Кобрын
Горад
Кобрын
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Ко́брын[2] (трансліт.: Kobryn) — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Кобрынскага раёна, на сутоках Кобрынкі і Мухаўца. За 52 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст — Гомель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]У 1287 годзе ўпамінаецца з формай назвы Кобрынь, такая ж форма запісана і ў 1589 годзе[3].
Назва паселішча ўтвораная ад назвы ракі Кобрынкі (< Кобрына), на ўтоку якой у Мухавец паўстала паселішча. Гідронім балцкага (магчыма, яцвяжскага) паходжання. Найбліжэйшы аналаг — назва ракі Кобрына (варыянт: Кобрын), правага прытока Дняпра адразу на поўдні ад Кіева (пасля вусця ракі Стугны). Недалёка ад Кобрыны (цераз Дняпро) — рэчка з балцкай назвай Недра[4]. Гэта адзін з самых паўднёвых балцкіх гідронімаў. Назва *Kobr-in- ад літоўскага kobrinti, kūbrinti «ісці сагнуўшыся, пахіліўшыся». Корань Kobr- таксама ў прускім тапоніме Kobrun (назва лесу ў прускай Натангіі, засведчаная пад 1354 годзе)[5]. Гэтую мясцовую назву звязваюць з прускім kāubri, літоўскім kauburys, kūbrys «пагорак, узвышша» (супольная з kobrinti, kūbrinti семантыка звязаная з адхіленнем ад роўнага руху ці роўнай паверхні). Назва кобрынскай ракі тлумачыцца звілістасцю яе рэчышча. На беларускім Палессі распаўсюджаны балцкія тапонімы — Пінск, Лунінец, Жыткавічы, яны ўтвораныя ад адпаведных водных назваў.
Географ Вадзім Жучкевіч таксама згадвае ў якасці магчымай крыніцы таго ж паходжання літоўскае kobrinti «цяжка, стомлена ісці, цягнуцца». Але яго асноўная версія — што назва паходзіць ад вядомай з «Аповесці мінулых часоў» назвы племя обраў, а пачатковае К- называе ўстаўным гукам[6]. Обры — відазмененая назва авараў, з якімі з VI стагоддзя н.э. змагалася славянскае племя дулебаў, што былі сярод продкаў сучасных чэхаў[7]. Існуюць таксама кельцкая (Юзаф Сташэўскі) і славянская (Алег Трубачоў) версіі паходжання назвы, якія згадвае Вадзім Жучкевіч[8].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Кобрын як уладанне князёў уладзіміра-валынскіх змяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287 годам:
Се аз, князь Володимер, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есмь княгине своей, по своем животе город свой Кобрынь и с людьми, и с данью, како при мне даяли, тако и по мне ать дають княгине моей… Іпацьеўскі летапіс |
У пачатку XIV стагоддзя паселішча далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 года Кобрын знаходзіўся ва ўладанні вялікага князя Альгерда. На працягу XIV ст. на месцы старажытнага дзядзінца і пасада збудавалі драўляныя замкі (існавалі да канца XVIII стагоддзя)[9]. У 1404 годзе горад стаў сталіцай княства, што знаходзілася ва ўладанні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 годам упершыню згадваецца Спаскі манастыр. У першай палове XVI стагоддзя ў горадзе збудавалі касцёл[9].
У 1519 годзе Кобрын стаў цэнтрам староства, а ў 1520 годзе — сталіцай павета Падляшскага ваяводства. З 1532 года горад знаходзіўся ва ўладанні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорца, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і пачаліся меліярацыйныя работы (канал каралевы Боны)[9]. Станам на 1563 год, паводле рэвізіі, у Кобрыне было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Брэсцкая, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая[10]; дзейнічалі касцёл, 3 праваслаўныя царквы, Спаскі манастыр[11]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) горад страціў павятовы статус і ўвайшоў у склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства.
У 1586 годзе Кобрын перайшоў да каралевы-ўдавы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрознівалася актыўнасцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 снежня 1589 года яна надала гораду магдэбургскае права, каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю і павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява святых Ганны і Марыі з немаўлём Ісусам на руках»[12]. У 1589 годзе Ганна Ягелонка асабіста прыбыла ў горад і ўрачыста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём Жыгімонтам ІІІ Вазам (1587—1632). Кобрын меў магдэбургскае права да 1766 года. У 1596 годзе Спаскі манастыр прыняў унію[11].
-
Пячатка князя кобрынскага Рамана Фёдаравіча, 1387
-
Рэканструкцыя А. Цітова гістарычнага гарадскага герба, 1589
-
Герб Кобрына з прывілея 1662
-
Гарадскі герб з прывілея 1792
У пачатку XVII ст. у Кобрыне было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў[10]. Станам на 1597 год горад складаўся з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесця, налічваў 550 сядзібных участкаў. У цэнтры была рыначная плошча з ратушай і 32 участкамі забудовы[11]. У 1626 годзе адбыўся Кобрынскі сабор[10], пры Спаскім манастыры адкрылася школа[11].
