Перайсці да зместу

Тураў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Тураўскі гарсавет)
Горад
Тураў
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Горад з
Плошча
  • 5,46029 км²[1]
Вышыня цэнтра
125 м[2]
Насельніцтва
  • 2 752 чал. (1 студзеня 2024)[3]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2353
Паштовы індэкс
247980
Аўтамабільны код
3
СААТА
3216510000
Тураў на карце Беларусі ±
Тураў (Беларусь)
Тураў
Тураў (Гомельская вобласць)
Тураў

Ту́раў[4] (трансліт.: Turaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, прыстань на р. Прыпяць. За 25 км на паўднёвы захад ад горада і чыгуначнай станцыі Жыткавічы, 258 км ад г. Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Давыд-Гарадком, Жыткавічамі, Лельчыцамі. Адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Насельніцтва 2 770 чал. (2017)[5].

У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэнні паходжання тапоніма «Тураў». Першае звязвае назву паселішча з імем варажскага князя Тура, які лічыцца яго заснавальнікам[6] і ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 980 г. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара горада[7]. У 1880 г. епіскап Мінскі і Тураўскі Яўгеній у «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выдання твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур»[8]. Таксама ён зазначыў, што існаванне імені Тур у пэўных сферах усходнеславянскага грамадства пацвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая згадваецца ў летапісе пад 1146 годам[8].

Другое пашыранае тлумачэнне наймення Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, беларускі этнограф Павел Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сцвярджэнне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе[7]. Сваю думку даследчык даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёл, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад варажскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімір Манамах…»[9].

Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэнні ад гэтай назвы сярод найменняў жывёл, раслін, у тапаніміцы, у асобных песнях, былінах і інш. Тым не менш, даследчыкі лічаць гэту гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай»[9].

Аляксандр Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву горада ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, што размешчана непадалёк ад упадзення ў Прыпяць ракі Сцвіга. Даследчыкі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў гэтай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткай гаспадарскай воднай сістэмы Пагоста: пратока была важнай прыстанню на Прыпяці і Сцвізе адначасова, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэнне для падтрымання комплексу жыллёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых груп збудаванняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сістэму. На думку даследчыкаў, такое гідранімічнае паходжанне назвы з’яўляецца «больш блізкім да рэальных падзей таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам[10].

Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэнні наймення Тураў. Некаторыя выводзяць гэту назву ад слова «тура́» (тур) — вежа, іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзнік Тураў, у язычніцкай старажытнасці было капішча — месца пакланення нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру[11]. Аднак наяўнасць асобнага славянскага бажаства з такім іменем А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю»[12].

Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжанне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін з іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай версіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт пабудаваны на сугуччы наймення «Тур» і слова «турак»[13].

Паводле заўвагі беларускага гісторыка Ш. І. Бекцінеева, мала хто з даследчыкаў не звяртае ўвагу на тое, што слова «туры» напісана маленькімі літарамі і, відаць, паказвае не на імя ўласнае «Тур», а на нейкае іншае значэнне (у множным ліку)[14].

Першы пісьмовы ўспамін пра Тураў змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і датуецца 980 годам:

" Бѣ бо Рогъволодъ прішелъ и-заморыѩ имѧше власть свою в Полотьскѣ, а Туры Туровѣ, ѿ негоже и Туровци прозвашасѧ "

[15].

Старажытны горад узнік на сутоках рэчак Язда і Струмень, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстанцінопалем.

Тураўскае княства

[правіць | правіць зыходнік]
Краявід з Замкавай гары

Гарадзішча старажытнага Турава ўключала дзяцінец і вакольны горад. Тураў — адзіны вядомы з крыніц горад X ст. на тэрыторыі дрыгавіцкага засялення, старажытны племянны цэнтр дрыгавічоў. У канцы X ст. стаў палітычным, эканамічным і культурна-рэлігійным цэнтрам Тураўскага княства. Меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, Балтыяй і Валынню.

Першым вядомым тураўскім князем быў Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага князя Уладзіміра, пад чыёй уладай знаходзілася Кіеўская Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Святаполк заняў тураўскі сталец у 988 г. Неўзабаве ў канцы X — пачатку XI ст. у Тураве ўзнікла праваслаўнае епіскапства — другое па старажытнасці на тэрыторыі Беларусі. У час княжання Святаполка Ізяславіча (1097—1113) яго жонка-грачанка Варвара заснавала тут Варварынскі жаночы манастыр.

