Рэчыца
Горад
Рэчыца
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Рэ́чыца[3] (трансліт.: Rečyca) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, на рацэ Дняпро. Адміністрацыйны цэнтр Рэчыцкага раёна, порт на р. Дняпро. За 50 км ад Гомеля. Чыгуначная станцыя на лініі Гомель — Калінкавічы, вузел аўтамабільных дарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. Насельніцтва 66 009 чалавек (2017)[4].
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе вільготны кантынентальны клімат, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэднегадавая тэмпература складае +6,7 °C.
Самы халодны месяц — студзень, сярэдняя тэмпература −7,1 °C, самае цёплае месца — ліпень з сярэдняй тэмпературай +18,5 °C.
Ападкаў больш ў ліпені, у сярэднім 85 мм, найменш ў студзені — 29 мм. У год выпадае каля 609 мм ападкаў.
|
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытнасць
[правіць | правіць зыходнік]Горад з’явіўся на землях дрыгавіцкага засялення, на шляху з вараг у грэкі. Упершыню згадваецца пад 1213 годам у Густынскім летапісе. 1-ы Наўгародскі летапіс у 1214 годзе Рэчыцу называе «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім князем Мсціславам Мсціславічам Удатным. Назва паходзіць ад р. Рэчыцы — старажытнага прытока Дняпра. Паводле падання Рэчыцкая Васкрасенская царква была пабудавана ў 1079 годзе. У XII—XIII стагоддзях горад ужо меў умацаванні.
У Вялікім Княстве Літоўскім
[правіць | правіць зыходнік]У XIV стагоддзі пры Гедзіміне Рэчыца ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1392—1430 гадах належала вялікаму князю Вітаўту, які пабудаваў Рэчыцкі замак. У 1511 годзе, паводле прывілея Жыгімонта I Старога, Рэчыца атрымала частковае магдэбургскае права, а ў 1561 годзе — поўнае (пацверджана ў 1596 годзе). У 1566 годзе быў утвораны Рэчыцкі павет і Рэчыца стала павятовым горадам.
У Рэчы Паспалітай
[правіць | правіць зыходнік]Рэчыцу 1603 года апісвае Джон Сміт, будучы губернатар адной з англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы. Паводле яго, Рэчыца — горад размешчаны на правым крутым беразе Дняпра, на самым беразе стаяў замак, які займаў тэрыторыю аднаго гектара, меў пяць вежаў у форме шматгранніку, якія былі пакрыты стрэшкамі-шатрамі. Замак злучаўся з горадам пад’ёмным мостам. Па-за замкам знаходзілася гандлёвая плошча, будынкі магістрату, дамы больш заможных гараджан, гасцінны двор. Рынак у Рэчыцы на той час быў вельмі багаты, з бліжэйшых вёсак прывозілі жыта, пшаніцу, мёд, воск, гародніну, мясныя і малочныя вырабы, з замежжа — розныя крамныя рэчы, турэцкую бакалею. Прадаваліся на рынку мясцовыя вырабы з жалеза.
У 1634 годзе менскі ваявода Аляксандр Слушка, які раней быў старастам рэчыцкім, заснаваў у Рэчыцы дамініканскі кляштар і касцёл Святой Тройцы. Кляштар меў невялікую бібліятэку ў 270 тамоў, быў скасаваны ў 1832 годзе, а драўляны касцёл згарэў у 1862 годзе. Найбольшую шкоду гораду прынеслі часы Казацкай вайны і вайны Расіі з Рэччу Паслалітай (1648—1667). Рэчыца і Рэчыцкі замак быў разбураны казакамі І. Залатарэнкі, пасля гэтага горад паступова заняпаў.
У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]З 1793 года ў складзе Расіі, цэнтр павета. У пачатку XIX стагоддзя ў горадзе 316 драўляных дамоў, 2 драўляныя праваслаўныя царквы, каталіцкі кляштар і сінагога. Асноўнымі заняткамі мяшчан былі земляробства, рыбалоўства, рамесніцтва і сплаў лесу. У 1886 годзе праз Рэчыцу прайшлі Палескія чыгункі, у 1890-я адкрыта прыстань. У 1908—1910 гадах дзейнічала запалкавая фабрыка «Днепр». У 1908 годзе мела лакамабіль, працавала 79 рабочых. У 1910 годзе выраблена 787 тыс. скрынак запалак.
