Трасянка
Трасянка | |
---|---|
Краіны | Беларусь, Расія, Украіна, Латвія (памежныя з Беларуссю рэгіёны) |
Агульная колькасць носьбітаў | некалькі мільёнаў |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Змяшаная мова |
кантактная мова на аснове беларускай і рускай. | |
Пісьменнасць |
кірыліца (беларускі алфавіт) |
Трасянка — форма змешанага маўлення, у якім чаргуюцца элементы і структуры беларускай і рускай моў.[1] Выяўляецца ў кантамінацыі беларускай мовы рускай лексікай, а часам і сінтаксісам. Трасянка — падобная да такіх моўных з'яў як крэольскія мовы і піджын. Ва Украіне падобная з'ява — украінска-рускае змешанае маўленне, называецца «суржык».
Этымалогія назвы
[правіць | правіць зыходнік]Змешанае маўленне называлася раней па-рознаму: «моўная жвачка», «моўны гібрыд», «моўны сурагат», «моўная хімера», «мешаніна», «ламаніна», «тарабаршчына». У 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі называў дадзеную з'яву «чаўня» (магчыма ад слова «чаўпсці» — казаць лухту, плявузгаць). Прыжылося менавіта слова «трасянка»; адно з тлумачэнняў яго этымалогіі:
Тэрмін «трасянка» пайшоў ад назвы корму для буйной рагатай жывёлы, то бок каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена — ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману — і з'ядае трасянку.[2]
Сваё новае значэнне («сумесь беларускай і рускай моў») слова атрымала адносна нядаўна — у другой палове 1980-х гадоў, калі цэлы шэраг публікацый на старонках літаратурнай газеты «Літаратура і мастацтва» раскрытыкаваў стан беларускай мовы ў савецкі перыяд.[3] Лічыцца, што значную ролю ў папулярызацыі тэрміна «трасянка» ў адносінах да беларуска-рускага змешанага маўлення адыграў беларускі палітык і публіцыст Зянон Пазняк (параўн. Pozniak, 1988).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Змешанае маўленне ў дасавецкі і ранні савецкі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Змешванне беларускай і рускай моў на тэрыторыі сучаснай Беларусі мае працяглую гісторыю. Прычына ў тым, што беларускія (а таксама украінскія) землі цягам доўгага часу ўяўлялі сабой памежныя рэгіёны, у якіх мясцовыя дыялекты знаходзіліся ў кантакце з блізкароднаснымі і ў той жа час сацыяльна дамінантнымі мовамі: польскай і рускай.
Паводле некаторых даследчыкаў, да трасянкі трэба залічваць таксама «просту мову», на якой пісалі І. Вышанскі, З. Капысценскі, М. Сматрыцкі, П. Бярында, І. Ужэвіч і іншыя беларуска-ўкраінскія пісьменнікі сярэднявечча. Уладзімір Свяжынскі нават сцвярджае, што мова твораў Францішака Скарыны ўяўляе прыклад ранняй беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі. Аднак пытанне пра тое, ці можна называць «трасянкай» гэтыя старыя формы змешвання беларускай і рускай моў, з'яўляецца спрэчным, бо ў той час змешанае маўленне не перадавалася ад аднаго пакалення да другога. Аб'ектам публіцыстычных дэбатаў беларуска-рускае маўленне стала не раней за 1920-я гады.[3]
Паводле Генадзя Цыхуна, вялікую ролю ў пашырэнні трасянкі адыгралі сталінскія рэпрэсіі 1920—1930-х гадоў, скіраваныя супраць гэтак званых «нацдэмаў», калі фактычна пад уздзеяннем пануючай тады атмасферы тэрору адбываўся масавы пераход на рускую мову беларускамоўнай часткі жыхароў гарадоў і мястэчак. Міграцыя беларусаў у гарады пашырыла гэтую з'яву і ў гарадах, але трасянка не стала асноўным сродкам камунікацыі, бо ўспрымалася як «некультурная мова».
