку Антанты, Германія дамаглася ад Аўстра-Венгрыі абяцанняў аб перадачы Італіі пасля вайны тэрыторый, населеных італьянцамі. Нямецкі амбасадар у Італіі граф фон Белаў паведаміў пра гэта абяцанне Джавані Джаліці, які быў лідарам італьянскіх нейтралістаў. Джаліці заявіў у парламенце аб тым, што Італіі неабходна захаваць нейтралітэт, яго падтрымалі 320 з 508 дэпутатаў італьянскага парламента, пасля чаго прэм'ер-міністр Саландра падаў у адстаўку.

Аднак у гэты час у краіне набыў папулярнасць рух за ўступленне ў вайну на баку Антанты, які ўзначальвалі сацыяліст Беніта Мусаліні і пісьменнік Габрыэле д'Анунцыа. Яны арганізавалі дэманстрацыі супраць парламента і «нейтралістаў», дамагаючыся ўступлення Італіі ў вайну. Кароль Віктар Эмануіл III не прыняў адстаўкі Саландры, а Джаліці быў вымушаны пакінуць сталіцу.

23 мая 1915 года Італія абвясціла вайну Аўстра-Венгрыі[7].

Асаблівасці Італьянскага фронту[правіць | правіць зыходнік]

Пасля ўступу Італіі ў вайну ўтварыўся новы фронт — італьянскі. Арэнай баявых дзеянняў станавіліся аўстра-італьянскія памежныя раёны. Мяжа Італіі і Аўстра-Венгрыі праходзіла ў Альпах, аўстрыйскія валоданні (Трэнцінскі раён) клінам уразаліся ў італьянскую тэрыторыю, даючы аўстра-венгерскаму камандаванню вялікія выгады, паколькі, пачаўшы наступ у гэтым раёне, аўстра-венгерскія войскі маглі лёгка прадрацца да Ламбардыі і нават да Венецыянскай даліны. Таксама важным участкам Італьянскага фронту была даліна ракі Ізонцы.

Горныя ўмовы фронту дыктавалі новыя ўмовы тактыкі. Напрыклад, звычайная стратэгічная задача — абыход і атака флангаў праціўніка — вырашалася незвычайнымі спосабамі. У горных умовах, асабліва ў раёне Трэнціна, войскі перавозіліся і пастаўляліся з дапамогай сістэмы фунікулёра і лінных дарог, у тоўшчы скальных парод прабіваліся штучныя пячоры-ўмацаванні. Для вядзення баявых дзеянняў у гарах ствараліся спецыялізаваныя элітныя падраздзяленні: Alpini — баявыя скалалазы і Arditi — штурмавыя атрады, якія ўжываліся для прарыву варожай абароны, знішчэння драцяных загарод і штурму ўмацаванняў. Гэтыя падраздзяленні мелі спецыяльнае абсталяванне, неабходнае падчас баявых дзеянняў у гарах[7].

Даліна ракі Ізонцы

Таксама горы дыктавалі і незвычайныя ўмовы для авіяцыі. Абмежаваная паветраная прастора зрабіла звычайныя двухмесныя самалёты-разведчыкі вельмі ўразлівымі. Апроч таго, горныя ўмовы патрабавалі ад самалёта большай вышыннасці і добрай манеўранасці. Напрыклад, у аўстрыйскага самалёта Österreichische Aviatik DI, які добра зарэкамендаваў сябе на Усходнім фронце, ва ўмовах Італьянскага фронту з'явіліся значныя праблемы з астуджэннем рухавіка.

Менавіта Італія ўпершыню ўжыла аднамесныя фотаразведвальныя мадыфікацыі знішчальнікаў. Вельмі паказальным палётам для далёкай авіяцыі стаў палёт восемдзесят сёмай італьянскай эскадрыллі пад камандаваннем пісьменніка Габрыэле д'Анунцыа (які пайшоў на фронт у пачатку вайны), над Венай, з раскіданням ўлётак. Таксама Італьянскі тэатр ваенных дзеянняў прымушаў праціўнікаў надаваць значную ўвагу развіццю бамбавальнай авіяцыі. У сваю чаргу італьянскае камандаванне надавала значную ўвагу стварэнню цяжкага бамбавіка. Гэтыя самалёты маглі данесці да далёкіх мэтаў большы бомбавы груз, чым двухмесныя бамбавікі — да лініі фронту. У ходзе баявых дзеянняў італьянскія бамбардзіроўшчыкі «Caproni» часта падтрымлівалі італьянскую артылерыю падчас падрыхтоўкі наступу. Таксама такія самалёты нярэдка ўдзельнічалі ў «спецыяльных аперацыях», якія часта ажыццяўляліся на Італьянскім фронце. Звычайна такія аперацыі ўключалі закід да варожага тылу агентаў са зброяй, радыёстанцыямі або паштовымі галубамі. У адной з гэтых аперацый удзельнічаў найбольш выніковы лётчык-знішчальнік Італьянскага фронту канадзец маёр Уільям Баркер (46 перамог)[7].

Планы і сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Планы бакоў і разгортванне войскаў[правіць | правіць зыходнік]

Зыходзячы з палітычных задач і ўлічваючы асаблівасці тэатра ваенных дзеянняў, італьянскае камандаванне распрацавала план, які прадугледжваў актыўны наступ ў даліне ракі Ізонцы. Таксама гэты план прадугледжваў стратэгічную абарону італьянскай арміі на паўночных і паўночна-ўсходніх участках дзяржаўнай мяжы, дзе размяшчаліся цяжкадаступныя Юлійскія, Кадорскія і Карнійскія Альпы. Акрамя галоўнай наступальнай аперацыі, італьянскае камандаванне планавала ажыццяўленне частковай наступальнай аперацыі ў Паўднёвым Ціролі і захоп Трэнты.

Такім чынам, для італьянцаў набывалі вялікае значэнне абодва флангі іх фронту: правы фланг, дзе вызначаўся галоўны наступ, і левы фланг, які неабходна было прыкрываць з-за пагрозы ўварвання аўстра-венгерскіх войскаў у Ламбардыю. Гэтыя абставіны прымушалі італьянскае камандаванне вылучыць даволі значныя сілы з ударнай групоўкі і накіраваць іх на прыкрыццё мяжы паблізу Трэнціны[8].

Камандуючы італьянскай арміяй Луіджы Кадорна

Сутнасць плана італьянскага наступу заключалася ў наступным: неабходна было скарыстацца тым, што асноўныя сілы аўстра-венгерскай арміі вясной 1915 года знаходзіліся на Усходнім фронце і вялі жорсткія баі з расійскай арміяй, затым ажыццявіць агульны наступ у даліне Ізонцы і завалодаць усіма пераваламі і важнымі пунктамі на дзяржаўнай мяжы і такім чынам пазбавіць аўстрыйцаў у будучыні магчымасці ажыццяўляць наступальныя аперацыі.

Мабілізаваная італьянская армія разгортвала чатыры арміі, якія мелі ў сваім складзе 12 карпусоў (35 дывізій). Колькасць кантынгенту прызыўнікоў склала 2 млн чалавек, палова з якіх адразу ж была прызвана ў дзеючую армію, а астатнія склалі запас. Да завяршэння мабілізацыі колькасць італьянскіх узброеных сіл склала 870 тыс. чалавек з 1500 лёгкімі і 200 цяжкімі прыладамі. Фармальна італьянскую армію ўзначальваў кароль, але фактычна камандуючым быў начальнік Генеральнага Штаба генерал Луіджы Кадорна, які не меў ні дастатковага вопыту камандавання ні аўтарытэту[8].

Камандуючы аўстра-венгерскай арміяй Святазар Бароевіч

Пасля ўступу Італіі ў вайну аўстра-германскаму камандаванню прыйшлося распрацоўваць план кампаніі на Італьянскім фронце. Паколькі асноўная частка аўстрыйскіх войскаў вясной 1915 года знаходзілася на Усходнім фронце, аўстрыйскае камандаванне прыняло выключна абарончы план кампаніі. Нягледзячы на ​​тое, што ўсе баяздольныя сілы аўстра-германскай кааліцыі ўжо вялі аперацыі супраць англа-французскіх і расійскіх армій, было вырашана не саступаць тэрыторыі надыходзячым італьянцам. Меркавалася прыкрыць мяжу ў найважнейшых месцах і падрыхтаваць іх да абароны ад італьянскіх частак, якія вялі наступ. Асаблівую ўвагу аўстра-нямецкае камандаванне надавала даліне ракі Ізонцы, дзе і планаваўся галоўны наступ, асабліва раёнам Тамільна і Горыца, дзе былі створаны перадмаставыя ўмацаванні. Задачай аўстра-венгерскіх і нямецкіх войскаў на кампанію 1915 года было стрымліванне наступу і абарона важных участкаў мяжы.

На мяжы з Італіяй былі засяроджаны 12 аўстра-венгерскіх дывізій. Пасля абвяшчэння Італіяй вайны Аўстра-Венгрыі, аўстрыйскае камандаванне было вымушана тэрмінова перакінуць сюды яшчэ 5 дывізій з Сербскага фронту і 2 дывізіі з Галічыны. Нямецкая армія вылучыла горны корпус (1 дывізія) і цяжкую артылерыю. Такім чынам, групоўка аўстра-германскіх войскаў склала: 20 дывізій, 155 батарэй збудаваных у адну армію і 2 групы, Карынтыйскую і Цірольскую[8]. Камандуючым аўстра-венгерскімі войскамі на Італьянскім фронце быў прызначаны генерал Святазар Бароевіч (харват паводле нацыянальнасці).