Беларуская ССР
[правіць | правіць зыходнік]З сакавіка да пачатку ліпеня 1920 года Рэчыца занята польскімі войскамі.
6-9 мая 1920 года горад з рукаў бальшавікоў адбіла польскае войска — Палеская Група пад кіраўніцтвам ген. Уладзіслава Сікорскага, аднак ужо ў чэрвені 1920 горад наноў занялі бальшавікі[5]. У 1919—1926 гадах у Гомельскай губерні РСФСР, з 1926 года ў БССР, цэнтр раёна, у 1926—1927 гадах — акругі.
18 лістапада 1943 года ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі горад быў вызвалены сіламі Беларускага фронту.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]У XIX стагоддзі:
пач. ст. | 1825 | 1863 | 1871 | 1872 | 1873 | 1877 | 1887 | 1888 | 1889 | 1890 | 1892 | 1893 | 1894 | 1897 | 1898 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1770 | 2440 | 4596 | 4341 | 4698 | 5074 | 6429 | 6980 | 7103 | 7245 | 7511 | 8373 | 8605 | 8602 | 9280 | 9818 |
У XX стагоддзі:
1900 | 1901 | 1903 | 1904 | 1905 | 1906 | 1907 | 1908 | 1909 | 1910 | 1911 | 1912 | 1913 | 1923 | 1926 | 1930 | 1934 | 1939 | 1959 | 1970 | 1979 | 1989 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
10054 | 10313 | 10889 | 11095 | 11259 | 11423 | 11645 | 11805 | 12027 | 12187 | 12341 | 12511 | 12677 | 14954 | 16487 | 20874 | 21500 | 29796 | 30602 | 48393 | 60327 | 69427 |
У XXI стагоддзі:
2005 | 2006 | 2007 | 2009 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 | 2016 | 2017 | 2018 | 2019 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
65500 | 65400 | 65300 | 64731[6] | 65091 | 65289 | 65367 | 65624 | 66172[7] | 66009[4] | 65940 | 65873 |
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У 1964 годзе ў ваколіцах Рэчыцы была знойдзена нафта, што паклала пачатак развіццю нафтаздабыўнай прамысловасці ў Беларусі. У 1998 годзе была здабыта 100-мільённая тона нафты. Дзеля перапрацоўкі нафтавага газу быў пабудаваны Беларускі газаперапрацоўчы завод. На тэрыторыі Рэчыцкага раёна дзейнічаюць 15 з 21 структурнага аддзялення РУП ПА «Беларуснафта». У Рэчыцы прадпрыемствы нафтаздабываючай і газаперапрацоўчай, ААТ «Рэчыцкі метызны завод», хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай, харчовай прамысловасці. Гасцініцы: «Рытм», ААТ «Рэчыцадрэў» і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Санаторый-прафілакторый ААТ «Рэчыцадрэў».
Культура
[правіць | правіць зыходнік]- Рэчыцкі краязнаўчы музей — знаходзіцца ў маляўнічым месцы ў цэнтры горада, непадалёк ад гістарычнага гарадзішча і помнікаў архітэктуры канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. 1 верасня 2006 года для наведвальнікаў адкрыты аддзелы «Этнаграфія», які складаецца з 3-х залаў: «Народныя промыслы і рамёствы», «Хата беларускага селяніна», «Ткацтва» і аддзел «Рэчыца на рубяжы XIX—XX стагоддзяў», адкрыта зала, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне.
- Карцінная галерэя.
- У цэнтры горада знаходзіцца кінатэатр «Беларусь».
- Летняя канцэртная пляцоўка з амфітэатрам на беразе ракі Дняпро.
- Парк культуры і адпачынку «Перамога»
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Гасцініцы
[правіць | правіць зыходнік]- Гасцінічны комплекс «Рэчыцалюкс».
- Гасцініца «Рытм».
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Шэраговая забудова XIX — 1-й паловы XX стст.
- Успенскі сабор (1842), вул. Савецкая, 29 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000672
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1903), вул. Савецкая, 31 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000673
- Свята-Пакроўская царква (1970—1980-я гг.)