Пасля Другой сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Зараджэнне феномена, які ў 1980-я гады атрымаў назву «трасянка», звязана з фундаментальнымі сацыя-дэмаграфічнымі зменамі, што адбываліся ў Савецкай Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, а на тэрыторыі ўсходніх беларускіх абласцей, магчыма, яшчэ і да вайны.[1] Індустрыялізацыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) выклікала масавую міграцыю працоўнага насельніцтва з вёсак у гарады. Так, калі ў 1959 годзе ў гарадах пражывала толькі каля 31 % насельніцтва рэспублікі, то ў 1990 годзе доля гарадскога насельніцтва павялічылася да 66 %.[4] У той жа час назіраецца наплыў этнічных рускіх з іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза ў БССР, дзе яны часта займалі кіруючыя пасады ў Камуністычнай партыі Беларусі, у сферы дзяржаўнага кіравання і на дзяржаўных прадпрыемствах. У такіх умовах былыя вяскоўцы, носьбіты беларускай (пераважна дыялектнай) мовы былі вымушаны падладкоўвацца пад рускамоўнае асяроддзе, што, аднак, атрымлівалася не заўсёды.[5] У выніку падобнага прыстасавання да рускай мовы ўзнікла так званая «трасянка» ў яе сённяшняй форме. Апрача таго, дзеці дадзенага пакалення засвойвалі беларуска-рускае змешанае маўленне ў якасці першай мовы.[6]
Лінгвістычны статус трасянкі
[правіць | правіць зыходнік]Па прычыне негатыўнай канатацыі тэрміна «трасянка» — было прапанавана не ўжываць яго ў лінгвістычнай дыскусіі і выкарыстоўваць замест яго тэрмін «беларуска-рускае змешанае маўленне».[7]
Пачатак лінгвістычнай дыскусіі пра беларуска-рускае змешанае маўленне адносіцца да першай паловы 1990-х гадоў.[8] Вядомыя беларускія даследчыкі неаднаразова адзначалі спантанны, індывідуальны, бессістэмны і нават «хаатычны» характар змешвання беларускай і рускай моў.[9][10] Аднак па прычыне адсутнасці корпуса змешанага маўлення — «раннія» дэбаты пра яе грунтаваліся пераважна на неафіцыйных назіраннях. Першае эмпірычнае даследаванне дадзенай з'явы было праведзена толькі ў 2000-х гадах у сталіцы — горадзе Мінску.[11]
У 2008-2013 гады у межах навуковага праекта, праведзенага лінгвістамі і сацыёлагамі з Альдэнбургскага ўніверсітэта (у супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у горадзе Мінску) былі створаны два корпусы спантаннага змешанага маўлення.[12] Атрыманыя ў межах гэтага праекта вынікі пацвярджаюць меркаванне, што беларуска-рускае змешанае маўленне на сённяшні дзень не можа быць ахарактарызавана як адносна стабільны на ўсёй тэрыторыі Беларусі «fused lect».[1] З іншага боку, у змешаным маўленні на ўсіх моўных узроўнях назіраюцца пэўныя стабільныя мадэлі, характэрныя для ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія з'яўляюцца або агульнымі для змешанага маўлення і адной з «моў-донараў» (беларускай ці рускай) або, наадварот, адрознымі ад абедзвюх «моў-донараў». У слоўнікавым складзе і марфасінтаксісе змешанага маўлення адназначна пераважаюць рускія элементы і структуры. Словазмяненне з'яўляецца змешаным, і нават у вымаўленні заўважаецца ўплыў рускай мовы. Увогуле беларуска-рускае змешанае маўленне на дадзеным этапе ў працах праекта класіфікуецца як сукупнасць рэгіянальных сацыялектаў.[6] Іншыя ж працы працягваюць апісваць змешанае маўленне як «хаатычную» і «спантанную» форму змешвання моў.[13]
Сацыялагічныя характарыстыкі змешанага маўлення
[правіць | правіць зыходнік]У сацыялагічнай і сацыялінгвістычнай частцы альдэнбургскага навуковага праекта па вывучэнні ўжывання змешанага маўлення ў Беларусі былі, сярод іншых, атрыманыя наступныя вынікі: на пытанне пра «родную мову» прыкладна 38 % з 1200 апытаных выбралі адказ «беларуска-рускае змешанае маўленне», 49 % назвалі беларускую мову і 30 % — рускую мову (было дазволена выбраць некалькі адказаў).[14] Аднак у якасці іх «першай мовы» каля 50 % рэспандэнтаў назвалі змешанае маўленне, 42 % выбралі рускую мову і 18 % — беларускую (тут таксама дазвалялася выбраць некалькі адказаў). А ў якасці «асноўнай мовы» (гэта значыць той, якую рэспандэнт пераважна выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці) каля 55 % апытаных назвалі рускую мову, 41 % — змешанае маўленне і толькі 4 % — беларускую мову.
Акрамя таго, вынікі дадзенага праекта пярэчаць распаўсюджанаму меркаванню, што ўжыванне беларуска-рускага змешанага маўлення з'яўляецца паказчыкам нізкага ўзроўню адукацыі і недастатковага валодання беларускай або рускай літаратурнай мовай.[14] Змешанае маўленне распаўсюджана сярод беларусаў з розным узроўнем адукацыі і сярод прадстаўнікоў розных узроставых груп; яно ўжываецца паралельна з літаратурнай мовай, у большасці выпадкаў з рускай.[7] Ступень прыбліжанасці змешанага маўлення да рускай або беларускай літаратурнай мовы залежыць ад такіх фактараў, як суразмоўца, месца і тэма размовы і г.д. Сярод маладога пакалення беларусаў доля ўжывання змешанага маўлення зніжаецца на карысць рускай мовы.