Італьянская армія колькасна пераважала аўстрыйскую, але значна саступала апошняй у баявой падрыхтоўцы і тэхнічным аснашчэнні. Меў месца востры недахоп кулямётаў, на ўзбраенні артылерыі былі пераважна лёгкія 75-мм гарматы Крупа. Армія адчувала недахоп у авіяцыі, інжынерных сродках, боепрыпасах. Тактычная і тэарэтычная падрыхтоўка вышэйшага афіцэрскага складу была невысокай[9].

Сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Imperial Coat of Arms of the Empire of Austria.svg Аўстра-Венгрыя:

5-я армія 7-ы корпус 1-я пяхотная дывізія, 57-я пяхотная дывізія, 61-я пяхотная дывізія, 20-я пяхотная дывізія, 58-я пяхотная дывізія
16-ы корпус 17-я пяхотная дывізія, 18-я пяхотная дывізія, 50-я пяхотная дывізія
15-ы корпус 187-я пяхотная брыгада, 6-я горная брыгада, 16-я горная брыгада, 14-я горная брыгада, 81-я Ганведская пяхотная брыгада
39-я Ганведская пяхотная брыгада, 2-я горная брыгада, 12-я горная брыгада, 5-я горная брыгада, 4-я горная брыгада, 10-я горная брыгада, 1-я горная брыгада, 13-я горная брыгада, 7-я горная брыгада, 15-я горная брыгада, 8-я горная брыгада, 3-я горная брыгада
Рэзерв 93-я пяхотная дывізія

Coat of arms of the Kingdom of Italy (1890).svg Італія:

2-я армія
3-я армія
7-ы корпус
10-ы корпус
11-ы корпус
2-і корпус
3-і корпус
4-ы корпус
13-я пяхотная дывізія
14-я пяхотная дывізія
20-я пяхотная дывізія
19-я пяхотная дывізія
21-я пяхотная дывізія
12-я пяхотная дывізія
11-я пяхотная дывізія
4-я пяхотная дывізія
3-я пяхотная дывізія
32-я пяхотная дывізія
7-я пяхотная дывізія
8-я пяхотная дывізія
Снайперская дывізія
Алпіні групы A і B
палова 29-й пяхотнай дывізіі
Рэзерв 4-ы корпус палова 29-й пяхотнай дывізіі
22-я пяхотная дывізія
28-я пяхотная дывізія
30-я пяхотная дывізія
23-я пяхотная дывізія
27-я пяхотная дывізія
33-я пяхотная дывізія
1-я кавалерыйская дывізія
2-я кавалерыйская дывізія
3-я кавалерыйская дывізія

Кампанія 1915 года[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак баявых дзеянняў[правіць | правіць зыходнік]

Адразу пасля абвяшчэння вайны, у ноч на 24 мая, італьянская армія перайшла ў наступ, не завяршыўшы засяроджвання і разгортвання войскаў. Наступ развіваўся ў чатырох напрамках. Італьянская армія пераважала аўстра-венгерскія войскі па колькасці ўдвая, аднак аўстрыйцы мелі больш выгаднае стратэгічнае размяшчэнне. У артылерыйскай падрыхтоўцы прынялі ўдзел 700 італьянскіх гармат. Баі разгарнуліся адначасова на Ізонцы, у Карнійскіх і Кадорскіх Альпах, у Трэнціне. У Трэнціне, дзе наступ ажыццяўляўся некалькімі калонамі, якія сыходзіліся, італьянскім войскам удалося прасунуцца на лінію Калі-ды-ТаналеРэваРаверэтаБорг. У Кадоры ў наступаўшых частак атрымалася захапіць Монтэ-Крочэ і Карціна д'Ампеца. У Карпінскіх Альпах італьянцы прасоўваліся асабліва павольна і не змаглі дасягнуць ніякіх вынікаў[9].

Гарыцыя (злева) і рака Ізонца

Асноўным напрамкам наступу стаў раён Ізонцы, дзе засяродзіліся галоўныя групоўкі італьянскіх войскаў, а баі набылі жорсткі характар. На ўсім фронце наступу, ад Монтэ-Неры да Маі-Фальконы, завязаліся цяжкія памежныя баі. Нягледзячы на ​​адчайны супраціў аўстрыйскіх частак, у тых, хто наступаў, атрымалася пераправіцца праз Ізонцу. Аўстрыйскае камандаванне адвяло свае часткі на падрыхтаваныя абарончыя рубяжы. Яны пашырылі плацдарм пасля фарсіравання ракі каля Плавы і захапілі вышыню Монтэ-Нера, пасля чаго ўвайшлі ў горад Горыца, аднак неўзабаве далейшае прасоўванне італьянскіх войскаў было прыпынена контратакамі аўстра-венгераў, якія атрымалі дзве свежыя дывізіі. Адным з фактараў прыпынку італьянскага наступу, акрамя дзеянняў аўстрыйскай арміі, сталі памылкі італьянскага камандавання, у першую чаргу, недастатковая артылерыйская падрыхтоўка (пры недахопе артылерыйскіх боепрыпасаў). Таксама падчас перамяшчэння войскаў наперад артылерыя не падтрымлівала пяхоту, якая вяла наступ, напады былі разрозненымі, драцяныя загароды не былі знішчаны артылерыяй.

Вынікам першага італьянскага наступу, які атрымаў назву Першая бітва пры Ізонцы, стаў захоп італьянскай арміяй нязначных тэрыторый і зрыў італьянскага плана па захопу пануючых вышынь на аўстра-італьянскай мяжы. Страты італьянцаў склалі 16000 забітымі, параненымі і палоннымі (з якіх каля 2000 — забітымі); аўстрыйская армія страціла 10000 забітымі, параненымі і палоннымі (з якіх каля 1000 — забітымі)[9].

Другая бітва пры Ізонцы[правіць | правіць зыходнік]

Італьянскі фронт у 1915–1917 гадах

Да канца чэрвеня засяроджванне італьянскіх войскаў на тэатры ваенных дзеянняў было завершана. Камандаванне італьянскай арміі вырашыла правесці другі наступ у даліне Ізонцы. На фронце ў 90 км былі разгорнуты 19 дывізій з 1200 гарматамі, аўстра-венгерскія войскі на гэтым участку мелі 13 дывізій і 700 гармат[9]. Пры падрыхтоўцы новага наступу Кадорна ўлічыў няўдалы досвед першай бітвы. Была нададзена ўвага дбайнай артылерыйскай падрыхтоўцы, аднак недахоп артылерыйскіх боепрыпасаў, вінтовак, а таксама нажніц для знішчэння калючага дроту, нівеліравалі колькасную перавагу італьянцаў.

23 чэрвеня пачаўся другі наступ італьянцаў. Баі набылі жорсткі характар, магутныя ўдары італьянскіх войскаў накіроўваліся галоўным чынам супроць умацаваных раёнаў Тальміна і Горыца з мэтай пашырэння плацдарму ў Плавы, які быў захоплены падчас першага наступу. На плато Крас завязаліся разлютаваныя рукапашныя баі паміж італьянскімі і аўстра-венгерскімі войскамі. Гэтыя баі былі вельмі крывавымі, напрыклад, аўстрыйская 20-я пяхотная дывізія страціла дзве траціны асабістага складу. Паблізу Тальміна і Горыцы італьянцы неслі цяжкія страты, паколькі іх атакі адбіваліся кулямётным і артылерыйскім агнём аўстра-венгерскіх войскаў, а ў выпадку ўклінівання ў аўстрыйскую абарону праціўнікі выбівалі італьянцаў смелымі контратакамі. Праз значныя страты і недахоп рэзерваў 7 ліпеня наступ быў спынены. Ваенныя дзеянні зноў набылі пазіцыйны характар.

18 ліпеня, перагрупаваўшы сілы і падцягнуўшы рэзервы, італьянцы аднавілі наступ. У новым наступе колькасць італьянскіх войскаў дасягнула 250 тыс. чалавек супраць 87 тыс. аўстрыйцаў[10]. Аднак і трохразовай перавагі італьянцаў аказалася недастаткова, слабая італьянская артылерыя не змагла разбурыць загароды з калючага дроту, нанесці шкоду акопам аўстрыйцаў і падрыхтаваць атаку. Наступ ажыццяўляўся разрознена і праз значныя страты і недахоп боепрыпасаў 3 жніўня быў прыпынены. Італьянская армія страціла 43000 забітымі, параненымі і палоннымі, аўстра-венгры страцілі 48000 забітымі, параненымі і палоннымі. Гэты вялікі наступ працягваўся больш за месяц, аднак істотных вынікаў італьянцы не атрымалі[9].

Нягледзячы на няўдалыя дзеянні італьянскай арміі, ёй удалося адцягнуць на сябе аўстрыйскія сілы з Усходняга фронту. На працягу ўсёй летняй кампаніі 1915 года аўстрыйскае камандаванне перакінула з Усходняга фронту на Ізонцу 8 дывізій.

Далейшыя баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Раён Ізорца. Аўстра-венгерская пяхота ў абароне

У канцы кампаніі 1915 года італьянскае камандаванне ажыццявіла дзве наступальныя аперацыі ў раёне Ізонцы, каб аслабіць аўстрыйскі націск на Сербію.

Увосень актыўныя баявыя дзеянні на Італьянскім фронце аднавіліся. Італьянскае камандаванне засяродзіла для правядзення новай аперацыі на Ізонцы 338 батальёнаў, 130 кавалерыйскіх эскадронаў з 1372 гарматамі. 18 кастрычніка пачаўся трэці наступ італьянскай арміі. Дзякуючы ўдалай артылерыйскай падрыхтоўцы італьянцам з ходу ўдалося захапіць Плаву. Італьянцы паспрабавалі абысці аўстрыйскія войскі паблізу Горыцы з флангу, аднак сутыкнуліся з жорсткім супрацівам праціўнікаў, якія атрымалі падмацаванне з Сербіі і Галіцыі. Дзякуючы контрманеўру камандуючага аўстра-венгерскай арміі генерала Бароевіча аўстрыйцы змаглі ўтрымаць свае пазіцыі. Зацішша на фронце працягвалася ўсяго два тыдні, пасля чаго італьянцы пачалі новы наступ. Італьянская армія страціла 67100 чалавек забітымі, параненымі і палоннымі (з іх 11000 — забітымі); аўстра-венгерская армія страціла 40400 чалавек забітымі, параненымі і палоннымі (з іх 9000 — забітымі)[9].