XIIXIII стагоддзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаванняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі, прынамсі, два саборныя храмы: Успенскі і Петрапаўлаўскі. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі  (польск.), жаночы святой вялікамучаніцы Варвары, епіскапскі Барысаглебскі  (польск.) (першая згадка ў сяр. XII ст.). Магчымае, але малаімавернае існаванне кафедральнага сабора Святой Сафіі[16]. У канцы XIII ст. ў Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX стагоддзі). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 г. Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасць ад Кіева[17], а ў 1160 г. — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 г. горад поўнасцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сведчыць паданне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, пасля чаго на працягу сямі гадоў з яго струменіла жаночае малако.

Перыяд дабрабыту скончыўся ў выніку шэрага феадальных канфліктаў, а пасля таго як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасць (Еўропа і Візантыя былі звязаны ў абход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасць.

Тураўскае княства ў перыяд феадальнай раздробленасці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэнне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым развіцці Тураў.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]
Панарама горада. Напалеон Орда, 1856

У XII—XIV стагоддзях пачалося аб’яднанне абшараў колішніх Полацкага, Турава-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Навагрудку. Далучэнне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай трэці XIV ст. перапынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго горад перайшоў да вялікіх князёў літоўскіх1430 годзе — ў валоданні вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводства і належаў князям Глінскім.

З канца XV стагоддзя крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыра мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцка, Турава, Пінска з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Восенню 1502 года яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінска. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйска і ўшчэнт разбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.

У 1507 годзе феадалы, якія шукалі саюза з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узнялі паўстанне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. У 1508 г. цэнтрам паўстання стаў Тураў — спадчыннае ўладанне князёў Глінскіх. Адсюль князь Міхаіл са сваім атрадам пайшоў да Мазыра і, як паведамляла «Хроніка Літоўская і Жамойцкая», «Мозыр взял и своими людмн осадил». Аднак у 1508 годзе паўстанне пацярпела паражэнне. Пасля таго, як Глінскі збег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстанціна Астрожскага, які заняўся яго ўзнаўленнем. У 1521 годзе горад быў паўторна разбураны татарамі, і Астрожскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астрожскія кіравалі Туравам больш за стагоддзе (з 1508 па 1620 г.), пакуль ён не быў аддадзены ў якасці выкупу за княжну з роду Сапегаў. У 1521 годзе на Тураў ізноў нападалі татары.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 15651566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У гэты час горада складалася з асноўнай часткі і двух прадмесцяў — Заяцелле і Запясочча.

Від на горад, пач. XX ст.

У 1649 спалены войскамі гетмана Януша Радзівіла, пасля пажару горад так і не быў адноўлены да канца: з былых землеўладанняў захавалася толькі чвэрць.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыццяўляла свае даўнія планы па захопе Літвы і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 года казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насмерць забівалі, маёмасць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі з’яўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасні 1654 года на Тураўскую і Смядынскую (ніжэй па Прыпяці) воласці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстарасты Фёдара Ляўковіча, чужынцы «не толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насмерць пазамучвалі…» 24 верасня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасніца, Букча, Глінная, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Смядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай святога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцвякоў выкідвалі з дамавін. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразбягаліся, і ўсёй воласці сказалі вяртацца ў горад, запэўніўшы, што чапаць іх не будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рыначных каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысяч) быў адагнаны на Украіну[18]. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандай Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Пасля выгнання маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 іх было 401[19].

У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць яго ўладальнікі не былі графамі. Паводле звестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў[19].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]
Царква Усіх Святых. І. Сербаў, пачатак XX ст.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Тураў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павета. Часткай Тураўскага маёнтка ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбунала Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расійскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генералу Сялябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сінагога.

У 1793 годзе англійская акцыянерная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгоддзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго па Прыпяці, Дняпры і Заходнім Бугу за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спецыяльны ўказ імператара Паўла I, які прадпісаў скасаваць дагавор і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.

Паводле імяннога царскага ўказа ад 6 верасня 1795 года ў краі была заснавана паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыра да Давыд-Гарадка праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей праз Ленін (тое самае). У Тураве дзейнічала жыццёва неабходная для свайго рэгіёна прыстань і паромная пераправа. Прыстань была ўладкавана на высокім беразе і дзякуючы гэтаму ніколі не затапллялася[20].

Новыя беды і разбурэнні прынесла краю расійска-французская вайна. Ваенныя спусташэнні абязлюджвалі цэлыя мясцовасці. З 1812 па 1817 год насельніцтва Турава з прычыны голаду зменшылася амаль на тры чвэрці.

