Герб Пагоня
"Пагоня" — герб Вялікага княства Літоўскага, дзяржаўны сімвал Рэспублікі Беларусь (19.9.1991 – 14.5.1995) і Літоўскай Рэспублікі, адзін з нацыянальных сімвалаў літоўцаў, беларусаў (з пачатку XX стагоддзя).
Змест |
[правіць] Назва
Доўгі час герб не меў асобнай назвы і абазначаўся апісальна. Як «чоловека на кони з мечом» згадвае гэты герб, напрыклад, Хроніка ВКЛ[1]. Назва «Пагоня» дакументальна зафіксаваная толькі ў канцы 16 ст.[2]. Версія пра ўжыванне гэтай назвы з 13 ст. (1282), якую можна сустрэць у асобных працах[3], ідзе ад Т. Нарбута.
Як адзначае М. Ткачоў, паходжанне герба «Пагоня» сягае ўглыб стагоддзяў і семантычна звязана са старажытнаславянскай ваеннай традыцыяй народнай пагоні — найважнейшай функцыяй арганізацыі жыцця і побыту ўсходне-славянскіх плямён, калі кожны чалавек быў у адказе за жыццё супляменніка. У выпадку раптоўнага нападу праціўніка і захопу ў палон членаў абшчыны кожны мужчына, які меў права насіць зброю, быў абавязаны пешкі або конна кідацца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палон. Ва ўмовах ваеннай дэмакратыі традыцыя народнай пагоні выконвалася безумоўна і захоўвалася стагоддзямі і ў эпоху Кіеўскай Русі, і ў часы ВКЛ. Пад уплывам еўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх тардыцый ідэя абароны Бацькаўшчыны, сфарміраваная ў традыцыі народнай пагоні, увасобілася ў графічны сімвал — герб «Пагоня».[4]
[правіць] Від
[правіць] Сярэднявечча
Існавалі пяць варыянтаў сярэднявечнай "Пагоні":[5]
- Класічны: у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
- Такі самы як класічны, але рыцар уздымае дзіду. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
- "Голы" (без засцерагальнага ўзбраення) яздок на кані без сядла, уздымае над галавою меч. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
- Два варыянты "малой пагоні": на шчыце толькі галоўная дэталь герба, збройная рука з голым мячом, колер поля чырвоны або залаты.
Апроч гэтага, была вядома т. зв. "татарская пагоня", на зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука. Таксама выяву збройнага рыцара (св. Юрыя), які забівае цмока, у польска-літоўскай геральдыцы назваюць «Пагоней Рускай».
[правіць] 1918-1991
Герб "Пагоня", які выкарыстоўваўся Радай БНР, Радай Слуцкага паўстання, беларускімі арганізацыямі часоў Другой сусветнай вайны, беларускай эміграцыяй, беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі 1980 – 1990-х гг., не меў кананічнага графічнага выразу. Агульнымі традыцыйнымі рысамі варыянтаў былі: чырвонае поле, белы конь рыцара, чырвоны шчыт з белым падвойным крыжам (роўнаканцовым).
[правіць] 1991-2000-я
Від той адмены гербу "Пагоня", якая была прынятая ў якасці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991, мае наступныя адметнасці:
- тарк рыцара белы, з залатым крыжам Ефрасінні (патрыяршым);
- старэйшы, чым традыцыйны, выгляд зброі рыцара (шалом);
- конь у статычнай (абарончай) позе.
[правіць] Гісторыя
[правіць] Паходжанне
Наогул, выява конніка гэта адна з найбольш папулярных тэм сімволікі розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам "Пагоні" быў заходнееўрапейскі іканаграфічны выраз тытулу князь (dux) 11 – 13 ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом ці прапарцом і з таркам, на кані, які крочыць ці бяжыць галопам.[6] Выкарыстанне сімвалу "Пагоня" як дынастычнага герба князёў літоўскіх на землях старадаўняй Беларусі апісваецца ў летапісах, пачынаючы з 1270 – 1290-х гг. Гл. таксама: Ярыла, Дзімітры Салунскі, Барыс і Глеб, Святы Юры.