10 лістапада пачаўся чацвёрты наступ італьянскай арміі ў Ізонцы. Асноўнай задачай новага наступу італьянскае камандаванне ставіла захоп Горыцы, таму асноўныя сілы 2-й арміі нацэліліся менавіта на гэты горад, аднак і на іншых участках даліны Ізонцы ішлі жорсткія баі. Напрыклад, італьянцы пяць разоў атакавалі гару Сей-Бусі, аднак усе спробы аказаліся марнымі. Жорсткія баі разгарнуліся ў канцы лістапада паблізу Тальміна, аднак у пачатку снежня баявыя дзеянні сталі сціхаць.

2 снежня завяршылася чацвёртая бітва пры Ізонцы, наступіла моцнае пахаладанне, якое дадало праблем абодвум бакам. Італія страціла 113000 забітымі, параненымі і палоннымі, Аўстра-Венгрыя — 70000 забітымі, параненымі і палоннымі. Для прарыву пазіцыйнага фронту ў італьянцаў было катастрафічна мала цяжкай артылерыі.

Вынікі кампаніі 1915 года для Італіі былі несуцяшальнымі, усе важныя ў стратэгічным дачыненні пункты, такія як: Раверэта, Трыент, Таблах, Тарвіз, Горыца і Трыест, засталіся ў руках аўстрыйцаў. За адну кампанію італьянская армія страціла найбольш падрыхтаваных салдат і афіцэраў, агульныя страты італьянцаў за 1915 год склалі 280000 забітымі, параненымі і палоннымі. Пры гэтым італьянская армія не дасягнула ніякіх стратэгічных вынікаў. Але ўсё ж дзеянні італьянскай арміі згулялі станоўчую ролю ў кампаніі 1915 года. Да італьянскага тэатра баявых дзеянняў было прыкавана 25 аўстрыйскіх дывізій.

Аўстрыйскае камандаванне было задаволена вынікамі кампаніі 1915 года, паколькі яны здолелі ўтрымаць найважнейшыя пункты на фронце. Вялікія страты ў войсках выклікалі занепакоенасць аўстрыйскіх генералаў, гэта прымусіла аўстрыйскае камандаванне звярнуцца па дапамогу да саюзніку — Германіі, нягледзячы на ​​тое, што на Італьянскі фронт былі перакінутыя дадатковыя сілы. Пасля гэтага на Італьянскім фронце дзейнічалі ўжо тры аўстра-венгерскія арміі: армія Данкля — у Ціролі і на рацэ Адыджэ, армія Рора — у Карынтыі і армія Бароевіча — на рацэ Ізонца[9].

Баявыя дзеянні на моры[правіць | правіць зыходнік]

Італьянскі фронт упіраўся ў Адрыятычнае мора, якое таксама стала арэнай барацьбы італьянскага і аўстра-венгерскага флатоў[7].

Аўстра-венгерскае камандаванне было вымушана прыняць пасіўную тактыку. Гэта значыць, аўстрыйскі флот пазбягаў сутыкненняў з магутным італьянскім флотам, які да таго ж у любы час маглі падтрымаць магутныя англа-французскія міжземнаморскія эскадры. Затое сучасны нямецкі міжземнаморскі дывізіён — крэйсеры «Гебен» і «Браслаў», які спачатку планавалася накіраваць на дапамогу аўстрыйскаму флоту, быў перададзены Турцыі. Для марскога тэатра Італьянскага фронту характэрнымі былі марская авіяцыя і так званы «маскітны флот». Пласкадонныя маніторы і браняваныя плаўбатарэі забяспечвалі сухапутныя войскі артылерыйскай падтрымкай, дзейнічаючы пераважна на мелі і ў вузкіх месцах, якія прадстаўлялі празмерную небяспеку для звычайных судоў. Значную ролю гулялі італьянскія хуткасныя пласкадонныя тарпедныя і артылерыйскія катэры, якія стрымлівалі невялікі, але магутны аўстра-венгерскі флот ад выхаду ў мора. У той жа час гэты «маскітны флот» бесперапынна атакаваў варожыя якарныя стаянкі, ахоўваў свае канвоі і падтрымліваў пяхоту агнём з мора. Часта італьянскія караблі падтрымлівалі шматлікія італьянскія наступы ў даліне Ізонцы.

Аўстрыйскія дрэдноўты ў Пулі

Пасля абвяшчэння Італіяй вайны Аўстра-Венгрыі 23 мая 1915 года аўстрыйскі флот здзейсніў шэраг нападаў на ўзбярэжжы Італіі. 24 мая значныя сілы аўстра-венгерскага флоту, якія складаліся з 8 караблёў (сярод іх былі: «Вірыбус Уніціс», «Тэгетгоф» і «Прынц Ойген») абстралялі некаторыя гарады ў італьянскай правінцыі Анкона, нанёсшы вялікую шкоду порту Анконы. Акрамя гэтага, аўстрыйскім караблям удалося патапіць некалькі італьянскіх судоў і абстраляць Венецыю. У адказ на гэта 5 чэрвеня чатыры групы караблёў Антанты абстралялі ўзбярэжжы Аўстра-Венгрыі. Лета 1915 года было паспяховым для аўстрыйскіх падводных лодак, якія наносілі вялікія нязручнасці саюзным караблям на Адрыятыцы[7].

Аўстрыйскі лінкор «Сэнт Іштван».

З пункту гледжання саюзнікаў, уступ Італіі ў вайну азначаў, перш за ўсё, канец вольнасці нямецкіх падводных лодак у Міжземным моры. Брытанская імперыя залежала ад надзейных паставак з калоній (перш за ўсё — Індыі і Аўстраліі) праз Суэцкі канал сыравіны, прадуктаў і войскаў. Францыя таксама ў пэўнай ступені залежала ад сваіх афрыканскіх калоній, дзе размяшчаліся ключавыя ваенна-марскія базы і адкуль паступалі берберскія і сенегальскія легіянеры. Калі пачалася вайна, Аўстра-Венгрыя не спяшалася прадастаўляць свае ваенна-марскія базы нямецкім падводным лодкам. Аднак некалькі разоў нямецкія лодкі заходзілі і выходзілі з гэтых баз, і аўстра-венгерскія падводныя лодкі нельга было пакідаць без увагі.

Аб'ява Італіяй вайны дазволіла саюзнікам ажыццявіць нябачаную дагэтуль аперацыю — перакрыць сеткавымі загародамі ўваход у Адрыятыку, паміж Атрантай у Італіі і Албаніяй. Загароды абараняліся міннымі палямі і сеткай гідрафонных станцый. Вядома, цалкам перакрыць Адрыятыку не ўдалося — мора занадта вялікае, а ўсталёўшчыкаў сетак («дрыфтэраў») занадта мала, але, тым не менш, бараж істотна падарваў магчымасці аўстрыйскага флоту, які на працягу ўсёй кампаніі не выходзіў з Адрыятычнага мора на міжземнаморскія абшары.

Значных баявых дзеянняў паміж аўстрыйскім і італьянскім флотам не адбывалася, мелі месца толькі рэдкія, нязначныя сутычкі.

Улетку 1918 года, у італьянцаў атрымалася патапіць найноўшы аўстрыйскі лінкор «Сэнт Іштван». Патапленне вялізнага лінкора невялікім катэрам паказала павышэнне баявога значэння новага класа малых надводных караблёў — тарпедных катэраў. 1 лістапада італьянскія баявыя плыўцы замініравалі і патапілі другі аўстрыйскі лінкор — «Вірыбус Уніціс». 3 лістапада, пасля падпісання з Аўстра-Венгрыяй перамір'я, баявыя дзеянні на Адрыятычным моры завяршыліся[7].

Кампанія 1916 года[правіць | правіць зыходнік]

Аднаўленне актыўных дзеянняў[правіць | правіць зыходнік]

План італьянскага камандавання на кампанію 1916 года быў распрацаваны на саюзнай канферэнцыі краін Антанты ў Шантыльі 6-9 снежня 1915 года. Гэты план прадугледжваў актыўны, магутны, адначасовы наступ сіл Антанты супраць аўстра-германскіх войскаў на трох галоўных тэатрах ваенных дзеянняў: Заходнім, Усходнім і Італьянскім.

За кампанію 1915 года італьянская армія значна паменшылася. Гэта прымусіла італьянскае кіраўніцтва ў лістападзе 1915 года аб'явіць заклік на ваенную службу 19-гадовых юнакоў. Акрамя гэтага, у пачатку 1916 года пачаўся прызыў старэйшага ўзросту для фарміравання рабочых батальёнаў і службаў забеспячэння тылу.

Дадатковая мабілізацыя ў Італіі дала магчымасць у красавіку 1916 сфармаваць чатыры новыя корпусы, а таксама вялікую колькасць падраздзяленняў тэрытарыяльнай міліцыі, рабочых батальёнаў і да таго падобнае. Вялікую ўвагу італьянскае камандаванне надало і забеспячэнню арміі, асабліва гэта тычылася ўзбраення. У войска паступіла вялікая колькасць кулямётаў і артылерыі. Напрыклад, калі ў маі 1915 года ў італьянскіх войсках было 350 кулямётных узводаў, то ў красавіку 1916 іх колькасць узрасла і перавысіла 1000, не лічачы 11 конна-кулямётных эскадронаў і 6 аўтамабільных кулямётных узводаў. Таксама павялічылася колькасць артылерыі, у войскі паступіла больш за 100 палявых і горных гармат. Былі сфармаваны першыя 38 зенітных батарэй. Значна ўзрасла вытворчасць боепрыпасаў.