Паўстанне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія звесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў.

У 1865 у Тураве выяўлены адзін з найстаражытнейшых рукапісных помнікаў 11 ст. — Тураўскае евангелле; самая ранняя кніга (з тых, што захаваліся), створаная на тэрыторыі Беларусі.

«У гістарычных адносінах найбольш старажытным і выдатным паселішчам трэба лічыць Тураў, на сёння нязначнае, беднае мястэчка на правым баку Прыпяці…Сёння Тураў, акрамя ўспамінаў аб мінулай велічы, аб значнасці яго ў гістарычных адносінах, нічым асаблівым не выдатны» — пісаў Адам Кіркор у 3-й кнізе «Маляўнічай Расіі» (1882).

З XIX стагоддзя лёс Турава непарыўна звязаны з суседнім горадам Жыткавічы.

Сінагога Вялікая, пач. XX ст.

З кастрычніка 1917 года па люты 1918 года ў Тураве ўсталявалася савецкая ўлада, з лютага 1918 года па снежань 1918 года — нямецкія акупанты і гетманаўская ўлада, са снежня 1918 года па жнівень 1919 года — зноў савецкая ўлада, са жніўня 1919 года па 14 ліпеня 1920 года — польская ўлада. 18 ліпеня 1920 года ў месце канчаткова замацаваліся саветы.

План Турава (А. Крукоўскі, 1926)

З 1924 па 1962 год мястэчка было цэнтрам Тураўскага раёна1938 па 1954 — у складзе Палескай вобласці, з 1954 — у Гомельскай). У 1926 годзе ў Тураве жыло 5393 чалавекі (на тысячу жыхароў — 55 рамеснікаў). Да 1939 года насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсій павялічылася ўсяго на 46 чалавек.

Згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 27 верасня 1938 года Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу.

Летам 1941 года горад захапілі нямецкія войскі, а ўжо ў кастрычніку пачала сваю дзейнасць Тураўская антыфашысцкая арганізацыя. Горад быў вызвалены 5 ліпеня 1944 года.

У 1962 годзе Тураўскі раён быў скасаваны, сам горад увайшоў у склад Жыткавіцкага раёна. У 1976 годзе ў межы гарадскога пасёлка Тураў уключана вёска Дварэц, якая знаходзіла ў адміністрацыйным падпарадкаванні Тураўскага пассавета[21].

3 жніўня 2004 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў Тураву статус горада[22][23]. У верасні таго ж года ў Тураве прайшлі Дні беларускага пісьменства. У наш час у Тураве ствараецца турыстычная інфраструктура, у 2008 годзе тут збудавалі новую гасцініцу.

Адзінае прамысловае прадпрыемства, якое працуе на сёння ў горадзе — кансервавы завод, што выпускае кансерваваную гародніну і сокі. З 2011 года пачалося будаўніцтва малочнага завода[24].

14 мая 2014 года вёска Крэмнае, раней падпарадкаваная Тураўскагаму гарадскому Савету, увайшла ў склад Азяранскага сельсавета[25].

  • XIII стагоддзе: 1200-я — каля 6 тыс. чал.
  • XVII стагоддзе: 1648 — 401 двор; 1649 — 3 тыс. чал.; 1667 — 111 двароў
  • XVIII стагоддзе: 1793 — 500 двароў
  • XIX стагоддзе: 1886 — 1 183 чал., 370 двароў
  • XX стагоддзе: 1909 — 6 435 чал., 675 двароў; 1923 — 6 217 чал.; 1924 — 5 264 чал., 856 двароў; 1926 — 5 393 чал.; 1933 — 4,5 тыс. чал.; 1939 — 5 439 чал.; 1979 — 3 799 чал.; 2000 — 3,5 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2003 — 3,2 тыс. чал.; 2006 — 3,1 тыс. чал.; 2008 — 3,1 тыс. чал.; 2009 — 2 967 чал. (перапіс); 2016 — 2 795 чал.[26]; 2017 — 2 770 чал.[5]

У свой час, калі Тураў быў цэнтрам раёна, колькасць яго насельніцтва была той жа, што і ў іншых малых гарадах. Пасля 1961 г. Тураў пазбавіўся свайго статусу, тады і пачалося зніжэнне колькасці насельніцтва, якое працягваецца і сёння.