- Капліца Святой Еўфрасінні Полацкай (1995)
- Гарадзішча старажытнага горада (X—XIV стагоддзі) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000674
- Будынак (канец XIX — пачатак XX стагоддзяў), вул. Набярэжная, 11 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000666
- Будынак паштова-тэлеграфнай канторы (канец XIX стагоддзя), вул. Савецкая, 34 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000667
- Будынак (1939), вул. Савецкая, 56 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000668
- Помнік Доўнар-Запольскаму
- Брацкія могілкі (1943—1944), вул. Савецкая, у скверы — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000671
- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Луначарскага — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000664
- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Сыдзько — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000665
- Брацкая магіла (1919), вул. Савецкая — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000669
- Брацкая магіла (1941—1944), вул. Савецкая, у парку — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Д000670
-
Будынак па вул. Набярэжнай
-
Будынак паштова-тэлеграфнай канторы
-
Гарадзішча
-
Капліца Святой Еўфрасінні Полацкай
-
Успенскі сабор
На гарадскіх землях, якія ў мінулым былі заняты дамініканскім манастыром, цяпер размешчаны парк. Разам з цэнтральным скверам, азелянёным замчышчам — былой крэпасцю з рэшткамі валоў і прыбярэжнай паласой — яны ствараюць жывапісную зону адпачынку. Традыцыйныя рысы планіроўкі цэнтра горада, «абапіраючагася» на раку Днепр, замацаваны сучаснай горадабудаўнічай практыкай.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч (1938—2020) — беларускі мастак.
- Марыям Давыдаўна Алейнік (1921—1999) — вучоны-эпідэміёлаг.
- Анжэла Пятроўна Атрошчанка (нар. 1970) — беларуская спартсменка (лёгкая атлетыка, сямібор’е).
- Анатоль Мікалаевіч Аліфірэнка (нар. 1948) — беларускі архітэктар.
- Ізраіль Рыгоравіч Герман (1910—1974) — музыкальны педагог, цымбаліст. Заслужаны настаўнік БССР (1955).
- М. В. Доўнар-Запольскі (1867—1934) — беларускі гісторык, фалькларыст і этнограф.
- Яфім Захаравіч Капелян (1912—1975) — савецкі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст СССР.
- Яўген Канстанцінавіч Іванешка (1936—2013) — беларускі мастак і графік.
- Васіль Васілевіч Кірыенка — беларускі велагоншчык.
- Леанід Цімафеевіч Крушаў (1931—1995) — вучоны ў галіне лесагадоўлі, доктар біялагічных навук, прафесар.
- Мордух Насонавіч Ліўшыц (1918—1998) — беларускі архітэктар.
- Юлій Раманавіч Лысоў (нар. 1925) — беларускі архітэктар, мастак.
- Эдуард Баляслававіч Нордман (1922—2006) — адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі.
- Уладзімір Данілавіч Спасовіч (1829—1906) — юрыст, грамадскі дзеяч, гісторык і крытык польскай літаратуры.
- Уладзімір Шатон (1929—2009) — беларускі мовазнавец, педагог і перакладчык, лацініст.
- Зелік Аронавіч Іофэ — генерал-маёр інжынерна-авіяцыйнай службы.
- Леанід Васільевіч Хобатаў (нар. 1950) — беларускі жывапісец.
- Аляксандр Ігнатавіч Чыжык (1912—1985) — вучоны, канструктар.
- Сяргей Пятровіч Сцельмашок (нар. 1971) — беларускі палітык.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Lech Wyszczelski: Operacja na Mozyrz i Kalenkowicze. W: Lech Wyszczelski: Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. Warszawa: Bellona, 2010, s. 313. ISBN 978-83-11-11934-5.
- ↑ (руск.) Вынікі перапісу насельніцтва 2009 года па Рэчыцкім раёне
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рэчыца // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 637—638. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэчыца
- Геаграфічныя звесткі па тэме Рэчыца на OpenStreetMap
- (руск.) Афіцыйны сайт горада Рэчыца Архівавана 5 снежня 2020.
- Афіцыйны сайт горада Рэчыца
- (руск.) Схема руху грамадскага транспарту
- (руск.) Рэчыца на тапаграфічнай карце
- (руск.) Рэчыцкі замак. Сярэдзіна 17 стагоддзя