Аўстрыйскае камандаванне, завяршыўшы актыўныя наступальныя аперацыі на Усходнім фронце, перакінула вызваленыя дывізіі на Італьянская фронт, павялічыўшы колькасць войскаў і артылерыі. З надыходам халадоў актыўныя баявыя дзеянні на ўсім участку фронту спыніліся, адбываліся толькі слабыя артылерыйскія перастрэлкі і дзеянні малых падраздзяленняў. Больш значныя баі пачаліся ў студзені 1916 года, калі аўстра-венгерскія войскі раптоўна перайшлі ў атаку і захапілі італьянскія пазіцыі паблізу Горыцы.

Аўстра-венгерская горная артылерыя.

Новы буйнамаштабны наступ італьянскай арміі пачаўся ў сакавіку 1916 па просьбе французскага галоўнакамандуючага Жазефа Жофра. Гэты наступ меў мэту не даць магчымасці аўстра-германскаму камандаванню перакінуць войскі з Італьянскага фронту пад Вердэн, дзе ў гэты час французская армія вяла разлютаваныя абарончыя баі. Камандуючы італьянскай арміяй генерал Кадорна для наступу ў Ізонцы разгарнуў значныя сілы (7 карпусоў). 11 сакавіка пачалася артылерыйская падрыхтоўка на ўсім участку фронту, аднак з прычыны густога снегападу і дажджу артылерыйская падтрымка не дала чаканых вынікаў. Прасоўванне італьянскіх войскаў было мінімальным, у некаторых месцах аўстрыйцы самі перайшлі ў контратакі, баі працягваліся да 29 сакавіка. Гэта наступ не прынёс італьянскаму камандаванню ніякіх выгод. Гэтая бітва не была такой крывавай, як папярэднія наступы італьянскай арміі. Італьянцы страцілі 1882 чалавекі забітымі, параненымі і палоннымі, аўстра-венгерская армія страціла 1985 чалавек забітымі, параненымі і палоннымі.

Пасля пятай бітвы на Ізонцы, генерал Кадорна актыўна пачаў рыхтавацца да шостага наступу, які павінен быў стаць часткай агульнага наступу Антанты супраць войскаў аўстра-германскага блока[11].

Бітва пад Трэнцінай[правіць | правіць зыходнік]

Наступнай значнай аперацыяй на Італьянскім фронце стаў наступ аўстра-венгерскіх войскаў у Трэнціне. Гэты наступ (часта называецца «Бітва пад Асьягай») быў вельмі павабным для аўстра-венгерскага камандавання: у выпадку яго паспяховага ажыццяўлення італьянскім войскам у даліне Ізонцы пагражала катастрофа, паколькі яны апынуліся б адрэзанымі ад сваіх баз забеспячэння і былі б вымушаныя капітуляваць.

План аўстрыйскага наступу прадугледжваў прарыў італьянскай абароны ў Трэнціне, паміж возерам Гарда і ракой Брэнта, прасоўванне да Венецыянскай даліны і ізаляцыю асноўнай групоўкі італьянскіх войскаў на Ізонцы ад іх тылавых баз. Для ажыццяўлення гэтага наступу галоўны ініцыятар аперацыі аўстрыйскі генерал Конрад фон Гёцэндорф запатрабаваў ад Германіі даслаць на Італьянскі тэатр 8 дывізій, абяцаючы ледзь не вывядзенне Італіі з вайны.

Аднак не занадта верачы ў поспех вызначанага плану, нямецкае камандаванне адмовіла Конраду ў просьбе аб перакідцы 8 нямецкіх дывізій, а, паколькі Конрад быў упэўнены ў поспеху, у Трэнціну сталі перакідваць аўстра-венгерскія дывізіі з Сербскага і Усходняга франтоў. Да мая ў Трэнціне было засяроджана 18 аўстрыйскіх дывізій з 2000 гармат, якія былі падзеленыя на 2 арміі: трэцяя генерала Кевеса фон Кевесгаза і адзінаццатая генерала Данкля.

У гэты час італьянскае камандаванне ўзмоцнена рыхтавалася да шостага наступу на Ізонцы. Перакідка аўстрыйскіх войскаў у Трэнціна не была таямніцай для італьянскага камандавання, паколькі гэтыя перагрупоўкі ажыццяўляліся вельмі павольна з-за наяўнасці толькі адной чыгункі. Аднак генерал Кадорна мала верыў у поспех аўстрыйскага наступу ў Трэнціне, паколькі аўстра-венгерскія войскі знаходзіліся пад ударам расійскіх войскаў у Галіцыі. Уся ўвага вярхоўнага італьянскага камандавання таксама была засяроджана на Ізонцы, дзе рыхтаваўся новы наступ, у выніку гэтага флангу ў Трэнціне італьянцы надавалі мінімум увагі. На ўчастку меркаванага прарыву аўстра-венгерскай арміі італьянскія войскі мелі толькі 160 батальёнаў і 623 гарматы.

Бітва пад Асьягай. Наступствы артабстрэлу ў Трэнцінскіх Альпах

15 мая магутная групоўка аўстра-венгерскіх войскаў пачала першы шырокамаштабны наступ на Італьянскім фронце. Добрая артылерыйская падрыхтоўка знішчыла абарончыя збудаванні італьянцаў і нанесла вялікую шкоду абаронцам. Аўстрыйскай пяхоце з ходу ўдалося захапіць першую лінію італьянскай абароны. У наступныя дні італьянцы былі адпрэчаны яшчэ на 3-12 км. Аўстра-венгерскія войскі наступалі паміж Адыджэ і Брэнтай, маючы бліжэйшай мэтай захапіць вышыню Сямі Камун, якая панавала над далінай ракі Брэнта.

Італьянская армія была вымушана адступаць на фронце ў 60 км. Генерал Кадорна, разумеючы ўсю небяспеку сітуацыі, якая склалася, тэрмінова звярнуўся да генерала Жофра з патрабаваннем, каб апошні настаяў на больш хуткім надыходзе расійскай арміі ў Галіцыі, раней прызначанага тэрміну. Між тым энергічны аўстрыйскі наступ працягваўся, і 30 мая аўстрыйцы захапілі Арсьеру і Асьягу. Гэта прымусіла Кадорну паўторна звярнуцца да расійскага камандавання з патрабаваннямі пачаць наступ у бліжэйшыя 24 гадзіны на Усходнім фронце, каб адцягнуць частку аўстрыйскіх дывізій з Трэнціны на сябе. Гэта патрабаванне было галоўнай прычынай дачаснага пачатку Брусілаўскага прарыву.

Аднак неўзабаве аўстра-венгерскі наступ стаў сціхаць, аўстрыйскія войскі прыпыніліся, чакаючы падыход цяжкай артылерыі. Гэта дазволіла Кадорну перакінуць значныя сілы да Трэнціны (каля 40000 чалавек). Аўстрыйскія войскі ўжо стаміліся і іх напор прыкметна слабеў. 4 чэрвеня пачаўся Брусілаўскі прарыў на Усходнім фронце, аўстрыйскі фронт быў прарваны, расійская армія разграміла чацвёртую аўстра-венгерскую армію і захапіла Луцк. Гэта прымусіла Конрада перакінуць палову сіл з Трэнціны ў Галіччыну. У гэтых умовах ні пра які працяг наступу не магло быць і размовы. Аўстрыйскія войскі заставаліся на займаных пазіцыях. 16 чэрвеня аўстрыйскім войскам быў аддадзены загад спыніць актыўныя дзеянні.

Адначасова з разлютаванымі баямі ў Трэнціна мясцовыя баі працягваліся і на Ізонцы, дзе аўстрыйскае камандаванне планавала шырокія дэманстратыўныя дзеянні: магутны артылерыйскі агонь, атакі ў некалькіх кірунках і да таго падобнае. У адной з такіх сутычак аўстрыйцы ўпершыню на Італьянскім фронце ўжылі хімічную атаку, якая вывела са строю 6300 італьянскіх салдат.

Дзякуючы перакідцы ў Трэнціну значных сіл, у Кадорны атрымалася сфармаваць новую (пятую) армію і ажыццявіць контратаку ў Трэнціна. Падчас крывавай бітвы блізу Асьягі італьянцы страцілі 15000 забітымі, 76000 параненымі, 56000 палоннымі і 294 гарматы. Аўстрыйцы страцілі 10000 забітымі, 45000 параненымі і 26000 палоннымі.

Паражэнне італьянскай арміі ў Трэнцінскай аперацыі ўразіла ўсю Італію. Хоць да гэтага італьянская армія і не мела гучных поспехаў, але яна не адчувала цяжкіх паражэнняў. Баявыя дзеянні разгарнуліся на тэрыторыі Італіі (у ходзе наступу аўстра-венгерскія войскі знаходзіліся ў 30 км ад Перуджы). Няўдачы на ​​фронце прывялі да таго, што 12 чэрвеня сышоў у адстаўку ўрад Саландры. Быў сфармаваны новы ўрад Паола Базелі[12].

Далейшыя баявыя дзеянні на Ізонцы[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на ​​цяжкія наступствы Трэнцінскай аперацыі для італьянскай арміі, Кадорна не пакідаў думак пра шосты наступ у раёне Ізонцы, аднак размах аперацыі быў значна меншага маштабу. Планавалася засяродзіць асноўныя сілы ў Горыцы і завалодаць Горыцкім плацдармам. Трэцяя армія, на якую ўскладалася галоўная роля ў будучым наступе, была ўзмоцнена дванаццаццю дывізіямі і вялікай колькасцю артылерыі. На гэтым участку абарону трымала пятая аўстра-венгерская армія, якая мела толькі 8 дывізій і значна саступала італьянцам у артылерыі.