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Як адзначае беларускі мовазнавец Генадзь Цыхун: «няма падстаў цалкам атаясамліваць трасянку з піджынамі ці нават крэольскімі мовамі, найперш таму, што тут ідзе гутарка аб узаемадзеянні блізкароднасных моваў, у той час як пры ўтварэнні апошніх узаемадзейнічалі звычайна далёкія ў генетычным і тыпалагічным плане мовы. Яе можна вызначыць хутчэй як крэалізаваную мову ці, дакладней, крэалізаваны варыянт беларускай мовы»[15]. Большасць даследчыкаў лічаць яе аснову беларускай.
Зноскі
- ↑ а б в Hentschel, G. (2014): Belarusian and Russian in the Mixed Speech of Belarus. In: Besters-Dilger, J. et al. (eds.): Congruence in Contact-Induced Language Change: Language Families, Typological Resemblance, and Perceived Similarity. Berlin/Boston, 93-121.
- ↑ «Круг» (часопіс). 4 красавіка 1996.
- ↑ а б Zaprudski, S. (2014): Zur öffentlichen Diskussion der weißrussischen Sprachkultur, zum Aufkommen des Terminus Trasjanka und zur modernen Trasjankaforschung. In: Hentschel, G. et al. (Hrsg.): Trasjanka und Suržyk — gemischte weißrussisch-russische und ukrainisch-russische Rede. Sprachlicher Inzest in Weißrussland und der Ukraine? Frankfurt/M., 119—142.
- ↑ Marples D. A. (1996): Belarus. From Soviet Rule to Nuclear Catastrophe. Basingstoke/London.
- ↑ Zaprudski, S. (2007): In the grip of replacive bilingualism: the Belarusian language in contact with Russian. International Journal of the Sociology of Language 183, 97-118.
- ↑ а б Хентшель, Г. (2013): Белорусский, русский и белорусско-русская смешанная речь. Вопросы языкознания 1, 53-76.
- ↑ а б Hentschel, G. & Zeller, J. P. (2012): Gemischte Rede, gemischter Diskurs, Sprechertypen: Weißrussisch, Russisch und gemischte Rede in der Kommunikation weißrussischer Familien. Wiener Slawistischer Almanach 70, 127—155.
- ↑ Bieder, H. (2014): Die weißrussisch-russische Mischsprache (Trasjanka) als Forschungsproblem. In: Hentschel, G. et al. (Hrsg.): Trasjanka und Suržyk — gemischte weißrussisch-russische und ukrainisch-russische Rede. Sprachlicher Inzest in Weißrussland und der Ukraine? Frankfurt/M., 91-118.
- ↑ Мечковская, Н. Б. (1994): Языковая ситуация в Беларуси: Этические коллизии двуязычия. Russian Linguistics 18/3, 299—322.
- ↑ Cychun, H. A. Soziolinguistische, soziokulturelle und psychologische Grundlagen gemischten Sprechens. In: Hentschel, G. et al. (Hrsg.): Trasjanka und Suržyk — gemischte weißrussisch-russische und ukrainisch-russische Rede. Sprachlicher Inzest in Weißrussland und der Ukraine? Frankfurt/M., 163—172.
- ↑ Liskovets, I. (2009): Trasjanka: A code of rural migrants in Minsk. International Journal of Bilingualism 13, 396—412.
- ↑ Oldenburger Korpus zur weißrussisch-russischen gemischten Rede — Universität Oldenburg — Institut für Slavistik :: Carl von Ossietzky Universität Oldenburg
- ↑ Мячкоўская, Н. Б. (2014): Трасянка ў кантынууме беларуска-рускіх ідыялектаў: хто і калі размаўляе на трасянцы? Веснік БДУ 1 серыя 4.
- ↑ а б Hentschel, G. & Kittel, B. (2011): Weißrussische Dreisprachigkeit? Zur sprachlichen Situation in Weißrussland auf der Basis von Urteilen von Weißrussen über die Verbreitung ihrer Sprachen im Lande. Wiener Slawistischer Almanach 67, 107—135.
- ↑ Цыхун Г. Крэалізаваны прадукт — Трасянка як аб'ект лінгвістычнага даследавання // ARCHE. № 6(11), 2000.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Каліта І. У. Трасянка як моўны і культурны нігілізм // Личность — слово — социум: материалы VIII Международной науч.-практ. конф. 28-29 апреля 2008 г., Минск: в 2 ч./отв. ред. Т. А. Фалалеева. — Минск : Паркус-Плюс, 2008, ч. 1., 256 с., ISSN 2076-4588, c. 105—110.
- Калита И. Несколько заметок о беларусской трасянке. In: Культура в языке и литературе – язык и литература в культуре. Вестник Кыргызского национального университета имени Жусупа Баласагына. Бишкек: КНУ, 2008, 252 s., s. 167-170.
- Калита И. В. Современная Беларусь: языки и национальная идентичность -- Ústí nad Labem, 2010. — 300 с. — ISBN 978-80-7414-324-3 — С. 112—190.
- Клімаў І. Беларуская трасянка і ўкраінскі суржык вачыма навукоўцаў // Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. № 3, 2009.
- Цыхун Г. Крэалізаваны прадукт — Трасянка як аб'ект лінгвістычнага даследавання // ARCHE. № 6(11), 2000.