Адукацыя ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Асвета на Беларусі)

У сістэму адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць:

  • Дашкольная адукацыя;
  • Агульная сярэдняя адукацыя;
  • Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі;
  • Сярэдняя спецыяльная адукацыя;
  • Вышэйшая адукацыя;
  • Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі.

Дашкольная адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі[крыніца?]. І хоць яна не з’яўляецца абавязковай, большасць дзяцей, перш чым пайсці ў школу, наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы.

Школьная адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі

Школьная адукацыя ў Беларусі пачынаецца з 6 гадоў і прадугледжвае два ўзроўні: агульная базавая і агульная сярэдняя. Курс базавай школы разлічаны на 9 гадоў, сярэдняй — на 11 гадоў. Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Жадаючыя могуць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, прадоўжыўшы навучанне ў школе. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыі — асноўны дакумент, які дае права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову.

У сістэме адукацыі Беларусі выкарыстоўваюцца дзве афіцыйныя мовы — руская і беларуская, а таксама польская і літоўская мовы.

Размеркаванне навучэнцаў дзённых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паводле мовы навучання
2005/06 2006/07 2007/08 2008/09 2009/10 2010/11 2011/12 2012/13 2013/14 2014/15 2015/16 2016/17
Беларуская 280,2 245,9 231,5 211,2 189,1 178,4 163,4 150,7 142,0 135,1 130,6 128,6
% 23,3 21,5 20,9 20,0 19,2 19,0 17,8 16,6 15,5 14,5 13,7 13,3
Руская 922,9 898,6 873,3 846,4 793,7 761,4 752,3 757,7 772,4 795,3 823,0 838,4
% 76,7 78,5 79,0 80,0 80,7 80,9 82,1 83,3 84,4 85,4 86,2 86,6
Іншая 0,7 0,6 0,6 0,6 0,6 0,6 0,8 0,7[1] 0,8 0,9 0,9 0,91[2]
% 0,0 0,0 0,1 0,0 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1 0,1

Далейшая адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У Беларусі суадносіны студэнтаў і агульнай колькасці насельніцтва адны з самых высокіх у Еўропе. Прафесійную і навуковую падрыхтоўку студэнтаў ажыццяўляюць як дзяржаўныя, так і прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы розных тыпаў:

  • класічныя ўніверсітэты;
  • профільныя ўніверсітэты і акадэміі;
  • інстытуты;
  • вышэйшыя каледжы.

Паступаючы ў вышэйшую навучальную ўстанову, будучы студэнт выбірае форму навучання, якая можа быць дзённай, вячэрняй або завочнай.

Праграма падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі разлічана ў асноўным на 5 гадоў. Студэнты дзённай формы навучання, якія займаюцца паспяхова, атрымліваюць стыпендыю. Усе выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў розных форм уласнасці атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору.

У Беларусі ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі, як дзяржаўныя, так і прыватныя, падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі.

У маі 2015 года Беларусь афіцыйна стала ўдзельнікам Балонскага працэсу — Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах народнай педагогікі і найбольш выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў.

Русь[правіць | правіць зыходнік]

Барысаў камень каля Друі. З малюнка А. Сапунова, 1896.
Віцебская берасцяная грамата. XIIIXIV стст.

Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў X—XIII стагоддзях. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, бібліятэкі, вялося летапісанне. У XI стагоддзі ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая старажытная на Беларусі бібліятэка, дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараславянскай і грэчаскай мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску і Мсціславе, найстаражытнейшае на землях усходніх славян Тураўскае евангелле (XI ст.). Буйнейшыя асветнікі старажытнай Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У бібліятэках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная  (руск.), гісторыка-асветніцкая літаратура, павучанні, жыціі.

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйнай мовай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, мастацкія творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя беларускіх зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, склалася беларуска-літоўскае летапісанне. З развіццём феадальных адносін і ростам гарадоў у XIV—XVI стагоддзях пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сацыяльна-этнічным і прафесійным асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вялікіх манастырах і цэрквах Новагародка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія бібліятэкі Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, Святатраецкага манастыра ў Вільні, Траецкага манастыра ў Слуцку і інш.