Італьянскія салдаты падчас аперацыі на Ізонцы

Наступ пачаўся 7 жніўня сіламі 3-й арміі. Артылерыйская падрыхтоўка дала свае вынікі, і ўмацаванне аўстрыйцаў было разбурана. Наступ развіваўся паспяхова, італьянская пяхота прасунулася ў некаторых месцах на 4-5 км. Пераправіўшыся праз Ізонцу на захад ад Горыцы, 8 жніўня італьянскія войскі захапілі горад. Але на ўсходзе аўстрыйцы паспелі стварыць умацаваную абарону і атакі італьянцаў тут поспеху не мелі.

Італьянскі фронт. 1916–1917

17 жніўня аперацыя была завершана. Шосты наступ, у адрозненне ад папярэдніх італьянскіх спробаў, прынёс італьянскай арміі вынікі. Было палепшана становішча італьянскіх пазіцый, а таксама быў захоплены шэраг населеных пунктаў, у тым ліку Горыца. Італьянцы страцілі 74000 забітымі і параненымі, аўстра-венгерскія войскі страцілі 61000 забітымі і параненымі, 20000 палоннымі.

Поспехі войскаў Антанты на Заходнім і Усходнім франтах (бітва на Соме і Брусілаўскі прарыў) выклікалі ў Кадорны жаданне як мага хутчэй аднавіць наступ у раёне Ізонцы. Аднак з-за знясілення войскаў і недахопу матэрыяльных сродкаў італьянская армія магла ажыццяўляць толькі аперацыі мясцовага значэння.

Да завяршэння кампаніі 1916 года італьянцамі было праведзена яшчэ тры (сёмы, восьмы і дзявяты) наступы ў Ізонцы з мэтай захопу ўсходніх і паўднёвых раёнаў у Горыцы, аднак усе тры наступы завяршыліся правалам — італьянскім войскам не ўдалося выканаць пастаўленых задач. У восеньскіх баях італьянская армія страціла больш за 70000 забітымі, параненымі і палоннымі. Аўстрыйцы страцілі 9000 забітымі, 43000 параненымі і 23500 палоннымі.

Кампанія 1916 на Італьянскім фронце не прынесла чаканых вынікаў ні аднаму з бакоў, толькі знясіліла іх. За кампанію 1916 з італьянскай арміі выбылі 483000 чалавек, з аўстра-венгерскай 260000 чалавек[13].

Кампанія 1917 года[правіць | правіць зыходнік]

Летнія наступы італьянскай арміі[правіць | правіць зыходнік]

План італьянскага камандавання на кампанію 1917 года быў распрацаваны разам з саюзнікамі на міжсаюзніцкай канферэнцыі ў Шантыльі 15–16 лістапада 1916 года. З прычыны адсутнасці дастатковых матэрыяльных сродкаў рашучы наступ залежаў ад дапамогі саюзнікаў.

У першыя месяцы 1917 года, калі з-за ўмоў надвор'я ажыццявіць наступ было немагчыма, італьянскае камандаванне ўзмацняла войска. Былі сфармаваны 8 новых дывізій, колькасць артылерыі дасягнула 2100 гармат. Паколькі камандаванне французскай і брытанскай армій лічыла асноўным фронтам Заходні, яны абмежаваліся адпраўкай у Італію толькі 99 гармат. Новы наступ на Ізонцы (ужо дзясяты па ліку) Кадорна пачаў рыхтаваць, пераканаўшыся, што аўстрыйцы не плануюць наступу ў Трэнціне. Для прарыву аўстра-венгерскага фронту было засяроджана 28 дывізій, аўстрыйцы на гэтым участку мелі 18 дывізій. Наступ пачаўся 14 мая артылерыйскай падрыхтоўкай на ўчастку ад Плавы да Горыцы. У аперацыі таксама прымалі ўдзел 130 італьянскіх самалётаў, якія бамбілі аўстра-венгерскія пазіцыі і абстрэльвалі іх кулямётным агнём. Італьянская пяхота, перайшоўшы ў атаку, здолела палепшыць свае пазіцыі, прасунуўшыся на 2-3 км. Былі захоплены 7000 палонных і вялікая колькасць трафеяў. Затым Кадорна накіраваў галоўны ўдар на поўдзень. Італьянцы здолелі захапіць першую лінію абароны і шэраг пануючых вышынь. Далейшыя баі таксама прынеслі вынікі італьянскім войскам, яны прасунуліся яшчэ на 2-4 км. 29 мая іх наступальны запал пайшоў на спад, і яны прыступілі да арганізацыі абароны на захопленых участках.

Аўстрыйскае камандаванне баялася, што італьянская армія падчас далейшага наступу можа захапіць Трыест, таму пятая армія Бароевіча была ўзмоцнена трыма свежымі дывізіямі. Падчас дзясятай бітвы пры Ізонцы італьянцы страцілі 36000 забітымі, 96000 параненымі і 25000 палоннымі. Аўстрыйцы страцілі 100000 забітымі і параненымі і 24000 палоннымі[14].

Вяршыня гары Артыгара

Адначасова з 10 чэрвеня італьянскае камандаванне рабіла спробы сіламі чатырох карпусоў палепшыць пазіцыі на поўдні ад Трэнціны. Атакі італьянцаў працягваліся да 25 чэрвеня, але апынуліся беспаспяховымі і суправаджаліся цяжкімі стратамі. Альпійскія часткі італьянскай арміі здолелі захапіць вяршыню Монтэ-Артыгары, аднак неўзабаве былі магутна атакаваны альпійскімі часткамі аўстра-венгерскай арміі. Панясучы значныя страты, італьянскія часткі пакінулі раней захопленыя пазіцыі. Тут італьянская армія страціла 23000 забітымі і параненымі, аўстрыйскія страты склалі 9000 забітымі і параненымі. За правал аперацыі з пасады быў зняты камандуючы 6-й італьянскай арміі генерал Мамбрэці. Гэты наступ увайшоў у гісторыю як бітва пры Монтэ-Артыгары.

Рух абозу аўстра-венгерскіх войскаў у даліне Ізонцы

18 жніўня на Ізонцы ад Тальміны да вусця ракі Цімавы пачаўся новы вялікі наступ італьянскай арміі, які стаў адзінаццатай бітвай пры Ізонцы. Мэтай наступу быў захоп пануючых вышынь, якія б забяспечылі трываласць фронту. Да таго ж, у ліпені 1917 года на нарадзе камандуючых саюзнымі войскамі было выказана жаданне, каб італьянская армія да канца 1917 ажыццявіла яшчэ адзін вялікі наступ. Ажыццяўленне аперацыі ўскладалася на другую і трэцюю італьянскія арміі. Абедзве арміі мелі моцны склад, разам на ўчастку наступу італьянцы засяродзілі 51 дывізію (600 батальёнаў) і каля 5200 гармат, было нарыхтавана 3500000 снарадаў. Галоўны ўдар наносілі часткі 2-й арміі на плато Байнзіца, трэцяя армія наступала ў паласе ад ракі Віпакі да мора. Італьянцам супрацьстаяла пятая армія Бароевіча ў складзе 14 дывізій (250 батальёнаў) з 2200 гарматамі.

У ноч на 19 жніўня італьянцы сталі ўзводзіць масты праз Ізонцу, аднак з запланаваных чатырнаццаці было ўзведзена толькі шэсць. Да раніцы 19 жніўня італьянцы, фарсіраваўшы раку, атакавалі аўстрыйскія пазіцыі. Наступ на ўчастку 2-й арміі адбываўся даволі паспяхова: у салдатаў атрымалася прасунуцца на 10 км і захапіць 20000 палонных і вялікую колькасць трафеяў. Аднак, з прычыны страт, стомы войскаў і адсутнасці рэзерваў 29 жніўня наступ было вырашана спыніць.

Італьянская цяжкая артылерыя

Трэцяя армія пачала наступ 19 жніўня, і, нягледзячы на ​​падтрымку італьянскіх і брытанскіх караблёў з мора, не змагла прасунуцца наперад. Наступ у паласе 3-й арміі быў спынены 23 жніўня з-за вялікіх страт. У наступныя дні адбываліся баі мясцовага значэння. У адзінаццатым наступе на Ізонцы італьянцы страцілі 20000 забітымі, 50000 параненымі і 50000 прапаўшымі без вестак (з іх 20000 былі ўзятыя ў палон). Аўстрыйская армія страціла 30000 забітымі, 110000 параненымі і 20000 палоннымі. Летнія наступы італьянскіх войскаў паставілі аўстра-венгерскае войска ў складанае становішча. Нямецкі генерал Людэндорф у сваіх успамінах пісаў пра тое, што ў выпадку новага італьянскага наступу аўстра-венгерская армія магла не вытрымаць удару. Людэндорф пісаў: «Аўстра-венгерская армія на Італьянскім фронце патрабавала падмацаванняў нямецкімі войскамі».

Бітва пры Капарэце[правіць | правіць зыходнік]

Неспрыяльная для аўстра-венгерскіх войскаў сітуацыя, якая склалася пасля летніх наступаў італьянцаў, турбавала камандаванне. На думку аўстра-венгерскага камандавання выратаваць становішча мог толькі наступ, але для яго ажыццяўлення былі неабходныя нямецкія сілы.

У адрозненне ад 1916 года, калі нямецкае камандаванне адмовіла ў дапамозе саюзніцы, на гэты раз Германская імперыя адгукнулася на просьбу аўстра-венгерскіх генералаў. У раёне Плецы і Тальміны была створана ўдарная групоўка з васьмі аўстрыйскіх і сямі нямецкіх дывізій. З гэтых пятнаццаці дывізій была створана новая чатырнаццатая армія пад агульным камандаваннем нямецкага генерала Ота фон Белава. Армія была выдатна абсталявана артылерыяй: 1621 гармата, 301 мінамёт і 1000 газамётаў. Месцам прарыву быў абраны слабы ўчастак італьянскай абароны паміж Плецай і Тальмінай.