Прадпрыемствы харчовай (кансервавы завод) прамысловасці, сацыяльна-бытавога абслугоўвання.

У Тураве працуе малаказавод, дзе вырабляюць сыры па італьянскай тэхналогіі (гандлёва марка «Bonfesto»)[27].

Тураў — папулярны цэнтр турызму:

  • у горадзе размешчана адміністрацыя Нацыянальнага парку «Прыпяцкі»;
  • горад уключаны ў турыстычна-экскурсійныя маршруты «Калыска народнай культуры ўсходніх славян», «Да вытокаў старажытнага княства»;
  • распрацавана турыстычная праграма «Залатое кольца Гомельшчыны», дзе Тураў з’яўляецца адным з пунктаў маршруту падарожнікаў.

Турыстаў абслугоўваюць дзве гарадскія гасцініцы.

Від на сабор святых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх

У Тураве з часоў Св. Уладзіміра зацвердзілася адна з першых епіскапскіх кафедр. Тураў з’яўляўся сапраўдным цэнтрам праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім. У XVI стагоддзі на Тураўшчыне налічвалася каля 80 цэркваў і два саборы. Практычна ўсе яны былі страчаны ў час шматлікіх войнаў з маскавітамі і татарамі.

У 1913 годзе ў Тураве налічвалася ўсяго 17 цэркваў, 4 капліцы, касцёл, 3 сінагогі, 5 малітвенных дамоў. А ў 1980 годзе, у год тысячагоддзя Турава, на ўвесь Жыткавіцкі раён была адкрыта толькі адна Усіхсвяцкая царква ў старажытным горадзе над Прыпяццю.

У 2010 годзе пачалося будаўніцтва новага кафедральнага сабора. 11 мая 2013 года сабор быў асвячоны ў гонар святых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх[28].

Павільён над гарадзішчам
Тураўская Усехсвяцкая царква

Помнікі:

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б http://gp.by/upload/iblock/0c7/0c77b7a70bc8b48d969b9da8379e9542.pdf
  2. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  3. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  5. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  6. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 380.
  7. а б Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў... // Спадчына. — 1994. — № 2. — С. 28.
  8. а б Кирилл еп. Творения Кирилла, епископа Туровского, с предварительным очерком истории Турова и туровской епархии до XIII века. — Киев, 1880. — 296 с.
  9. а б Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 29.
  10. Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў... // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 32—34.
  11. Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў... // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 30.
  12. Прохараў, А. Тур // Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-е выд., дап. — Мн.: Беларусь, 2006. — С. 510.
  13. Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў... // Спадчына. — Мн.: 1994. — № 2. — С. 31.
  14. Бектинеев, Ш. И. Этимология названия города Турова / Ш. И. Бектинеев // Матэрыялы па археалогіі Беларусі.№ 3: Да 70-годдзя з дня нараджэння П. Ф. Лысенка / [НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Уклад. А. М. Мядзведзеў, І. М. Язэпенка; Навук. рэд. А. М. Мядзведзеў]. — Мн.: [б. в.], 2001. — 280 с.: іл. — С. 16 — 19.
  15. ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. — С. 76.
  16. Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мяльнікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2.
  17. Turaŭ // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 208.
  18. «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  19. а б Тураў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 676. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  20. Смиловицкий, Л. Евреи в Турове: история местечка Мозырского Полесья / Леонид Смиловицкий; ред. Лена Драгицкая. — Иерусалим: [б. и.], 2008. — 798, [2] с., [24] л. ил., портр.: ил. — С. 137. — ISBN 978-965-555-352-9.
  21. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 2 чэрвеня 1976 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1976, № 23 (1505).
  22. Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 3 августа 2004 г. № 939 Об отнесении г.п. Туров к категории городов районного подчинения
  23. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 27 августа 2004 г. № 105 Об отнесении городского поселка Туров к категории городов районного подчинения
  24. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік: «Дрэнных спецыялістаў не бывае» // Звязда.
  25. Решение Гомельского Областного Совета депутатов 14 мая 2014 г. № 13 «О некоторых вопросах административнотерриториального устройства Житковичского района Гомельской области» (руск.). Pravo.by.
  26. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  27. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2014. Праверана 20 жніўня 2014.
  28. Кафедральны сабор свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх // сайт Тураўскай епархіі. (руск.)
  29. Зялёны партал пра Тураўскі луг
  30. Дучыц Людміла. Каменныя крыжы // З глыбі вякоў. Наш край 2. Мн., 1997. C. 31-46.