У XVI—XVII стагоддзях бібліятэкі ствараліся пры навучальных установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнатыХадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы, і адукаваная шляхта стваралі ўласныя бібліятэкі. У эпоху Адраджэння, якое на Беларусі пачалося з канца XV стагоддзя, развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманістычнага і рэфармацыйнага руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцтвам і рэфармацыйным рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру беларускага народа зрабілі Ф. Скарына, С. Будны, браты Л. Зізаній і С. Зізаній, В. Цяпінскі, М. Гусоўскі, І. Фёдараў, П. Мсціславец, С. Собаль, Л. Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя, уніяцкія, пратэстанцкія, іўдзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў.

Рэч Паспалітая[правіць | правіць зыходнік]

Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе і перамогі Контррэфармацыі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навучальныя ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навучальнай установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1570 годзе, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову у Вялікім Княстве Літоўскім. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Берасці, Горадні, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Менску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з другой паловы XVIII стагоддзя Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманітарныз навук, эстэтычнае і фізічнае выхаванне.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта з касцёлам Св. Янаў. 1840-1850-я

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні народных вучылішчаў Расійскай імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пачатковых і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар.

Паводле школьнай рэформы 1802 года беларускія губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі ўніверсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадукацыйных школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя  (руск.). Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя.

Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Малюнак Н. Орды. Другая палова XIX ст.

Пасля паўстання 1830—1831 гадоў сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 годзе быў закрыты Віленскі ўніверсітэт. На пачатак 1860-х гадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала 576 навучальных устаноў, у тым ліку першая вышэйшая — Горыгорацкі земляробчы інстытут, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзяржаўных і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзяржаўных, ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тысяч чалавек (0,5 % насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80 % настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50 % скончылі вышэйшыя і спецыяльныя педагагічныя ўстановы.

У другой палове XIX — пачатку XX ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—1870-х гадоў на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтральных губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў былі закрыты Горыгорацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пачатковыя школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 года закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя праваслаўнаму духавенству.

У другой палове XIX стагоддзя адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень народнай асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 годзе на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7 % (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся).

На пачатак XX стагоддзя пад націскам рэвалюцыйнага руху і патрэб сацыяльна-эканамічнага развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне народнай адукацыі. На працягу 19001914 гадах колькасць пачатковых і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 інстытуты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-педагагічны рух за рэформу народнай адукацыі, адкрываліся нелегальныя беларускія школы, стваралася дзіцячая навучальная літаратура на беларускай мове, у тым ліку кніжкі В. Іваноўскага, К. Каганца, Цёткі, Я. Коласа, В. Ластоўскага, ствараліся педагагічныя таварыствы, педагагічная думка развівалася ў працах Ф. А. Кудрынскага, Дз. А. Сцяпуры, Е. Р. Раманава, К. І. Ціхамірава і інш.

Даваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя прывілеі. У студзені 1919 года створаны Народны камісарыят асветы БССР, у красавіку 1919 года адноўлены Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1920-я гады дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на беларускую мову навучання. У 1930-я гады БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання  (руск.) і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х гадоў беларусізацыя народнай асветы ў БССР была згорнута.

«Тут ляжыць труп беларускай школы». Карыкатура з заходнебеларускага часопіса «Маланка» № 1, 1926

У Заходняй Беларусі барацьбу за беларускія школы і дэмакратызацыю народнай адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ).

Пасляваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пачальнае навучанне і пераход да усеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэрыяльная база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я гады практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння беларускай мовы ў агульнаадукацыйных школах. У канцы 1980-х гадоў у школах з рускай мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з беларускай мовай. Да канца 1970-х гадоў завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 года ўводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навучальных планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навучальных устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне.

Зноскі

  1. На польскай мове — 670 чалавек, на літоўскай мове — 57 чалавек.
  2. На польскай мове — 868 чалавек, на літоўскай мове — 63 чалавекі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Асвета // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Самусік А. Ф. «Арол над гняздом сваім» : вылучэнне настаўніцтва ў асобны від прафесійнай дзейнасці на беларускіх землях у XІI – XVIII стагоддзях // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия Е. Педагогические науки. — 2016. — № 7. — С. 2-11.
  • Самусік А. Ф. Станаўленне адукацыйнай справы на беларускіх землях ў XІV – сяр. XVI ст. // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага унiверсiтэта. Серыя 2. — 2008. — № 4. — С. 3-7.
  • Самусік А. Ф., Яноўскі А. А. Універсітэт Беларусі : Асэнсаванне і рэалізацыя яго ідэі ў гісторыка-палітычных рэаліях часу // Российские и славянские исследования : сб. научн. ст. Вып. 7. — Минск : БГУ, 2012. — С. 357-370.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]