Аўстра-венгерская 305-мм гармата

Галоўны ўдар чатырнаццатая армія наносіла у Тальміне. На 1 км фронту знаходзілася ад 207 да 259 гармат і мінамётаў, такая шчыльнасць артылерыі была самай высокай у гісторыі Першай сусветнай вайны. Таксама быў запланаваны дапаможны ўдар у Плецы: дзеянні 14-й арміі падтрымлівалі з флангаў дзве аўстра-венгерскія арміі (адзінаццатая і другая Ізонцкая). Італьянскаму камандаванню было вядома пра надыход, які рыхтаваўся, разведка ўстанавіла перагрупоўкі войскаў і прыбыцця на фронт нямецкіх частак. Аднак неабходныя меры італьянскае камандаванне не прыняло, абарончыя збудаванні ўзводзіліся вельмі павольна[15].

А другой гадзіне ночы 24 кастрычніка аўстрыйская артылерыя пачала абстрэл італьянскіх пазіцый хімічнымі снарадамі. Агонь вялі па шляхах паведамленняў, камандных пунктах, артылерыйскіх пазіцыях. Затым да справы ўзялася цяжкая артылерыя (пераважна нямецкая), акопы і бліндажы былі разбураны, сувязь паміж акопамі і каманднымі пунктамі была парушана. Хімічная атака ў цэлым ўдалася, паколькі сродкі проціхімічнай абароны былі недасканалымі.

А восьмай гадзіне раніцы ў наступ перайшла пяхота 14-й арміі, італьянскія пазіцыі былі прарваны на двух участках, аўстрыйцы і немцы прасунуліся да Плецы на 6 км і захапілі Капарэту. Італьянскія войскі пад націскам праціўніка былі вымушаныя адыходзіць, да 26 кастрычніка прарыў дасягнуў шырыні каля 30 км і глыбіні 10-15 км. Заўважыўшы ўцёкі 2-й арміі, Кадорна загадаў усім сваім войскам адступіць за раку Тальяменту. Знішчыўшы сваю артылерыю і запасы, яны адышлі за Ізонцу. Аўстра-германскія войскі ўпершыню за ўсю вайну ўступілі на італьянскі тэрыторыю. 29 кастрычніка надыходзячыя захапілі Удзінэ, адкуль спехам уцёк штаб італьянскага войска.

Бітва пры Капарэце

У многіх італьянскіх дывізіях панавала паніка, вялікі беспарадак у калоны войскаў, якія адступалі, ўносілі ўцекачы, колькасць якіх дасягала 400000 чалавек.

Вялікія поспехі аўстра-германскіх войскаў на Італьянскім фронце занепакоілі саюзнікаў Італіі. Брытанская імперыя і Францыя абвясцілі аб прадастаўленні дапамогі італьянскім саюзнікам, і 30 кастрычніка французскі і англійскі генералы Фердынанд Фош і Уільям Робертсан прыбылі ў Трэвіза, куды перамясціўся штаб італьянскага войска. У Італію пачалі прыбываць брытанскія і французскія дывізіі, усяго ў 1917 годзе іх прыбыло адзінаццаць.

Італьянскія войскі, пераправіўшыся праз Тальяменту, разлічвалі стварыць там трывалую абарону і ўтрымацца на гэтых пазіцыях.[16] Але 31 кастрычніка трэцяя італьянская армія была атакаваная з поўначы і ўсходу і пацярпела поўнае паражэнне, толькі палоннымі страціўшы 60000 чалавек. Італьянцы былі вымушаныя працягваць адыход яшчэ далей, на раку П'явэ. Аўстрыйскія войскі наступалі і ў Трэнціна, 10 лістапада прасунуўшыся на лінію Асьяга — Белуна.

Цяжкія паражэнні італьянскай арміі паскорылі падзенне італьянскага ўрада. 26 кастрычніка ўрад Базелі сышоў у адстаўку, прэм'ер-міністрам быў прызначаны Віторыа Арланда, новы ўрад актыўна ўзяўся за ажыццяўленне мер па ўмацаванні абароны фронту. 8 лістапада камандуючага італьянскай арміяй генерала Луіджы Кадорну адхілілі ад пасады (чаго актыўна патрабавалі і саюзнікі). Яго месца заняў начальнік генеральнага штаба генерал Арманда Дыяз[17]. Пасля таго, як італьянская армія працягнула адступаць да ракі П'явэ, аўстрыйскі наступ пачаў запавольвацца. Да 7 лістапада італьянская армія дасягнула П'явэ, адышоўшы ад сваіх першапачатковых пазіцый на 70-110 км. Да 9 лістапада апошнія часткі італьянскага войска пераправіліся праз П'явэ. Італьянскае камандаванне разлічвала ўтрымацца на гэтай рацэ. Фронт скараціўся на 200 км. На новым участку абароны італьянская армія мела 700000 чалавек плюс 300000 чалавек з рэшткаў 2-й арміі, небаяздольных, без зброі і службаў.

2-я італьянская армія ў Удзінэ

10 лістапада, падцягнуўшы астатнія часткі, аўстрыйцы і немцы аднавілі наступ. У ходзе новых баёў італьянскай арміі ўдалося ўтрымацца на занятых пазіцыях, пры гэтым італьянскае камандаванне кідала ў бой непадрыхтаваных 18-гадовых навабранцаў (1899 года нараджэння).

З 19 лістапада ціск аўстра-германскіх войскаў стаў сціхаць. Да 29 лістапада новая абарончая паласа на рацэ П'явэ была гатовая. Англа-французскія дывізіі занялі ўчастак абароны ў раёне Мантэла. У канцы снежня наступ аўстра-германскіх войскаў канчаткова спыніўся.

Аперацыя ў Капарэце з'яўляецца адной з найбольш значных у гісторыі Першай сусветнай вайны. У ёй з абодвух бакоў удзельнічала больш за 2,5 млн чалавек. Аўстра-германскаму камандаванню ўдалося ажыццявіць адну з нямногіх у гісторыі вайны паспяховых аперацый па прарыву пазіцыйнага фронту. Паражэнне італьянскага войска пад Капарэтай узмацніла баявы дух аўстра-венгерскай арміі, адцягнула 11 саюзных дывізій з Заходняга фронту і пазбавіла італьянскую армію магчымасці ажыццяўляць наступальныя аперацыі па сутнасці да канца вайны.

Катастрофа пад Капарэтай паскорыла стварэнне аб'яднанага камандавання Антанты. Быў створаны Вышэйшы ваенны савет краін Антанты. У яе ўвайшлі кіраўнікі ўрадаў і прадстаўнікі генеральных штабоў Францыі, Англіі, Італіі і ЗША.

У бітве пры Капарэце італьянская армія панесла каласальныя страты: 10000 забітымі, 30000 параненымі, 265000 палоннымі, 300000 ваеннаслужачых адсталі ад сваіх частак або проста дэзертыравалі. Былі страчаны 3152 гарматы, якія складалі практычна палову ўсёй артылерыі, 1732 мінамёты, 3000 кулямётаў, 22 авіяцыйныя паркі, велізарная колькасць ваеннай маёмасці і розных запасаў. Страты аўстра-германскага боку склалі 20000 чалавек забітымі і параненымі[18].

Кампанія 1918 года[правіць | правіць зыходнік]

Бітва пры П'явэ[правіць | правіць зыходнік]

Разгром італьянскай арміі пры Капарэце ў канцы 1917 года патрабаваў ад італьянскага камандавання напружання ўсіх сіл, каб аднавіць баяздольнасць арміі. Улічваючы сумны вопыт Капарэты, была перагледжана абарончая тактыка, прыняты неабходныя меры па ўмацаванні абароны, забяспечаны флангі, абарона стала глыбока эшаланаванай[19].

Увесну 1918 года, нямецкая армія пачала вялікамаштабны наступ на Заходнім фронце. Каб прыцягнуць на Італьянскі тэатр як мага больш сіл Антанты і не даць саюзнаму камандаванню магчымасці перакінуць гэтыя сілы да Фландрыі і Пікардыі, нямецкае камандаванне запатрабавала ад Аўстра-Венгрыі ажыццявіць наступальную аперацыю на італьянскім тэатры ваенных дзеянняў.

Пакараныя чэшскія і славацкія легіянеры ў Чэхаславацкім легіёне. Даванца, 1918

Аднак Антанта таксама патрабавала ад італьянскіх войскаў неадкладнага наступу, каб таксама прыкаваць як мага больш аўстра-германскіх сіл да Італіі і, хоць генерал Дыяз неаднаразова заяўляў, што італьянская армія яшчэ не гатова да наступу, падрыхтоўку да аперацыі прыйшлося пачаць. Аўстра-венгерскія войскі апярэдзілі італьянцаў і нанеслі ўдар першымі[19].

Амерыканскія салдаты ў бітве пры П'явэ

Аўстрыйскае камандаванне прызначыла нанесці два галоўныя ўдары на рэках Брэнта і П'явэ. Аўстрыйская армія мела 60 дывізій, 7500 гармат, 580 самалётаў, аўстра-венгерскія войскі былі падзеленыя на 2 групы: заходнюю (генерал Конрад фон Гёцэндорф), ад швейцарскай мяжы да гары Томбы, і ўсходнюю (генерал Бароевіч), далей да мора. Італьянская армія мела 56 дывізій (у тым ліку тры англійскія, дзве французскія і адну чэхаславацкую), 7043 палявыя і 523 зенітныя прылады, 2046 мінамётаў, 676 самалётаў, 4 дырыжаблі.