У 2-й палове XVII — пачатку XVIII стагоддзя Кобрын значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. У верасні 1648 года казацкія атрады акружылі Кобрын і разбілі харугву стольніка Вінцэнта Корвін Гасеўскага, практычна ўвесь горад быў спалены. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 1700 жыхароў, 478 дамоў.
З-за страты эканамічнага значэння ў 1766 годзе яго перавялі ў разрад мястэчак[13]. У 1784 годзе тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыццё Каралеўскага канала. Станам на 1790 год у Кобрыне было 2160 жыхароў і 360 дамоў[11]. У 1791 годзе Кобрын зноў стаў сталіцай павета. 14 верасня 1794 года расійскія войскі Аялксандра Суворава разбілі пад Дзівінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і занялі горад.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кобрын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета[13]. Імператрыца расійская Кацярына II падаравала колішні магдэбургскі горад Сувораву.
У вайну 1812 года 27 ліпеня пад Кобрынам расійскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. Станам на 1817 год тут было 326 будынкаў, з іх 4 камяніцы. У 1845 годзе гораду даравалі новы, расійскі герб. У 1882 годзе пачаўся рух на лініі Палескай чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыне з’явілася чыгуначная станцыя. У 1895 годзе пажар знішчыў трэць горада. У пачатку XX стагоддзя ў Кобрыне было 25 камяніц і 1202 драўляныя будынкі, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, касцёл, сінагога і некалькі яўрэйскіх малітоўных школ, павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча з жаночай зменай, прыватнае жаночае 1-класнае вучылішча, яўрэйскае жаночае вучылішча і некалькі хедараў.
У 1915 годзе Кобрын быў акупаваны нямецкімі войскамі, а ў 1919 годзе заняты польскай арміяй. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Кобрын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павета Палескага ваяводства.
-
Манастыр Св. Спаса
-
Касцёл Спачыну Найсвяцейшай Дзевы Марыі
-
Рынак
-
Дзяржаўная гімназія
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе Кобрын увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёна. З 23 чэрвеня 1941 года да 20 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Падчас вайны немцы ўчынілі генацыд яўрэйскага насельніцтва горада, якое складала тады 70 % жыхароў. У паваенны перыяд горад бурна развіваецца, хутка расце насельніцтва. У 1959 годзе ў горадзе было 13,7 тысяч жыхароў, у 1970 годзе — 24,9 тысяч жыхароў.
У ліпені 2024 года вуліца Каліноўскага была перайменавана мясцовым Саветам дэпутатаў у вуліцу Пятра Машэрава, для гэтага існуючую вуліцу Пятра Машэрава перайменавалі ў вуліцу Яловую[14]. Перайменаванне адбылося ў межах чарговай хвалі русіфікацыі, пачатай рэжымам Лукашэнкі пасля палітычнага крызісу 2020 года[15].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1817 год — 1 427 чал., з іх 899 іўдаісты[16]; 1848 год — 1 673 чал.[11]; 1878 год — 7 789 чал. (4 405 муж. і 3 384 жан.), у тым ліку 2 876 праваслаўных, 473 каталікі, 4 431 іўдзей, 9 магаметан[16]; 1897 год — 10 355 чал.[11]
- XX стагоддзе: пачатак ХХ стагоддзя — 8 998 чал., з іх паводле саслоўя: мяшчан 6 131, цэхавых 1 389, шляхты 211, купцоў 204, духоўнікаў 88, ваенных 238, сялян 537, іншых станаў 200; паводле веры: праваслаўных 2 100, каталікоў 585, пратэстантаў 232, іўдзеяў 6 036, іншых веравызнанняў 46[13]; 1907 год — 8 754 чал.[17]; 1921 год — 8 208 чал.[11]; 1931 год — 10 101 чал.[11]; 1956 год — 11 тыс. чал.[18]; 1959 год — 13,7 тыс. чал.; 1970 год — 24,9 тыс. чал.; 1972 год — 26,3 тыс. чал.[19]; 1991 год — 49,4 тыс. чал.[20]; 1996 год — 51,6 тыс. чал.[21]
- XXI стагоддзе: 2004 год — 50,8 тыс. чал.; 2006 год — 50,5 тыс. чал.; 2008 год — 51,1 тыс. чал.; 2009 год — 51,3 тыс. чал.; 2009 год — 51 166 чал. (перапіс)[22]; 2016 год — 52 655 чал.[23]; 2017 год — 52 964 чал.[24]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай, лёгкай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Гасцініцы «Беларусь», «Сувораў». Кобрын — цэнтр турызму нацыянальнага значэння.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, кінатэатр, дом культуры, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]У Кобрыне працуюць Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, 8 сярэдніх, гімназія, музычная і спартыўная школы, пачатковая школа — дзіцячы садок, школа-інтэрнат, установы дадатковай адукацыі. Працуюць 14 дзіцячых садоў.