[правіць] ВКЛ
Паводле звестак, у Хроніке Быхаўца герб "Пагоня" быў прыняты як герб ВКЛ Нарымонтам у часы яго праўлення замест герба Кітаўрус, а затым і Віценем, які быў маршалкам у Трайдзеня — брата Нарымонта. У ВКЛ, герб "Пагоня" быў агульнадзяржаўным гербам (пасля 1385). Лічыцца, што адначасова ён быў і лакальным гербам этнічных беларускіх земляў.[7] Афіцыйна статус "Пагоні" як дзяржаўнага гербу быў замацаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Таксама быў замацаваны статус "Пагоні" як герба для (тагачасных) этнаграфічных беларускіх земляў (у розных спалучэннях колераў і рыштунку).
[правіць] Расійская імперыя
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, выкарыстанне герба на беларускіх землях не спынілася. Ён змяшчаўся на штандары расійскіх вайсковых частак мясцовай камплектацыі, на зямельныя, губернскія і павятовыя гербы. З іншага боку, гербам карысталіся ў мясцовым вайсковым кантынгенце арміі Напалеона (1812) і паўстанцы ў паўстанні 1863 г. Ад пачатку 20 ст., герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам. Гл. таксама: Пагоня (верш).
[правіць] 1918-1939
Пасля ўтварэння БНР, яе гербам, спачатку не замацаваным заканадаўча, стаўся герб "Пагоня". Герб ужываўся ў сімволіцы паўстанцаў у Слуцкім паўстанні (1920). У той самы час, "Пагоня" сталася дзяржаўным гербам Літоўскай рэспублікі. Цікава, што ў 1920 – 1930-я гг. шмат якія дзяржаўныя дзеячы Літоўскай рэспублікі ўказвалі на неадпаведнасць гэтага гербу менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 г. прэм'ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне "Пагоні", паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтая праца была спынена падзеямі 1939 – 1940 гг.[8]
[правіць] 1941 – 1944
У час нямецкай акупацыі (1941 – 1944) беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, карысталіся бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад акупацыйных уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён нямецкай акупацыі, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[9] Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ, і надрукаванае ў газеце "Раніца" (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" побач з германскай сімволікай "пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці", аказалася, па выніках пазнейшых даследванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[8]
[правіць] 1950-1980-я
Бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" карысталася беларуская эміграцыя.
[правіць] 1980-2000-я
У 1980-я, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, герб "Пагоня" як нацыянальны быў ізноў уведзены ва ўжытак БНФ. Нарэшце, герб "Пагоня" быў зацверджаны як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь (19.9.1991). Пасля рэферэндуму (14.5.1995) выкарыстанне гербу "Пагоня" як дзяржаўнага было спынена. У Беларусі гэтым гербам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.
З 2009 г. з'яўляецца гербам Вiцебскай вобласцi.
-
Герб Вiцебскай вобласцi
[правіць] Зноскі
- ↑ ПРСЛ, т. XXXV.
- ↑ [Насевіч 1995]
- ↑ [Цітоў 1999] с.132
- ↑ [Ткачоў 1993]
- ↑ [Цітоў 1999] с.144
- ↑ [Цітоў 1999] с.131-132
- ↑ [Цітоў 1999] с.140-144
- ↑ 8,0 8,1 [Цітоў 1999] с.155
- ↑ [Цітоў 1999] с.156
[правіць] Літаратура
- Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE №1, 2002.
- [Насевіч 1995] Насевіч В. Сімвал Вялікага княства // Чырвоная Змена, 28 сакавіка 1995. № 33 (13891).
- "Пагоня" ў сэрцы тваім і маім: Зборнік артыкулаў. Мн., – 1995.
- [Ткачоў 1993] Ткачоў М. Беларуская нацыянальная сімволіка // ЭГБ у 6 т. Т.1. - Мн., 1993. С. 391-393.
- [Цітоў 1999] Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. – Мн.: РІВШ БДУ, 1999. ISBN 985-6299-36-5.
- [Цітоў 1993] Цітоў А. Наш сімвал – Пагоня: Шлях праз стагоддзі. – Мн.: Полымя, 1993. ISBN 5-345-00740-3.
[правіць] У Сеціве
Гл. таксама: Бел-чырвона-белы сцяг