Італьянская выведка здолела даведацца пра дакладную дату пачатку наступу — 15 чэрвеня. У той жа дзень пасля магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі аўстра-венгерскія войскі перайшлі ў атаку ад ракі Асцікі да мора. Аўстрыйскія войскі ў некаторых месцах здолелі ўклініцца ў італьянскую абарону, аднак неўзабаве яны былі выбітыя італьянскімі контратакамі. Толькі зблізку Мантэлы аўстрыйцы здолелі захапіць плацдарм, які ў выніку не змаглі пашырыць.

Цесната аўстрыйскіх войскаў на плацдарме абмежаваных памераў, адсутнасць рэзерваў, ускладненні з пастаўкамі з-за паводак і контратакі італьянцаў у наступныя дні лакалізавалі першасныя аўстрыйскія поспехі на П'явэ. У ноч на 23 чэрвеня аўстра-венгерскія войскі адышлі за раку П'явэ на свае пачатковыя пазіцыі. Сыход аўстрыйскай арміі на свае пазіцыі апынуўся для аўстра-венгерскага боку катастрофай. Абстраляная артылерыяй і авіяцыяй, гнаная італьянскімі контратакамі, аўстрыйская армія была адкінута за П'явэ, страціўшы 20000 палоннымі і 60 гармат.

Агульныя страты аўстра-венгерскіх войскаў у гэтай аперацыі склалі: 60000 забітымі, 90000 параненымі і 25000 палоннымі. Італьянцы страцілі 80000 забітымі і параненымі.

Аўстра-венгерскі наступ апынуўся цалкам безвыніковым, фронт стабілізаваўся[20].

Бітва пры Віторыа-Венэце[правіць | правіць зыходнік]

Саюзнае камандаванне не спыняла патрабаваць ад італьянцаў ажыццяўлення наступу. Аднак генерал Дыяз катэгарычна адмаўляўся ад усіх наступальных планаў, выклікаючы незадаволенасць генерала Фоша. Аднак пад уплывам поспехаў саюзнікаў на Заходнім фронце ў ліпені-жніўні, італьянскае камандаванне пачало падрыхтоўку да наступу.

Меркавалася нанесці ўдар паблізу ўзвышша Грапа паміж рэкамі Брэнта і П'явэ, каб раскалоць аўстрыйскія войскі на рацэ П'явэ. Італьянская армія налічвала ў сваім складзе 57 дывізій (у тым ліку 3 брытанскія, 2 французскія, 1 чэхаславацкую і 1 амерыканскую), 7700 гармат і 1745 мінамётаў. Аўстра-венгерская армія мела 58 дывізій і 6030 гармат[21].

Італьянскі наступ быў прызначаны на 10 кастрычніка, аднак з-за ўмоў надвор'я перанесены на 24 кастрычніка. У гэты дзень наступ пачаўся толькі ў раёне Грапы. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі італьянская пяхота завалодала некаторымі аўстрыйскімі пазіцыі. Праз адчайны супраціў аўстрыйцаў італьянцы здолелі да канца ўтрымацца толькі на некаторых захопленых пазіцыях. У наступныя дні баі за вышыні ў раёне Грапы набылі зацяжны і ўпарты характар, адбываліся яны з пераменным поспехам. Англа-французскія дывізіі на рацэ Брэнта сваімі актыўнымі дзеяннямі звязалі аўстра-венгерскія войскі, не даўшы тым магчымасці перакінуць частку сіл у раён Грапы.

Бітва пры Віторыа-Венэце

У гэтых умовах у некаторых частках аўстра-венгерскай арміі, асабліва славянскіх і венгерскіх, паўсталі салдаты, адмаўляючыся падпарадкоўвацца загадам і працягваць барацьбу.

Наступ на рацэ П'явэ пачаўся таксама 24 кастрычніка. У італьянцаў атрымалася фарсіраваць раку і пабудаваць масты, аднак неўзабаве ўзровень вады ў рацэ значна падняўся. З гэтай прычыны італьянскае камандаванне спыніла пераправу войскаў. Войскам, якія пераправіліся да 27 кастрычніка, удалося ўзвесці некалькі мастоў. Па гэтых мастах 27 кастрычніка раку перайшлі італьянскія войскі і захапілі 3 плацдармы. Аднак на досвітку аўстрыйская артылерыя знішчыла масты, а італьянскія часткі, якія пераправіліся, апынуліся адрэзанымі ад сваіх асноўных сіл. Аднак яны неадкладна атакавалі аўстра-венгерскія пазіцыі і прасунуліся на 3-4 км. Аднавіўшы пераправы, італьянцы кідалі ў бой свежыя сілы. Для аўстрыйцаў склалася крытычнае становішча, у бой былі кінутыя апошнія рэзервы.

Усяго некалькі аўстрыйскіх дывізій працягвалі барацьбу. У сваю чаргу чэшскія, славацкія і харвацкія салдаты не жадалі больш ваяваць. Яшчэ 25 кастрычніка ўсе венгерскія дывізіі пакінулі італьянскі фронт пад падставай неабходнасці абароны сваёй краіны, якой пагражалі войскі Антанты з боку Сербіі. Да 28 кастрычніка ўжо 30 дывізій аўстра-венгерскай арміі адмаўляліся біцца. Толькі адборныя аўстрыйскія (цірольскія) палкі яшчэ працягвалі ваяваць. У сувязі з гэтым надзвычай крытычным становішчам, якое склалася на фронце, і некаторымі іншымі, не менш крытычнымі, але палітычна-рэвалюцыйнымі падзеямі ў сталіцы Вене, 28 кастрычніка аўстра-венгерскае камандаванне аддало загад аб агульным адступленні аўстрыйскіх войскаў.

Да 29 кастрычніка ўзровень вады ў П'явэ знізіўся і італьянскія частцы працягнулі пераправу праз раку. Усе тры плацдармы італьянскіх войскаў злучыліся і яны павялі агульны наступ. Кавалерыя італьянскай арміі хуткім тэмпам набліжалася да Віторыа-Венэты. 30 кастрычніка італьянскія войскі ўступілі ў Віторыа[22].

Аўстра-венгерская армія была цалкам дэмаралізавана і адыходзіла па ўсім фронце. 3 лістапада італьянцы, высадзіўшы дэсант, захапілі Трыест. Аўстра-венгерскія войскі былі цалкам разгромленыя, страціўшы 30000 забітымі, 100000 параненымі і 300000 палоннымі. Італьянскія войскі страцілі 5800 забітымі і 26000 параненымі[23].

Ва ўмовах разрозненасці аўстрыйскіх войскаў італьянскі наступ апынуўся паспяховым. Была захоплена вялікая колькасць палонных і розных трафеяў, практычна цалкам вызвалены акупаваныя праціўнікам тэрыторыі Італіі.

Бітва пры Віторыа-Венэце завяршыла баявыя дзеянні на Італьянскім тэатры ваенных дзеянняў[24].

Вынікі кампаній на Італьянскім фронце[правіць | правіць зыходнік]

Аўстра-Венгрыя[правіць | правіць зыходнік]

Прадбачаўшы крушэнне імперыі аўстра-венгерскі ўрад яшчэ 5 кастрычніка накіраваў прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану прапанову аб перамір'і. 27 кастрычніка Аўстра-Венгрыя звярнулася да краін Антанты з прапановай аб заключэнні сепаратнага міру[25].

29 кастрычніка аўстрыйцы пагадзіліся на заключэнне міру на любых умовах. 31 кастрычніка аўстра-венгерская дэлегацыя прыбыла ў Віла-Джусці, паблізу Падуі, для вядзення перамоваў з прадстаўнікамі Антанты. 3 лістапада, калі аўстра-венгерская армія ўжо фактычна спыніла сваё існаванне, перамір'е было складзена.

Паводле ўмоў перамір'я аўстра-венгерская армія скарачалася да 20 дывізій. Аўстра-Венгрыя вызваляла ўсіх палонных, ваенна-марскі флот раззбройваўся і перадаваўся Антанце. Саюзныя войскі маглі бесперашкодна перамяшчацца па тэрыторыі краіны[26].

Ваеннае паражэнне Аўстра-Венгрыі суправаджалася распадам дзяржавы. Яшчэ 28 кастрычніка у Празе было абвешчана стварэнне незалежнай Чэхаславацкай дзяржавы. 5 кастрычніка ў Заграбе было створана Народнае Веча паўднёвых славян, якое абвясціла аб аддзяленні ад Аўстра-Венгрыі. 28 кастрычніка ад Аўстрыі аддзяліліся польскія землі, 31 кастрычніка пачалося паўстанне ў Венгрыі. Рэвалюцыйныя пераўтварэнні адбываліся таксама і ў Галічыне і Букавіне. Пад ціскам рэвалюцыйнага руху Нацыянальны сход у Вене 12 лістапада абвясціў Аўстрыю рэспублікай. Імператар Карл пакінуў краіну, а Габсбургская імперыя спыніла сваё існаванне.

У 1919 годзе з Аўстрыяй было заключана Сен-Жэрменскае мірнае пагадненне[27].

Італія[правіць | правіць зыходнік]

Па выніках вайны з Аўстрыяй было заключана Сен-Жэрменскае мірнае пагадненне. Паводле яго ўмоў Паўднёвы Ціроль, Істрыя, асобныя раёны Карынтыі і Далмацыі, а таксама астравы ў Далмацынскага ўзбярэжжа (за выключэннем вострава Фіуме) увайшлі ў склад Італіі[25]. Аднак акрамя гэтага італьянская дэлегацыя на мірных перамовах выказала прэтэнзіі на ўключэнне ў склад Італьянскага каралеўства тэрыторый на Балканах, напрыклад Далмацыі. У выніку, па заканчэнні вайны, Італія атрымала новыя тэрыторыі. Акрамя гэтага 10% усіх рэпарацыйных выплат Германіі прыпадалі на Італію[25].

