Інстытут гісторыі НАНБ
Дзяржаўная навуковая ўстанова «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (ДНУ «ІГ НАН Беларусі») | |
---|---|
Міжнародная назва | Institute of history of the National Academy of Sciences of Belarus |
Тып | дзяржаўная навуковая ўстанова |
Дырэктар | Вадзім Леанідавіч Лакіза |
Супрацоўнікі | 100 (2009) |
Навуковыя супрацоўнікі | 86 (2009) |
Дактары навук | 13 (2009) |
Кандыдаты навук | 47 |
Метро | Акадэмія навук |
Юрыдычны адрас | Беларусь, 220072 Мінск, вул. Акадэмічная, 1 |
Сайт | history.by |
Дзяржаўная навуковая ўстанова Інстытут гісторыі НАН Беларусі, да 1931 г. Інстытут гістарычных навук — арганізацыя Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Інстытут гісторыі Беларускай акадэміі навук
[правіць | правіць зыходнік]26 лютага 1929 г. Прэзідыум Беларускай акадэміі навук пастанавіў з «комплексу гістарычных навук» стварыць Інстытут гісторыі з 1929 — 1930 гг. Меркавалася, што ў яго склад увойдуць кафедра гісторыі Беларусі з усімі камісіямі, кафедра гісторыі беларускага права з археаграфічнай камісіяй[1].
Інстытут створаны 15 кастрычніка 1929 г. на базе кафедраў археалогіі, гісторыі Беларусі, гісторыі беларускага права, гістарычнай геаграфіі, этнаграфіі, усеагульнай гісторыі, камісій археаграфічнай, па вывучэнні гарадоў і гісторыі адукацыі. У сяр. 1930-х у складзе Інстытута меліся секцыі гісторыі народаў СССР і БССР па вывучэнні Заходняй Беларусі, гісторыі Захаду, археалогіі і этнаграфіі.
На працы Інстытута адбілася хваля рэпрэсій 1930-х. У снежні 1930 г. быў пазбаўлены звання акадэмік У. І. Пічэта, у лютым 1931 г. самагубствам скончыў жыццё першы дырэктар Інстытута У. М. Ігнатоўскі. Падвергліся рэпрэсіям супрацоўнікі Інстытута, акадэмікі П. В. Горын (Каляда), С. Ю. Матулайціс, Зм. Жылуновіч (Ц. Гартны), У. І. Пічэта, Е. І. Рыўлін, В. А. Сербента, В. К. Шчарбакоў; член-карэспандэнт С. X. Агурскі і інш.
Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларускай ССР
[правіць | правіць зыходнік]У час Вялікай Айчыннай вайны частка супрацоўнікаў Інстытута знаходзіліся ў тыле. Частка супрацоўнікаў Інстытута ваявалі ў радах Чырвонай Арміі — Д. А. Дудкоў, А. І. Залескі, З. Ю. Капыскі, Я. І. Карнейчык, І. Ф. Лочмель (загінуў на фронце), падпольшчыкам быў навуковы сакратар інстытута М. С. Махнач (расстраляны немцамі ў 1944). Акупанты вывезлі інстытуцкія археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі, знікла картатэка ўліку помнікаў, археалагічная фотатэка, рукапісы неапублікаваных прац. У чэрвені 1944 г. было прынятае рашэнне пра аднаўленне дзейнасці Інстытута гісторыі.
У пасляваенныя гады працягвалася распрацоўка археалогіі Беларусі, гісторыі рабочага класа, аграрных адносін. Пашыралася тэматыка даследаванняў. Шмат увагі надавалася гісторыі стварэння БССР, сацыялістычнага будаўніцтва, пачалася распрацоўка гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1950-я гады інстытут стаў каардынуючым цэнтрам у рэспубліцы па вывучэнні гісторыі Беларусі. У 1957 г. быў створаны сектар гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі, у 1962 г. — сектар гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва, у 1969 г. — сектар гісторыі камуністычнага будаўніцтва. З 1960 г. працуе навуковы савет па каардынацыі навуковых даследаванняў.
З кан. 1980-х актуалізавалася тэматыка даследаванняў. Створаны новыя аддзелы: археалогіі жалезнага веку, спецыяльных гістарычных навук, гісторыі нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Адным з галоўных кірункаў навуковай дзейнасці інстытута стала распрацоўка гісторыі беларускага этнасу, больш шырока стала даследавацца палітычная гісторыя беларускага народа.
Кадры для інстытута рыхтуюцца праз аспірантуру — з 1975 г. працуе савет па абароне дысертацый на суісканне навуковай ступені доктара (кандыдата) гістарычных навук.
Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Абвяшчэнне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь абумовіла істотныя зрухі ў развіцці гістарычнай навукі і паставіла перад імі новыя задачы. Выразна выявіліся недахопы ў гістарычнай навуцы: дырэктыўнае кіраўніцтва, абгрунтаванне і доказы тых ці іншых палажэнняў падборам асобных цытат і выказванняў, строгая рэгламентацыя з боку савецкіх партыйных органаў, ідэалагізацыя метадалагічных падыходаў.