Медыцына
[правіць | правіць зыходнік]Медыцынскія паслугі аказвае гарадская бальніца, паліклініка, дзіцячыя бальніца і паліклініка.
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Планаванне і забудова Кобрына маюць шматвекавую гісторыю. Ля месца ўпадзення рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасці заклалі першае ўмацаванне, на якім пазней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII — XIX стагоддзях цэнтр Кобрына забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крам і майстэрань.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалаеўская царква
- Петра-Паўлаўская царква
- Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі
- Аляксандра-Неўскі сабор
- Царква ў гонар Раства Хрыстова
- Спаскі манастыр (1497)
- Свята-Георгіеўская царква (1889)
- Сядзібны дом
- Кобрынская сінагога (другая палова XIX ст.)
- Паштовая станцыя (1846)
- Дняпроўска-Бугскі канал
- Парк імя Суворава
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Замак (XIV ст.)
- Касцёл (1513)
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]- Враца, Балгарыя
- Гларус, Швейцарыя
- Ільцэн, Германія
- Ліўны, Расія
- Ціхарэцк, Расія
- Бельск Падляскі, Польшча
- Мендзыжац Падляскі, Польшча
- Кахул, Малдова
- Каніў, Украіна
- Ківэрці, Украіна
- Ковэльскі раён, Украіна
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Міраслаў-Віктар Карлавіч Астрамецкі (нар. 1936) — беларускі мастак.
- Анатоль Міхайлавіч Гуль (нар. 1928) — беларускі архітэктар.
- Оскар Зарыскі, амерыканскі матэматык
- Мікалай Куніцкі, удзельнік змаганняў і абаронца польскага насельніцтва ад УПА на Валыні і ў Бяшчадах
- Дзмітрый Аляксандравіч Пархачаў, беларускі футбаліст
- Наталля Радзіна, журналістка і галоўны рэдактар апазіцыйнага сайта Хартыя'97
- Аляксандр Дзмітрыевіч Сідарук, беларускі дыпламат
- Ігар Хведаравіч Сідарук, беларускі пісьменнік і драматург
- Алег Анатолевіч Стральчонак, беларускі вучоны ў галіне біяарганічнай хіміі
- Аляксандр Паўлавіч Амельянюк (нар. 1964) — беларускі палітык.
Ганаровыя грамадзяне Кобрына
[правіць | правіць зыходнік]- Фёдар Максімавіч Алісіевіч (1964)
- Праскоўя Сямёнаўна Сідарук (1964)
- Леанід Міхайлавіч Сандалаў (1966)
- Дзмітрый Кузьміч Барысаў (1974)
- Ілья Майсеевіч Падбярэзін (1974)
- Уладзімір Мікалаевіч Кірмановіч (1987)
- Іван Фёдаравіч Мілаянін (1987)
- Пётр Дзянісавіч Сялюк (1987)
- Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1997)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 163.
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 52—53.
- ↑ G. Gerullis. Die altpreußischen Ortsnamen. Berlin / Leipzig, 1922. C. 67.
- ↑ В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 163—164.
- ↑ А. С. Кибинь. Дулебы и обры (авары) Повести временных лет // Петербургский исторический журнал. № 3. 2017. С. 152.
- ↑ В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 164.
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2005, с. 116.
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2005, с. 117.
- ↑ а б в г д е ё ж з Князева В. М. Кобрын // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. М. Князева. — Мн., 2005. — 303 с. — ISBN 985-01-0549-6.
- ↑ Кобрын // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ а б в Кобрин // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Информация о документе «О переименовании элементов улично-дорожной сети города Кобрина» – Pravo.by (руск.). pravo.by. Праверана 13 ліпеня 2024.
- ↑ У Кобрыне перайменавалі вуліцу Каліноўскага. Дзеля гэтага давялося мяняць назву яшчэ адной вуліцы . Радыё Свабода (13 ліпеня 2024). Праверана 13 ліпеня 2024.
- ↑ а б Kobryń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. S. 205
- ↑ Kobryń // Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ↑ Кобринь // Енциклопедія українознавства . У 10-х томах. / Головний редактор Володимир Кубійович . — Париж, Нью-Йорк: «Молоде життя »-«НТШ »; 1954—1989, 1993—2000.
- ↑ Кобрин // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Кобрин // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ ЭГБ 1997.
- ↑ Перепись населения — 2009. Брестская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Казлоў Л. Р. Ко́брын // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 368—369. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Казлоў Л. Кобрын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 218. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Кобрын // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 393. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Грынявецкі В. Кобрын // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 116—117. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Цітоў А. Кобрын // Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Kobryń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. — S. 205—207.
- Ко́брин // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 240. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кобрын
- Геаграфічныя звесткі па тэме Кобрын на OpenStreetMap
- Пазнай Кобрын. Энцыклапедыя і даведнік па гораду Кобрыну
- Віртуальнае падарожжа па горадзе на сайце Турыстычны Кобрын
- Мапа славутасцей Кобрына
- Кобрын на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»