Але значная частка балканскіх тэрыторый былой Аўстра-Венгрыі былі ўключаны ў склад новаўтворанага Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Гэта выклікала незадаволенасць у Італіі і напружанасць у італьянска-югаслаўскіх адносінах[28].

Будучы зацікаўленай у паслабленні Югаславіі і далучэнні часткі балканскіх тэрыторый, Італія ў наступныя гады ажыццяўляла дзейнасць з мэтай паслаблення галоўнага праціўніка на Балканах. Так яшчэ ў 1919 годзе італьянскі бок падтрымаў чарнагорскіх паўстанцаў, якія распачалі мяцеж супраць уключэння Чарнагорыі у склад Сербіі. У 1920 годзе было заключана італьянска-югаслаўскае пагадненне, у якім Італія адмаўлялася ад Далмацыі, пасля чаго фармальна былі урэгуляваны ўсе тэрытарыяльныя спрэчкі. Аднак у далейшым італьянска-югаслаўскія адносіны працягвалі пагаршацца. Таксама Італія аказвала падтрымку харвацкім сепаратыстам і ўсяляк спрыяла стварэнню баз харвацкіх экстрэмістаў на сваёй тэрыторыі. Галоўнай задачай фашысцкага кіраўніцтва Італіі на Балканах стаў развал Югаславіі на шэраг дробных, слабых дзяржаў[28].

Разбурэнні і ахвяры[правіць | правіць зыходнік]

У Першай сусветнай вайне Італія пацярпела вельмі цяжкія страты. Было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 2000000 італьянскіх салдат і афіцэраў. З іх каля 400000 былі забітыя. Акрамя ваенных страт на працягу баявых дзеянняў на тэрыторыі Італіі загінула каля 10000 мірных жыхароў. Аўстра-венгерская армія ў італьянскай кампаніі страціла каля 1478000 салдат і афіцэраў забітымі, параненымі і палоннымі. Таксама ў ходзе вайны на Італьянскім фронце каля 400000 мірных жыхароў былі вымушаны пакінуць свае дамы і стаць бежанцамі. У ходзе бітвы пры Капарэце калоны італьянскіх бежанцаў адступалі разам з італьянскай арміяй[29].

Музей пад адкрытым небам, прысвечаны Першай сусветнай вайне ў Даламітавых Альпах (добра відаць італьянскія акопы і бункеры)

Паколькі ў перыяд з 1915 па 1917 гады баявыя дзеянні адбываліся ў высакагорных памежных раёнах, то разбурэння ад іх былі мінімальнымі. Напрыклад, у Даламітавых Альпах, дзе праходзілі жорсткія баі, італьянцы і аўстрыйцы стварылі сетку абыходных тунэляў і акопаў, лабірынты якіх захаваліся па гэты дзень[30]. У ходзе аўстра-германскага наступлення 1917 многія тэрыторыі поўначы Італіі пацярпелі ад ваенных дзеянняў. У выніку частка рэпарацыйных выплат Германіі і Аўстрыі прыпадалі на долю Італіі.

Большасць насельніцтва Італіі была расчараваная вынікамі вайны. У пасляваенныя гады ў краіне праходзілі масавыя беспарадкі і страйкі, эканоміка краіны знаходзілася ў цяжкім стане, паколькі 64% усёй італьянскай прамысловасці працавала на патрэбы арміі[31]. Да шматлікіх беспрацоўных дадаліся каля двух мільёнаў дэмабілізаваных з войска салдат. Былі адзначаны факты захопу рабочымі заводаў, сялянамі — зямлі. Гэтыя ўмовы спрыялі прыходу да ўлады фашысцкай партыі на чале з Бенітам Мусаліні.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У літаратуры Італьянскі фронт атрымаў вядомасць дзякуючы амерыканскаму пісьменніку Эрнэсту Хемінгуэю. Малады Хемінгуэй здолеў патрапіць на фронт у Італіі добраахвотнікам Чырвонага Крыжа. Аднак неўзабаве Эрнэст дамогся пераводу на лінію фронту, дзе дастаўляў прадукты харчавання ў акопы італьянскіх салдат. Пазней, ратуючы параненага італьянскага салдата, Хемінгуэй трапіў пад абстрэл і быў цяжка паранены. Успаміны пісьменніка пра вайну на Італьянскім фронце ляглі ў аснову яго вядомага рамана «Бывай, зброя!»[32]. Сам пісьменнік адзначаў:

" Я быў вялікім дурнем, калі адправіўся на тую вайну. Я думаў, што мы спартыўная каманда, а аўстрыйцы - іншая каманда, якая прымае ўдзел у спаборніцтве. "

Па матывах пацыфісцкага рамана аб італьянскай кампаніі «Бывай, зброя!» ў 1932 годзе быў зняты фільм з аднайменнай назвай рэжысёра Фрэнка Борзажа. Фільм меў чатыры намінацыі на «Оскар»[33]. У 1957 годзе рэжысёр Чарльз Відар таксама зняў карціну пад назвай «Бывай, зброя!»[34]. У 1996 годзе рэжысёр Рычард Атэнбора стварыў фільм «У каханні і на вайне», у якім таксама распавядаецца аб першай сусветнай вайне на Італьянскім фронце[35].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 35 719 французаў, 1 310 816 італьянцаў, 3674 амерыканцаў, 56 662 англічан
  2. Мировая война в цифрах. — Ленинград., 1934. — стр. 32 (руск.) 
  3. Mortara 1925, pp. 28–29
  4. Italian Front Casualties
  5. 5,0 5,1 5,2 Загладзін М. В., Всемирная история. С древнейших времен до конца XIX века, Москва-2006, ISBN 5-94853-476-6
  6. О. С. Сорока-Цюпа, А. О. Сорока-Цюпа, Новейшая история зарубежных стран XX-начало XXI века, Москва-2005, ISBN 5-09-013940-7
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 7,5 7,6 Італія і Перша світова війна
  8. 8,0 8,1 8,2 Л. Вілары. Ван 1915–1918 рр. (англ.) 
  9. 9,0 9,1 9,2 9,3 9,4 9,5 9,6 История первой мировой войны 1914–1918 гг., Москва-1982, т.2 (руск.) 
  10. «Энциклопедический словарь русского библиографического института Гранат», т 46
  11. Заянчкоўскі А. М.: Першая сусветная вайна
  12. Вержхоўскі Д.: ПМВ (1954)
  13. First World War — Willmott, H.P., Dorling Kindersley, 2003, Page 186–187 (англ.) 
  14. World War I. Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite (2007). (англ.) 
  15. Reuth, R. G. Rommel: The End of a Legend, 2005 ISBN 1-904950-20-5 (англ.) 
  16. Seth, Ronald: Caporetto: The Scapegoat Battle. Macdonald, 1965 (англ.) 
  17. Morselli, M. Caporetto 1917: Victory of Defeat?, 2001 ISBN 0-7146-5073-0 (англ.) 
  18. Сусветная вайна ў лічбах
  19. 19,0 19,1 Raab, David: Battle of the Piave: Death of the Austro-Hungarian Army, 1918. Dorrance Publishing Co., Inc., 2004. ISBN 0-8059-6389-8 (англ.) 
  20. Книга История первой мировой войны 1914–1918 гг., т.2 (руск.) 
  21. Arnaldi, Girolamo: Italy and Its Invaders. Harvard University Press, 2005. Page 194. ISBN 0-674-01870-2 (англ.) 
  22. «The Battle of Vittorio Veneto during October and November saw the Austro-Hungarian forces collapse in disarray. Thereafter the empire fell apart rapidly.» Marshall Cavendish Corporation: History of World War I. Marshall Cavendish, 2002, pp. 715–716. ISBN 0-7614-7234-7 (англ.) 
  23. Pier Paolo Cervone; «Vittorio Veneto l'ultima battaglia»; Mursia; 1994 (італ.) 
  24. Robbins, Keith: The First World War. Oxford University Press, 2002, page 79. ISBN 0-19-280318-2 (англ.) 
  25. 25,0 25,1 25,2 История первой мировой войны 1914–1918 гг., т. 2, стор. 554
  26. В. М. Турак. Нарысы Гісторыі Аўстрыі 1918–1929. М., 1955, стор. 302–303 (руск.) 
  27. «Сен-Жэрменскае мірнае пагадненне» (фр.) 
  28. 28,0 28,1 Задохін-Нізоўскі. Пороховой погреб Европы, стор. 173 (руск.) 
  29. Урланис Б. Ц. Войны и народонаселение Европы. Первая мировая война (1914–1918 гг.) (руск.) 
  30. Dolomites, History (англійською). dolomiti.org. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2013. Праверана 9 красавіка 2011.
  31. Сусветная вайна ў лічбах, ст. 55
  32. Хемінгуэй Э. Зборнік твораў
  33. IMDb — A Farewell to Arms (1932)
  34. IMDb — A Farewell to Arms (1957)
  35. IMDb — In Love and War (1996)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лідзел Гарт: History of the WW1;
  • Шацилло В. К.:ПСВ;
  • Всемирная история: в 24-х тт. Т. 19. Первая мировая война/Бадан А. Н., Войнич И. Е., Волчек Н. М. и др. Мн.: Литература, 1997 (руск.) ;
  • Мировые войны XX века: в 4 кн. Кн. 1: Первая мировая война: ист. очерк / Ин-т всеобщей истории. М.: Наука, 2002 (руск.) ;
  • Мировые войны XX века: в 4 кн. Кн. 2: Первая мировая война: док. и материалы / Ин-т всеобщей истории. М.: Наука, 2002. (руск.) 
  • Mortara, G (1925). La Salute pubblica in Italia durante e dopo la Guerra. New Haven: Yale University Press. 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]