Палітычны крызіс 2020-х гадоў
[правіць | правіць зыходнік]З 17 лістапада 2020 года кіраўніцтва Інстытута гісторыі вырашыла не працягваць працоўныя кантракты з гісторыкамі Міколам Волкавым, Алесем Жлуткам, Кацярынай Крывічанінай, Таццянай Папоўскай, Андрэем Радаманам, Аляксеем Шаландам і Уладзімірам Шыпілам, якія адкрыта выступілі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пераследу палітычных апанентаў, збіцця і катаванняў пратэстоўцаў. Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі па навуковай частцы Вадзім Лакіза заявіў, што ў гэтым няма палітыкі, што нібыта завяршаецца дзяржаўная пяцігадовая праграма навуковых даследаванняў[2]. На знак салідарнасці са сваімі калегамі з вырашылі не працягваць свае кантракты, якія заканчваліся 31 снежня 2020 года, гісторыкі Вадзім Аніпяркоў, Васіль Варонін, Андрэй Мацук, Уладзімір Тугай, Андрэй Унучак, Сяргей Рыбчонак[3].
Вынікі дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]У 1929—1941 гг. супрацоўнікамі інстытута было апублікавана 32 манаграфіі. Прыкметнай з’явай стала выданне абагульняючай працы «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1954 г.; т. 2, 1961 г.). Значным вынікам дзейнасці Інстытута стала выданне ў пач. 1970-х 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (старшыня галоўнай рэдакцыйнай калегіі І. М. Ігнаценка). У 1985—1995 г. Інстытутам выдадзена больш за 80 манаграфічных прац.
Інстытут удзельнічае ў распрацоўцы рэспубліканскіх і рэгіянальных навуковых праектаў; валодае ўстойлівымі міжнароднымі сувязямі. Усталяваны доўгачасовыя кантакты з навуковымі цэнтрамі Расіі, Польшчы, Літвы і інш. дзяржаў. Нараўне з азнаямленчымі паездкамі і ўдзелам у навуковых форумах, выкарыстоўваюцца такія формы, як сумесная уніфікатарская дзейнасць, камандзіроўкі і стажыроўкі спецыялістаў, чытанне лекцый, абмен літаратурай, сумесная распрацоўка навуковых праграм і праектаў.
Супрацоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- 1920 г. — 10
- 1935 г. — 20
- 1946 г. — 19, у т.л. 2 доктара, 6 кандыдатаў навук, 7 старэйшых і 4 малодшых навуковых супрацоўнікаў
- 2008 г. — 100, у т.л. 14 дактароў навук з іх 1 акадэмік, 47 кандыдатаў навук, 39 супрацоўнікаў без навуковай ступені
- 2020 г. — 95, у т. л. 5 дактароў навук, 35 кандыдатаў навук, 50 супрацоўнікаў без навуковай ступені.
У Інстытуце працавалі: акадэмікі П. В. Горын (Каляда), Зм. Ф. Жылуновіч (Цішка Гартны), І. М. Ігнаценка, У. М. Ігнатоўскі, І. С. Краўчанка, С. Ю. Матулайціс, М. М. Нікольскі, У. М. Перцаў, Е. І. Рыўлін, В. А. Сербента, В. К. Шчарбакоў, А. М. Ясінскі, М. П. Касцюк; члены-карэспандэнты С. X. Агурскі, Н. В. Каменская, П. Ц. Петрыкаў, К. І. Шабуня.
Дырэктары Інстытута
[правіць | правіць зыходнік]- Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1929—1931)
- Павел Восіпавіч Горын (Каляда) (1931—1936)
- Васіль Карпавіч Шчарбакоў (1936—1937)
- Мікалай Міхайлавіч Нікольскі (1937—1953)
- Іван Сяргеевіч Краўчанка (1953—1965)
- Ніна Васілеўна Каменская (1965—1969)
- Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка (1969—1975)
- Пётр Ціханавіч Петрыкаў (1975—1988)
- Міхаіл Паўлавіч Касцюк (1988—1999)
- Мікалай Сцяфанавіч Сташкевіч (1999—2004, в.а. дырэктара)
- Аляксандр Аляксандравіч Каваленя (2004—2010)
- Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч (2010—2020).
- Вадзім Леанідавіч Лакіза (з кастрычніка 2020 в. а. дырэктара, з 2 снежня 2020 — дырэктар).
Зноскі
- ↑ Михнюк В. Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). — Мн., 1985. — С. 74.
- ↑ З Інстытуту гісторыі НАН Беларусі звольнілі сем супрацоўнікаў. Яшчэ пяцёра сышлі самі на знак салідарнасьці
- ↑ Яшчэ адзін навуковец заявіў пра сыход з Інстытуту гісторыі на знак салідарнасьці з калегамі. 2 снежня 2020
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Да 70-годдзя ўтварэння / М. П. Касцюк, М. К. Кошалеў, Л. М. Лыч і інш. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1999. — 107 с. — ISBN 985-6102-60-X.